Лекцыі і лабараторныя работы — у студэнцкіх планшэтах

На хімічным факультэце БДУ ўкараняюцца ўнікальныя для Беларусі інавацыйныя тэхналогіі адукацыі — лекцыйны падкастынг і відэалабараторныя работы. Гэта новая для нашай краіны мадэль арганізацыі вучэбнага працэсу. Мяркуецца, што з яе развіццём эфектыўнасць самастойнай работы студэнтаў істотна павысіцца.

Як заўважыла намеснік дэкана хімічнага факультэта БДУ Таццяна Савіцкая, на хімфаку заўсёды імкнуліся зрабіць лекцыі максімальна нагляднымі і зразумелымі для студэнтаў. Напрыклад, мультымедыйныя прэзентацыі тут пачалі выкарыстоўваць з 2005 года, і сёння яны ўвайшлі ў штодзённую практыку работы выкладчыкаў.
У 2008 годзе на факультэце пачалі актыўна запісваць відэалекцыі, але хутка стала зразумела, што такі спосаб трансляцыі ведаў не будзе масава запатрабаваным. Так, далёка не кожнаму па душы проста слухаць 2-гадзінныя лекцыі. А калі ўзнікала неабходнасць паўторна вярнуцца да нейкага эпізоду, то ажыццяўляць пошук неабходнага матэрыялу трэба было ўручную, што даволі нязручна. Таму, хоць відэалекцый у інтэрнэце шмат, ад гэтай ідэі вырашылі адмовіцца. Цяпер відэазапіс лекцый робіцца даволі рэдка, напрыклад, калі выступаюць запрошаныя прафесары.Ідэя акумуліраваць найбольш актуальныя веды на пэўным рэсурсе пачала рэалізоўвацца на хімічным факультэце з дапамогай так званых падкастаў. Гэта асобныя аўдыя- і відэафайлы, якія размяшчаюцца ў вольным доступе ў інтэрнэце і прызначаны для самастойнай работы студэнтаў.
Таццяна Савіцкая паведаміла, што распрацоўка лекцыйных падкастаў на хімфаку пачалася ў 2012 годзе — спачатку ў рамках праекта Міністэрства адукацыі “Стварэнне электронных адукацыйных рэсурсаў новага пакалення для рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі Рэспублікі Беларусь”, а зараз працягваецца ў рамках праекта Міжнароднага Вышаградскага фонду “Уводзіны ў “зялёную” хімію: Беларусь і краіны Вышаградскай чацвёркі”.
Вынікам сталі першыя ў нашай краіне лекцыі ў фармаце пашыранага падкаста: аўдыя + відэа + слайд-шоу. Адукацыйны модуль складаецца з трох частак, якія ўключаюць месца для ілюстрацый, выяву выкладчыка і пералік слайдаў. Тэхналогія дазваляе пры жаданні схаваць відэа і засяродзіцца толькі на слайдах з каментарыямі выкладчыка або ўвогуле пакінуць толькі слайды.
Падкасты можна спампаваць на камп’ютар або на любую мабільную прыладу і карыстацца імі ў зручны час. У канцы кожнай лекцыі ёсць закладка “Тэсціраванне”, што дазваляе студэнтам самастойна праверыць атрыманыя веды.
У модулі ёсць зручная навігацыя па змесце, таму можна адным клікам вярнуцца ў патрэбны момант лекцыі. У параўнанні з відэалекцыямі гэта істотна эканоміць час і дазваляе студэнтам лепш адпрацаваць канкрэтныя пытанні.
У цяперашні час на хімічным факультэце распрацаваны падкастынг для курсаў “Вада ў атамнай энергетыцы”, “Менеджмент ядзерных ведаў”, “Радыяхімія”, якія прызначаны найперш для студэнтаў спецыяльнасці “Хімія высокіх энергій”. Створаны таксама падкасты лекцый “Біядэструктуруемыя тэкстыльныя матэрыялы” і “Скарачэнне выкідаў у навакольнае асяроддзе і іх класіфікацыя ў адпаведнасці з пінч-тэхналогіяй і аналізам жыццёвага цыкла”, якія выкладаюцца ў рамках праекта Міжнароднага Вышаградскага фонду “Увядзенне ў “зялёную” хімію: Беларусь і краіны Вышаградскай чацвёркі”.
“Мы толькі пачалі пераводзіць лекцыі ў фармат падкаста, таму на сённяшні дзень няма ніводнага курса, які быў бы цалкам забяспечаны гэтай тэхналогіяй, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна Савіцкая. — Каб перавесці ў згаданы фармат усе курсы, патрэбны значныя энергетычныя затраты выкладчыкаў і час. Мы працуем у гэтым напрамку. Плануем ужо да канца года цалкам забяспечыць падкастамі прынамсі некалькі курсаў”.
Студэнты хімічнага факультэта ўжо ацанілі тыя асобныя лекцыі ў новым фармаце, якія тычацца найбольш складаных тэм. Падкастамі вельмі зручна карыстацца пры падрыхтоўцы да семінарскіх заняткаў і экзаменаў, а ў выпадку, калі хтосьці прапусціў лекцыю, гэта ўвогуле незаменная рэч.
Зрэшты, Таццяна Савіцкая падкрэслівае, што падкасты не замяняюць звычайных лекцый, а дапаўняюць іх.
“Безумоўна, падкасты адрозніваюцца ад жывых лекцый, якія можна пачуць непасрэдна з вуснаў выкладчыкаў, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна. — Лекцыя хоць і грунтуецца на асноўнай навуковай базе, але гэта заўсёды імправізацыя з разлікам на канкрэтную аўдыторыю. Што да падкастаў, то яны даюць студэнтам магчымасць яшчэ раз вярнуцца да тлумачэння складанай тэмы і дыстанцыйна яе засвоіць”.

