Камфортна, як дома

Перадавыя тэхналогіі, найноўшае абсталяванне, добразычлівая атмасфера, камфортныя ўмовы для вучобы і пражывання, амаль бясплатныя паездкі за мяжу па абмене — усё гэта пра Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання. Унікальная на айчыннай адукацыйнай прасторы ўстанова сярэдняй спецыяльнай адукацыі выпускае кадры для перапрацоўчай галіны.

Прывабная прапанова

— На сёння ў нас прадстаўлены тры ступені адукацыі, — расказвае дырэктар каледжа Генадзь Сіняўскі. — Першая дазваляе атрымаць рабочую прафесію, на другой вучацца будучыя тэхнолагі перапрацоўчай прамысловасці. На трэцяй ступені па дагаворы з Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання можна атрымаць вышэйшую адукацыю. Іспыты для паступлення прадугледжаны толькі па спецдысцыплінах, а ў перспектыве ў якасці ўступных выпрабаванняў ва ўніверсітэт будуць залічвацца вынікі выпускных экзаменаў, здадзеных у нашым каледжы. Ёсць магчымасць працягнуць профільнае навучанне і ў іншых установах вышэйшай адукацыі краіны, у першую чаргу ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Каб навучыцца працаваць і зарабляць

Прыём у каледж ажыццяўляецца на падставе пасведчання аб адукацыі (пасля дзевяці класаў) і атэстата (пасля адзінаццаці класаў). Навучанне на дзённай форме бясплатнае. Тыя, хто паступіў вучыцца на базе адзінаццаці класаў або на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, атрымліваюць стыпендыю. Астатнія бясплатна забяспечваюцца што­дзённым аднаразовым, а ў шэрагу выпадкаў трохразовым гарачым харчаваннем. Акрамя таго, у навучэнцаў шмат варыянтаў папрацаваць у вольны час і зарабіць грошы на кішэнныя расходы. Так, пры жаданні кожны можа запісацца ў групу другаснай занятасці, якая на працягу рабочага тыдня а 16.00 пачынае работу на Аршанскім мясакансервавым камбінаце. Спецыяльных навыкаў і значных фізічных намаганняў не патрабуецца. Немудрагелістая праца займае параўнальна невялікі час і разам з тым дае істотную прыбаўку да бюджэту — да 150 рублёў штомесяц. Улетку навучэнцы працуюц­ь па выбранай спецыяльнасці ў сэрвісных атрадах. Бліжэй да восені напрамак дзейнасці мяняецца: сэрвісныя атрады не толькі дапамагаюць збіраць ураджай садавіны і гародніны Талачынскаму кансерваваму заводу, але і па дамоўленасці з прадпрыемствам забяспечваюць сталовую каледжа таннай вітаміннай прадукцыяй.

Асобная крыніца прыбытку — практыкі на вытворчасці. Яны ўсе аплачваюцца, прычым узнагарода за працу дастойная: напрыклад, у навучэнцаў выпускных груп зарплата дасягае 400 рублёў. Хаця матэрыяльная зацікаўленасць у гэтым выпадку не галоўнае. Дэталёва распрацаваная сістэма арганізацыі практык паспяхова вытрымала паверку часам і неаднойчы адзначалася як прыклад перадавога вопыту для ўстаноў прафесійнай адукацыі краіны. Практыкі праводзяцца на вядучых галіновых прадпрыемствах, дзе навучэнцы цалкам адаптуюцца да ўмоў сучаснай вытворчасці, вывучаюц­ь найноўшую тэхніку і тэхналогіі. А тым часам работадаўцы ўважліва прыглядаюцца да будучых маладых спецыялістаў. Такім чынам, шансы моладзі на ўдалы прафесійны старт значна павялічваюцца. Дарэчы, на рынку працы попыт на выпускнікоў застаецца высокім на працягу многіх гадоў. Сітуацыя, калі пры размеркаванні на аднаго маладога спецыяліста прэтэндуюць адразу два ці тры наймальнікі, даўно не здзіўляе — для каледжа гэта звычайна.

Сёлета на дзённую форму навучання набор у каледж на аснове агульнай базавай адукацыi (узровень прафесійна-тэхнічнай з атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі) будзе праводзіцца па спецыяльнасцях “Абвальшчык, жылоўшчык мяса і субпрадуктаў”, “Фармоўшчык каўбасных вырабаў, вытворца паўфабрыкатаў з мяса птушкі”, “Кухар. Кандытар”, “Кухар, вытворца паўфабрыкатаў”, “Машыніст халадзільных установак”. Тэрмін навучання — 3 гады. Прывабны для выпускнікоў 9-х класаў варыянт: на восем месяцаў павялічыць час вучобы, але ў выніку атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю з кваліфікацыяй “тэхнік-тэхнолаг” па спецыяльнасці “Тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны (малако і малочныя прадукты)”.

