Каманда аднадумцаў: у БДУІР сфарміравана адзіная інфармацыйная прастора

Прэс-служба Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ў цяперашнім выглядзе існуе з красавіка 2010 года. Менавіта тады былі аб’яднаны ўніверсітэцкая газета “Імпульс” і відэастудыя, у структуры адзінай службы з’явіўся прэс-сакратар, адказны за сувязь са знешнімі СМІ.

Зараз прэс-служба выконвае больш складаныя задачы і мае істотна лепшыя вынікі, чым калі ўсе згаданыя падраздзяленні працавалі паасобку. Так, колькасць друкаваных
і відэаматэрыялаў пра БДУІР у знешніх сродках масавай інфармацыі за два гады вырасла амаль утрая. Значна павысіўся прэстыж універсітэцкіх СМІ — газеты, тэлебачання і сайта. А ўвогуле можна гаварыць пра стварэнне ў БДУІР адзінай інфармацыйнай прасторы.

Аб’яднаныя адной мэтай

Улічваючы дэмаграфічную сітуацыю ў краіне і ўзмацненне канкурэнцыі сярод навучальных устаноў, відавочна, што кожная ВНУ павінна займацца фарміраваннем і падтрымкай уласнага станоўчага іміджу як унутры ўніверсітэта, так і за яго межамі. Адпаведная задача і была пастаўлена рэктарам БДУІР М.П.Батурам перад прэс-службай.

Аб’яднанне ўсіх інфармацыйных рэсурсаў хутка дало плён, і сёння пра ўніверсітэт ведаюць ва ўсёй краіне, яго дасягненні пастаянна на слыху. І ў БДУІР перакананы, што, у многім дзякуючы шырокай інфармацыйнай рабоце прэс-службы, сюды прыходзяць найбольш падрыхтаваныя абітурыенты.

“Вельмі важна, што інфармацыя ў СМІ даецца не хаатычна, а вельмі прадумана і сістэмна, — гаворыць кіраўнік прэс-службы БДУІР Ала Віктараўна Баярка. — Праблема многіх прэс-службаў (і мы таксама праз гэта прайшлі) заключаецца ў тым, што няма комплекснага падыходу да асвятлення ўсіх дасягненняў ВНУ. Але ў нас выпрацавана стройная, лагічная сістэма інфармацыйнай работы. Як кіраўнік прэс-службы я з’яўляюся членам рэктарата і кожны тыдзень бываю на пася­джэннях, а таму ведаю ўсё, што адбываецца ў БДУІР. Пасля кожнага пасяджэння ў прэс-службе ладзіцца планёрка, дзе абмяркоўваюцца найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ці маюць адбыцца ва ўніверсітэце, і тое, як будзем іх асвятляць: на якія мерапрыемствы варта запрасіць знешнія СМІ, пра што будзем пісаць у газету “Імпульс”, пра што — здымаць відэаролік… Уся інфармацыя знаходзіць адлюстраванне на стужцы навін на ўніверсітэцкім сайце”.

Сёння ў БДУІР ужо сфарміравана адзіная інфармацыйная прастора. Усе супрацоўнікі ведаюць, што пра любую значную падзею трэба паведаміць у прэс-службу. Гэта з’яўляецца гарантыяй таго, што падзея стане здабыткам грамадскасці. У залежнасці ад маштабу падзеі пра яе раскажуць на ўнутраных рэсурсах ці ў знешніх СМІ. Прэс-служба цесна супрацоўнічае з усімі рэспубліканскімі газетамі, вядучымі радыё-і тэлевізійнымі каналамі, інфармацыйнымі агенцтвамі.

“Усе супрацоўнікі прэс-службы — гэта каманда аднадумцаў, — гаворыць Ала Віктараўна. — У нас няма адназначна строгага раздзялення па абавязках. Супрацоўнікі газеты могуць пісаць для сайта, гэтак жа карэспандэнт відэастудыі можа зрабіць інфармацыю для сайта ці заметку ў газету. Такі падыход дазваляе не распыляць рэсурсы і павышае аператыўнасць работы журналістаў”.

Прэс-служба вядзе cтужку навін на ўніверсітэцкім сайце, і трэба сказаць, што ў апошні час падача навін тут таксама змянілася: цяпер да іх, як правіла, падаюцца фотаздымкі, а таксама розны даведачны матэрыял. Пазней навіны ўжо не дубліруюцца ў газеце “Імпульс”, бо і газета, і сайт — гэта ўсё карпаратыўныя СМІ, якія маюць адну і тую ж чытацкую аўдыторыю. Таму ў газеце журналісты стараюцца даваць больш разгорнутую інфармацыю, актуальныя інтэрв’ю, аналітыку.

