Кожны павінен узвесці свой дом

Пачалася ўступная кампанія на ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі. Чакаюць сваіх абітурыентаў і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Вядома, лепш, калі гэта будуць матываваныя маладыя людзі, накіраваныя на атрыманне канкрэтнай спецыяльнасці ў канкрэтным каледжы. Хаця тут з задавальненнем прымуць і тых, хто напачатку спрабуе свае сілы ў ВНУ (здаровыя амбіцыі вітаюцца). Вопыт паказвае, што многія з тых, хто загадзя не планаваў, а потым усё ж такі паступіў у каледж, у выніку аказваюцца ў выйгрышы.

Пра тое, у чым перавагі і прывабнасць сярэдняй спецыяльнай  адукацыі, мы гутарым з Марынай Эдуардаўнай Суворавай, галоўным інспектарам упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі.

 — Раскажыце, Марына Эдуардаўна, наколькі інтэграваны ўстановы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Мяне цікавяць розныя варыянты прафесійнай падрыхтоўкі: як можна зрабіць кар’еру, стартаваўшы на ўзроў­ні не вышэйшай школы, а прафтэхустановы ці каледжа?

— Я павінна адразу папярэдзіць, што людзі часта блытаюць каледжы, якія дзейнічаюць у сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі, з прафесійна-тэхнічнымі кале­джамі. Хачу патлумачыць, што прафтэхкаледжы таксама ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялістаў на ўзроўні ССНУ, але толькі на базе прафтэхадукацыі. Туды не могуць непасрэдна паступаць выпускнікі базавай ці сярэдняй агульнаадукацыйнай школы.

Што да інтэграцыі, то ўсе ўзроўні адукацыі — прафесійна-тэхнічная, сярэдняя спецыяльная і вышэйшая — насамрэч вельмі ўзаемазвязаны. Напрыклад, на ўзроўні прафтэхадукацыі малады чалавек можа атрымаць кваліфікацыю электраманцёра; калі ён вырашыць прадоўжыць адукацыю ў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе, то тут ён ужо можа стаць тэхнікам-электрыкам; пазней, паступіўшы на скарочаны тэрмін навучання ў ВНУ, ён стане ўжо інжынерам па ўкараненні новых тэхналогій. І падобную ўзаемасувязь можна прасачыць практычна па ўсіх спецыяльнасцях.

Увогуле, сістэма сярэдняй спецыяльнай адукацыі вельмі моцна інтэгравана з прафтэхсістэмай. Так, каля 15% абітурыентаў ССНУ — выпускнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Калі гаварыць пра вышэйшую школу, то ў многіх ВНУ ёсць праграмы скарочанай падрыхтоўкі для выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Асабліва добра ў гэтых адносінах працуюць рэгіянальныя ВНУ: Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Выпускнікоў ССНУ з вялікім задавальненнем прымае на вучобу БДУІР, бо гэта ўжо фактычна гатовыя спецыялісты. Ва ўніверсітэце ўзмацняецца навуковы кампанент, і добрая папярэдняя падрыхтоўка дае выпускнікам каледжаў выдатную магчымасць займацца даследаваннямі.

Мы шчыльна кантактуем таксама з Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам. І калі прафтэхустановы выпускаюць прадаўцоў, каледжы — тавараведаў, то БДЭУ выпускае ўжо тавараведаў-экспертаў.

Многія маладыя людзі свядома буду­юць сваю кар’еру так, каб паслядоўна прайсці ўсе ступені навучання ад прафесійна-тэхнічнай да сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай, атрымліваючы адпаведную кваліфікацыю (напрыклад, кухар — тэхнік-тэхнолаг — інжынер-тэхнолаг). Гэта дае ўнікальны практычны вопыт і забяспечвае чалавеку хуткі кар’ерны рост.

— Але ж у сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі ёсць і ўнікальныя спецыяльнасці, па якіх не вядзецца падрыхтоўка ў вышэйшай школе…

— Так, ёсць, напрыклад, спецыяльнасці “Фатаграфія”, “Цырульнае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, “Металарэзныя станкі і інструменты”, “Сястрынская справа”, “Зубалячэбная справа”, “Зубапратэзная справа”, “Лячэбны масаж” і іншыя. Усе яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод абітурыентаў. Так, ужо ў першы дзень прыёму дакументаў у медыцынскіх і політэхнічных каледжах былі чэргі.