Выпускнікам 11-х класаў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі каледж прапаноўвае спецыяльнасці “Абвальшчык, жылоўшчык мяса і субпрадуктаў”, “Вытворца паўфабрыкатаў з мяса птушкі, абвальшчык тушак птушкі”. Форма навучання — дзённая, тэрмін — 10 месяцаў.

Майстры прыгожай смакаты і здаровага харчавання

Ніводнае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на перапрацоўцы мяса, не можа абысціся без абвальшчыкаў і жылоўшчыкаў. Менавіта ад іх прафесіяналізму наўпрост залежыць якасць мясных вырабаў (ад смакавых асаблівасцей да малюнка вэнджаніны і каўбас у разрэзе) — іншымі словамі, добры настрой і здароўе спажыўцоў. На невялікіх прад­прыемствах абвалкай і жылоўкай, як правіла, займаецца адз­ін майстар. На буйных, ва ўмовах паточнай вытворчасці, у сыравінных аддзяленнях каўбаснага і кансервавага цэхаў актуальнай становіцца вузкая спецыялізацыя. Пра такіх спецыялістаў нярэдка можна пачуць: “Прафесіянал той, хто валодае нажом на ўзроўні высокакваліфікаванага хірурга і мае фізічную падрыхтоўку атлета”.

Прадукт, без якога цяжка ўявіць штодзённае і святочнае меню, — каўбасы. Айчынныя прадпрыемствы выпускаюць іх на любы густ. Правільна падрыхтаваць сыравіну, строга вы­трымаць тэхналогію гатавання сыравэнджанай, сыравяленай, варанай і іншай мясной смакаты — задача складальніка фаршу і фармоўшчыка каўбасных вырабаў. Каб стаць сапраўднымі прафесіяналамі ў галіне перапрацоўкі малака і мяса, тэхнікам-тэхнолагам трэба дасканала ведаць прылады і правілы абслугоўвання абсталявання, прызначэнне і тыпы кантрольна-вымяральных прыбораў, патрабаванні да якасці сыравіны і гатовай прадукцыі, тэхналогію вытворчых працэсаў, нават склад і фізіка-хімічныя ўласцівасці малака, мяса і ўсіх прадуктаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытвочасці.

Без добрага ведання фізікі, хіміі, матэматыкі, чарчэння не адбудзецца як прафесіянал машыніст халадзільных установак. Пры дапамозе выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання будучыя гаспадары царства машын і холаду пашыраюц­ь веды, назапашваюць неабходныя прафесійныя навыкі.

Што да прадаўцоў, то на момант уручэння дыплома яны ўмеюць не толькі ўзважваць тавар, кансультаваць пакупнікоў і праводзіць разлікі — хлопцы і дзяўчаты добра валодаюць асновамі мерчандайзінгу і дзелавога этыкету, навыкамі працы на сучасных касавых апаратах і камп’ютарнымі сістэмамі. Прафесійнае крэда навучэнцаў-прадаўцоў можна акрэсліць трыма словамі: дасведчанасць, ветлівасць, акуратнасць.

Нарэшце, некалькі слоў аб прадстаўніках самых смачных прафесій. Кухары і кандытары атрымліваюць рознабаковую прафесійную адукацыю — ад рэцэптуры, тэхналогіі гатавання, афармлення страў рознай ступені складанасці (асаблівы акцэнт робіцца на традыцыйных беларускіх) да нюансаў малекулярнай кухні. Адзін з праектаў, над якім зараз працуе каледж, звязаны з укараненнем распаўсюджанай ва ўсім свеце сістэмы кантролю бяспекі ўсіх этапаў харчовай вытворчасці ХАССП.

Пра высокі ўзровень падрыхтоўкі красамоўна сведчаць перамогі прадстаўнікоў установы адукацыі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання і разам з імі навучэнцы паспяхова займаюцца рацыяналізатарствам і вынаходніцтвам, удзельнічаюць і перамагаюць на выставах, конкурсах, аглядах тэхнічнай творчасці рознага ўзроўню.

Матэрыяльна-тэхнічная і вучэбна-метадычная база каледжа адпавядае самым строгім крытэрыям. Вопытныя педагогі, сучаснае тэхнічнае абсталяванне, вучэбныя міні-лабараторыі па ўсіх профілях — прастора для прафесійнага росту, асабістага развіцця і творчых эксперыментаў.

Па міжнародных стандартах

Моцнае сяброўства звязвае ўстанову адукацыі з замежнымі партнёрамі — Даўгаўпілскім медыцынскім каледжам, кале­джам ландшафтнага дызайну і кветкаводства Юрмалы, Ніжагародскім тэхнікумам гарадской гаспадаркі і прадпрымальніцтва, тэхнікумам тэхналогій харчовых вытворчасцей Тулы.

