Гэта найстарэйшая аграрная навучальная ўстанова не толькі ў СНД, але і ў Еўропе. Ужо 170 гадоў там вучаць людзей “зямельнай” справе: што рабіць, каб зямля давала багаты ўраджай, і як рабіць, каб шкода для зямлі была мінімальнай.
Так, гаворка пойдзе пра Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках — непасрэдную пераемніцу Земляробчага вучылішча, а пасля і Горыгорацкага земляробчага інстытута, створанага ў далёкім 1848 годзе. Шмат прайшло часу, і шмат што змянілася.
Зараз акадэмія рыхтуе спецыялістаў на 9 факультэтах. Аднак людзей, якія непасрэдна звязаны з апрацоўкай зямлі і вырошчваннем культур, рыхтуюць на агранамічным і аграэкалагічным. Таму сённяшні матэрыял мы прысвецім гэтым факультэтам. Тым больш, што агульнага ў іх значна больш, чым рознага.
Акадэмія сёння
Толькі адразу пачынаць з адукацыйнага працэсу і ўмоў паступлення было б няправільна. Не толькі ў адносінах да сучаснага, але і мінулага акадэміі. Таму зробім некалькі маляўнічых мазкоў, каб расказаць, чым з’яўляецца акадэмія сёння.
Пра яе гавораць — “горад у горадзе”. 16 вучэбных карпусоў, 14 студэнцкіх інтэрнатаў і 15 тысяч студэнтаў, якія вучацца на дзённым і завочным аддзяленнях усіх факультэтаў. “Студэнты выходзяць на вуліцу і застаюцца ў акадэміі. Яны не разбягаюцца па горадзе. Студэнцкае брацтва — гэта якраз пра акадэмію”, — гаворыць Наталля Аляксандраўна Дуктава, дэкан агранамічнага факультэта.
Акадэмія — гэта і вучэбна-доследнае поле, дзе на 257 га не проста вырошчваюць гаспадарчыя культуры, а знаёмяцца з сістэмай земляробства і арашэння, вывучаюць агратэхніку і даследуюць спосабы абароны раслін, займаюцца вырошчваннем насенных матэрыялаў. “Там ёсць свой штат, аднак там працуюць і выкладчыкі, якія займаюцца навукай, і студэнты”, — гаворыць Наталля Аляксандраўна.
Акадэмія — гэта селекцыйнае поле, дзе займаюцца вывучэннем генетыкі культур і праводзяць селекцыйныя работы: скрыжаванне і адбор, і даследчая лабараторыя якасці насення, якую празвалі “мытняй для насення”, бо на ёй праходзіць паверку каля 80% усяго рыначнага насення Рэспублікі Беларусь.
Гэта і біятэхналагічны цэнтр, дзе праводзяцца даследаванні па біятэхналогіі і экалогіі, і батанічны сад, створаны яшчэ ў 1848 годзе, і дэндрарый з рэдкімі і каштоўнымі дрэвамі і кустамі. Гэта і музей глебы, адзіны ва ўсёй краіне…
Агранамічны і аграэкалагічны — дзве грані аднаго цэлага
Аграэкалагічны факультэт даволі малады. Ён быў створаны ў 1996 годзе на базе агранамічнага, што гаворыць пра асаблівае стаўленне да экалагічнай падрыхтоўкі спецыялістаў.
“Ва ўсім свеце экалагічнай накіраванасці адукацыі ў любой галіне надаецца вялікае значэнне. Без экалагічнага заключэння на вытворчасці не прымаецца ніводнае рашэнне”, — расказвае Юрый Аляксандравіч Міранкоў, дэкан аграэкалагічнага факультэта.
Мінеральныя ўгнаенні, пестыцыды — безумоўна, усім гэтым карыстаюцца ў сельскай гаспадарцы, таму будучым аграномам і даюцца экалагічныя веды. Нягледзячы на рэарганізацыю агранамічнага факультэта 17 гадоў назад, яго студэнты праходзяць многія аграэкалагічныя дысцыпліны: “Экалогія сельскай гаспадаркі”, “Глебазнаўства”, “Абарона раслін”, “Экалогія і біятэхналогіі”, “Аграхімія”. А кафедры на агранамічным факультэце рыхтуюць аграэколагаў.
Калі звярнуцца да спецыяльнасцей на факультэтах, то ўбачым, што на агранамічным факультэце рыхтуюць па класічнай спецыяльнасці “Аграномія” і па спецыяльнасці “Селекцыя і насенняводства”. Дарэчы, БСГА — адзіная ўстанова, дзе рыхтуюць селекцыянераў у насенняводчай галіне.
