Факультэт мастацтваў і дызайну — адзін з самых маладых у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Ён быў створаны ў 2006 годзе. Сёння факультэт — унікальная з’ява не толькі ў сценах класічнага ўніверсітэта, але і для ўсяго рэгіёна. Тут рыхтуюць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у сферы дызайну, выяўленчага і музычнага мастацтва.
— У нас высокія патрабаванні да студэнтаў і выкладчыкаў. І мы не проста даём магчымасць атрымаць фундаментальную адукацыю, а вучым прафесіі, якая забяспечыць нашым выпускнікам паспяховую кар’еру, — гаворыць дэкан факультэта дацэнт Людміла Чарнілоўская. — Вучаць нашых студэнтаў таленавітыя выкладчыкі, многія з якіх з’яўляюцца членамі Саюза мастакоў, Саюза дызайнераў, Саюза музычных дзеячаў Беларусі, лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, фестываляў.
Якасць адукацыі фарміруецца на факультэце мастацтваў і дызайну і праз удзел студэнтаў у навуковай і творчай дзейнасці. Раз у два гады арганізоўваецца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Актуальныя праблемы сусветнай мастацкай кульуры. Памяці прафесара У.Д.Разефельда”. У канферэнцыі прымаюць удзел філосафы, культуролагі, мастацтвазнаўцы, педагогі — прадстаўнікі профільных і класічных універсітэтаў, акадэмій і навуковых устаноў Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, Расіі, а таксама аспіранты і магістранты.
Штогод на факультэце ў рамках дзён навукі і творчасці праводзіцца студэнцкая міжуніверсітэцкая канферэнцыя “Мастацтва ў кантэксце культуры: камунікатыўны аспект”.
— Гэтая канферэнцыя дае магчымасць студэнтам і магістрантам раскрыць свой творчы і навуковы патэнцыял, гарманічна злучыць пачуццёвае разуменне навакольнага свету і яго рацыянальнае асэнсаванне, што з’яўляецца адной з задач сучаснай мастацкай адукацыі, — гаворыць дэкан факультэта. — У канферэнцыі прымаюць удзел таксама студэнты іншых беларускіх універсітэтаў. Акрамя таго, на кафедры музычнага мастацтва дзейнічае навуковы гурток “Тэорыя і гісторыя музычнага мастацтва ў кантэксце культуры”, навуковым кіраўніком якога з’яўляецца дацэнт Таццяна Бараноўская.
На факультэце паспяхова функцыянуе цэнтр міждысцыплінарных даследаванняў дыяспар і замежнага беларусазнаўства, работа якога ажыццяўляецца ў рамках навуковай тэмы “Гісторыя еўрапейскай культуры”.
— Падтрымка таленавітых студэнтаў — гэта шлях развіцця, па якім мы прайшлі і які прыярытэтны ў нашай дзейнасці, — расказвае загадчык кафедры выяўленчага мастацтва дацэнт Анатоль Бурчык. — Студэнты факультэта з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Летась атрымалі гран-пры рэспубліканскай выставы студэнцкай творчасці. Сёлета графічныя і жывапісныя работы дэманструюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на выставе, прысвечанай Францыску Скарыне.
— Ва ўніверсітэце была адкрыта галерэя “Універсум”, дзе ладзяцца выставы нашых студэнтаў і выкладчыкаў, — расказвае Людміла Восіпаўна Чарнілоўская. — Арганізоўваем і персанальныя выставы, што з’яўляецца вялікім стымулам для творчай асобы. Абарона дыпломных праектаў адбываецца ў гарадской выставачнай зале, дзе могуць прысутнічаць усе жадаючыя. Выстава дыпломных работ — а гэта станковы жывапіс, графіка, скульптура, кераміка, вітраж, габелен, бацік, мастацкае праектаванне і канструяванне — дэманструецца потым на працягу двух тыдняў. А абароны дыпломных работ выпускнікоў кафедры музычнага мастацтва адбываюцца ў выглядзе публічных канцэртаў.
Загадчык самай маладой кафедры музычнага мастацтва, якая была створана ў пачатку гэтага года, дацэнт Таццяна Бараноўская расказвае, што студэнты падчас вучобы актыўна займаюцца ў творчых калектывах. Аркестр народных інструментаў, ансамбль “Ясніца”, вакальная група “Заранка”, камерны хор “Мадрыгал” прымаюць удзел у міжнародных, рэспубліканскіх, гарадскіх конкурсах, фестывалях, канцэртах.