Інавацыі выкарыстоўваюцца і пры правядзенні лабараторных практыкумаў у будучых хімікаў. Так, на факультэце прыступілі да стварэння відэафільмаў, дзе паслядоўна дэманструецца выкананне лабараторных работ самімі студэнтамі. Пры гэтым наглядны матэрыял суправаджаецца аўдыятэкстам з падрабязным апісаннем дзеянняў, тлумачэннямі і тэарэтычнымі выкладкамі, неабходнымі для выканання работы.
“Метадычнае суправаджэнне лабараторных работ, зробленых у фармаце відэафільмаў, не мае аналагаў, — тлумачыць Таццяна Савіцкая. — У адрозненне ад даступных у інтэрнэце матэрыялаў нашы відэафільмы дэманструюць не проста правядзенне пэўнага эксперымента, а паэтапнае выкананне даследавання ў спалучэнні з выкладаннем асноў тэорыі, таму маюць вучэбны характар”.
Работа над відэафільмамі цікавая і для студэнтаў-хімікаў — для іх гэта цалкам новы вопыт. Разам з выкладчыкамі яны распрацоўваюць сцэнарый, самі праводзяць лабараторныя работы і даюць неабходныя тлумачэнні.
“У нас ёсць лабараторныя работы па традыцыйнай методыцы, так званай cookbook (даслоўна — “навучанне па кулінарнай кнізе”), калі ўсё дакладна распісана. А ёсць работы, якія даюць студэнтам пэўную ступень самастойнасці. Такая методыка называецца problem solving — вырашэнне праблемы. Мы запісалі некалькі лабараторных работ, якія выконваюцца паводле гэтай стратэгіі. Яны арганізоўваюцца па кааператыўным прынцыпе: працуе цэлая каманда студэнтаў — 3 пары, кожная з якіх мае пэўнае заданне для таго, каб прыйсці да агульнай мэты. Гэта, як правіла, унікальныя лабараторныя работы з не прадвызначаным загадзя вынікам”, — расказвае Таццяна Савіцкая.
На сённяшні дзень на хімічным факультэце запісана ўжо некалькі падобных відэалабараторных работ. Гэта таксама няпроста, але работа ў гэтым напрамку будзе працягвацца.
Адметна, што на хімічным факультэце робяць не аматарскае відэа, а прыцягваюць да сумеснай работы прафесійных аператараў з медыяцэнтра БДУ. Таму вынікам з’яўляецца вельмі якасны прадукт, арыентаваны не толькі на студэнтаў БДУ, але і на замежны адукацыйны рынак.
“Наш універсітэт уваходзіць у еўрапейскую сетку “Супрацоўніцтва для вышэйшай адукацыі ў галіне радыялагічнай і ядзернай інжынерыі” (CHERNE), — расказвае Таццяна Аляксандраўна. — У гэтай сетцы шырока рэалізоўваюцца абмены паміж студэнтамі. Каманды з адных універсітэтаў могуць прыязджаць у іншыя ўніверсітэты для выканання некаторых лабараторных работ. Таму мы зрабілі відэазапіс спецыяльна распрацаванай унікальнай работы на англійскай мове, каб хтосьці мог пабачыць яе ў інтэрнэце і прыехаць да нас па абмене”.

Сёння падкасты і відэалабараторныя работы даступны на спецыялізаваных сайтах хімічнага факультэта БДУ — “Інавацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”, “Зялёная” хімія”, а таксама на электронным партале ядзерных ведаў устаноў адукацыі Беларусі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.