Гэтыя людзі ствараюць імідж краіны. Цяжка ўявіць, што замежнік, вяртаючыся дадому, не прывязе з Беларусі невялічкі распісаны куфэрак ці пано, інкруставанае саломкай, ці, магчыма, яшчэ нейкі выраб.
“Дзе можна навучыцца традыцыйным беларускім рамёствам?” — з такім пытаннем звярнуўся ў рэдакцыю чытач. Хацеў бы ён даведацца і пра асаблівасці матэрыялаў, з якімі працуюць рамеснікі. Адказы на пытанні мы знойдзем у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі.
Прайшоўшыся па калідорах каледжа, адразу можаш пазнаёміцца з майстэрствам і густам яго навучэнцаў. Так, на сценах можна пабачыць работы па інкрустацыі саломкай. Прысвечаны яны беларускім святам. Тут і Яблычны Спас, і Калядкі, і Пакровы. Работы вялікія, таму рабіліся групамі па 2—3 чалавекі. І ўсё гэта пасля года навучання.
“З самага пачатку навучэнцы атрымліваюць навыкі. І выходзяць як рамеснікі. Аднак калі яны развіваюцца далей, то могуць ствараць свае эскізы, рабіць уласныя распрацоўкі”, — гаворыць намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Алеся Мікалаеўна Драздова.
Мастак па роспісе па дрэве, інкрустатар, выканаўца мастацкіх вырабаў з лазы, выканаўца мастацкіх вырабаў з керамікі… Навучэнцы гэтага каледжа не раз дэманстравалі сваё ўмельства на рэспубліканскім конкурсе “Беларускі вянок”, на які прыязджаюць паўдзельнічаць майстры з усёй рэспублікі. Выпускнікі гэтага каледжа вядомыя і ў Радашковічах. Туды яны размяркоўваюцца як керамісты.
“Дзеці імкнуцца ўносіць штосьці сваё. Напрыклад, калі ім даюць заданне зрабіць кафлю, якой абкладваюць печы, на аснове традыцыйных беларускіх малюнкаў, яны прапаноўваюць свае варыянты”, — расказвае Алеся Мікалаеўна.
“Шмат залежыць ад майстроў, якія ў іх выкладаюць. Калі майстар моцны, таленавіты і ведае, як знайсці да дзіцяці падыход, тады ўсе яго выпускнікі на выхадзе добра падрыхтаваныя”, — тлумачыць суразмоўца.
Ганчар ці распісчык?
Інструменты з пластыкавай банкаўскай карткі, з накрыўкі для слоіка — усё гэта можна ўбачыць у майстэрні каледжа па кераміцы. Выкары-стоўваюцца яны ў працэсе фармавання вырабу. Спатрэбіцца могуць і кухонныя лапаткі, і нават часночніца. Выкарыстаць яе можна, каб выдавіць
гліну і атрымаць, напрыклад, гліняную шэрсць ці валасы.
“Хтосьці, ледзь толькі сеўшы за ганчарны круг, разумее, што гэта яго. Нават праз 4—5 гадоў пасля заканчэння каледжа выпускнікі прыходзяць з просьбай “паганчарыць”, — гаворыць Вольга Аляксандраўна Сіняўская, выкладчык спецдысцыплін.
“Ёсць прыроджаныя ганчары, а ёсць прыроджаныя распісчыкі, як мы іх называем. Часам гэта можна вызначыць па тэмпераменце. Калі чалавек сядзіць і вымалёўвае дэталь, а сам малюнак можа пакінуць няскончаным, то, хутчэй за ўсё, гэта будучы распісчык, — дзеліцца яна сваімі ўражаннямі. — Ёсць людзі, якія на вока вызначаюць тэмпературу, калі абпальваецца выраб. Ён робіцца ўсё ярчэйшым, а пасля пачынае свяціцца”.
Саломка таксама можа паказаць свой характар
“Сакрэт у тым, што калі дзеці пачынаюць плесці па зададзеным пляценні, часам яно ў іх нечакана атрымліваецца іншым, аднак таксама вельмі цікавым, — жартуе Аксана Аляксандраўна Касцюкевіч, майстар вытворчага навучання. — Калі ёсць талент і цікавасць, на базе традыцыйных пляценняў яны пачынаюць прыдумваць штосьці сваё”.
Для работы спатрэбяцца два віды саломкі — для пляцення і для інкрустацыі. Так, для пляцення падыдзе салома з пшаніцы, а для інкрустацыі ў самы раз будзе ячменная. Справа ў тым, што пшаніца танчэйшая і мякчэйшая, а ў ячменю сцябло таўсцейшае. У працэсе чысткі майстар адбірае салому, каб яна была здаровая, інакш працаваць з ёй будзе немагчыма.
“Любы матэрыял спецыфічны. Пакуль рукі не адчуюць яго, пакуль ты не станеш гаспадаром матэрыялу, ён будзе табой кіраваць. Тая ж салома, калі няправільна яе размачыць, растрэскаецца ці распаўзецца”, — дадае Аксана Аляксандраўна.
Распісаны інструмент
Што да роспісу, то выкарыстоўваць можна і гуаш, якая зверху лакіруецца алейнымі фарбамі. Распісваць можна нават музычныя інструменты, аднак сыграць на іх не атрымаецца. Папулярны роспіс і традыцыйных беларускіх куфраў. Знайсці можна нават стылізацыю пад хахламскі роспіс, са сваімі травінкамі і завіткамі.
Вырабы з лазы ў сучасным доме
У Беларусі ўвесь час былі папулярныя вырабы з лазы. У некаторых кашоў было такое шчыльнае пляценне, што ў іх можна было пераносіць нават ваду. Цікава і тое, што некаторыя кошыкі рабіліся з сасновага кораня, які выкарыстоўваўся, каб адпужваць грызуноў.
Майстэрству пляцення з лазы можна навучыцца і ў каледжы, пачынаючы ад падставак і скрынь для бялізны і заканчваючы больш складанымі вырабамі.
Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.