2 мая пачалася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне.
У краіне адкрыты 40 пунктаў рэгістрацыі (іх пералік, а таксама графік работы размешчаны на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў).
Зарэгістравацца можна не больш як на чатыры дысцыпліны. Пры гэтым у прыёмную камісію ўніверсітэтаў, як і раней, падаюцца тры сертыфікаты ЦТ і два — пры паступленні ў каледжы. Дадатковы сертыфікат, напэўна, варта атрымаць тым, хто хоча мець большую свабоду ў выбары будучай спецыяльнасці. Плата за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ складае 0,1 базавай велічыні за адзін вучэбны прадмет (зараз гэта 2 рублі 55 капеек).
У пункт рэгістрацыі на ЦТ трэба прыйсці з пашпартам ці іншым дакументам, які сведчыць асобу (пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца ці афіцыйная даведка, якая выдаецца органамі ўнутраных спраў у выпадку страты або крадзяжу пашпарта). Ніякія іншыя дакументы ў пункце рэгістрацыі не прымуць.
Пропуск на цэнтралізаванае тэсціраванне лічыцца зарэгістраваным, калі на ім ёсць пячатка ўстановы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і ўказаны рэгістрацыйны нумар.
Калі абітурыент не можа асабіста зарэгістравацца для ўдзелу ў ЦТ (па прычыне хваробы, удзелу ў міжнародных спаборніцтвах, службовай камандзіроўкі ці іншых, незалежных ад яго абставін, пацверджаных дакументальна), гэта можа зрабіць яго законны прадстаўнік. Падчас рэгістрацыі ён павінен мець дакумент, які сведчыць яго асобу і статус законнага прадстаўніка, а таксама завераную натарыяльна копію дакумента, што пацвярджае асобу абітурыента. Акрамя таго, прадстаўнік можа дзейнічаць на падставе даверанасці, засведчанай натарыяльна.
Нагадаем, што сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання дзейнічаюць два гады, і сёлета ўстановы адукацыі будуць прымаць сертыфікаты 2018 года. Аднак змянілася сістэма падліку тэставых балаў, таму спецыялісты раяць выпускнікам мінулых гадоў паспрабаваць свае сілы зноў: ёсць шанс палепшыць леташнія вынікі, што ва ўмовах конкурсу вельмі важна.
Зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэсціраванне можна да 1 чэрвеня ўключна.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.