Кар’ера ў ІТ: даступна для тых, хто сапраўды хоча

Нядаўна ў інтэрнэце з’явіліся дзве адметныя навіны.
Кампанія Ernst&Young — міжнародны лідар у галіне аўдыту і кансультавання па пытаннях вядзення бізнесу (больш як 700 офісаў у 150 краінах свету) — паведаміла, што пры прыёме на работу больш не будзе брацца пад увагу такі крытэрый, як вышэйшая адукацыя саіскальніка.
У выніку даследавання, праведзенага кампаніяй, не знайшлося доказаў таго, што ўніверсітэцкія дасягненні нейкім чынам карэлююць з поспехамі ў далейшай прафесійнай дзейнасці. Цяпер, каб меркаваць пра патэнцыял саіскальнікаў, будзе выкарыстоўвацца адмысловая сістэма анлайн-ацэнак. У кампаніі Ernst&Young спадзяюцца, што гэта дапаможа выявіць яркіх, таленавітых людзей, якія па розных прычынах не атрымалі вышэйшай адукацыі, аднак пры гэтым могуць быць разумнымі, эфектыўнымі і карыснымі.
Другая навіна прыйшла са Швецыі. Там большасць кампаній перайшла на 6-гадзінны працоўны дзень (з захаваннем заработнай платы). Пры гэтым ніякіх дадатковых умоў не вылучалася. Адзінае, супрацоўнікаў папрасілі па магчымасці адмовіцца ад выкарыстання сацыяльных сетак на працоўным месцы, а таксама пазбягаць правядзення непатрэбных нарад.
Усё гэта сведчыць пра тое, што свет пакрысе пачынае адмаўляцца ад фармальных прыкмет паспяховага работніка і эфектыўнай дзейнасці, такіх як дыплом аб адукацыі і працягласць знаходжання на працоўным месцы. На першы план выходзяць кампетэнцыі і эфектыўнасць работы спецыяліста, яго здольнасць генерыраваць новыя ідэі і знаходзіць шляхі да іх ажыццяўлення.
Пра гэтую тэндэнцыю на сусветным рынку працы і пра ўмовы, якія дыктуе беларускі рынак, мы гутарым з дырэктарам Адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій Вадзімам ЗЕЛЯНКОВЫМ.

— Вадзім Віктаравіч, як шмат сярод слухачоў вашага цэнтра людзей без вышэйшай адукацыі?
— Прыкладна 10%, але гэта, як правіла, студэнты ўніверсітэтаў, якія знаходзяцца ў працэсе навучання, у іх будзе вышэйшая адукацыя. Іншая справа, што ў большасці яна няпрофільная і ніяк не звязана з інфармацыйнымі тэхналогіямі.
Штогод мы ўладкоўваем на работу ў ІТ-кампаніі каля 300 выпускнікоў — усе яны прыйшлі да нас практычна з нулявымі ведамі ў прадметнай галіне і фактычна атрымалі другую прафесію. Ёсць даволі шмат гісторый поспеху, калі людзі кардынальна мянялі від дзейнасці і зараз робяць кар’еру ў ІТ-індустрыі.

— З якіх спецыяльнасцей часцей за ўсё прыходзяць людзі, якія дасягаюць поспеху ў ІТ-сферы?
— З самых розных. Напрыклад, у тэсціраванні праграмнага забеспячэння лепш за ўсіх сябе зарэкамендавалі гуманітарыі, у прыватнасці выпускнікі лінгвістычнага ўніверсітэта, поспеху дасягаюць хімікі, біёлагі, маркетолагі і іншыя. Выпускнікі інжынерных спецыяльнасцей часта перавучваюцца на праграмістаў. Наша асноўная аўдыторыя — людзі, якія працавалі ўжо некалькі гадоў па спецыяльнасці, аднак там яны або ўжо дасягнулі мяжы ў развіцці, або не бачаць цікавай перспектывы.

