Лета. Пытанні. Гарачая… лінія

Звычайна летам вельмі горача, і часта не толькі з-за надвор’я. Менавіта ў гэты час з новай сілай паўстаюць пытанні ўладкавання дзяцей у садкі і школы, пацвярджэння беларускіх дыпломаў за мяжой, датацый на атрыманне пуцёвак у летнікі, залічэння ва ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі. Дапамагчы ў іх вырашэнні можа гарачая лінія Міністэрства адукацыі.

Першапачаткова можа падацца, што ў час Wi-Fi і добрага функцыянавання сайтаў дзяржаўных устаноў такі від узаемадзеяння з грамадствам неэфектыўны. Маўляў, усе кантакты і любую інфармацыю можна знайсці ў некалькі клікаў. Але тут і пачынаецца самае цікавае: то немагчыма знайсці патрэбныя нумары тэлефонаў ці на іншым канцы провада не зды­маюць трубку, то невядома, да каго можна звярнуцца. Для гэтага ў Міністэрстве адукацыі штодзень працуюць спецыялісты з розных устаноў адукацыі. Напрамак работы кансультантаў залежыць ад таго, якая право­дзіцца кампанія: выпускныя экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне ці ўступныя выпрабаванні. Менавіта гэтыя людзі дапамагаюць высвятляць дробныя аспекты распаўсюджаных і часта задаваемых пытанняў.

Са спецыфікай работы чалавека, які дзяжурыць на гарачай лініі, знаёміць лабарант кафедры лесаўпарадкавання Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Таццяна Яронская. Таццяна Леанідаўна расказвае, што тут патрэбна быць больш падкаваным, чым пры дзяжурстве ў межах аднаго ўніверсітэта ці факультэта. Гэта звязана з тым, што ва ўніверсітэце спецыялісты абмяжоўваюцца колам пытанняў, якія тычацца толькі іх установы, а на гарачай лініі пытанні могуць закранаць любыя адукацыйныя, выхаваўчыя і арганізацыйныя моманты.

Кожны зварот фіксуецца ў спецыяльным журнале, дзе пазначаецца час атрымання званка, імя таго, хто звяртаецца па кансультацыю, сутнасць пытання, меры, якія былі прыняты. Дарэчы, тут ёсць і свае спецыяльныя абазначэнні: напрыклад, званкі, якія тычацца выключна ўступнай кампаніі, бяруцца ў кружок. Гэта дапамагае спецыялістам лепш арыентавацца ў запісах пры паўторных зваротах.

— Звычайна нам тэлефануюць лю­дзі, якія канкрэтна ведаюць, чаго яны хо­чуць, са зразумелай фармулёўкай пытання. Але бываюць выпадкі, калі чалавек не ведае, куды звяртацца, і спрабуе дазваніцца хоць куды-небудзь. У такіх сітуацыях прыходзіцца перанакіроўваць у органы сумежных міністэрстваў. Таксама здараюцца сітуацыі, што людзям, якія тэлефануюць, не хапае ўвагі і яны хо­чуць пагаварыць. Праўда, падобныя выпадкі — выключэнне, — расказвае Таццяна Яронская.

Па словах Таццяны Леанідаўны, лягчэй адказваць на той званок, падчас якога чалавек называе сябе. Увесь сакрэт у тым, што, калі суразмоўнік прадстаўляецца, спецыялісту прасцей з ім кантактаваць, наладжваць узаемадзеянне, задаваць дадатковыя пытанні.

Гарачая лінія Міністэрства адукацыі дзейнічае з 1 чэрвеня і працягне сваю работу да 17 жніўня. Патэлефанаваць на яе можна па нумары 8(017) 2224313 з 9.00 да 18.00.

Раніца панядзелка на гарачай лініі — адносна спакойны час: да 10-й гадзіны — ніводнага звароту. Праз чвэрць гадзіны сітуацыя мяняецца — тэлефон азываецца з інтэрвалам у 10—15 хвілін.

Калі гартаеш журнал уліку званкоў, складваецца ўражанне, што тут няма няважных пытанняў. Пачынаецца ад простага “Удакладніце тэрміны падачы дакументаў ва ўстанову” і “Як правільна напісаць назву ўніверсітэта?”, заканчваючы “А Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў падпарадкоўваецца Міністэрству адукацыі?”.

У пачатку чэрвеня найчасцей сустракаюцца пытанні ўладкавання ў дашкольныя дзіцячыя ўстановы, школы і гімназіі, атрымання датацый на лагеры ці бясплатнае харчаванне. Тут найбольш актывізуюцца бацькі: іх цікавіць, што рабіць, калі не згодзен з адзнакай за школьны экзамен,  пазней — ці можна ўбачыць бланк адказаў ЦТ і забраць сертыфікаты без дзіцяці. Больш за палову зваротаў звязана менавіта з цэнтралізаваным тэсціраваннем.

Канец чэрвеня і першыя дні ліпеня — пара студэнтаў, выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі і настаўнікаў. У гэты час самым распаўсюджаным пытаннем з’яўляецца пацвярджанне беларускага дыплома пры выездзе за мяжу (апастыль). Актуальнымі становяцца пытанні працаўладкавання ў летнікі, выбару мовы навучання ў школах і іншыя. У сярэдзіне ліпеня і жніўні найбольш задаваемыя пытанні звязаны з паступленнем — іх задаюць абітурыенты.

Пазнаёміўшыся з канкрэтнымі зваротамі, глядзім на вынікі работы кансультантаў: “да­дзены тлумачэнні”, “накіраваны да …”, “адпраўлены ў …”. У апошняй графе незапоўненых радкоў няма. Тэлефон разаграваецца ад уваходных званкоў, і мы пакідаем спецыялістаў з мэтавай аўдыторыяй.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.