Мы працуем не ў белых пальчатках, затое наша справа — на вякі

Аляксандр Сяўрук — навучэнец 3 курса Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 па спецыяльнасці “Сталяр, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў” — лаўрэат прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя А.І.Дубко, якая прызначаецца за высокія дасягненні ў вучобе і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, дыпламант Рэспубліканскага конкурсу рацыяналізатараў і вынаходнікаў. Пра тое, як выхаваць не толькі добрага спецыяліста, але і рознабаковага чалавека, пра бачанне падрыхтоўкі сучасных будаўнікоў мы гутарым з дырэктарам ліцэя Аленай ЖАЛЕЗНЯКОВІЧ.

— Алена Іванаўна, новы навучальны год толькі распачаўся, а ў ліцэі 13 і 14 лістапада ўжо праходзяць дні адкрытых дзвярэй, куды вы запрашаеце гродзенскіх школьнікаў…
— І не толькі гродзенскіх. У ліцэі вучацца хлопцы і дзяўчаты з усіх раёнаў нашай вобласці, таму на працягу навучальнага года мы запрашаем моладзь да сябе, самі выязджаем у райцэнтры. І робім гэта не толькі ў апошнія гады, калі дэмаграфічная сітуацыя пагоршылася. Лічым, што фарміраваць базу даных аб сваіх будучых навучэнцах, знаёміцца з імі і іх бацькамі трэба задоўга да падачы дакументаў. Неабходна загадзя паказаць ім усе плюсы, а таксама цяжкасці прафесіі будаўніка, каб быў час усё абдумаць і прыняць правільнае рашэнне.
Размаўляючы на такіх сустрэчах са школьнікамі і іх бацькамі, я заўсёды гавару, што работа будаўніка вельмі цяжкая і выконваецца яна не ў белых пальчатках, але справа гэтая вельмі высакародная, плён якой застаецца на стагоддзі.

— А што вы паказваеце наведвальнікам у такія дні?
— Мы рыхтуем будаўнікоў па шасці спецыяльнасцях і дванаццаці кваліфікацыях. Знаёмім з імі і са сцэны — тут выступае наша агітбрыгада, абавязкова паказваем матэрыяльна-тэхнічную базу — а гэта 24 кабінеты тэарэтычнага навучання, 8 вучэбна-вытворчых майстэрань. У нас вялікая бібліятэка з чытальнай залай, інтэрнат на 384 месцы. Спартыўная база вельмі добрая: адна з лепшых зал у горадзе для гульнявых відаў спорту, стадыён, трэнажорная зала.
Даём магчымасць не толькі паглядзець, але і паспрабаваць будаўнічую справу. Асаблівую цікавасць у хлопцаў выклікае работа на зварачным трэнажоры. Ён у 3D-фармаце і дае магчымасць убачыць увесь працэс, а таксама памылкі, якія дапускаюцца падчас работы. На такім трэнажоры пачынаюць вучобу будучыя зваршчыкі.
Вялікую цікавасць у будучых абітурыентаў выклікае і трэнажор “Максім”. На ім адпрацоўваюцца навыкі, неабходныя пры аказанні першай медыцынскай дапамогі.
Сёлета, напрыклад, у аддзелачнікаў конкурс склаў два чалавекі на месца, а вось з наборам муляраў былі цяжкасці. Напэўна, у моладзі склалася няпоўнае ўяўленне аб гэтых прафесіях, аб магчымасцях заробкаў, аб кошце выкананых работ. На карысць муляраў буду прыводзіць такі факт: гэтым летам сем нашых навучэнцаў працавалі ў складзе будаўнічага атрада ў Астраўцы на ўзвядзенні АЭС. Дык вось яны зарабілі там па 11 мільёнаў рублёў. А яшчэ ў нас 100-працэнтнае працаўладкаванне выпускнікоў.

— Больш за 30 гадоў свайго жыцця вы аддалі гэтай навучальнай установе, прайшлі прафесійны шлях ад майстра вытворчага навучання да дырэктара. Якія змены і тэндэнцыі ў працэсе навучання, выхавання лічыце самымі істотнымі?
— Так, 31 год назад пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута з кваліфікацыяй “інжынер-выкладчык будаўнічых дысцыплін” прыйшла працаваць у тагачаснае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 119 будаўнікоў. Сучасную назву навучальная ўстанова мае з 2008 года. 20 гадоў працавала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Дырэктарам — апошнія сем гадоў.
За больш чым 40-гадовую гісторыю ў ліцэі было падрыхтавана звыш 9 тысяч спецыялістаў. Безумоўна, за гэтыя гады адбыліся вялікія змены ў тэхналогіі будаўнічых работ, з’явіліся зусім новыя аддзелачныя матэрыялы, інструменты, што патрабуе новых падыходаў да вучэбнага працэсу. Змяненні гэтыя вельмі дынамічныя: 2—3 гады — і з’яўляюцца навінкі. Таму адным з найважнейшых напрамкаў навучання лічым стварэнне рэсурсных цэнтраў.
Першы такі рэсурсны цэнтр на пачатку 2014 года адкрылі разам з беларускімі вытворцамі будаўнічых матэрыялаў “Ілмакс” (сухія будаўнічыя сумесі)і “МАВ” (лакафарбавыя матэрыялы). З іх дапамогай аформілі два вучэбныя кабінеты і вучэбныя майстэрні. Прадпрыемствы перадалі для вытворчага навучання інструмент і спецвопратку, а таксама арганізоўваюць майстар-класы. Яшчэ адзін рэсурсны цэнтр — “Тэхналогія зварачных работ” — адкрыты 1 верасня 2014 года.
А што да выхаваўчай работы, то тут прынцыпы нязменныя: выхаванне грамадзяніна з высокай дэмакратычнай культурай, гуманістычнай накіраванасцю, здольнага да сацыяльнай творчасці, які ўмее дзейнічаць у інтарэсах як асобы, так і грамадства.
За гэтыя гады змяніліся не толькі тэхналогіі. Сённяшнія 16-гадовыя адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў. Яны больш падкаваныя ў інфармацыйных тэхналогіях. Мне здаецца, яны больш свабодныя, разняволеныя. Але як і 30 гадоў назад, так і сёння на занятках па спецтэхналогіі мулярскіх работ, якія я выкладаю, кажу ім, што праца будаўніка патрабуе асаблівай скрупулёзнасці і адказнасці: адна маленькая памылка ў фундаменце — і вялікі будынак можа рухнуць. Так і ў жыцці — маленькая памылка можа дорага каштаваць.