— Веды гуманітарыяў у галіне фізікі і матэматыкі абмяжоўваюцца школьнай праграмай. Хіба гэтага дастаткова, каб асвойваць інфармацыйныя тэхналогіі і развівацца ў гэтым напрамку?
— ІТ настолькі шырокая індустрыя, што там ёсць месца для розных прафесій. Зразумела, каб стаць добрым праграмістам, неабходна на даволі высокім узроўні валодаць матэматыкай і разумець розныя працэсы ў фізіцы. Але на пачатковым узроўні (спецыялісту ўзроўню junior) гэтага не патрабуецца.
Тэсціроўшчыкам праграмнага забеспячэння фізіка і матэматыка ўвогуле не патрэбны. Для іх больш важна наяўнасць такіх якасцей, як уважлівасць, скрупулёзнасць, уседлівасць. Гэта, як правіла, уласціва гуманітарыям, таму яны хутка вучацца выконваць пастаўленыя задачы.
Безумоўна, каб стаць прафесіяналам у любой сферы, трэба пастаянна вучыцца, таму наша задача — дапамагчы чалавеку зрабіць першы крок у новай прафесіі. А калі ён уладкуецца на работу, то далей усё залежыць толькі ад яго — будзе ён развівацца і прагрэсіраваць ці застанецца на адным і тым жа ўзроўні.

— Ці ёсць нейкая ўзроставая мяжа, за якой чалавеку ўжо цяжка змяніць прафесійную траекторыю і асвойваць новыя веды?
— Пра гэта вельмі рэдка гавораць, але практыка паказвае, што ў чалавека, які пачынае перавучвацца пасля 30 гадоў, шансы на поспех невысокія. І не таму, што ён не мае таленту ці дрэнна засвойвае праграму. Проста ІТ-сфера вельмі маладая, і ўзроставым кандыдатам там не вельмі рады. Вось уявіце сабе начальніка аддзела, якому 25 гадоў, і падначаленага, якому за 30. Бар’ер паміж пакаленнямі можа стаць перашкодай у рабоце, і ніхто не хоча марнаваць сілы і час на яго пераадоленне. Таму ў ІТ-сферы стараюцца пазбягаць узроставых кандыдатаў, якія знаходзяцца на пачатковай стадыі прафесійнага развіцця.

— Вядучыя ІТ-кампаніі ўсё менш зважаюць на дыплом саіскальніка аб вышэйшай адукацыі, і ўсё больш — на пералік кампетэнцый, якімі ён валодае…
— Гэта сапраўды так, бо калі б работадаўцы глядзелі толькі на дыплом, то такія цэнтры, як наш, не былі б настолькі запатрабаванымі. Мы даём слухачам неабходны ім набор кампетэнцый, і гэта сапраўдная пуцёўка ў прафесію.
Дарэчы, гэты набор кампетэнцый пастаянна мяняецца. Па-першае, Адукацыйны цэнтр уваходзіць у структуру Парка высокіх тэхналогій, і мы ведаем усе трэнды. А па-другое, нашы выкладчыкі — работнікі ІТ-кампаній — адаптуюць вучэбныя праграмы пад сучасныя стандарты.

— Як вы думаеце, Вадзім Віктаравіч, ці можа такая тэндэнцыя з цягам часу прывесці да таго, што ўніверсітэцкі дыплом стане другасным, а на першае месца пры працаўладкаванні выйдуць кампетэнцыі, набытыя на розных курсах?
— Наадварот, я лічу, што вышэйшая школа павінна прыкладаць намаганні, каб паспяваць за развіццём ІТ-галіны, бо выбітных праграмістаў можна падрыхтаваць толькі ва ўніверсітэтах. Дарэчы, Паркам высокіх тэхналогій робіцца вельмі шмат у гэтым напрамку. Найбуйнейшыя кампаніі — рэзідэнты парка ствараюць ва ўніверсітэтах вучэбныя лабараторыі і цэнтры. Універсітэты, у сваю чаргу, адкрываюць на базе ІТ-кампаній філіялы кафедраў. Усё гэта павінна скарачаць разрыў паміж тэорыяй і практыкай.
Іншае пытанне, што не ўсе кампаніі могуць дазволіць сабе ўкладваць грошы ў падрыхтоўку спецыялістаў. Але кампаніі-гіганты, такія як “ІПАМ-сістэмз”, “Ітранзішан”, робяць гэта даволі паспяхова. Для меншых кампаній існуюць адукацыйныя цэнтры накшталт нашага, якія рыхтуюць і пастаўляюць на рынак маладых кваліфікаваных спецыялістаў.