Людзям, якія атрымліваюць падобныя спецыяльнасці, часта ўжо не патрэбна вышэйшая адукацыя. Напрыклад, таленавіты цырульнік можа з поспехам развівацца ў сваёй прафесіі, а сярэдняя спецыяльная адукацыя, прынамсі, дазволіць яму быць кіраўніком сярэдняга звяна ці нават ад­крыць уласную справу. У вучэбных планах каледжаў надаецца шмат увагі менеджменту, маркетынгу, кіраўнічым дысцыплінам. Першапачаткова выпускнікі ССНУ якраз і былі нацэлены на работу кіраўнікамі сярэдняга звяна, майстрамі вытворчасці. На жаль, зараз назіраецца пэўны перакос з боку наймальнікаў, якія на пасады, прызначаныя для выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пачалі браць выпускнікоў ВНУ.

У выпускнікоў ССНУ, аднак, ёсць істотная перавага: яны могуць уладкавацца на рабочую пасаду, бо ім, як правіла, разам з кваліфікацыяй “спецыяліст” прысвойваецца і прафесія рабочага. Калі мы, напрыклад, выпускаем тавараведа, то адначасова ён атрымлівае рабочую прафесію “прадавец”, калі мы выпускаем тэхніка-тэхнолага грамадскага харчавання, то адначасова і кухара і г.д. Выключэннем з’яўляюцца педагагічныя, медыцынскія спецыяльнасці…

Адметна, што каледжы рэалізоўва­юць праграмы падрыхтоўкі не толькі спецыялістаў, але і рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Ёсць такія рабочыя прафесіі, якія патрабуюць павышанай ін­тэлектуальнай работы, напрыклад, “меха­троніка”. Людзі гэтай прафесіі працуюць на складаных станках з праграмным кіраваннем, і адпаведную падрыхтоўку яны атрымліваюць менавіта ў сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Пад гэтую спецыяльнасць у прафесійна-тэхнічным каледжы, які з’яўляецца філіялам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, адкрыты цэлы рэсурсны цэнтр. Там навучэнцы праходзяць навучанне на самых сучасных станках.

Такі ж рэсурсны цэнтр адкрыты ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы (таксама філіял РІПА) па будаўнічых спецыяльнасцях. Там навучэнцы вучацца рабіць кладку цэглы, класці керамічную плітку, устанаўліваць сантэхабсталяванне. Нала­джана поўная імітацыя тых працэсаў, з якімі будучым спецыялістам давядзецца сутыкнуцца ў сваёй дзейнасці.

Дарэчы, сёння многія імкнуцца не толькі атрымаць адукацыю па нейкай спецыяльнасці, але і навучыцца праца­ваць рукамі. Так, выпускнікі спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў” па заканчэнні каледжа ўмеюць рамантаваць аўтамабілі і робяць гэта добра, паколькі не проста валодаюць наборам навыкаў, а ведаюць канструкцыю машын, разумеюць дзей­насць усіх механізмаў, нават знаёмы з арганізацыяй грузаперавозак. Практычнае навучанне ў ССНУ складае не менш за 20% вучэбнага часу, таму ў выпускніка каледжа ёсць значны практычны вопыт, якім ён умее карыстацца. Атрымаўшы добрую падрыхтоўку, папрацаваўшы пэўны час па спецыяльнасці, такі спецыяліст можа адвучыцца ў ВНУ на эканамічнай ці юрыдычнай спецыяльнасці і без праблем адкрыць уласную справу. Такі шлях прайшлі многія індывідуальныя прадпрымальнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў, і яны нацэльваюць на такую практыка-арыентаваную падрыхтоўку сваіх дзяцей.

— Як сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы ўзаемадзейнічаюць з вытворчасцю ў плане падрыхтоўкі спецыялістаў? Ці ёсць праблемы з размеркаваннем?

— Усе ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі абавязкова маюць дагаворы  з арганізатарамі-заказчыкамі кадраў, у тым ліку з базавымі арганізацыямі, і апошнія ўсяляк дапамагаюць навучальным установам: прадастаўляюць базы практык, лабараторыі, стымулююць сваіх супрацоўнікаў да кіраўніцтва практыкамі, вылучаюць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў дзяржаўных экзаменацыйных камісіях.

Увесь прыём на бюджэтную форму навучання ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца толькі пад заказ, гэта значыць, што 80% усіх прынятых на вучобу ўжо патэнцыяльна размеркаваны, на іх ужо ёсць заяўкі ад работадаўцаў. А на выхадзе размеркаванне ў ССНУ складае каля 95%, прычым часта размяркоўваюцца не толькі бюджэтнікі, але і тыя выпускнікі, што вучыліся на ўмовах аплаты (па іх жаданні). Ёсць такія моцныя наймальнікі, якія прапаноўваюць вельмі добрыя ўмовы працы з годнай аплатай, і платнікі самі просяць размеркаванне. Гэта дае ім права карыстацца ўсімі гарантыямі і кампенсацыямі, якія прадугледжаны для маладых спецыялістаў.

