Міхаіл Эдуардавіч ЗЯЛЕНСКІ: “Не паступіць ва ўніверсітэт не азначае, што ўсё страчана”

“Інжынерам можна стаць, адвучыўшыся 5 гадоў ва ўстанове вышэйшай адукацыі адразу пасля школы. Але з уласнага вопыту ведаю, што інжынер, які атрымаў спачатку прафесійна-тэхнічную адукацыю, а пасля скончыў універсітэт, мае больш высокі ўзровень падрыхтоўкі і адаптацыі да ўмоў вытворчасці”, — лічыць дырэктар Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі Міхаіл Зяленскі.

Больш як 10 гадоў Міхаіл Эдуардавіч узначальвае ўстанову прафтэхадукацыі. Яго кіраўніцтва выпала на даволі цікавы час — час імклівага тэхналагічнага развіцця і значных змен у адукацыйным працэсе. У такіх умовах трэба не толькі валодаць якасцямі кіраўніка, але і мець пэўнае чуццё, якое дапаможа рэальна ацэньваць сітуацыю і знаходзіць шляхі вырашэння праблем.

Міхаіла Эдуардавіча калектыў характарызуе як сур’ёзнага, у меру строгага і разам з тым дэмакратычнага кіраўніка, які ўмее накіраваць на дасягненне пастаўленай мэты. Акрамя таго, дырэктару ўласцівы спагадлівасць і разуменне. Гэта асабліва цэняць навучэнцы. Трапляючы ў каледж, учарашнія школьнікі часцей за ўсё адчуваюць сябе няўпэўненымі, для многіх з іх няпроста праходзіць адаптацыя, і напачатку яны губляюцца. І тут вельмі важна, наколькі педагогі могуць падтрымаць і накіра-ваць навучэнца.

Міхаіл Зяленскі — сам у мінулым выпускнік Гомельскага ПТВ № 6 машынабудавання (цяпер — аўтамеханічны каледж), і гэты факт дапамагае яму лепш разумець перажыванні і патрэбы хлопцаў, якія прыходзяць у каледж электратэхнікі набыць прафесію. Яшчэ Міхаіл Эдуардавіч — добры прыклад таго, як былы прафтэхавец можа прайсці шлях ад навучэнца да дырэктара.

Спецыяльнасці пашырыліся, узраслі магчымасці

Сёння ў каледжы можна набыць шэраг спецыяльнасцей, якія дазволяць стаць запатрабаваным на рынку працы прафесіяналам. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі тут можна асвоіць такія спецыяльнасці, як “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”, “Наладка тэхналагічнага абсталявання”, “Тэхнічная эксплуатацыя сродкаў аўтаматыкі і прыбораў тэхналагічнага кантролю”, “Тэхналогія зварачных работ”, “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт вылічальнай тэхнікі”, “Дакументазнаўства”, “Інфармацыйнае і арганізацыйнае абслугоўванне”, “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт вылічальнай тэхнікі”, “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт радыёэлектронных сродкаў”. Варта адзначыць, што паступіць у каледж на прафесійна-тэхнічны ўзровень можна як на аснове агульнай базавай, так і на аснове агульнай сярэдняй адукацыі.

— Яшчэ некалькі гадоў назад у нашым каледжы набывалі такія прафесіі, як электраманцёр, электразваршчык, радыёмеханік, сакратар і аператар ЭВМ. Зараз жа кола спецыяльнасцей значна пашырылася, — расказвае М.Э.Зяленскі. — А само навучанне, дзякуючы ўкараненню ў адукацыйны працэс сучасных метадаў, стала больш цікавым. Не апошнюю ролю тут адыгрывае і творчы складнік як у рабоце выкладчыкаў, так і ў дзейнасці навучэнцаў.
Калі параўноўваць з недалёкім мінулым, то значна ўзраслі і магчымасці ўстановы ў сэнсе развіцця навучэнцаў. У старанных і мэтанакіраваных маладых людзей ёсць магчымасць на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі атрымаць сярэднюю спецыяльную. Акрамя таго, ужо больш як 5 гадоў у каледжы дзейнічае завочнае аддзяленне, дзе можна набыць спецыяльнасць тэхніка-электрыка і тэхніка-тэхнолага зварачнай вытворчасці.

Сучасныя падыходы ў адукацыйным працэсе

Сёння старэйшае пакаленне па-добраму зайздросціць моладзі. Складанае абсталяванне, камп’ютарныя сістэмы кіравання — вось тое, што неабходна ведаць сучаснаму спецыялісту. І калі былым выпускнікам прафтэха даводзіцца асвойваць сучасныя машыны і праграмы дадаткова, то сённяшні выпускнік ужо з каледжа выходзіць з гэтымі навыкамі і адразу пачынае прымяняць іх на практыцы. Больш за тое, зацікаўленыя юнакі і дзяўчаты стараюцца падчас вучобы набыць дадатковыя веды і ўменні, павялічваючы тым самым сваю каштоўнасць як спецыяліста. Навучэнцы Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі не выключэнне.