Сёння ў БДУІР дзейнічае самая буйная ў вышэйшай школе камп’ютарная сетка (амаль 4 тысячы камп’ютараў на 2200 супрацоўнікаў), таму доступ да сайта маюць усе супрацоўнікі ўніверсітэта і  студэнты. Невыпадкова сайт БДУІР быў прызнаны лепшым на конкурсе “Інтэрнэт-прэмія “ТІВО-2012”.

Індывідуальны падыход

Карэспандэнты рэспубліканскіх СМІ пацвердзяць, што працаваць з прэс-службай БДУІР — адно задавальненне. Рэдка можна сустрэць такое поўнае разуменне журналісцкай працы і такое імкненне ісці насустрач, якое мы бачым у гэтым універсітэце. Таму, напэўна, ніводнае мерапрыемства ў БДУІР не праходзіць без удзелу рэпарцёраў.

За сувязь са знешнімі СМІ адказвае прэс-сакратар БДУІР Алёна Сакалоўская. Яна забяспечвае інфармацыйную падтрымку мерапрыемстваў, арганізоўвае прэс-канферэнцыі, інтэрв’ю, аналізуе матэрыялы пра ўніверсітэт, якія з’яўляюцца ў СМІ, і размяшчае іх на сайце.

“З прыходам ва ўніверсітэт прэс-сакратара колькасць публікацый і сюжэтаў у СМІ пра БДУІР вырасла ўтрая, — гаворыць Ала Віктараўна. — Мы дасканала аналізуем: ці аб’ектыўна пададзена наша інфармацыя, наколькі яна будзе запатрабавана чытачом (слухачом ці гледачом) і г.д. І мы робім адпаведныя захады для таго, каб інфармацыя пра ўніверсітэт у СМІ была максімальна эфектыўнай. Раней работа ў гэтым напрамку была даволі хаатычнай: прыйшлі да нас, напісалі артыкул ці зрабілі сюжэт — ну і выдатна. Зараз жа мы самі вывучаем запыты кожнага канкрэтнага СМІ, бо тое, што цікава, напрыклад, газеце, мала цікавіць тэлебачанне, і наадварот. Тут патрэбен індывідуальны падыход, таму мы пачалі праца­ваць адрасна. Так, тэлевізіёншчыкам трэба забяспечыць добрую выяву і аператыўны каментарый. Газетчыкам часта патрэбен не адзін, а некалькі суразмоўцаў, і тут важна ўзгадніць час, арганізаваць сустрэчы, каб было зручна для ўсіх”.

Новы “Імпульс”

Універсітэцкая газета “Імпульс” выдаецца з 1985 года і, нягледзячы на такога моцнага канкурэнта, як інтэрнэт, дагэтуль карыстаецца попытам ва ўніверсітэцкім асяроддзі. Газета выходзіць тыражом 2010 экзэмпляраў 2 разы ў месяц. У нумары, як правіла, 8 каляровых палос. Акрамя таго, штогод выдаюцца спецвыпуск для абітурыентаў (24 паласы) і спецвыпуск для першакурснікаў — своеасаблівы навігатар па ўніверсітэце, які расказвае пра ўсе службы і ўсе магчымасці, якія ёсць у студэнтаў БДУІР. Электронны варыянт газеты размяшчаецца на сайце ўніверсітэта.

“Газета з’яўляецца сродкам, які можа групу людзей ператварыць у калектыў аднадумцаў, — гаворыць кіраўнік прэс-службы БДУІР. — Напрыклад, да мяне і зараз пры­ходзяць людзі з газетнымі выразкамі 1985 года, бо тое, што пра іх напісалі ў газеце, — гэта падзея. Не пра ўсіх пішуць у рэспубліканскай ці гарадской прэсе і не ўсіх там друку­юць, а шматтыражка дае людзям такую магчымасць. Адзінае, шматтыражная газета павінна быць сучаснай, бо яна з’яўляецца тварам універсітэта”.

Газета “Імпульс” сёння выглядае вельмі прывабна: прыгожая вёрстка, добрая папера, якасная паліграфія. Што да зместу, то журналісты не захапляюцца інфармацыйнымі матэрыяламі, а стараюцца даваць больш праблемных і аналітычных артыкулаў. Аднак пры гэтым матэрыял падаецца пераважна ў пазітыўным рэчышчы, бо газета — гэта перш за ўсё іміджавая рэч, закліканая аб’яднаць людзей.

“Шкада, што кіраўнікі ўніверсітэцкіх шматтыражак рэдка збіраюцца разам, а больш варацца ў сваім саку, — заўважае Ала Віктараўна Баярка. — Летась упершыню за апошнія гады нас сабралі на семінар “СМІ прадпрыемстваў і ВНУ сталіцы і іх роля ў сістэме ідэалагічнай работы”. Размова тады атрымалася цікавай, праблемнай, значнай, і, канечне, хацелася б, каб такія семінары працягваліся, бо ва ўзаемаадносінах з калегамі ёсць магчымасць нечаму навучыцца, узбагаціцца новым вопытам.

