Мы прапануем вам шлях

Летась Лідскі дзяржаўны прафесійны ліцэй меліярацыйнага будаўніцтва адзначыў 40-годдзе. Установа пачала работу 1 верасня 1977 года і называлася тады Лідскае сярэдняе сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 55 механізацыі меліярацыйных работ.

За 40 гадоў назва мянялася неаднаразова. У верасні 2008 года ўстанова атрымала статус ліцэя. Але нязменнай застаецца высокая якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, і сярод апошніх пацвярджэнняў гэтага — 1-е месца ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы па выніках 2017 года сярод прафесійна-тэхнічных ліцэяў, які праводзіць галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

Ліцэй — адзіная ў рэгіёне ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў для меліярацыйнага будаўніцтва. І вучацца тут не толькі жыхары Лідскага раёна і Гродзеншчыны, але і прадстаўнікі Брэсцкай, Гомельскай абласцей.

— Кожны наш навучэнец атрымлівае не проста прафесію, а, так бы мовіць, спектр спецыяльнасцей, што дазваляе лягчэй адаптавацца да сучасных умоў рынку працы, — гаворыць дырэктар ліцэя Сяргей Іванавіч Буднік.

Так, па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” навучэнцы атрымліваюць кваліфікацыі трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый “А”, “В”, “С”; машыніста экскаватара; вадзіцеля пагрузчыка; вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі “С”. Па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” — кваліфікацыі трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый “А”, “В”, “С”, “D”; вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі “С”; слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання 4 разраду. Па спецыяльнасці “Тэхналогія зварачных работ. Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ” — кваліфікацыі электрагазазваршчыка 3 разраду; электразваршчыка на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах 3 разраду; трактарыста-машыніста катэгорыі “А”.

Некалькі гадоў запар у ліцэі стапрацэнтны набор, стапрацэнтнае размеркаванне і працаўладкаванне. А па спецыяльнасцях “Грамадскае харчаванне” і “Цырульніцкае майстэрства і дэкаратыўная касметыка” існуе конкурс. Па першай спецыяльнасці навучэнцы атрымліваюць кваліфікацыю кухара 4 разраду і кандытара 3 разраду. Па другой — цырульніка 4 разраду і прыёмшчыка заказаў 3 разраду. Выпускнікоў гэтых спецыяльнасцей таксама ахвотна бяруць на работу, у тым ліку і ў Мінску.

— Вялікую ўвагу ўдзяляем якасці адукацыйнага працэсу, — уступае ў размову намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Валянціна Янаўна Севасціян. — Рыхтуем выпускнікоў так, каб яны былі канкурэнтнымі і прыйшлі на вытворчасць добрымі спецыялістамі. Па кожнай спецыяльнасці ў нас добра абсталяваны лабараторыі, вучэбна-вытворчыя майстэрні, у машынна-трактарным парку ўся сучасная тэхніка, а галоўнае — працуюць высокапрафесійныя і адданыя працы майстры вытворчага навучання і выкладчыкі прадметаў агульнаадукацыйнага і прафесійнага кампанентаў. І калі ў 2013/2014 навучальным годзе сярод нашых выпускнікоў не было ніводнага, хто б атрымаў павышаны разрад, то ў 2014/2015 навучальным годзе 70 выпускнікоў атрымалі ўзровень кваліфікацыі 4 і вышэй, а ў мінулым навучальным годзе — 147.

Тут складаецца рэйтынг паспяховасці кожнага навучэнца па кожным прадмеце за паўгоддзе і за ўвесь навучальны год. Кожны навучэнец атрымлівае такую інфармацыю, атрымліваюць яе і бацькі. Каб паказаць дынаміку паказчыкаў, параўнаем лічбы за 2010/2011 і 2016/2017 навучальныя гады. Сярэдні бал выпускных экзаменаў — 6 і 7,1 адпаведна; сярэдні бал па вытворчай практыцы — 7,57 і 7,9, агульны сярэдні бал 6,3 і 6,6. Колькасць навучэнцаў, якія скончылі ліцэй на 6—10 балаў, у 2010/2011 годзе — 24; у мінулым годзе —71.

