Калі выпускнікі зайздросцяць першакурснікам

Цікавыя і запатрабаваныя спецыяльнасці, конкурс пры паступленні — да 2 чалавек на месца, прахадны бал — да 9,7… Такімі паказчыкамі мог бы ганарыцца любы ўніверсітэт, але гаворка пойдзе пра ўстанову сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як удаецца Віцебскаму дзяржаўнаму політэхнічнаму каледжу Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта трымаць высокую планку?

— Звышсакрэтнага алгарытму поспеху няма, — запэўнівае дырэктар каледжа Уладзімір Шлома. — Час патрабуе дынамікі, варыятыўнасці і разам з тым эфектыўнай стратэгіі развіцця. Складнікі выніку звычайныя: зладжаная высокапрафесійная каманда, моцная вучэбна-метадычная і матэрыяльна-тэхнічная база, цесная сувязь з вытворчасцю і ўстановамі прафадукацыі на ўсіх узроўнях, актыўная работа з будучымі абітурыентамі і іх бацькамі. Тое надзвычайнае, што аб’ядноўвае ўсіх нашых работнікаў, — гэта ў добрым сэнсе апантанасць сваёй прафесіяй, жаданне і ўменне працаваць з поўнай аддачай, шчырасць і павага ў адносінах з моладдзю. Навучэнцы не проста набываюць у каледжы трывалыя веды, юнакі і дзяўчаты пераймаюць традыцыі калектыву. Можа, таму нярэдкія выпадкі, калі наймальнікі пры прыёме на работу аддаюць перавагу не маладому спецыялісту з універсітэцкім дыпломам, а нашаму выпускніку? Такі давер — вялікая адказнасць, але практыка пацвярджае: ён цалкам апраўданы.

Сёння ў каледжы вучыцца амаль 1,2 тысячы чалавек, дзве трэці іх — за кошт буджэту. Падрыхтоўка ажыццяўляецца ў дзённай і завочнай формах на аснове агульнай базавай, агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай (скарочаны тэрмін) адукацыі па 8 спецыяльнасцях: “Вытворчасць і тэхнічная эксплуатацыя прыбораў і апаратаў”, “Праектаванне і вытворчасць радыёэлектронных сродкаў”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Электразабеспячэнне (па галінах)”, “Камерцыйная дзейнасць (па напрамках)”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Фінансы”, “Маркетынг”. Навучэнцы каледжа — гэта не толькі грамадзяне Беларусі, але і Расіі, Украіны, Грузіі і іншых краін.

Сярод спецыяльнасцей, што прапаноўвае ўстанова, ёсць сапраўды ўнікальныя. Так, выпускнікі спецыяльнасці “Праектаванне і вытворчасць радыёэлектронных сродкаў”, тэхнікі-тэхнолагі, сёння запатрабаваны ў радыёэлектроннай прамысловасці. Заказчыкамі кадраў у гэтым напрамку з’яўляюцца не толькі прамысловыя, праектна-мантажныя, наладачныя прадпрыемствы і ўстановы, але і воінскія часці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. “Вытворчасць і тэхнічная эксплуатацыя прыбораў і апаратаў” — таксама рэйтынгавая спецыяльнасць. Дасведчаныя тэхнікі-электрамеханікі запатрабаваны ў прамысловасці, аднак на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі іх мала дзе рыхтуюць. У адрозненне ад тэхнікаў-праграмістаў, набыць спецыяльнасці, аналагічныя “Праграмнаму забеспячэнню інфармацыйных тэхналогій”, запрашаюць многія каледжы. Тым не менш у Віцебскім політэхнічным каледжы конкурс пры паступленні на згаданую спецыяльнасць на аснове агульнай базавай адукацыі быў амаль 2 чалавекі на месца, прычым самы нізкі сярэдні бал склаў 7,5. А ёсць і першакурснікі з сярэднім балам 9,7! Падобную тэндэнцыю можна прасачыць і ў дачыненні да спецыяльнасцей эканамічнага профілю.