Гэты навучальны год быў вельмі выніковы: дуэт баяністаў у складзе Максіма Казуленкі і Ягора Савіцкага (клас дацэнтаў Уладзіміра Борматава і Мірона Булы) атрымаў дыплом ІІ ступені Рэспубліканскага конкурсу мастацкай самадзейнасці “Студэнцкая восень — 2016”, студэнтка 2 курса Хрысціна Пронская — дыплом ІІІ ступені на конкурсе песні “Голас надзеі” (клас выкладчыка Ірыны Навасадавай). Вакальны ансамбль “Мадрыгал” (кіраўнік Таццяна Дубоўская) заняў 3-е месца на Міжнародным конкурсе “Каложскі звон”.
Пацвердзілі званне “народны калектыў” аркестр рускіх народных інструментаў (мастацкі кіраўнік Ганна Зайцава) і ансамбль народнай песні “Ясніца” (кіраўнік Таццяна Бейма). Гітарны дуэт Дзмітрыя Харошкі і Яўгена Бяляўскага (клас гітары Уладзіміра Захарава) стаў лаўрэатам ІІІ ступені ХІІІ Санкт-Пецярбургскага міжнароднага конкурсу “Віртуозы гітары” і быў адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Студэнты спецыяльнасці “Народная творчасць (інструментальная музыка)” прынялі ўд зел у ХІІ Міжнародным конкурсе “Рэнесанс гітары — 2017”. У катэгорыі “Ансамблі” дуэт Дзмітрыя Харошкі і Яўгена Бяляўскага адзначаны дыпломам ІІ ступені, а студэнт 1 курса Іван Дайнека — дыпломам у катэгорыі “Кампазітары”.
Сярод апошніх дасягненняў — два дыпломы за 1-е месца студэнта спецыяльнасці “Музычнае мастацтва. Спецыяльныя музычныя дысцыпліны” Максіма Казуленкі (клас баяна дацэнта Уладзіміра Борматава) на двух конкурсах — Х Міжнародным конкурсе баяністаў-акардэаністаў Perpetuummobile (Украіна) і на VII Міжнародным конкурсе International music competition (Сербія).
Кафедра дызайну рыхтуе спецыялістаў па двух напрамках спецыяльнасці “Дызайн” — “Дызайн (графічны)” і “Дызайн (касцюма і тканін)”.
— Кафедра дызайну вядзе падрыхтоўку спецыялістаў па спецыялізацыі “Фотаграфіка”, — расказвае загадчык кафедры дызайну, дацэнт, член Беларускага саюза мастакоў Антон Ляшчынскі. — Добрая матэрыяльная база і высокі прафесійны ўзровень выкладчыкаў дазваляюць рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне дызайну і фотамастацтва. Аб гэтым сведчаць шматлікія перамогі студэнцкіх праектаў на разнастайных конкурсах у краіне і за яе межамі. За час існавання кафедры 48 студэнцкіх праектаў атрымалі ўзнагароды. Міжнароднае супрацоўніцтва з вядучымі ўстановамі адукацыі Польшчы і Літвы дазваляе студэнтам рэалізаваць свой творчы патэнцыял не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Апошняя мастацкая выстава, якая атрымала станоўчыя водгукі замежных экспертаў, была арганізавана ў Нарвегіі. Выпускнікі кафедры сёння запатрабаваны прадпрыемствамі паліграфіі, вэб-дызайну, рэкламы, візуальнага дызайну з выкарыстаннем камп’ютарнай графікі.
— Сёлета адбудзецца пяты выпуск спецыяльнасці “Дызайн (касцюма і тканін)”, — расказвае дацэнт кафедры Вольга Пянькова. — 19 чэрвеня выпускнікі прадставяць свае калекцыі адзення на адкрытай абароне дыпломных праектаў. А на працягу вучобы студэнты назапашваюць вопыт праз удзел у конкусах і паказах. Мы пастаянна ўдзельнічаем у Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе моды і фатаграфіі “Млын моды”. У гэтым годзе студэнтка 3 курса Юлія Борыс атрымла дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Школа моды. Вопратка для тынэйджараў”.
