На хімічным факультэце БДУ ўкараняюцца ўнікальныя для Беларусі інавацыйныя тэхналогіі адукацыі — лекцыйны падкастынг і відэалабараторныя работы. Гэта новая для нашай краіны мадэль арганізацыі вучэбнага працэсу. Мяркуецца, што з яе развіццём эфектыўнасць самастойнай работы студэнтаў істотна павысіцца.
Як заўважыла намеснік дэкана хімічнага факультэта БДУ Таццяна Савіцкая, на хімфаку заўсёды імкнуліся зрабіць лекцыі максімальна нагляднымі і зразумелымі для студэнтаў. Напрыклад, мультымедыйныя прэзентацыі тут пачалі выкарыстоўваць з 2005 года, і сёння яны ўвайшлі ў штодзённую практыку работы выкладчыкаў.
У 2008 годзе на факультэце пачалі актыўна запісваць відэалекцыі, але хутка стала зразумела, што такі спосаб трансляцыі ведаў не будзе масава запатрабаваным. Так, далёка не кожнаму па душы проста слухаць 2-гадзінныя лекцыі. А калі ўзнікала неабходнасць паўторна вярнуцца да нейкага эпізоду, то ажыццяўляць пошук неабходнага матэрыялу трэба было ўручную, што даволі нязручна. Таму, хоць відэалекцый у інтэрнэце шмат, ад гэтай ідэі вырашылі адмовіцца. Цяпер відэазапіс лекцый робіцца даволі рэдка, напрыклад, калі выступаюць запрошаныя прафесары.
Ідэя акумуліраваць найбольш актуальныя веды на пэўным рэсурсе пачала рэалізоўвацца на хімічным факультэце з дапамогай так званых падкастаў. Гэта асобныя аўдыя- і відэафайлы, якія размяшчаюцца ў вольным доступе ў інтэрнэце і прызначаны для самастойнай работы студэнтаў.
Таццяна Савіцкая паведаміла, што распрацоўка лекцыйных падкастаў на хімфаку пачалася ў 2012 годзе — спачатку ў рамках праекта Міністэрства адукацыі “Стварэнне электронных адукацыйных рэсурсаў новага пакалення для рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі Рэспублікі Беларусь”, а зараз працягваецца ў рамках праекта Міжнароднага Вышаградскага фонду “Уводзіны ў “зялёную” хімію: Беларусь і краіны Вышаградскай чацвёркі”.
Вынікам сталі першыя ў нашай краіне лекцыі ў фармаце пашыранага падкаста: аўдыя + відэа + слайд-шоу. Адукацыйны модуль складаецца з трох частак, якія ўключаюць месца для ілюстрацый, выяву выкладчыка і пералік слайдаў. Тэхналогія дазваляе пры жаданні схаваць відэа і засяродзіцца толькі на слайдах з каментарыямі выкладчыка або ўвогуле пакінуць толькі слайды.
Падкасты можна спампаваць на камп’ютар або на любую мабільную прыладу і карыстацца імі ў зручны час. У канцы кожнай лекцыі ёсць закладка “Тэсціраванне”, што дазваляе студэнтам самастойна праверыць атрыманыя веды.
У модулі ёсць зручная навігацыя па змесце, таму можна адным клікам вярнуцца ў патрэбны момант лекцыі. У параўнанні з відэалекцыямі гэта істотна эканоміць час і дазваляе студэнтам лепш адпрацаваць канкрэтныя пытанні.
У цяперашні час на хімічным факультэце распрацаваны падкастынг для курсаў “Вада ў атамнай энергетыцы”, “Менеджмент ядзерных ведаў”, “Радыяхімія”, якія прызначаны найперш для студэнтаў спецыяльнасці “Хімія высокіх энергій”. Створаны таксама падкасты лекцый “Біядэструктуруемыя тэкстыльныя матэрыялы” і “Скарачэнне выкідаў у навакольнае асяроддзе і іх класіфікацыя ў адпаведнасці з пінч-тэхналогіяй і аналізам жыццёвага цыкла”, якія выкладаюцца ў рамках праекта Міжнароднага Вышаградскага фонду “Увядзенне ў “зялёную” хімію: Беларусь і краіны Вышаградскай чацвёркі”.
“Мы толькі пачалі пераводзіць лекцыі ў фармат падкаста, таму на сённяшні дзень няма ніводнага курса, які быў бы цалкам забяспечаны гэтай тэхналогіяй, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна Савіцкая. — Каб перавесці ў згаданы фармат усе курсы, патрэбны значныя энергетычныя затраты выкладчыкаў і час. Мы працуем у гэтым напрамку. Плануем ужо да канца года цалкам забяспечыць падкастамі прынамсі некалькі курсаў”.