Сёння часта ўзнікаюць спрэчкі наконт таго, каму і навошта патрэбна друкаваная інфармацыя і ці трэба пераво­дзіць газеты ў электронны выгляд. Я пераканана, што з інтэрнэтам трэба не змагацца, а супрацоўнічаць.

На жаль, мы ўжо два гады не бяром удзе­лу ў выставе “СМІ ў Беларусі”, хаця сэнс любой выставы не толькі ў тым, каб іншых паглядзець, але і сябе паказаць. Таксама нам стала больш складана ўдзельнічаць у прэстыжных конкурсах. Так, у 2010 годзе з конкурсу “Залатая літара” знікла намінацыя “Шматтыражныя газеты”, і цяпер нам трэба канкурыраваць ужо не паміж сабой, а яшчэ і з рэгіянальнымі СМІ ў розных тэматычных намінацыях. Аднак там ёсць грамадска-палітычная і сацыяльна-эканамічная тэматыка, культура, гісторыя, краязнаўства, здаровы лад жыцця, а такой тэматыкі, як адукацыя і навука, няма. Магчыма, Міністэрству адукацыі варта арганіза­ваць свой конкурс сярод універсітэцкіх шматтыражак. Гэта падняло б іх імідж, дало б ім глыток свежага паветра, прымусіла б канкурыраваць паміж сабой. Зараз жа мы адзін аднаго не ведаем, бо шматтыражкі — гэта непадпісныя выданні, яны распаўсюджваюцца толькі сярод супрацоўнікаў і студэнтаў. Але кожнаму рэдактару было б карысна ведаць, як выглядае яго шматтыражка на фоне іншых універсітэцкіх газет”.

Тэлебачанне БДУІР:
трансляцыя будзе пашырацца

Не кожная ВНУ краіны можа пахваліцца ўласным са­праўдным тэлебачаннем. У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі існуе цэлая фабрыка, якая стварае тэлепраграмы, што адлюстроўваюць універсітэцкае жыццё.

Відэастудыя БДУІР з’яўляецца структурным падраздзяленнем прэс-службы, а значыць, працуе на агульны вынік. Інжынеры і журналісты ствараюць відэасюжэты і рэкламныя ролікі аб дзейнасці ўніверсітэта, вядуць фота- і відэаздымку ўсіх значных падзей, што адбываюцца ў ВНУ, раёне і горадзе. На сайце БДУІР ёсць фотагалерэя і відэаархіў, куды змяшчаюцца справаздачы з усіх масавых мерапрыемстваў. Фота- і відэаматэрыялы знаходзяцца ў вольным доступе, супрацоўнікі і студэнты могуць спампоўваць іх для сябе.

Пры відэастудыі дзейнічае студэнцкае тэлебачанне (стартавала ў 2001 годзе). Рэгулярна падчас вялікіх перапынкаў на плазменныя экраны трансліруюцца сюжэты са штодзённага ўніверсітэцкага жыцця: адкрылася лабараторыя, адбылася творчая сустрэча, прайшоў конкурс… Напрыклад, быў Дзень без аўтамабіля. Студэнты загадзя прадумалі будучы ролік да гэтага дня: знялі вуліцу Петруся Броўкі з раніцы, калі яна яшчэ свабодная ад аўтамабіляў, потым назіралі, як яна запаўняецца транспартам, і нарэшце паказалі яе ў час пік, калі тут ужо не размінуцца. І такія сацыяльныя ролікі, скіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця, здымаюцца і трансліруюцца даволі часта.

Акрамя таго, у студэнтаў ёсць уласныя аўтарскія праекты. Напрыклад, сёлета стартаваў праект “Заліковы тыдзень”: у студыю запрашаюць вядомых людзей, часцей за ўсё выкладчыкаў, якія чытаюць лекцыі для некалькіх патокаў, а значыць, іх ведаюць і яны цікавыя шырокаму колу гледачоў. На працягу ўсёй перадачы ў студыі гэтыя людзі ўдзельнічаюць у абмеркаванні найбольш актуальных праблем, якія цікавяць студэнтаў.

У гэтым годзе было зроблена пяць выпускаў праграмы “Заліковы тыдзень”. Гэты праект быў нават заяўлены на конкурс “Лідар года”, які праводзіўся ў Савецкім раёне сталіцы, і там ён не застаўся незаўважаным.