— Якія традыцыі дапамагаюць калектыву ліцэя ў прафесійным і грамадзянскім выхаванні моладзі?
— Усе першакурснікі праходзяць пасвячэнне ў прафесію. Вельмі ўрачыстае мерапрыемства, дзе яны ўпершыню ўсе разам спяваюць гімн ліцэя. Гэтыя словы будуць суправаджаць нашых навучэнцаў на працягу ўсіх гадоў вучобы. Спадзяёмся, што і ў самастойным жыцці яны будуць іх узгадваць: “Дык жыві і квітней, родны дом педагогаў і вучняў. Мы ўзвысім цябе будаўнічаю славаю гучнай”.
Дзень настаўніка, Дзень маці, выпускны баль, на які абавязкова запрашаем бацькоў, святкаванне Новага года па старадаўніх беларускіх традыцыях, Дзень здароўя — у гэтых мерапрыемствах удзельнічае ўвесь калектыў выкладчыкаў, майстроў і навучэнцаў.
Асноўны кантынгент навучэнцаў — хлопцы. Напрыклад, быў перыяд, калі ў нас дзяўчаты ўвогуле не вучыліся. Зараз з 414 навучэнцаў — 61 дзяўчына.
Улічваючы гэтае становішча, мы праводзім шмат мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнага кірунку — выхоўваем будучых абаронцаў Радзімы. Не забываем і пра фізічную культуру. Каб паказаць рознабаковасць выхавання маладых людзей, скажу, што ў ліцэі працуюць клуб “Я — будучая мама” і школа будучых татаў.
З апошніх дасягненняў — у кастрычніку адбыўся фінал абласных спаборніцтваў па баскетболе сярод навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Там каманда нашага ліцэя заняла 1 месца.
Сем гадоў назад мы стварылі апякунскі савет, у які ўваходзяць прадстаўнікі калектыву і бацькоў. Гэта важны элемент у ланцужку выхаваўчай работы і наладжванні кантактаў з бацькамі. У апошнія гады савет узначальвала Людміла Прасняк. Тры яе сыны вучыліся ў нашым ліцэі.

— Якія пытанні лічыце сёння найбольш актуальнымі ў рабоце дырэктара будаўнічага ліцэя?
— Мяне хвалюе замацаванне кадраў майстроў. Педагагічны калектыў у нас стабільны, а вось майстры вытворчага навучання часта, адпрацаваўшы пасля размеркавання, звальняюцца. Хаця магу прывесці і прыклады шматгадовай добрасумленнай працы Людмілы і Уладзіміра Жэгала, Любові Ірзун, Івана Сямашкі і іншых людзей, якія працуюць майстрамі вытворчага навучання ў ліцэі па 30 гадоў. Таксама ў нас працуюць тры выдатнікі адукацыі.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца якасці падрыхтоўкі будаўнікоў. Веды, уменні і навыкі нашых выпускнікоў павінны адпавядаць сучасным патрабаванням заказчыкаў кадраў. Павышаны разрад пры заканчэнні ліцэя — такая задача стаіць сёння перад намі, а гэта азначае, што матэрыяльна-тэхнічная база павінна быць максімальна набліжанай да ўмоў працы будучых будаўнікоў. Сёлета, напрыклад, на яе развіццё было накіравана больш за 5 млрд рублёў бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў.
Ліцэй плённа супрацоўнічае не толькі з базавымі прадпрыемствамі, але і з інстытутам “Гроднаграмадзянпраект”. Мы водзім навучэнцаў туды на экскурсіі, знаёмім з новымі праектамі, паказваем, якія патрабаванні будуць прад’яўляцца да будаўнікоў. Дэманструем і новыя аб’екты. За апошнія гады ў Гродне з’явілася шмат такіх месцаў, якія выклікаюць задавальненне, — новая аб’язная дарога, жылыя мікрараёны ў Вішняўцы і Альшанцы, маладзёжны цэнтр “Галактыка”. Вельмі цікавы аб’ект — філармонія — у хуткім часе ўпрыгожыць наш горад. І да ўсяго гэтага прыкладаюць руку нашы выпускнікі. Хочацца, каб іх праца заўсёды была якаснай.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.