— На 395 месцаў, устаноўленых кантрольнымі лічбамі прыёму, сёлета было пададзена 520 заяў, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце каледжа Вера Данчанка. — Па ўсіх заяўленых спецыяльнасцях дзённага і завочнага аддзяленняў як на бюджэтнай, так і на платнай аснове прыём ажыццяўляўся па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, за выключэннем спецыяльнасці завочнага аддзялення на платнай аснове “Электразабеспячэнне (па галінах)”, дзе былі патрэбны сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання. Мы павялічылі набор на тэхнічныя спецыяльнасці і скарацілі на няпрофільныя для нашай установы адукацыі. Гэтае пераразмеркаванне было праведзена ў адпаведнасці з запытамі рэальнага сектара эканомікі.

Прафесійная запатрабаванасць і гарантыя паспяховага працаўладкавання прыцягваюць абітурыентаў у Віцебскі політэхнічны каледж. Установа плённа супрацоўнічае з заказчыкамі кадраў, іх пажаданні і рэкамендацыі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу — адзін з галоўных прыярытэтаў. Тэхналагічную і пераддыпломную практыку навучэнцы праходзяць на лепшых прадпрыемствах, дзе знаёмяцца з сучасным абсталяваннем, адаптуюцца ў калектывах. І звычайна сюды ж яны потым накіроўваюцца на працу: наймальнікі стараюцца не ўпускаць перспектыўных маладых спецыялістаў. Першым рабочым месцам забяспечваюцца ўсе выпускнікі. Геаграфія іх размеркавання не абмяжоўваецца Віцебшчынай, хаця яна і застаецца галоўным спажыўцом кадраў. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе каля чвэрці маладых спецыялістаў з дыпломамі каледжа пачалі сваю працоўную дзейнасць на сталічных прадпрыемствах.

— Жыццёва важнымі для ўстановы прафесійнай адукацыі з’яўляюцца перспектыўнае планаванне патрэбы ў спецыялістах і максімальнае набліжэнне кампетэнцый навучэнцаў да патрабаванняў патэнцыяльных работадаўцаў, — каменціруе Уладзімір Шлома. — Мы выпускаем цалкам сфарміраванага спецыяліста з неабходным наборам ведаў, уменняў і навыкаў, прадыктаваных умовамі сучаснай вытворчасці. Нашы выпускнікі займаюць добрыя пасады, становяцца кіраўнікамі сярэдняга звяна. Разам з тым пасля заканчэння каледжа кожны мае магчымасць вучыцца далей.

Пры паступленні ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на скарочаны тэрмін навучання выпускнікі каледжа, якія атрымалі падрыхтоўку па інтэграваных вучэбных планах ступеней сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, здаюць два вусныя профільныя ўступныя экзамены.

Эфектыўная арганізацыя адукацыйнага працэсу, пастаяннае павышэнне якасці навучання немагчымы без добрай матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбна-метадычнай базы. Віцебскі політэхнічны каледж мае два вучэбныя корпусы, слясарную і электрамантажную майстэрні, светлы і ўтульны інтэрнат, дзе летам 2016 года праведзены комплексны рамонт, вялікую актавую залу і канферэнц-залу, бібліятэку, спартыўную і трэнажорную залы з сучасным абсталяваннем, спартыўны гарадок плошчай амаль 400 м2. Для вучэбных і практычных заняткаў выкарыстоўваюцца 20 кабінетаў і 19 лабараторый. Акрамя таго, у каледжы ёсць прасторны буфет, а ў інтэрнаце — сталовая на 110 пасадачных месцаў. Матэрыяльна-тэхнічная база пастаянна ўдасканальваецца.

Калектыў установы і яго кіраўнік прытрымліваюцца прынцыпу: трэба, каб выпускнікі зайздросцілі першакурснікам, у якіх столькі цікавага наперадзе! Хто, калі не навучэнцы старшых курсаў, больш за іншых заўважае, як з кожным годам у лепшы бок мяняюцца ўмовы падрыхтоўкі, як пашыраюцца магчымасці для цікавага і карыснага адпачынку? Толькі так дасягаецца жаданы эфект: маладыя людзі адчуваюць сябе ў каледжы не спажыўцамі адукацыйных паслуг, а сапраўднымі гаспадарамі. Заняткі ў іх вядуць высокакваліфікаваныя спецыялісты, многія з якіх маюць вопыт работы на вытворчасці.