— Скажыце, якая патрэба ў такіх спецыялістах? Колькі, напрыклад, слухачоў праходзіць навучанне ў вашым адукацыйным цэнтры?
— Сёлета мы разлічваем выйсці на 1200 чалавек — гэта агульная колькасць слухачоў. Справа ў тым, што ў нас таксама ёсць праграмы, па якіх мы не ўладкоўваем выпускнікоў на работу (у прыватнасці, графічны дызайн, англійская мова і інш.).

— Дарэчы, пра англійскую мову. Ці можна знайсці месца ў ІТ-сферы, не валодаючы англійскай?
— Усё залежыць ад кан’юнктуры рынку. Летась знайсці месца было яшчэ магчыма, напрыклад, у кампаніях, якія займаюцца распрацоўкай праграмнага прадукту для ўнутранага рынку. Аднак сёлета ў гэтым сектары намеціўся крызіс. Многія кампаніі, якія былі арыентаваны на расійскіх заказчыкаў, зменшылі ці нават згарнулі свае аб’ёмы. Стабільныя зараз толькі кампаніі-аўтсорсеры, якія працуюць на Еўропу і ЗША, а гэта значыць, што англійская мова ім жыццёва неабходна.
Увогуле, першай мовай, якую павінны вывучыць праграмісты, з’яўляецца англійская. Калі чалавек хоча паспяхова працаваць і развівацца ў ІТ-галіне, яе трэба ставіць нават перад мовамі праграмавання. Справа ў тым, што ўся літаратура, усе самыя сучасныя публікацыі выдаюцца менавіта па-англійску. Да таго часу, пакуль з’яўляюцца афіцыйныя пераклады, тэхналогіі збягаюць далёка наперад, таму спецыяліст, які не ведае англійскай мовы, прынамсі, гады на два адстае ад галіны.

— Калі аналізаваць рынак працы, якія спецыяльнасці з’яўляюцца самымі запатрабаванымі ў ІТ-сферы?
— На першым месцы, безумоўна, java-праграмісты, распрацоўшчыкі вэб- і мабільных дадаткаў — хаця ўвогуле ўсе праграмісты, незалежна ад тэхналогій. На другім месцы — тэсціроўшчыкі праграмнага забеспячэння, на трэцім — бізнес-аналітыкі.

— Як вы ўмудраецеся за даволі кароткі тэрмін даць слухачам такія сучасныя і запатрабаваныя веды?
— Па-першае, усе нашы курсы практыка-арыентаваныя. І нават там, дзе ў нас прадугледжана тэарэтычная частка (напрыклад, бізнес-аналіз — там 72 гадзіны ідзе начытка тэорыі), як мінімум 1 гадзіну на кожных занятках слухачы выконваюць практычныя заданні.
Акрамя таго, у нас праводзяцца практыкумы. З выпускнікоў асноўных праграм фарміруюцца каманды, якія працуюць над канкрэтнымі праектамі. На працягу трох месяцаў яны стажыруюцца: вывучаюць метадалогію праграмнага забеспячэння, сучасныя інструменты, вучацца рабоце ў камандзе і г.д. Тэорыю можна пачытаць і дома ў кніжцы, таму практыка — гэта наша ўсё.

— Дзякуй вам за інтэрв’ю!

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.