Студэнтка 3 курса Вераніка Лахавец прыняла ўдзел у Міжнароднай выставе тэкстыльнай індустрыі Baltic Fashion&Texstile Riga — 2017 і прадставіла там калекцыю маладзёжнай вопраткі. Упершыню ў конкурсе ўдзельнічалі прадстаўнікі Беларусі. Карына Таранка перамагла ў конкурсе “Брэнд ААТ “Дынама Програм”. А вось Аміла Апухамі сваю дыпломную работу пад назвай “Прэзентацыя Азіі” паказаў на Тыдні моды ў Рыме. Дарэчы, студэнт са Шры-Ланкі, які ў гэтым годзе заканчвае факультэт мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы, быў адзіным непрафесіяналам на прэстыжным паказе моды.
Каб стаць прафесіяналамі, студэнты вывучаюць гісторыю касцюма, канструяванне і тэхналогію швейных вырабаў, спецмалюнак. На кафедры працуюць дзве вучэбныя лабараторыі — мадэлявання адзення і фатаграфіі.
Факультэт актыўна супрацоўнічае з установамі адукацыі Гродна. Так, у 2011 годзе ў гімназіі № 5 і сярэдняй школе № 16 створаны філіялы кафедры выяўленчага мастацтва. Штогод у галерэі “Універсум” 1 чэрвеня адкрываецца выстава дзіцячага малюнка. Сёлета выстава носіць назву “Формула будучыні”. Для ўсіх жадаючых пры факультэце працуе студыя выяўленчага мастацтва, і для многіх абітурыентаў вучоба пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў становіцца прыступкай на шляху паступлення ва ўніверсітэт.
Летась на адным з карпусоў факультэта мастацтваў і дызайну з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Антона Валынчыка, — педагога, хормайстара, кампазітара, які шмат гадоў працаваў у ГрДУ, быў загадчыкам кафедры музыкі і спеваў. А адкрыць дошку даверылі студэнтам — на той час трэцякурснікам спецыяльнасці “Народная творчасць і харавая музыка” Ксеніі Кнізе і Андрэю Панісаву. Гэта быў знак таго, што толькі ў спалучэнні традыцый і ўсяго перадавога, сучаснага ў мастацтве можна падрыхтаваць годнага творцу.
— Нашы студэнты не толькі таленавітыя і актыўныя, а яшчэ і вельмі прыгожыя, — гаворыць Людміла Восіпаўна. — Зусім нядаўна мы віншавалі нашу першакурсніцу Аляксандру Козыраву, якая стала другой віцэ-міс у конкурсе прыгажосці “Міс Гродна — 2017”. Юля вучыцца па спецыяльнасці “Дызайн (графічны)”. Творчая прыгажосць — гэта частка прафесіі, якую атрымліваюць нашы студэнты.
ЦТ-2017
У МДЛУ адбыўся невялікі кур’ёз. А 7 гадзіне раніцы дзяржаўная фельд’егерская служба даставіла ва ўніверсітэт матэрыялы ЦТ. Яны былі прыняты камісіяй, схаваны ў сейф і апячатаны. Незадоўга да 11 гадзін, калі прыйшоў час даставаць матэрыялы з сейфа, члены камісіі сталі адчыняць дзверцы, але… замок заела. Некалькі спроб былі безвыніковымі. І тады ключ узяў віцэ-прэм’ер Васіль Жарко. Адзін паварот — і дзверцы адчыніліся!
Члены камісіі яшчэ раз правяраюць цэласнасць канвертаў, пасля чаго яны адпраўляюцца ў аўдыторыі.
Да экзамену яшчэ ёсць крыху часу, і Васіль Жарко разам з рэктарам МДЛУ Наталляй Баранавай цікавяцца ў абітурыентаў, куды яны маюць намер паступаць. Высвятляецца, што абсалютная большасць збіраецца ў лінгвістычны ўніверсітэт. Пры гэтым больш як палова абітурыентаў зарэгістраваліся і на рускую, і на беларускую мову.
Наталля Пятроўна нагадала абітурыентам, што калі яны паступяць у лінгвістычны ўніверсітэт, то змогуць вучыцца як на рускамоўным, так і на беларускамоўным патоку.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.