Ужо некалькі гадоў на студэнцкім тэлебачанні існуе аўтарскі праект студэнткі Даны Кавалёвай “Дастукацца”. Так, загадзя праводзіцца апытанне студэнтаў, якія праблемы яны хацелі б абмеркаваць з кіраўніцтвам універсітэта, выкладчыкамі, супрацоўнікамі розных гаспадарчых службаў і інтэрнатаў. Атрыманая інфармацыя аналізуецца, вылучаюцца актуальныя пытанні, якія хвалююць найбольшую колькасць студэнтаў, і на гэтую тэму адпаведныя спецыялісты ці кіраўнікі ўніверсітэта даюць свой каментарый.

Ёсць таксама аўтарскія праекты, якія паказваюць жыццё студэнтаў у інтэрнаце, культурнае жыццё ўніверсітэта і г.д.

Штомесяц у эфір выходзіць выніковы выпуск навін, які расказвае пра найбольш значныя падзеі, што адбываліся ва ўніверсітэце на працягу месяца, з запісам вядучага ў відэа­студыі. Тут студэнты ўжо спрабуюць даць аналітыку і актуальныя інтэрв’ю.

“Зараз мы выдаём у эфір сюжэты, якія паяўляюцца ў студыі паводле той ці іншай падзеі, — расказвае Ала Віктараўна. — У будучыні мы плануем перайсці да больш планавага вяшчання і нават задумваемся аб стварэнні праграмы перадач, што яшчэ больш наблізіць нашых рэпарцёраў да ўмоў прафесійнага тэлебачання”.

Пра ўзровень студэнцкага тэлебачання БДУІР гаво­рыць той факт, што яго рэпарцёры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзель­нікамі міжуніверсітэцкага конкурсу “Відэарадыус” БНТУ, дзе заўсёды атрымліваюць прызы. Напрыклад, сёлета заваявалі прыз за лепшую аператарскую работу ў відэароліку “Каханне ў сэрцы Еўропы”. Пазней гэты ролік быў прадстаўлены на фестывалі “Арт-вакацыі”, і яго можна было ўбачыць у фінальным паказе ў Палацы Рэспублікі.

Зараз у БДУІР рэалізоўваецца вельмі сур’ёзны тэхнічны праект, які ўжо ў верасні павінен запрацаваць на поўную моц. Гаворка ідзе пра стварэнне інфармацыйнай мультымедыйнай сеткі, якая аб’яднае ўвесь універсітэт. Справа ў тым, што дагэтуль трансляцыя студэнцкага тэлебачання была абмежавана: яна непасрэдна вялася толькі на другі корпус, і ў запісе — на чацвёрты і пяты карпусы (праграмы можна было ў запісе глядзець таксама ва ўніверсітэцкай сетцы). Цяпер жа плазменныя экраны будуць ва ўсіх карпусах, а ў некаторых, дзе вучыцца шмат студэнтаў, нават па два, і з відэастудыі на іх можа весціся трансляцыя ўсіх перадач у рэальным часе.

Для відэастудыі таксама набываецца новы мікшарскі пункт, відэакамера, тэлесуфлёр і прафесійнае студыйнае святло. Такім чынам, тэлебачанне ў БДУІР выходзіць на новы ўзровень — і тэхнічны, і якасны. Цяпер можна будзе аператыўна запускаць блокі навін, а таксама весці больш забаўляльных і віншавальных перадач.

“Будзе пашыраны штат студэнцкага тэлебачання, — гаворыць Ала Віктараўна. — Нашы студэнты ўсё робяць самі: пішуць сцэнарыі, здымаюць сюжэты. Тэхнічую дапамогу на відэстудыі ім аказваюць нашы штатныя інжынеры, для правядзення майстар-класаў запрашаем таксама вядучых спецыялістаў з беларускіх тэлеканалаў. Гэта добрая тэлевізійная школа. Нездарма многія нашы выпускнікі, якія прайшлі праз студэнцкае тэлебачанне з першага па пяты курс, пазней памянялі прафесію: зараз працуюць карэспандэнтамі, аператарамі, мантажорамі на розных тэлеканалах”.

У апошні час у прэс-службы БДУІР з’явіўся яшчэ адзін напрамак дзейнасці — інфармацыйна-рэкламны. Першай вялікай работай у гэтым напрамку стала кніга “Храналогія станаўлення і развіцця МРТІ — БДУІР (1964—2011 гады)”, якая нядаўна выйшла ў свет. Рыхтуецца да выдання новы буклет аб універсітэце.

Сёння ў прэс-службе назапашана велізарная інфармацыйная база, усе звесткі пра ўніверсітэт сканцэнтраваны тут. А калі якой-небудзь інфармацыі раптам не акажацца, то ў прэс-службе дакладна ведаюць, як і дзе яе можна аператыўна атрымаць.

Галіна СІДАРОВІЧ.
sidarovich@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва прэс-службы БДУІР.