Імідж установы: матываваныя дзеці і асабісты прыклад кіраўніка

“Здараецца, што навучэнцы страчваюць цікавасць да вучобы або імі перастаюць займацца бацькі. Наша задача — праявіць увагу да кожнага дзіцяці, знайсці індывідуальны падыход і вярнуць іх у адукацыйны працэс”, — адзначае намеснік дырэктара Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля Любоў Траханава. Яскравым прыкладам праяўлення такога падыходу Любоў Іванаўна лічыць свайго калегу дырэктара ўстановы Анатоля Паўлавіча НЕПАЧАЛОВІЧА, які адначасова з’яўляецца і дзяржаўным апекуном 20 маладых людзей-ліцэістаў. Штораніцы яны прыходзяць у дырэктарскі кабінет: паказваюць дзённікі, расказваюць пра поспехі, жартуюць. Анатоль Паўлавіч цікавіцца самаадчуваннем дзяцей, дае парады і нават слухае вершы, вывучаныя да заняткаў. Навучэнцы ведаюць, што, адкрываючы дзверы яго кабінета, яны заходзяць не проста да строгага кіраўніка ўстановы, дзе вучацца, але і да старэйшага таварыша, мудрага дарадцы.

Сам Анатоль Паўлавіч, адказваючы на пытанні, сціпла аднекваецца ад важнасці свайго прыкладу ў жыцці ліцэістаў-“жыжалеўцаў”. Падкрэслівае, што адным з прыярытэтных напрамкаў работы ўстановы з’яўляецца выяўленне і падтрымка таленавітай моладзі.

Анатоль НЕПАЧАЛОВІЧ: “Нельга стаяць на месцы, трэба развівацца і выяўляць таленавітых людзей, якіх сярод нашых ліцэістаў нямала. У жыцці ўсё залежыць ад самога чалавека: захоча атрымаць прафесію ці добрыя адзнакі ў дыпломе — так і будзе. Наша задача — падтрымаць. Сухамлінскі нездарма гаварыў: “Мы не вучым, а дапамагаем вучыцца”. Мы ж  у ліцэі спачатку даём прафесійныя веды, а на вытворчасці дапамагаем выкарыстоўваць іх на практыцы”.

— Скажыце, Анатоль Паўлавіч, якія прафесіі можна асвоіць у вашым ліцэі?

— Выбар спецыяльнасцей у нас шырокі: “Майстар апрацоўчых работ”, “Сталяр; цясляр; станочнік дрэваапрацоўчых станкоў”, “Муляр; бетоншчык; цясляр”, “Муляр; тынкоўшчык; абліцоўшчык; плітачнік”, “Электрагазазваршчык”, “Муляр; мастаўшчык”. Колькасць месцаў на кожную прафесію залежыць ад запатрабаванасці канкрэтных рабочых. Перш чым фарміраваць групу, мы ўзгадняем з прадпрыемствамі, якія прафесіі на гэты момант найбольш запатрабаваныя, колькі рабочых не хапае, і па запыце набіраем навучэнцаў. У залежнасці ад сітуацыі набор можа памяншацца ці павялічвацца.

— Якія ў ліцэі суадносіны паміж дзяўчатамі і хлопцамі? У вас пераважае моладзь з вёскі ці з горада?

— Дзяўчат мала. З 550-і навучэнцаў іх усяго трыццаць — вучацца па спецыяльнасці “Майстар апрацоўчых работ” . Раней выхадцаў з вёскі і з горада было прыкладна пароўну, аднак за апошнія два гады каля 70% ад набору складаюць гарадскія дзеці.

— Як арганізуецца вытворчая практыка навучэнцаў?