— А ці ёсць у навучэнцаў каледжаў магчымасць падпрацоўваць падчас вучобы?

— У сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у адрозненне ад ВНУ, вучэбны працэс пабудаваны больш строга, тут няма вольнага наведвання. І першыя два гады навучання ў каледжы вельмі складаныя. Так, паступаючыя на базе 9 класаў фактычна за адзін год павінны асвоіць двухгадовую праграму сярэдняй школы, а тыя, хто паступіў на базе 11 класаў, адразу пачынаюць вывучаць складаныя спецыяльныя дысцыпліны, напрыклад, тэарэтычную механіку, інжынерную графіку і г.д. Гэта складана для такога ўзросту, таму першыя два гады вучобы ў ССНУ навучэнцы, як правіла, нідзе не працуюць. Пазней яны пачынаюць паціху ўключацца ў прафесію.

— Дзеці асвойваюць двухгадовую школьную праграму за адзін год… Напэўна, у гэтым і ёсць прычына таго, што выпускнікі ССНУ на цэнтралізаваным тэсціраванні не мо­гуць паказаць такія ж веды, як выпускнікі школ, гімназій і ліцэяў?

— Безумоўна, прычына менавіта ў гэтым. Нашы навучэнцы асвойваюць двухгадовую школьную праграму за адзін год і потым тры гады да яе ўжо не вяртаюцца. Натуральна, што, нават нягледзячы на ўсе падрыхтоўчыя курсы, якія мы арганізоўваем на працягу года, яны саступаюць на ЦТ учарашнім школьнікам. Ім цяжка пераключыцца з вучобы ў каледжы і заняцца толькі падрыхтоўкай да паступлення ў ВНУ, бо на чацвёртым курсе яны сур’ёзна займаюцца дыпломным праектаваннем, у іх усе суботы рабочыя, а навучальны год заканчваецца 2 ліпеня.

— Скажыце, якія новыя спецыяльнасці адкрываюцца ў сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі?

— Сёлета па прапанове Парка высокіх тэхналогій мы ўвялі ў Агульнадзяржаўны класіфікатар такую спецыяльнасць, як тэсціроўшчык, і ўжо ў наступным годзе ў Вышэйшым каледжы сувязі пачнецца набор. Гаворка ідзе пра тэсціраванне праграмнага забеспячэння, і адметна, што падрыхтоўка адпаведных кадраў будзе весціся на ўзроў­ні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Таксама па заяўцы прадпрыемства “Белтэлекабель” у Гомельскім дзяржаўным політэхнічным каледжы адкрыта спецыяльнасць “Тэхналогія абсталявання кабельнай вытворчасці”. Дагэтуль кабельшчыкаў у нашай краіне не рыхтавалі, але кіраўніцтва прадпрыемства пераканала нас у неабходнасці такой падрыхтоўкі, і мы пайшлі насустрач вытворцам.

Зараз мы разглядаем пытанне адкрыцця на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі такіх спецыяльнасцей, як “Транспартная лагістыка”, “Паляўніцтвазнаўства” (гэта прамежкавае звяно паміж егерамі, якіх выпускае сістэма прафтэх­адукацыі, і інжынерамі па паляўнічай гаспадарцы) і шэраг іншых. Гэта спецыяльнасці, якія запатрабаваны рынкам працы і абяцаюць добрую заработную плату.

Мы стараемся шчыльна працаваць з наймальнікамі і просім іх, калі не хапае нейкіх спецыялістаў, рабіць адпаведныя заяўкі: у рэспубліцы дзейнічае аўтаматызаваная сістэма заявак на падрыхтоўку кадраў. Таксама мы прапаноўваем наймальнікам даць кампетэнтнасныя характарыстыкі спецыялістаў, якія яны жадаюць бачыць. Каб задаволіць іх патрэбы, мы згодны адкарэкціраваць адукацыйныя стандарты. Існуючы ў сітуацыі магутнай канкурэнцыі з вышэйшай школай, сістэма сярэдняй спецыяльнай адукацыі імкнецца рыхтаваць такіх спецыялістаў, якія могуць канкурыраваць з выпускнікамі ВНУ.

— Раскажыце, Марына Эдуардаўна, як жывуць сёння педагагічныя ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі?