— Латышскі паэт Ян Райніс і наш Янка Купала былі сябрамі. Калі прыязджаем у Прыбалтыку, у першую чаргу наведваем домік Райніса, а гасцей з Латвіі запрашаем завітаць у Ляўкі, — адзначае Генадзь Сіняўскі. — Выдаткі на паездкі ў рамках абмену (а яны арганізоўваюцца досыць часта) мінімальныя, бо па дагаворы нашы навучэнцы знаходзяцца там на поўным пансіёне. Візы для іх таксама бясплатныя. У Расіі абавязкова наведваем Болдзіна — мадэль узаемадзеяння з Ніжнім Ноўгарадам прыкладна такая ж. Апошнім часам актывізавалася супрацоўніцтва з Тулай. Узімку па запрашэнні расійскага боку мы ўдзельнічалі ў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сучасныя праблемы развіцця адукацыі і выхавання моладзі”. Праз невялікі час віталі тульскіх сяброў на нашай традыцыйнай навукова-практычнай канферэнцыі “Эфектыўныя формы павышэння якасці прафесійнага навучання”. Абмяняліся і практычным вопытам: мы правялі майстар-клас па гатаванні традыцыйных беларускіх страў, а нашы госці — па гатаванні кактэйляў і халодных закусак з прымяненнем малекулярнай кухні. А нядаўна, у канцы красавіка, мы ўдзельнічалі ў конкурснай праграме XII Абласнога кулінарнага салона “Кулінарная карта Расіі на тульскай зямлі”. Прыемна, што ў намінацыі “Прадстаўленне святочнага торта” наша навучэнка стала пераможцай, а ў намінацыі “Афармленне тэматычнага стала” прадстаўнікі каледжа занялі другое месца.

Здаровага і выхаванага навучэнца лягчэй вучыць!

Для педагагічнага калектыву гэтыя словы — галоўны лейт­матыў у рабоце. Інакш і быць не можа, бо здароўе і выхаванасць для спецыяліста, які задзейнічаны ў сферы грамадскага харчавання, — прафесійная неабходнасць. Камфортныя ўмовы для адпачынку і падрыхтоўкі да заняткаў створаны ў інтэрнаце. Жыллё прадастаўляецца ўсім навучэнцам, хто мае ў гэтым патрэбу, прычым юнакі і дзяўчаты рассяляюцца на розных паверхах. Буфет працуе на месцы, а трапіць са свайго пакоя ў вучэбны корпус і сталовую можна па галерэі, не выходзячы на вуліцу.

Замест прывычнага медпункта ў каледжы працуе паўнавартасны медыцынскі цэнтр з сучаснымі стаматалагічным, гінекалагічным, працэдурным кабінетамі. Для навучэнцаў усе паслугі бясплатныя. На працягу першага месяца пасля паступлення і потым штогод юнакі і дзяўчаты праходзяць паглыблены медыцынскі агляд вузкімі спецыялістамі па 11 параметрах. Атрыманыя даныя заносяцца ў спецыяльную электронную базу, іх дынаміка строга кантралюецца ў дачыненні да кожнага. Прынцып просты: прасцей своечасова выявіць і выправіць любую праблему са здароўем, чым доўга змагацца з запушчанай хваробай. Між іншым статыстыка сведчыць: за час вучобы ў каледжы стан здароўя навучэнцаў прыметна паляпшаецца.

— Гэтаму спрыяе ўсеагульнае захапленне фізкультурай, спортам і маштабная прапаганда здаровага ладу жыцця, — лічыць Генадзь Анатольевіч. — У традыцыйных першынствах каледжа па валейболе, футболе, баскетболе, шахматах і шашках, іншых відах імкнецца паўдзельнічаць кожны. Нашы навучэнцы неаднаразова станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.

У каледжы функцыянуюць спартыўная і трэнажорная залы з сучасным інвентаром, стадыён, спартыўныя секцыі. Не менш важным складнікам з’яўляецца арганізацыя харчавання, тут сам профіль абавязвае, каб яно было на высокім узроўні. Дзякуючы прадпрыемствам-партнёрам, у сталовую паступаюць свежыя і якасныя прадукты, з якіх потым складаецца меню.

Яшчэ адзін прыярытэт каледжа — сістэма рацыянальнай арганізацыі адукацыйнага працэсу, вольнага часу і побыту. Тут ганарацца не толькі прафесійнымі, але і творчымі талентамі навучэнцаў. Удзельнікі гурткоў мастацкай і тэхнічнай творчасці, студыі аўтарскай песні штогод перамагаюць у гарадскіх і абласных конкурсах.

Прынцыпова важны момант — самакіраванне. Усе на­дзё­нныя пытанні тут вырашаюцца за круглым сталом разам з моладдзю.

— Каледж — наш агульны дом, таму атмасфера пануе амаль сямейная, добразычлівая і спакойная. Але абітурыентам лепш пераканацца ў гэтым асабіста. І, магчыма, папоўніць нашу дружную сям’ю! — гаворыць дырэктар.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.