— Першаму курсу спачатку адводзяць час для працы ў вучэбных майстэрнях, пасля — месяц на замацаванне выпрацаваных уменняў. На другім курсе да новага года ідзе вывучэнне тэорыі, і ўжо ў лютым навучэнцы выходзяць на трох- ці чатырохмесячную практыку. Пасля гэтага звычайна ідзе замацаванне блока ведаў па навыках прафесіі. Для трэцякурснікаў навучальны год пачынаецца з тэхнічнай практыкі, потым на працягу трох месяцаў яны заканчваюць тэарэтычны курс і накіроўваюцца на праходжанне пераддыпломнай практыкі. Існуе спецыяльны ўлік, дзякуючы якому можна пракантраляваць, якія работы выконваў кожны навучэнец і наколькі якасна ён з гэтым спраўляўся. Як правіла, пасля тэхнічнай практыкі навучэнцу прысвойваецца разрад, які быў пацверджаны канкрэтнымі ведамі падчас яе праходжання.

— Якую ролю ў станаўленні асобы навучэнца, маладога рабочага адыгрывае выкладчык?

— У нашым ліцэі гэтая роля найперш адводзіцца майстру, які ажыццяўляе прафесійнае навучанне. І яна, бясспрэчна, вялікая, бо на працягу вучобы мяняецца многае: матэрыял, які вывучаецца, настаўнікі. Аднак майстар вядзе навучэнца з пачатку і да канца. Ён кантралюе сваіх дзяцей і падчас іх вытворчай дзейнасці. Зрэшты, уклад выкладчыка ў развіццё навучэнцаў таксама значны: як ён навучыць дзяцей свайму прадмету ў межах аўдыторыі, так пасля яны будуць праца­ваць у май­стэрнях. Да таго ж выкладчыкі агульна­адукацыйных прадметаў бяруць куратарства над пэўнымі групамі. Майстры і выкладчыкі-куратары цесна ўзаемадзейнічаюць, сочаць, як навучэнцы наведваюць заняткі, а таксама за іх паспяховасцю, дысцыплінай і іншымі ўнутранымі момантамі.

— Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць майстар, каб мець давер і аўтарытэт сярод навучэнцаў?

— Па-першае, ён павінен быць прафесіяналам сваёй справы. Калі майстар сам нічога не ўмее, чаму ён можа навучыць дзяцей? Тады і навучэнцы будуць адносіцца да яго не з адкрытай душой, няшчыра. Па-другое, ён павінен вало­даць пэўнымі педагагічнымі кампетэнцыямі: ведаць псіхалогію, педагогіку — тое, без чаго нельга ўявіць выкладчыцкую дзейнасць.

— Анатоль Паўлавіч, чым звычайна вы заахвочваеце і матывуеце сваіх абітурыентаў?

— Тут важнае месца належыць праф­арыентацыі. Мы самі выязджаем ва ўстановы адукацыі на сустрэчы з падлеткамі, запрашаем іх да сябе ў ліцэй. Пасля гэтага ў іх складваецца пэўнае ўяўленне пра прафесію, пра месца, дзе яны плануюць вучыцца. Як правіла, усе нашы навучэнцы прыходзяць з усведамленнем таго, чаго яны хочуць, з пэўнай матывацыяй. Ёсць, вядома, людзі, якія сыходзяць з ліцэя, але іх менш за працэнт — чалавек 10 з набору. У нас жалезная дысцыпліна, ёсць свае асаблівасці ў вучэбным працэсе, што накладвае дадатковы адбітак, а, як высвятляецца, не ўсе да гэтага гатовы. Застаюцца толькі самыя свядомыя і матываваныя.

— Ці прадугледжаны ў ліцэі нейкія льготы для навучэнцаў?

— Тыя навучэнцы, якія працуюць на вытворчасці, атрымліваюць зарплату, што вельмі нядрэнна для такога юнага ­ўзросту. Усе навучэнцы, якія маюць патрэбу, забяспечаны месцамі ў інтэрнаце. Усім выдаецца спецвопратка і абутак, бо па тэхніцы бяспекі на будоўлі нельга працаваць, напрыклад, у красоўках. Пры неабходнасці выдзяляецца матэрыяльная дапамога. З дзяцей ніколі не бяруцца ніякія ўзносы на ка­рысць ліцэя. Мы самі будаўнікі. Трэба зрабіць рамонт — зробім. За пазабюджэтныя сродкі набываюцца матэрыялы, і студэнты разам з майстрамі ахвотна бяруцца за справу. Так і рамонт захоўваецца даўжэй: хто ж будзе разбураць тое, што сам рабіў?

