Майстры слова запатрабаваны ва ўсіх галінах

Гуманізацыя грамадства стала адной з надзённых праблем сучаснасці. Менавіта таму ўзрастае і значнасць моўнай падрыхтоўкі моладзі. Нездарма філалогію называюць найвышэйшай формай гуманітарных ведаў, асновай і падмуркам гуманітарных навук. Паколькі беларускае грамадства з’яўляецца полікультурным, нядзіўна, што вывучэнню моў у нашых універсітэтах удзяляецца асаблівая ўвага.
Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова без перабольшання можна назваць цэнтрам удасканалення моўнага развіцця. У тым, што моўная падрыхтоўка тут сапраўды знаходзіцца на высокім узроўні, асабіста пераканалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”, пагутарыўшы з дэканам факультэта славянскай філалогіі Сяргеем Сомавым і дэканам факультэта замежных моў Віктарам Старасценкам.

Цікава вучыцца і адпачываць

Доўгія ўніверсітэцкія калідоры прыводзяць на факультэт славянскай філалогіі. Як высветлілася, факультэт — адзін з найстарэйшых у ВНУ. Ён быў заснаваны ў далёкім 1938 годзе. Аднак багатая гісторыя не перашкаджае факультэту ісці ў нагу з часам. Сёння тут па сямі спецыяльнасцях і пяці спецыялізацыях дзённай і завочнай форм навучання вучыцца звыш 700 студэнтаў. Факультэт рыхтуе настаўнікаў рускай і беларускай мовы і літаратуры, а таксама журналістаў для работы ў СМІ. Ажыццяўляецца падрыхтоўка сіламі больш як трыццаці выкладчыкаў. Варта адзначыць, што ўсе яны высокакваліфікаваныя спецыялісты: 75% штатнага складу педагогаў маюць вучоныя ступені і званні. Такая моцная кваліфікацыя выкладчыкаў дае магчымасць студэнтам філфака атрымліваць высакакласную сучасную адукацыю.
Як расказаў дэкан факультэта Сяргей Сомаў, маладыя людзі, якія выбралі філфак, могуць вывучаць асаблівыя пласты мовы. Так, студэнты, якія вучацца на спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”, скурпулёзна вывучаюць і другую дзяржаўную мову — рускую. Адпаведна, і наадварот: студэнты спецыяльнасці “Руская мова і літаратура” атрымліваюць нядрэнную падрыхтоўку па беларускай мове і літаратуры. На факультатыўнай аснове яны могуць вывучыць польскую мову. Як аказалася, ва ўніверсітэта добрыя сувязі з Польшчай. Студэнты, якія жадаюць павысіць сваю падрыхтоўку ў веданні гэтай мовы, выязджаюць у летнія школы на тэрыторыю Польшчы, якія ўяўляюць сабой своеасаблівыя курсы, дзе дасканала вывучаецца польская мова.
“У нашых студэнтаў ёсць добрая магчымасць умацаваць свае веды па дзяржаўных мовах, замежнай мове, якая вывучалася ў школе, а таксама дадаткова па жаданні вывучыць польскую мову”, — падкрэсліў Сяргей Эдуардавіч.
Акрамя атрымання грунтоўнай адукацыі, студэнты факультэта славянскай філалогіі з цікавасцю бавяць і вольны час. Кожны тут мае магчымасць рэалізаваць сябе ў тым, што яму падабаецца. У першую чаргу варта адзначыць брэндавае культурна-масавае мерапрыемства факультэта, якім з’яўляецца Тыдзень славянскага пісьменства і культуры. Тыдзень прысвечаны Дню памяці святых Кірылы і Мяфодзія і закліканы спрыяць захаванню і адраджэнню гістарычных праваслаўных традыцый і духоўнасці, аб’яднанню дзеячаў навукі, культуры, адукацыі.
Творчая моладзь за перыяд навучання ва ўніверсітэце можа значна развіць свае здольнасці, напрыклад, у літаратурна-творчым аб’яднанні “Натхненне”, якім кіруе дацэнт кафедры рускай мовы Тамара Рыгораўна Міхальчук. Удзельнікі гэтага аб’яднання выпусцілі ў свет цэлы шэраг зборнікаў прозы і паэзіі, для іх арганізоўваюцца сустрэчы з сучаснымі рускімі і беларускімі пісьменнікамі.
На факультэце актыўна працуе ўнікальны літаратурна-мастацкі салон, які спалучае навуковую, вучэбную і творчую дзейнасць. Тэматыка яго пасяджэнняў і вечарын бясконца разнастайная і ўлічвае захапленні найперш студэнтаў — ад загадак творчасці вялікіх паэтаў і пісьменнікаў да аўтарскай песні і эльфійскай мовы, ад прэзентацый прозы і паэзіі да персанальных студэнцкіх выстаў жывапісу або фатаграфіі. Галоўнае ў дзейнасці салона — інтэлектуальныя зносіны студэнтаў і выкладчыкаў.
Могуць рэалізаваць сябе студэнты філфака і ў спорце, і ў валанцёрскім руху. Як гаворыцца, было б жаданне, а падтрымку сваім студэнтам дэканат гатоў аказаць у любых пачынаннях.
Адметна, што каля дзесяці працэнтаў студэнтаў факультэта славянскай філалогіі — замежныя грамадзяне. Тут склалася значная туркменская дыяспара. Факультэт славянскай філалогіі МДУ імя А.А.Куляшова часта выбіраюць прадстаўнікі Турцыі, Кітая і іншых краін. Сакрэт такой папулярнасці факультэта сярод замежных грамадзян даволі просты і заключаецца ў вялікай увазе дэканата да адаптацыі замежных студэнтаў у адукацыйны працэс і іх культурнага ўзаемадзеяння са студэнтамі-беларусамі. Дзякуючы такому падыходу, замежным грамадзянам падабаецца вучыцца ў МДУ. Пра гэта яны расказваюць сваім сваякам і сябрам у роднай краіне, што садзейнічае прытоку ва ўніверсітэт студэнтаў-іншаземцаў.