— Сучасная прафесійная адукацыя мае вострую патрэбу ў выкладчыках, здольных да творчай інавацыйнай дзейнасці, прафесійнага росту і мабільнасці, устойліва матываваных на самаразвіццё, — адзначае метадыст каледжа Наталля Зібарава. — На гэта накіравана сістэма мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі і атэстацыі педагагічных работнікаў. У адпаведнасці з дзеючым перспектыўным планам, у мінулым навучальным годзе 40 выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі, а 18 педагогаў павысілі свае кваліфікацыйныя катэгорыі.

На дадзены момант у каледжы дзейнічаюць 5 аддзяленняў: электратэхнічнага, энергетычнага, эканамічнага профіляў, інфармацыйных тэхналогій і завочнае. Педагагічны калектыў працуе над адзінай метадычнай тэмай: “Удасканальванне зместу вучэбна-метадычнага забеспячэння як умова падрыхтоўкі канкурэнтаздольнага спецыяліста”. Выкладчыкі актыўна ўзаемадзейнічаюць з установамі прафесійнай адукацыі рэгіёна і ўсёй Беларусі, абменьваюцца станоўчым педагагічным вопытам. Шэраг распрацаваных у каледжы праграм і тэматычных планаў па вучэбных дысцыплінах афіцыйна адобраны і рэкамендаваны да выкарыстання ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны.

Следам за педагогамі крочыць і моладзь. Вялікае значэнне ў каледжы надаюць даследчай рабоце з навучэнцамі, бо сёння на рынку працы запатрабаваны не проста выканаўца, а даследчык, шукальнік, наватар. Штогод ва ўстанове праходзіць канферэнцыя творчых даследчых работ выкладчыкаў і навучэнцаў. Акрамя таго, кожны год навучэнцы каледжа становяцца пераможцамі і прызёрамі конкурсаў, фестываляў, спаборніцтваў рознага ўзроўню.

— Мы імкнёмся, каб нашы навучэнцы не толькі атрымалі прафесію, але і сфарміраваліся і праявілі сябе разнабакова развітымі, эрудзіраванымі, творчымі асобамі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, — падкрэслівае дырэктар каледжа. — І мы можам ганарыцца вынікамі. У скарбонцы дасягненняў педагогаў і навучэнцаў каледжа — перамогі і прызавыя месцы на рэспубліканскім этапе агляду-конкурсу мастацкай творчасці навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “АРТ-вакацыі”, у рэспубліканскім інтэрактыўным праекце “Рэцытацыя”, у абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах. Юрый Ганковіч, Марк Малахоўскі і Аляксандр Пруднікаў выйшлі ў фінал Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” і маладзёжнага конкурсу “Праекты без межаў” у рамках ІІ Міжнароднага форуму “Інавацыйнае прадпрымальніцтва Віцебскай вобласці: ад малога да вялікага”. Аляксандр прапанаваў праект, укараненне якога ў галіне машынабудавання можа сэканоміць да 720 рабочых гадзін у год, і атрымаў за яго 2-е месца. Уладзіслаў Сёмік і Ігар Шынкевіч занялі адпаведна 3-е і 4-е месца на спаборніцтвах WorldSkills Belarus. Уладзіслаў прайшоў адбор на міжнародныя спаборніцтвы WorldSkills International — 2017 (Шанхай, КНР), дзе выступіў за нацыянальную зборную ў прафесійнай кампетэнцыі “Электроніка”, заняў 5-е месца і тым самым заваяваў права на ўдзел у заключным этапе спаборніцтваў, якія адбудуцца ў кастрычніку ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).

З 1 верасня каледж пачаў працаваць на ўступную кампанію-2018. Сістэма прафарыентацыі моладзі, прынятая тут, паслядоўная, шматузроўневая, разнастайная і што тычыцца геаграфіі, і што тычыцца метадаў і прыёмаў работы з абітурыентамі. Яна вартая асобнай размовы. Але, напэўна, жывыя прыклады, як згаданыя вышэй, найлепшая прафагітацыя.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.