— Ці ўсе выпускнікі забяспечваюцца першым працоўным месцам пасля размеркавання?

— Практычна ўсе. Летась толькі некалькі чалавек атрымалі свабодны дыплом, ды і тое было абумоўлена станам іх здароўя.

— У многіх установах існуе пераемнасць пакаленняў. Ці ёсць такая традыцыя ў вашым ліцэі?

— Так, безумоўна. Гэта добра праяўляецца ў тым, што нашы выпускнікі часта прыводзяць вучыцца сюды сваіх знаёмых, сяброў, дзяцей. Ёсць нават тыя, хто парэкамендаваў ліцэй сваім унукам. У нас ёсць нават будаўнічыя дынастыі. Нашы дзеці — гэта наша рэклама, імідж ліцэя.

— Анатоль Паўлавіч, на чым грунтуецца духоўнае развіццё асобы вашых навучэнцаў?

— Нельга не сказаць пра наш валанцёрскі атрад “Компас”, добраахвотнікі якога наведваюць 10 псіханеўралагічных інтэрнатаў Мінскай вобласці, дапама­гаюць абслугоўваць інвалідаў, выязджаюць са шматлікімі канцэртамі. Таксама мы супрацоўнічаем з Праваслаўнай царквой, ла­дзім сустрэчы з духоўнымі асобамі. Стварылі атрад права­ахоўнікаў, што матывуе дзяцей падтрымліваць парадак і ў будучыні нават звязаць сваё жыццё з сілавымі структу­рамі.

Свой след у душах дзяцей пакідае газета “Дойлід”, якая адлюстроўвае культурна-масавае жыццё ліцэя і мае моцны выхаваўчы патэнцыял. Акрамя таго, у нас ёсць вялікая колькасць аб’яднанняў па інтарэсах і гурт­коў для ліцэістаў. ­Мы моцна сябруем з Беларускім саю­зам ваенных маракоў. Гэтая арганізацыя накіравана на раскрыццё вучнёўскага патэн­цыялу. Дзеці па-іншаму пачынаюць глядзець на рэчы, калі да іх прыхо­дзяць марскія афіцэры. Правапарушэнні пасля гэтага знікаюць на доўгі час.

— Сёння ёсць вялікая колькасць пагроз для маладых людзей, у тым ліку наркотыкі, алкаголь. Якія меры засцярогі сваіх навучэнцаў вы выкарыстоўваеце?

— Мы сур’ёзна працуем з бацькамі, бо бяспека мола­дзі — наша агульная справа. І ў ліцэі, і ў інтэрнаце дзей­ні­чае прапускная сістэма, таму з’явіцца туды без пропуску чужому чалавеку немагчыма. Усе навучэнцы знаходзяцца ў полі зроку выхавальнікаў.

Жалезная дысцыпліна, пра якую ведаюць усе, хто вучыўся ці вучыцца ў ліцэі (дарэчы, самі дзеці пава­жаюць яе), моц­на дапамагае нам у справе прафілак­тыкі правапарушэнняў. Да таго ж даюць вынік і адносіны персаналу да дзяцей, які праводзіць з імі гутаркі, а не традыцыйныя лінейкі. Выкладчыкі разам з навучэнцамі збіраюцца разам у актавай зале: навучэнцы за­даюць пытанні — мы на іх адказваем. Яны разумеюць, што праца будаўніка цяжкая, але высакародная, што лёгкага хлеба тут не бывае, а таму трэба берагчы здароўе і пазбягаць заганных звычак.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.