— Дзеці чакаюць абвяшчэння рэйтынгу, гэта дае ім магчымасць параўнаць свае вынікі з вынікамі іншых навучэнцаў і падцягнуцца, — працягвае Валянціна Янаўна. — Размеркаванне ідзе з улікам сярэдняга бала, таму рэйтынг адыгрывае вялікую ролю ў матывацыі да навучання.

Выпускнікі ліцэя могуць прадоўжыць адукацыю ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Для жадаючых арганізаваны курсы па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.

Павышаюць прафесійны ўзровень навучэнцы і падчас вытворчых практык. Летась у ліцэі арганізавалі 8 студатрадаў, якія працавалі на сельскагаспадарчых работах. Штогод праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства навучэнцаў.

— Важным лічым навучыць нашых выхаванцаў грамадзянскай адказнасці, асабістай актыўнасці, каб яны разумелі, што можна зрабіць сваё жыццё цікавым, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталля Валянцінаўна Хадарцэвіч. — 87,3% нашых навучэнцаў маюць дадатковую занятасць — у ліцэі працуе 8 спартыўных секцый, 3 гурткі дэкаратыўна-пракладной творчасці, 2 — тэхнічнай, 5 — мастацкай творчасці.

Далёка за межамі раёна вядомы беларускі фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Карані”, удзельнікі якога выконваюць песні і танцы Лідскага рэгіёна, агітбрыгада, рэп-група “Патрыёты”. У 2017 годзе навучэнцы ліцэя сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Арт-вакацыі” ў намінацыі “Рэцытацыя”. Традыцыйна тут праводзяцца творчыя конкурсы “Фабрыка зорак”, “У дзясятачку”, “Дзяўчына. Вясна. Здароўе”. Дзейнічае валанцёрскі атрад “Клопат”, які ажыццяўляе праект “Няхай паселіцца ў сэрцы дабрыня”. Кіраўніком атрада з’яўляецца куратар вучэбнай групы Святлана Сямёнаўна Шунько.

Навучэнцамі распрацаваны і ажыццяўляюцца праекты “С кровавых не пришедшие полей”, “Экалогія вачыма моладзі”.

Педагогі дадатковай адукацыі Святлана Мікалаеўна Лапян і Таццяна Васільеўна Козел заахвочваюць навучэнцаў новымі кірункамі творчасці. Т.В.Козел працуе ў тэхніцы сцімпанк. Яе выхаванцы штогод удзельнічаюць і перамагаюць у шматлікіх конкурсах.

— Мінулы год завяршыўся высокай ацэнкай дасягненняў нашых навучэнцаў, — гаворыць Сяргей Іванавіч. — Але стаяць на месцы нельга. Задача, над якой сёння працуем, — гэта ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс з мэтай павышэння матывацыі і пазнавальнай актыўнасці будучых рабочых, іх мабільнасці на рынку працы. Праводзім вялікую работу з абітурыентамі. Першыя мерапрыемствы зладзілі яшчэ ў кастрычніку мінулага года, арганізавалі прафесійную суботу “Мы прапануем вам шлях”. Адбыліся сустрэчы з абітурыентамі “Калейдаскоп прафесій” і “Кірмаш прафесій”. А праз некалькі дзён пройдзе дзень адкрытых дзвярэй для навучэнцаў Воранаўскага, Дзятлаўскага, Іўеўскага, Шчучынскага раёнаў.

А яшчэ ліцэй чакае вялікая будоўля — з абласнога бюджэту выдзелена 180 тысяч рублёў на рамонт будынку культурна-масавага прызначэння. Так што ўмовы для вучобы і развіцця ў навучэнцаў Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва будуць яшчэ лепшымі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота з архіва ліцэя.