Студэнты хімічнага факультэта ўжо ацанілі тыя асобныя лекцыі ў новым фармаце, якія тычацца найбольш складаных тэм. Падкастамі вельмі зручна карыстацца пры падрыхтоўцы да семінарскіх заняткаў і экзаменаў, а ў выпадку, калі хтосьці прапусціў лекцыю, гэта ўвогуле незаменная рэч.
Зрэшты, Таццяна Савіцкая падкрэслівае, што падкасты не замяняюць звычайных лекцый, а дапаўняюць іх.
“Безумоўна, падкасты адрозніваюцца ад жывых лекцый, якія можна пачуць непасрэдна з вуснаў выкладчыкаў, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна. — Лекцыя хоць і грунтуецца на асноўнай навуковай базе, але гэта заўсёды імправізацыя з разлікам на канкрэтную аўдыторыю. Што да падкастаў, то яны даюць студэнтам магчымасць яшчэ раз вярнуцца да тлумачэння складанай тэмы і дыстанцыйна яе засвоіць”.
Інавацыі выкарыстоўваюцца і пры правядзенні лабараторных практыкумаў у будучых хімікаў. Так, на факультэце прыступілі да стварэння відэафільмаў, дзе паслядоўна дэманструецца выкананне лабараторных работ самімі студэнтамі. Пры гэтым наглядны матэрыял суправаджаецца аўдыятэкстам з падрабязным апісаннем дзеянняў, тлумачэннямі і тэарэтычнымі выкладкамі, неабходнымі для выканання работы.
“Метадычнае суправаджэнне лабараторных работ, зробленых у фармаце відэафільмаў, не мае аналагаў, — тлумачыць Таццяна Савіцкая. — У адрозненне ад даступных у інтэрнэце матэрыялаў нашы відэафільмы дэманструюць не проста правядзенне пэўнага эксперымента, а паэтапнае выкананне даследавання ў спалучэнні з выкладаннем асноў тэорыі, таму маюць вучэбны характар”.
Работа над відэафільмамі цікавая і для студэнтаў-хімікаў — для іх гэта цалкам новы вопыт. Разам з выкладчыкамі яны распрацоўваюць сцэнарый, самі праводзяць лабараторныя работы і даюць неабходныя тлумачэнні.
“У нас ёсць лабараторныя работы па традыцыйнай методыцы, так званай cookbook (даслоўна — “навучанне па кулінарнай кнізе”), калі ўсё дакладна распісана. А ёсць работы, якія даюць студэнтам пэўную ступень самастойнасці. Такая методыка называецца problem solving — вырашэнне праблемы. Мы запісалі некалькі лабараторных работ, якія выконваюцца паводле гэтай стратэгіі. Яны арганізоўваюцца па кааператыўным прынцыпе: працуе цэлая каманда студэнтаў — 3 пары, кожная з якіх мае пэўнае заданне для таго, каб прыйсці да агульнай мэты. Гэта, як правіла, унікальныя лабараторныя работы з не прадвызначаным загадзя вынікам”, — расказвае Таццяна Савіцкая.
На сённяшні дзень на хімічным факультэце запісана ўжо некалькі падобных відэалабараторных работ. Гэта таксама няпроста, але работа ў гэтым напрамку будзе працягвацца.
Адметна, што на хімічным факультэце робяць не аматарскае відэа, а прыцягваюць да сумеснай работы прафесійных аператараў з медыяцэнтра БДУ. Таму вынікам з’яўляецца вельмі якасны прадукт, арыентаваны не толькі на студэнтаў БДУ, але і на замежны адукацыйны рынак.
“Наш універсітэт уваходзіць у еўрапейскую сетку “Супрацоўніцтва для вышэйшай адукацыі ў галіне радыялагічнай і ядзернай інжынерыі” (CHERNE), — расказвае Таццяна Аляксандраўна. — У гэтай сетцы шырока рэалізоўваюцца абмены паміж студэнтамі. Каманды з адных універсітэтаў могуць прыязджаць у іншыя ўніверсітэты для выканання некаторых лабараторных работ. Таму мы зрабілі відэазапіс спецыяльна распрацаванай унікальнай работы на англійскай мове, каб хтосьці мог пабачыць яе ў інтэрнэце і прыехаць да нас па абмене”.
Сёння падкасты і відэалабараторныя работы даступны на спецыялізаваных сайтах хімічнага факультэта БДУ — “Інавацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”, “Зялёная” хімія”, а таксама на электронным партале ядзерных ведаў устаноў адукацыі Беларусі.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Абітурыент Інтэрнэт-версія дадатку да "Настаўніцкай газеты"