Павышаная ўвага і асаблівы падыход

На факультэце славянскай філалогіі асаблівая ўвага ўдзяляецца прафарыентацыйнай рабоце. Да яе тут, дарэчы, таксама свой падыход. Як паведаміў дэкан факультэта Сяргей Сомаў, выкладчыкі факультэта, арганізоўваючы прафарыентацыйныя мерапрыемствы, улічваюць тое, што сёння спецыяльнасці філалагічнага профілю не карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод абітурыентаў.
“Абумоўлена гэта тым, што ўжо даволі працяглы час патэнцыяльнымі студэнтамі з’яўляюцца прадстаўнікі “не чытаючага пакалення”, людзі, якія большую частку інфармацыі чэрпаюць не з кніг, а з інтэрнэту, — заўважыў Сяргей Сомаў. — Гэта, на жаль, прывяло да таго, што нашы дзеці не ўмеюць лагічна выказваць думкі, не валодаюць развітымі навыкамі эфектыўных маўленчых зносін. З-за адсутнасці цікавасці да чытання абітурыенты дрэнна адчуваюць мову, не валодаюць высокай пісьменнасцю, у іх малы слоўнікавы запас.
Названыя прычыны прывялі да таго, што філалагічныя факультэты сутыкаюцца з праблемай набору. Але патрэба ў пісьменных спецыялістах не толькі не меншае, а, наадварот, узрастае, прычым узрастае надзвычайна. Я не кажу пра тое, што былі і будуць патрэбны настаўнікі мовы і літаратуры. Неабходнасць падрыхтоўкі спецыялістаў па мове і літаратуры абумоўлена яшчэ і тым, што прадстаўнікі “не чытаючага пакалення” з невысокай пісьменнасцю не могуць задаволіць запыты работадаўцаў па іншых спецыяльнасцях, якія не звязаны непасрэдна з філалогіяй. Таму зараз мы назіраем прыток на факультэт для атрымання філалагічнай адукацыі прадстаўнікоў зусім іншых сфер: сілавых, кіраўніцкіх і іншых структур. Гэта сведчыць аб тым, што ўсе галіны эканомікі маюць патрэбу ў пісьменных спецыялістах, якія могуць прафесійна працаваць з дакументамі, без памылак напісаць тэкст, лагічна сфармуляваць думку і зразумела выказаць яе. Вось гэта мы ў першую чаргу спрабуем данесці да абітурыентаў. Таму, выступаючы перад школьнікамі, заўсёды гаворым пра тое, што перад імі адкрываецца не проста вузкая прафесійная ніва працы настаўнікамі мовы і літаратуры, а значна больш шырокія магчымасці для прафесійнай дзейнасці”.
Спектр прафарыентацыйных мерапрыемстваў, якія праводзяцца на факультэце славянскай філалогіі, даволі шырокі, і гэта дае пэўны эфект у плане набору. Па словах Сяргея Сомава, паўнацэнныя наборы праводзяцца на спецыяльнасці “Руская мова і літаратура” і “Журналістыка”. А вось на спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура” попыт у абітурыентаў, нягледзячы на ўсе намаганні, невялікі.
Прычыны гэтага Сяргей Эдуардавіч бачыць у тым, што ў побыце і ў дзелавых зносінах большасць грамадзян Магілёўшчыны аддае перавагу рускай мове. І ўжо на ўзроўні школы педагагічныя калектывы сутыкаюцца з праблемай паспяховасці вучняў па беларускай мове і літаратуры, адсутнасцю цікавасці да гэтых прадметаў. Працэсы русіфікацыі працягваюць развівацца, і моладзь часта не знаходзіць матывацыі для таго, каб вывучаць беларускую мову і прысвяціць ёй сваё прафесійнае жыццё.
Змяніць сітуацыю, на думку Сяргея Сомава, можна. Істотным штуршком да ўзнікнення неабходнасці вывучаць нацыянальную мову можа стаць патрэба ажыццяўляць дакументаабарот на беларускай мове.
“Гэта адзін з магутных рычагоў, які, на мой погляд, здольны падштурхнуць да вывучэння беларускай мовы прадстаўнікоў не толькі філалагічных, але і іншых спецыяльнасцей. Яшчэ адным з такіх рычагоў можа стаць вяртанне шэрага сродкаў масавай інфармацыі да беларускай мовы. Аднак нават калі такія стратэгічныя і знакавыя рашэнні будуць прыняты ў краіне, выпраўленне сітуацыі зойме не адзін год, а можа, і расцягнецца на дзесяцігоддзі, — гаворыць Сяргей Эдуардавіч. — Але на запатрабаванасць філалагічных спецыяльнасцей у цэлым гэта паўплываць не павінна, бо, як я ўжо казаў раней, адукаваныя спецыялісты і настаўнікі славеснасці будуць патрэбны заўсёды”.