Будучыя электрамеханікі, наладчыкі тэхналагічнага абсталявання, радыёмеханікі пачынаюць практычна знаёміцца з элементамі аўтаматызаванага кіравання ў рабоце з наборамі па робататэхніцы. Выкарыстоўваючы графічную абалонку праграмавання, навучэнцы ствараюць кіруючыя праграмы для механізмаў. Выкладчыкі і майстры вытворчага навучання бачаць, з якім захапленнем будучыя спецыялісты пагружаюцца ў справу. І калі робат выконвае ўсё тое, што яны задумалі, іх накрываюць эмоцыі. Але хутка эйфарыя адыходзіць на другі план, уступаючы месца новым ідэям і рабоце над іх рэалізацыяй. І гэта ж зусім не цацкі, як могуць падумаць многія. Навыкі праграмавання дазволяць навучэнцам ствараць кіруючыя комплексы на базе прамысловых мікракантролерных сістэм.

Робататэхніка — адзін з найпапулярнейшых кірункаў у сучаснай сферы адукацыі. У яе ўцягнуты дзеці самага рознага ўзросту. І калі для самых малых гэта найпрасцейшыя канструктары і праграмы, то для навучэнцаў устаноў прафтэхадукацыі — ужо сур’ёзныя і даволі складаныя механізмы.

На працягу многіх гадоў каледж электратэхнікі з’яўляецца рэспубліканскай пляцоўкай па эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. Тэматыка праектаў прадыктавана самім часам і патрабаваннямі да навучання спецыялістаў шырокага профілю. “Укараненне адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў галіне робататэхнікі” — адзін з такіх праектаў. У каледжы паспяхова працуе лабараторыя, на базе якой створаны клуб па інтарэсах для навучэнцаў.

— Робататэхніка актыўна выкарыстоўваецца ў прафарыентацыйнай рабоце, у адукацыйным працэсе, у арганізацыі вольнага часу, — тлумачыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Марына Карповіч. — Дзякуючы гэтаму напрамку, у навучэнцаў з’яўляецца імкненне да творчай дзейнасці, павышаецца зацікаўленасць у практычных ведах і, адпаведна, матывацыя ў вывучэнні тэарэтычных профільных прадметаў.

Адміністрацыя каледжа ўпэўнена, што навучанне павінна быць цікавым не толькі ў тэорыі і на практыцы, але і ў пазаўрочны час. Педагогі дадатковай адукацыі і выхавальнікі дапамагаюць навучэнцам развіваць іх здольнасці і таленты. Спяваць, танцаваць, прымаць актыўны ўдзел у розных спартыўных спаборніцтвах — з усім гэтым будучыя тэхнары таксама спраўляюцца выдатна.

Укараненне ў вучэбны працэс сучасных метадаў навучання ў спалучэнні з творчым патэнцыялам выкладчыкаў і навучэнцаў дазваляе каледжу перамагаць у конкурсах прафесійнага майстэрства, злётах рацыяналізатараў і вынаходнікаў, турнірах па інтэлектуальных гульнях, аглядах мастацкай самадзейнасці, выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці і спартыўных спаборніцтвах.

Штогод навучэнцы і работнікі каледжа прымаюць удзел у конкурсах тэхнічнай творчасці і маюць вельмі добрыя вынікі. Так, у 2017 годзе навучэнцы Яўген Уласаў і Даніэль Мэйлах удзельнічалі ў конкурсе “Свет адкрыццяў”, у заключным этапе XV Рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў — навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі, дзе занялі 2-е месца па кірунку “Машынабудаванне” і 3-е месца па кірунку “Электроніка і сувязь”. Гэтая перамога прынесла хлопцам высокую ўзнагароду — абодва яны сталі лаўрэатамі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Сёння многія абітурыенты імкнуцца паступіць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Вядома, у гэтым няма нічога дрэннага, разумны чалавек заўсёды ставіць мэты і імкнецца да вяршынь. Аднак не надта добра, калі атрыманне вышэйшай адукацыі становіцца неадчэпнай думкай, што не дазваляе аналізаваць і расстаўляць правільныя прыярытэты.

— Не паступіць ва ўніверсітэт не азначае, што ўсё страчана, — лічыць Міхаіл Эдуардавіч Зяленскі. — Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у тым ліку і наш каледж, таксама дапамагае знайсці сваю дарогу ў жыцці, здольная выпусціць сапраўднага прафесіянала. Тым больш што зараз для выпускнікоў прафтэха ёсць выдатная магчымасць працягваць адукацыю ва ўстановах вышэйшай адукацыі па скарочанай праграме.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва каледжа.