“Селекцыя ахоплівае ўвесь спектр культур. Аднак у рэспубліцы мы адзіныя, хто працуе з цвёрдай пшаніцай”, — расказвае Наталля Аляксандраўна Дуктава. На факультэце вучаць ствараць новыя, больш якасныя гатункі, вывядзенне якіх патрабуе і новых тэхналогій вырошчвання.
Што да аграэкалагічнага факультэта, падрыхтоўка ідзе па наступных спецыяльнасцях: “Аграхімія і глебазнаўства”, “Ахова раслін і каранцін”, “Экалогія сельскай гаспадаркі”. На аграэкалагічным факультэце таксама ёсць унікальная для аграрных устаноў спецыяльнасць — “Плодаагародніцтва”, выпускнікі якой могуць працаваць на перапрацоўчых прадпрыемствах, а таксама ў фермерскіх гаспадарках.
Выпускнікам абодвух факультэтаў прысвойваецца кваліфікацыя “аграном”. Выключэннем стала толькі спецыяльнасць “Экалогія сельскай гаспадаркі” на аграэкалагічным факультэце, выпускніку якога ў дыпломе напішуць “Эколаг”.
Сучасны аграном — гэта комплексная, маштабная прафесія. “Добры аграном павінен валодаць ведамі не толькі па сваіх профільных дысцыплінах, але і па асновах жывёлагадоўлі, таму што стварае кармавую базу для жывёл. Ён павінен быць інжынерам, таму што працуе з тэхнікай, якая будзе апрацоўваць поле. Пры гэтым ён павінен быць меліяратарам і нават эканамістам, каб падлічыць рэнтабельнасць і сабекошт прадукцыі. Патрэбен комплексны падыход, а не вузкаспецыялізаваныя веды. І патрэбна чуццё, каб правільна ў экстрэмальнай сітуацыі адрэагаваць, напрыклад, на ўмовы надвор’я”, — патлумачыла Наталля Аляксандраўна Дуктава.
Як расказалі ў акадэміі, патрэба ў кадрах аграрнага профілю (маюцца на ўвазе не толькі аграномы, але і заатэхнікі і інжынеры, якіх рыхтуюць на іншых факультэтах) у гэтым годзе ў 4 разы большая за выпуск. Толькі на агранамічны факультэт, на якім сёлета выпусцілася 80 чалавек, прыйшлі 394 заяўкі ад прадпрыемстваў.
“Спецыялісты вельмі запатрабаваныя, але, на жаль, работа не вельмі прэстыжная. Аднак нельга забываць, што мы жывём у аграрнай краіне і корміць нас менавіта аграрны сектар”, — адзначыла Наталля Аляксандраўна Дуктава.
Палявыя ўмовы
Амаль 40% навучання на факультэтах — практыка. Як на базе акадэміі (на вучэбна-доследных палях), так і ў гаспадарках. На агранамічным факультэце ёсць асобная практыка па вывучэнні машынна-трактарнага парка, калі студэнт павінен ад’ездзіць на кожным трактары пэўную колькасць гадзін. Не проста на трактары, а на агрэгатаваным (з прычапнымі прыладамі).
Асобна трэба сказаць пра вытворчую практыку-работу на 4 курсе, калі студэнты палову года працуюць на пасадах на прадпрыемствах, што прапісваецца ў дагаворы. Звычайна пасада, якую яны займаюць, — аграном.
“Калі студэнт прыходзіць на прадпрыемства як практыкант, з яго і спагнанне адпаведнае. Калі ж ён займае пасаду, безумоўна, яму плацяць грошы, аднак і патрабуюць добрага выканання сваіх абавязкаў. Выдатная практыка. За гэтыя паўгода яны атрымліваюць не менш, чым за гады навучання”, — гаворыць Наталля Аляксандраўна Дуктава.
У акадэміі ствараюцца і студэнцкія сельскагаспадарчыя атрады, якія на месяц выязджаюць на вясенне-палявыя і ўборачныя работы. Працаваць могуць як памочнікамі камбайнераў, так і аграномамі. Практыку могуць праходзіць і ў навукова-даследчых цэнтрах.
Кафедры агранамічнага факультэта маюць філіялы на вядучых прадпрыемствах, дзе добрая матэрыяльная база. Там праводзяцца выязныя заняткі са студэнтамі. Напрыклад, кафедра перапрацоўкі і захоўвання прадукцыі раслінаводства мае свой філіял у ААТ “Горыцкае”, а кафедра раслінаводства і кафедра кормавытворчасці — у Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па земляробстве.