У аснове прафесійнай матывацыі — якасць адукацыі

Належным чынам вядзецца моўная падрыхтоўка і на факультэце замежных моў МДУ імя А.А.Куляшова. Гэты факультэт яшчэ малады: у мінулым снежні тут адзначалі пятнаццацігадовы юбілей з дня стварэння. Але, нягледзячы на такі не вельмі сталы ўзрост, тут функцыянуюць тры кафедры — англійскага, агульнага і славянскага мовазнаўства; германа-раманскай філалогіі; замежных моў. Дыпломы адпаведнага профілю на факультэце атрымалі больш за тысячу выпускнікоў.
Як паведаміў дэкан факультэта Віктар Старасценка, падрыхтоўка студэнтаў вядзецца з выкарыстаннем самых сучасных методык і тэхналогій.
“Наш факультэт мае чатыры спецыялізаваныя кабінеты (англійскай, нямецкай, французскай моў, методыкі выкладання англійскай мовы), два лінгафонныя кабінеты. Выкладанне вядзецца на рускай і беларускай мовах і на мовах спецыяльнасці, у тым ліку і замежнымі выкладчыкамі. Студэнты ўсіх спецыяльнасцей абавязкова вывучаюць другую замежную мову. Акрамя таго, ім прапануюцца для вывучэння дысцыпліны па выбары і факультатыўныя заняткі па асновах пісьмовага перакладу навуковых тэкстаў, фальклоры краіны, мова якой вывучаецца, краіназнаўства, тыпалогіі вывучаемай і рускай моў, асновах перакладу афіцыйна-дзелавых тэкстаў і інш. Нашы студэнты маюць магчымасць атрымаць на конкурснай аснове стыпендыю Германскай службы акадэмічных абменаў для ўдасканалення адукацыі ва ўніверсітэтах Германіі або прайсці стажыроўку на факультэце французскай мовы Універсітэта д’Артуа ў Францыі. Такія магчымасці павышаюць узровень сацыяльнай абароненасці нашых выпускнікоў, іх канкурэнтаздольнасць на рынку працы. Скончыўшы ўніверсітэт, выпускнікі нашага факультэта могуць працаваць не толькі настаўнікамі, але і мастацтвазнаўцамі, карэктарамі, перакладчыкамі, літаратурнымі супрацоўнікамі”, — расказаў Віктар Уладзіміравіч.
Паводле слоў дэкана, якасці моўнай падрыхтоўкі студэнтаў у многім спрыяе работа вучэбна-навуковых лабараторый мовазнаўства і сучасных тэхналогій навучання замежным мовам, у якіх студэнты пад кіраўніцтвам выкладчыкаў могуць весці даследчую работу. Напрыклад, на факультэце дзейнічае вучэбна-навуковая лабараторыя мовазнаўства і лінгвадыдактыкі, асноўныя задачы якой накіраваны на выкананне адпаведных фундаментальных, пошукавых і прыкладных даследаванняў.
“Яшчэ адным аб’яднаннем з’яўляецца Цэнтр інфармацыйных рэсурсаў французскай мовы і культуры. Яго дзейнасць накіравана на распрацоўку і рэалізацыю адукацыйных праектаў на рэгіянальным і нацыянальным узроўні, усталяванне сувязей з французскімі ўстановамі адукацыі ў галіне лінгвістыкі і прыродазнаўчых навук. У прыватнасці, зараз цэнтр распрацоўвае праект, які дасць магчымасць нашым студэнтам выязджаць на перыядычныя стажыроўкі ва Універсітэт д’Артуа. Нельга не адзначыць і дзеючы на факультэце адукацыйны Цэнтр нямецкай мовы і культуры, галоўнымі задачамі якога вызначаны развіццё і ўмацаванне супрацоўніцтва настаўнікаў у галіне нямецкай мовы і нямецкай філалогіі. Заўважу, што пры гэтым цэнтры створана ўнікальная бібліятэка, якой актыўна карыстаюцца выкладчыкі і студэнты не толькі нашага факультэта”, — расказвае Віктар Уладзіміравіч.
Расказваць аб моўнай падрыхтоўцы ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова можна доўга. А ўсё таму, што вядзецца яна тут сапраўды добра. Лепшым пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца яго выпускнікі, якія валодаюць неабходнымі прафесійнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, ма юць інтэлектуальна-творчую актыўнасць, а самае галоўнае — высокую матывацыю да работы ў выбранай прафесіі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва ўніверсітэта.