На ІТ­-перспектыву

З выбарам будучай прафесіі сутыкаюцца ўсе вучні. І важна, каб ён быў максімальна ўсвядомленым. Гэтаму дапамагаюць класы прафарыентацыйнай накіраванасці. У сярэдняй школе № 28 Брэста сёлета з’явіліся IT-­класы.

Іх з’яўленне невыпадковае. Фраза “Я працую ў сферы ІТ” выклікае ў многіх людзей асацыяцыі з высокім заробкам, прафесійным поспехам, кар’ерным ростам і магчымасцю працаваць дыстанцыйна.

ІТ-класы выклікалі вялікую цікавасць у вучняў і іх бацькоў. Гэта перспектыўны напрамак работы. Настаўнікі інфарматыкі ву­чаць пяцікласнікаў мове праграмавання Scratch, уводзяць іх у новы прадмет, развіваюць лагічнае мысленне.

У галіне інфармацыйных тэхналогій шмат цікавых напрамкаў: вэб-дызайн, відэамантаж, 3D-графіка, робататэхніка, віртуальная дапоўненая рэальнасць, мабільныя дадаткі… Выхаванцы ІТ-класаў знаёмяцца з імі на занятках. Гэта вельмі важна, бо даволі часта выпускнікі, якія пасту­паюць на ІТ-спецыяльнасці, цьмяна ўяўляюць, з чым сутыкнуцца ў будучай прафесіі, і, бывае, хутка расчароўваюцца ў ёй. Паглыбленае вывучэнне інфарматыкі ў школе дазваляе пазбегнуць гэтай праблемы: дзеці дакладна ведаюць, чым займаюцца пэўныя спецыялісты ў сферы ІТ-тэхналогій.

Вучні з задавальненнем наведваюць заняткі. Так, пяцікласніца Мар’яна Янюк лічыць, што вучоба ў ІТ-класе добра матывуе да высокіх вынікаў у вучобе, дазваляе зірнуць у перспектыву. Дзяўчынка лічыць галоўным не работу на камп’ютары ці знаёмства з чымсьці новым, а магчымасць паступова вызначыцца з прафесійнай будучыняй.

З аднакласніцай згодны Міхаіл Сыч: “У ІТ-сферы надзвычай важна быць сапраўдным профі, а для гэтага трэба шмат ведаць і ўмець. І чым раней азнаёмішся з гэтай галіной ведаў, тым лепш”.

Усё новае выклікае шмат пытанняў, найперш у бацькоў. Некаторыя з іх не ведаюць, ці ёсць сэнс вучыцца ў ІТ-класе, калі дзеці не збіраюцца станавіцца праграміс­тамі. Вядома, ёсць! Вучоба ў такім класе істотна павышае матывацыю да набыцця новых ведаў, развівае лагічнае і абстрактнае мысленне, раскрывае творчы патэнцыял, фарміруе навыкі каманднай работы.

З якога ўзросту мэтазгодна вучыць сучасных дзяцей інфарматыцы, калі многія з іх ужо ў 3—4 гады з гаджэтамі на ты? Сам прадмет школьнікі пачы­наюць вывучаць толькі ў 6 класе, але з камп’ютарам іх можна азнаё­міць, найперш у гульнявой форме, і ў 6-гадовым узросце. Як правіла, дашкольнікі і малодшыя вучні ўмеюць карыстацца толькі смартфонамі, планшэтамі і рознымі сэнсарнымі гаджэтамі, а з камп’ютарамі яшчэ не знаёмы. Яны не ведаюць, як правільна перамяшчаць мышку, дзе на клавіятуры знаходзіцца пэўная клавіша, асабліва са спецыяльнымі знакамі. Лічу, што сучасныя дзеці павінны ўпэўнена эксплуатаваць камп’ютар!

Ці неабходны асаблівы склад розуму і пэўныя інтэлектуальныя здольнасці, каб стаць праграмістам? Важна быць уседлівым, творча падыходзіць да розных задач, умець лагічна выбудоўваць уласныя дзеянні… Матэматычны склад розуму пажаданы, хаця зусім не абавязкова добра лічыць. Так, вэб-дызайнерам не трэба ведаць, як рашаць складаныя матэматычныя задачы.

У вучняў ёсць выбар, чым займацца: графікай, сайтамі, мабільнымі дадаткамі… Гэта абсалютна розныя напрамкі і розныя мовы праграмавання. Кожны з іх трэба вывучаць асобна.

Выбіраючы прафесійную будучыню для дзяцей, бацькам варта прыслухацца да іх жаданняў. Прымушаць нікога нельга, як нельга і спыняцца пры першых цяжкасцях. Трэба настойліва трэніравацца далей.

ІТ-сфера прыцягвае і хлопчыкаў, і дзяўчынак. Першым больш уласцівы лагічны падыход, другім — творчы. Натуральна, што выкананыя імі заданні даюць розны вынік.

На занятках дзеці ствара­юць простыя камп’ютарныя гульні на мове Scratch. Гэта выдатны старт у свет праграмавання. У далейшым дзеці могуць перайсці да складаных гульняў, скрыптавых моў праграмавання накшталт Python ці выбраць іншы ІТ-напрамак. Канечне, не ўсе з вучняў стануць праграмістамі ці вэб-дызайнерамі, але любыя дадатковыя заняткі ідуць на карысць інтэлекту і творчасці.

Хацелася б, каб ІТ-класы мелі шэфаў з ліку ўніверсітэтаў і вядучых ІТ-кампаній, зацікаўленых у будучых абітурыентах і кадрах. Надзвычай важныя і зносіны школьнікаў з IT-спецыялістамі. У ідэале вучні павінны мець магчымасць праходзіць практыку ў IT-кампаніях, збірацца ў праектныя каманды і ў якасці юных распрацоўшчыкаў вырашаць розныя сацыяльныя задачы: распрацоўваць дадаткі для грамадскага транспарту, бібліятэк, медыцынскіх устаноў… Старшакласнікам не за­шкодзяць і спецыяльныя курсы па красамоўстве, паколькі праект трэба не толькі распрацаваць, але і цікава прэзентаваць. 

Кажуць, што мода на праграмістаў неўзабаве пройдзе, як прайшла мода на бухгалтараў у 90-я гады. Пакуль гэтага не прадбачыцца. Прагрэс не стаіць на месцы, з’яўляюцца новыя тэхналогіі, стваральнікамі якіх, хочацца спадзявацца, будуць і выпускнікі ІТ-класаў — будучыя навукоўцы, інжынеры, канструктары, праграмісты.

Вікторыя АСТРОЎСКАЯ,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 28 Брэста.