Мы рыхтуем спецыялістаў для школы. І кропка

Часта даводзіцца чуць такі прафагітацыйны “заклік” ад прадстаўнікоў педагагічных факультэтаў: з педагагічнай адукацыяй зусім неабавязкова працаваць у школе! Веданне псіхалогіі зносін, інфармацыйных тэхналогій, замежных моў — з такім багажом можна ўладкавацца ў многіх сферах, у тым ліку і ў камерцыйнай.

Нам жа больш імпануе іншы падыход: педагагічныя спецыяльнасці для таго і створаны, каб у навучальныя ўстановы прыходзілі настаўнікі і пажадана з поўным разуменнем адказасці і значнасці сваёй прафесіі.

Педагагічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава — манапаліст па падрыхтоўцы настаўнікаў пачатковай школы ў Віцебскай вобласці. З наступнага года здвоеных педагагічных спецыяльнасцей не будзе. Затое вышэйшую адукацыю можна атрымаць не за 5, а за 4 гады.

 Уступная кампанія-2012: дэмаграфічнага спаду не заўважылі

Відавочна, такога ж меркавання прытрымліваецца дэкан педагагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, кандыдат педагагічных навук, дацэнт І.А.Шарапава, якая сцвярджае: “Мы рыхтуем спецыялістаў для школы”. І кропка.

Сёння Іна Анатольеўна аналізуе ўступную кампанію 2012 года і попыт на спецыяльнасці педагагічнага факультэта, расказвае пра апошнія навіны, якія закрануць абітурыентаў наступнага года, ну і, канечне, дзеліцца сакрэтамі таго, як зацікавіць студэнтаў працаваць па спецыяльнасці ў будучыні.

Педагагічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава мае амаль 55-гадовы вопыт і традыцыі падрыхтоўкі кадраў для агульнаадукацыйнай школы. Змяняліся патрэбы сістэмы адукацыі — змяняліся і спецыяльнасці на факультэце, але асноватворнай ва ўсе часы была падрыхтоўка настаўнікаў для пачатковых класаў у межах спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”. Дадатковымі спецыяльнасцямі да гэтай “асновы асноў” у свой час былі “Выяўленчае мастацтва”, “Дашкольная адукацыя” і іншыя.

Педагагічны факультэт таксама назапасіў значны вопыт падыхтоўкі спецыялістаў у галіне спецыяльнай педагогікі, дашкольнай і музычнай адукацыі.

— У апошнія гады мы практыкавалі разнастайнасць у дадатковых спецыяльнасцях, арыентуючыся на попыт абітурыентаў і ўстаноў адукацыі, шукалі найбольш запатрабаваныя камбінацыі, — расказвае Іна Анатольеўна Шарапава.

Так, у 2012 годзе факультэт спыніўся на чатырох спецыяльнасцях (на дзённай форме навучання), якія пацвердзілі сваю запатрабаванасць: “Дашкольная адукацыя. Лагапедыя”, “Пачатковая адукацыя. Дашкольная адукацыя”, “Алігафрэнапедагогіка. Практычная псіхалогія” і “Музычнае мастацтва”.

Напрыклад, на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя. Лагапедыя” прыём узнавілі пасля 5-гадовага перапынку з-за дэфіцыту педагогаў у дашкольных установах рэгіёна. Нягледзячы на хваляванне (ці выберуць яе абітурыенты?), конкурс склаў 2 заявы на месца.

Увогуле на факультэце быццам і не заўважылі дэмаграфічнага спаду: і на дзённай, і на завочнай формах навучання запоўнены ўсе бюджэтныя і большасць платных месцаў. Конкурсы былі на ўсіх чатырох спецыяльнасцях дзённай формы. Напрыклад, на 10 месцаў спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя. Дашкольная адукацыя” паступіла 24 заявы. На “Музычным мастацтве” сітуацыя аказалася нават лепшай, чым у папярэдні год: сёлета конкурс склаў 1,3 заявы на месца, у той час як летась колькасць паступаючых была роўная колькасці месцаў.

Што да завочнай формы навучання, то тут найбольш запатрабаванай аказалася спецыяльнасць “Алігафрэнапедагогіка. Лагапедыя” (поўны тэрмін навучання): конкурс быў і на бюджэтныя месцы (амаль 3 заявы на месца), і на пазабюджэтныя.

Што зменіцца ў 2013 годзе?

Як вядома, у 2013 годзе ўстановы вышэйшай адукацыі пераходзяць на чатырохгадовы тэрмін навучання па большасці спецыяльнасцей. Гэты працэс закранае і педагагічныя спецыяльнасці. У Агульнадзяржаўны класіфікатар спецыяльнасцей і кваліфікацый ужо ўнесены змяненні: некаторыя спецыяльнасці ануліраваны, іншыя змянілі назвы.

— Скарачэнне тэрміну навучання, безумоўна, унясе карэктывы ў план набору факультэта на наступны год, — гаворыць І.А.Шарапава. — У 2013 годзе педагагічны факультэт будзе набіраць абітурыентаў на тры спецыяльнасці: “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя” і “Алігафрэнапедагогіка”, без дадатковых спецыяльнасцей.

Як новаўвядзенні адаб’юцца на паводзінах абітурыентаў, пакуль можна толькі здагадвацца.

