Традыцыйны моўны фэст, што ладзіцца на філалагічным факультэце БДУ, арыентаваны на вялікую аўдыторыю ўдзельнікаў. Сёлета гасцей сустракалі студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прадстаўнікі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і лінгвісты з Масквы.
Першы ў свеце моўны фэст бярэ вытокі ў Францыі. Ён быў арганізаваны ў 1995 годзе па ініцыятыве амерыканскага лінгвіста і грамадскага дзеяча Дэніса Кіфа. Пасля ініцыятыву падхапілі іншыя краіны: ЗША, Венесуэла, Бельгія, Швецыя, Расія і інш. Не стала выключэннем і Беларусь: у Мінску першы моўны фэст прайшоў у 2013 годзе. Ужо тады малады праект сабраў больш за 350 гасцей, прадставіўшы іх увазе 35 моў і 7 лінгвістычных лекцый.
Сучаснага чалавека сёння цяжка здзівіць валоданнем англійскай, нямецкай і французскай моў, аднак готскай, клінгонскай і мовай эсперанта валодаюць далёка не многія. У межах мерапрыемства было прадстаўлена 55 моў свету, сярод якіх — як рэдкія, так і папулярныя, сучасныя і тыя, што выходзяць з ужытку або распаўсюджаны толькі на пэўнай тэрыторыі. Прэзентацыі былі размеркаваны па шасці паралелях: у кожным з блокаў прадугледжвалася правядзенне 13 паказаў. Паколькі лекцыі праходзілі ў розны час і ў розных аўдыторыях, удзельнікі фэсту атрымалі дзясяткі варыянтаў для наведання.
Арганізатары прапанавалі прысутным наведаць 10 навукова-папулярных лекцый і 4 лекцыі, прысвечаныя Беларусі — літаратуры, мове і гісторыі краіны. Акрамя таго, былі прадугледжаны 5 іншых актыўнасцей: гульня-эксперымент “Што за прадмет?”, гутаркі “Як выкладаць родную мову за мяжой?” і “Як стаць № 1 у камунікацыі і перастаць баяцца іншых людзей”, майстар-клас па грузінскай мове і “Польскі размоўны клуб”. Так аматары моў раскрылі сакрэты англійскага менталітэту, даведаліся аб моўных міфах, “Сямнаццаці шыфрах вясны” і асаблівасці рунічнага пісьма, раскрылі таямніцу назвы лекцыі “Калі б я помсты меч мог несці, альбо Bedandbreakfast”.
Сёлета на філалагічны факультэт аб’яўлены набор на спецыяльнасць “Славянская філалогія” (з вывучэннем чэшскай і балгарскай моў). Па словах намесніка дэкана філалагічнага факультэта БДУ па вучэбна-метадычнай рабоце Мікалая Хмяльніцкага, набор на спецыяльнасць ажыццяўляецца раз у 4 гады, таму абітурыенты прыходзяць вельмі матываваныя і добра падрыхтаваныя. Як правіла, прахадны бал на падобныя спецыяльнасці высокі, але студэнты лёгка бяруць такую прыступку, і ў далейшым іх паспяховасць толькі павялічваецца.
У межах лекцый па беларусістыцы госці мерапрыемства паглыбіліся ў легенды старога Мінска, паўдзельнічалі ў аднаўленні летапісу сталіцы праз вінтажныя паштоўкі, адкрылі для сябе магічныя жанры фальклору беларуска-рускага памежжа.
Прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў фэсту стала прэзентацыя адной з моў абарыгенаў — дзьяру. Па словах аднаго з арганізатараў мерапрыемства навуковага супрацоўніка Школы філалогіі Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта “Вышэйшая школа эканомікі” (Расія) Антона Соміна, дзьяру — гэта мова, на якой гавораць каля 350 чалавек на паўночным захадзе Аўстраліі. Адметная тым, што мае своеасаблівую сістэму гукаў. Аднак зараз яна знаходзіцца на мяжы знікнення.
Студэнтка МДЛУ Марына Рагожнік не ўпершыню дапамагала арганізоўваць моўны фэст: мінулыя два гады яна была валанцёрам мерапрыемства, а сёлета выступіла ў якасці лектара па італьянскай мове.
— Да нас прыйшло больш за 100 чалавек, — падзялілася дзяўчына. — На лекцыі мы абмеркавалі паходжанне мовы, асноўныя асаблівасці яе лексікі і граматыкі. Таксама не абышлося без знаёмства з самой краінай: прывялі некаторыя цікавыя факты пра Італію, расказалі слухачам пра віды кавы, расшыфравалі адметныя жэсты, здзейснілі віртуальную экскурсію па некаторых рэгіёнах. Напрыканцы наведвальнікі даведаліся, як перакладаюцца вядомыя італьянскія словы soletto, dolce, tiramisu і праспявалі песню. Самім таксама хацелася наведаць некаторыя лекцыі, ды напрыканцы дня сіл папросту не заставалася. Але і лектары, і госці былі задаволеныя.
Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.