— Вядома, што многія педагагічныя каледжы ўвайшлі ў структуру ўніверсітэтаў, але некаторыя захавалі сваю скірава­насць. Гэта, напрыклад, Салігорскі, Лоеўскі, Рагачоўскі дзяржаўныя педагагічныя каледжы. Адзначу, што наймальнікі з вялікім задавальненнем бяруць на працу іх выпускнікоў. Так, сёння вельмі запатрабаваны спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”, прычым каледжы выпускаюць розных спецыялістаў: па англійскай мове, фізічнай культуры, працоўным навучанні і інш. Так што педагагічныя каледжы выконваюць немалаважную ролю ў забеспячэнні сістэмы адукацыі высокакваліфікаванымі кадрамі.

— Сёлета ўведзена планка пры паступленні абітурыентаў у ВНУ — 7 балаў. Як вы думаеце, Марына Эдуардаўна, ці павысіцца ў сувязі з гэтым колькасць абітурыентаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў?

— Абітурыенты ССНУ таксама добра падрыхтаваны, і нельга сказаць, што сістэма прыме ўсіх, хто не паступіў у ВНУ. Зараз жа, у першыя дні прыёму, дакументы нясуць пераважна выпускнікі базавай школы і ўстаноў прафтэхадукацыі. А вось выпускнікоў сярэдняй агульнаадукацыйнай школы пакуль мала: верагодна, першапачаткова яны нацэлены на паступленне ў ВНУ.

Тым з іх, хто не паступіць і прыйдзе на вучобу ў каледж, хачу сказаць, што такі паварот лёсу трэба разглядаць як шанс атрымаць якасную практыка-арыентаваную адукацыю. Тут можна набыць сучасную прафесію. І гэта не проста нейкія практычныя навыкі, яны абавязкова суправа­джаюцца тэарэтычнымі ведамі, што дасць выпускніку добрую прафесійную падрыхтоўку. У ССНУ вывучаюцца практычна тыя ж дысцыпліны, што і ў вышэйшай школе, а гэта дае такую ж магчымасць развівацца. Калі ў чалавека ёсць здольнасць і жаданне займацца даследчай дзейнасцю, то нішто не забараняе яму пасля каледжа прадоўжыць вучобу ў ВНУ (часта па скарочанай праграме).

— Скажыце, колькі навучэнцаў плануецца сёлета набраць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі? Наколькі скарачаецца прыём у параўнанні з мінулым годам у сувязі з дэмаграфічнай сітуацыяй?

— Мы разлічваем набраць 51 тысячу чалавек. Пры гэтым скарочаны набор на эканамічныя спецыяльнасці на 3%, юрыдычныя — на 5%. Зрэшты, такое нязначнае скарачэнне на згаданыя спецыяльнасці адбываецца штогод. Адначасова павялічаны набор на педагагічныя спецыяльнасці на 2%, медыцынскія — на 4%. Мы яшчэ больш павялічылі б падрыхтоўку сярэдняга медыцынскага персаналу, бо ў гэтым ёсць вялікая патрэба. Але ў свой час медыцынскія каледжы былі пабудаваны вельмі камернымі ўстановамі, і зараз па санітарна-гігіенічных нормах яны не могуць павялічваць кантынгент, бо і так запоўнены да мяжы. Тое ж самае тычыцца педагагічных устаноў адукацыі.

Увогуле, мы стараемся захоўваць існуючую структуру сярэдняй спецыяльнай адукацыі, бо яна даволі добра аптымізавана. Напрыклад, тэхнічныя спецыяльнасці ў гэтай структуры займаюць 31%. Сістэма рыхтуе канкрэтных спецыялістаў, і няма неабходнасці яе  парушаць.

Адзінае, ёсць намер спакваля скарачаць прыём у ССНУ на няпрофільныя спецыяльнасці. Калі, напрыклад, установа адукацыі заяўляе нейкі профіль, скажам, тэхнічны, то не трэба распыляць сілы і развіваць там эканамічныя ці юрыдычныя спецыяльнасці (прынамсі, за кошт сродкаў бюджэту).

— Што вы, Марына Эдуардаўна, маглі б параіць абітурыентам у гэты важны момант іх жыцця? Як зрабіць канчатковы выбар прафесіі?

— Я параіла б абітурыентам перш за ўсё вывучыць сітуацыю на рынку працы і прааналізаваць, якая спецыяльнасць гарантуе ім працаўладкаванне (прычым менавіта тое месца, дзе хацелася б працаваць). Напрыклад, на спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” дзяцей часта прыводзяць бацькі. “Ён жа павінен пабудаваць сабе дом”, — гавораць яны і ў агульным маюць рацыю. У сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі навучэнцы атрымліваюць рэальныя веды, якія, без сумнення, спатрэбяцца не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці. І як бы не склаўся потым іх лёс, гэта будзе моцным падмуркам, які вытрымае любыя выпрабаванні.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
sidarovich@ng-press.by