— З аднаго боку, часта моладзь прываблівала тое, што за пяць гадоў навучання можна было атрымаць дзве спецыяльнасці, асноўную і дадатковую, а ў далейшым працаваць па любой з іх, — працягвае дэкан. — Але для многіх абітурыентаў лішні год навучання таксама мае значэнне. Магчыма, чатырохгадовы тэрмін стане для іх прывабным? Акрамя таго, не трэба забывацца і пра магчымасці, якія мае выпускнік універсітэта. Калі ён адчувае, што атрыманая адукацыя не дазволіць яму ў поўнай меры рэалізавацца, то можа атрымаць другую вышэйшую адукацыю альбо прайсці перападрыхтоўку. Дарэчы, на нашым факультэце намецілася тэндэнцыя, калі па другую адукацыю прыходзяць выпускнікі іншых універсітэтаў.

У любым выпадку, ці зацікавіць абітурыентаў атрыманне вышэйшай адукацыі за 4 гады, але толькі па адной спецыяльнасці, пакажа ўступная кампанія.

— Мне чамусьці здаецца, што наш абітурыент усё роўна да нас прыйдзе, — лічыць Іна Анатольеўна.

Пры гэтым дэкан прызнае, што ў новых умовах прыйдзецца мяняць змест прафарыентацыйнай работы.

— Вопыт паказвае, што масавая прафарыентацыйная работа ўжо сябе не апраўдвае, — зазначае І.А.Шарапава. — Трэба пераходзіць на адрасную прафарыентацыю: у верасні-кастрычніку выяўляць дзяцей, арыентаваных на педагагічныя спецыяльнасці, а далей, на працягу ўсяго года, працаваць з імі індывідуальна, каб яны прыйшлі менавіта ў наш універсітэт, а не ў іншы. Трэба ўмець зацікавіць моладзь прафесіяй настаўніка. Яна асноватворная, асабліва прафесія настаўніка пачатковай школы. Як ён адпрацуе з дзецьмі першыя чатыры класы, так яны і будуць вучыцца далей. Нездарма ж бацькі першакласнікаў аддаюць іх не столькі ў школу, колькі канкрэтнаму настаўніку. Гэта вельмі адказны момант. Таму прыход у пачатковую адукацыю выпадковых, абыякавых людзей можа быць небяспечным для дзяцей.

Як умацаваць рашучасць студэнтаў працаваць у педагогіцы

Дарэчы, да пытання аб тым, што педагагічныя факультэты павінны рыхтаваць спецыялістаў менавіта для школы, прычым такіх, якія былі б нераўнадушнымі да сваёй працы…

Іна Анатольеўна Шарапава расказала, што зараз на педагагічным факультэце ВДУ імя П.М.Машэрава праводзіцца маніторынг кар’ернага росту яго выпускнікоў за апошніх пяць гадоў. Паводле сабраных даных, пераважна яны працуюць па спецыяльнасці, а калі робяць кар’еру, то ў адукацыі.

Факультэту прыходзіцца прыкладаць нямала намаганняў для таго, каб павысіць матывацыю будучых выпускнікоў заставацца ў сваёй прафесіі. Напрыклад, добрыя вынікі з гэтага пункта гледжання прыносіць студэнцкая алімпіяда “Сэрца аддаю дзецям”, якая за некалькі гадоў прыжылася на педагагічным факультэце і вельмі падабаецца студэнтам, конкурс на лепшага студэнта-практыканта. Частыя госці на факультэце — ветэраны педагагічнай працы і лепшыя выпускнікі з майстар-класамі. Вельмі добра ўмацоўваюць рашучасць працаваць у педагогіцы валанцёрскія акцыі для дзяцей, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, а таксама тых, хто застаўся без апекі бацькоў.

Пры педагагічным факультэце ВДУ імя П.М.Машэрава створаны тры вучэбна-навукова-кансультацыйныя цэнтры, адзін з якіх заснаваны на супрацоўніцтве з агульнаадукацыйнай установай — сярэдняй школай № 45 Віцебска, другі — з установамі спецыяльнай адукацыі: Віцебскай дапаможнай школай № 26, Віцебскім дзіцячым садам № 18 для дзяцей з парушэннямі маўлення, Віцебскім гарадскім цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Трэці цэнтр створаны сумесна з дашкольным цэнтрам развіцця дзіцяці № 2 Віцебска.

Гэта ўнікальная форма супрацоўніцтва, якая вельмі шмат дае і ўніверсітэту, і партнёрскім установам. Напрыклад, вучэбна-навукова-кансультацыйны цэнтр дазваляе сканцэнтраваць на базе названых устаноў практыкі студэнтаў (раней яны былі размеркаваны па ўсім горадзе). Гэта выгадна з пункта гледжання і каардынацыі практык, і іх эфектыўнасці для студэнтаў. Так, будучыя педагогі ў галіне спецыяльнай адукацыі прызвычайваюцца працаваць з асаблівымі дзецьмі і ў дашкольнай установе, і ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання, і ў спецыяльнай школе, і ў інтэграваных класах звычайнай сярэдняй школы. Студэнты вучацца працаваць з бацькамі вучняў, што з’яўляецца немалаважным навыкам для педагога. На базе другога цэнтра студэнты праводзяць кансультацыі для бацькоў. Дапаможная школа № 26 нават выдзеліла асобнае памяшканне для правядзення практычных заняткаў па спецыяльных дысцыплінах і кансультацый.

Арганізацыя студэнцкіх практык — толькі адзін з бакоў дзейнасці вучэбна-навукова-кансультацыйных цэнтраў. Акрамя таго, тут ствараецца шмат сумесных навукова-метадычных і навуковых распрацовак. Дыпломныя і магістарскія работы выконваюцца, як правіла, на базе цэнтраў па тых тэмах, якія народжаны практыкай. Тут жа потым знаходзяць прымяненне і вынікі даследаванняў.

Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by
Фота аўтара.