На малой радзіме — ветразі надзеі

На ўездзе ў Воранава з боку Гродна за вялікімі дрэвамі можна ўбачыць шматпавярховыя будынкі, акуратную зялёную тэрыторыю з клумбамі, стадыён — тут размяшчаецца Воранаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці.

У майстэрні.

Гісторыя гэтай установы пачалася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя: 19 сту­дзеня 1950 года была створана Воранаўская школа механізацыі сельскай гаспадаркі. Размяшчалася яна ў вёсцы Гайцюнішкі. З таго часу назва ўстановы некалькі разоў мянялася. Сучасную назву каледж набыў у 2009 годзе.

Мянялася не толькі назва — час патрабаваў і змен структуры спецыяльнасцей у адпаведнасці з патрэбамі рэгіёна.

— Наш раён пераважна сельскагаспадарчы, таму рыхтуем спецыялістаў для гэтай галіны, — гаворыць дырэктар каледжа Іван Адамавіч Кахоцкі. — Важна падрыхтаваць спецыяліста, які атрымае добрую прафесію і кваліфікацыю ў сценах каледжа і застанецца працаваць на роднай зямлі.

Лёс самога дырэктара пацвяр­джае гэтую думку. Іван Адамавіч скончыў Воранаўскі каледж, потым атрымаў вышэйшую адукацыю і вярнуўся працаваць на родную Воранаўшчыну. Прайшоў шлях ад майстра вытворчага навучання да дырэктара. У наступным годзе будзе 40 гадоў, як ён тут працуе.

Зрэшты, Іван Адамавіч не адзіны, хто прайшоў такі шлях. Алеся Альбертаўна Кахновіч на выдатна скончыла Воранаўскі каледж у 2009 годзе па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”, потым — Пінскі дзяржаўны індустрыяльна-педагагічны каледж і з таго часу працуе ў родным каледжы майстрам вытворчага навучання, вырасла да пасады намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Засталіся працаваць у кале­джы маладыя спецыялісты Дзяніс Віталь­евіч Жалнерчык, Павел Баляслававіч Ладыка, Марына Мар’янаўна Багдзюн. Гэта сведчыць пра тое, што да сваіх навучэнцаў у каледжы ставяцца вельмі ўважліва, заўважаюць іх стараннасць і адказ­насць, падтрымліваюць ва ўсім.

Такі шырокі спектр прафесійных магчымасцей прываблівае абітурыентаў не толькі з Воранаўшчыны. І што цікава, не толькі хлопцаў. Вучацца на гэтых тэхнічных спецыяльнасцях і дзяўчаты.

— Добра памятаю момант, калі Інеса Буйневіч прынесла дакументы ў каледж, — успамінае метадыст каледжа Лілія Вацлаваўна Гайдукевіч. — Прыгажуня з доўгай касой адразу звярнула на сябе ўвагу, а калі заявіла, што з дзяцінства марыла вадзіць машыну і хоча паступіць у наш каледж, сумневу ў яе намеры не засталося. А праз год у каледж паступіў і яе брат.

Прываблівае абітурыентаў і тое, што кожны атрымлівае месца ў інтэрнаце. Ёсць магчымасць атрымліваць не толькі стыпендыю, але і заробак праз дадатковую працоўную занятасць, удзел у будаўнічых атрадах. Дадатковая занятасць — гэта пашыў пасцельнай бялізны ў майстэрні каледжа, работа ў вучэбнай гаспадарцы. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Воранаўскага райвыканкама забяспечвае сродкамі на набыццё тканіны, нітак, а таксама аплачвае працу навучэнцаў. Вырабленую пасцельную бялізну атрымліваюць дамы-інтэрнаты, бальніцы і іншыя сацыяльныя ўстановы вобласці.

У цяпліцы.

Сёння ў каледжы на аснове базавай адукацыі вя­дзецца навучанне па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання” з тэрмінам навучання 2 гады і 10 месяцаў, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі з тэрмінам навучання 1 год —“Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання” і “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. Потым можна працягнуць навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці “Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вы­творчасці (вытворчая і педагагічная дзейнасць)” і атрымаць кваліфікацыю “тэхнік-электрык. Майстар вытворчага навучання”. Навучэнцы розных спецыяльнасцей атрымліваюць навыкі па некалькіх кваліфікацыях — “трактарыст-машыніст катэгорый “А”, “В”, “Д”, “слесар па рамонце сельскагаспадрчых машын і абсталявання”, “вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”, “электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання 3 разрада”, “трактарыст катэгорыі “А” і “В”, “вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”.

Каб прадэманстраваць ўмовы вучобы і астатнія плюсы Воранаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці, тут вядуць актыўную работу з абітурыентамі. Няма, напэўна, ніводнага школьніка Воранаўскага і суседніх раёнаў, якія б тут не пабывалі.

Пачынаюць экскурсіі з паказу матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа.

А гэта 1120 вучэбных месцаў, у тым ліку 760 — для тэарэтычнага навучання і 360 — для прак­тычнага навучання ў сучасных майстэрнях па ўсіх спецыяльнасцях, вучэбная гаспадарка, дзе на практыцы ўдасканальваюцца ўменні будучых спецыялістаў. Ды і самі навучэнцы каледжа пастаянна ро­бяць прафарыентацыйныя захады. Як успрымаць размешчаны ў адной з сацыяльных сетак фотаздымак з подпісам “Мой першы дзень на трактары”? Толькі як пачуццё гордасці за справу, якой тут навучаюць.

Пра якасць адукацыі гаворыць і тое, што Воранаўскі каледж з’яўляецца вядучай установай у сістэме ПТА па кірунку “Навукова-метадычнае забеспячэнне прафесійна-тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання” кваліфікацыі “электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання” на 2019—2024 гады.

— У рамках рэалізацыі згаданага кірунку прайшлі прадметны ты­дзень па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання” і ты­дзень прафесійнага майстэрства “Лепшы па прафесіі”, распрацаваны прэзентацыі па вучэбным прадмеце “Спецыяльная тэхналогія”, матэрыялы тэставых заданняў па прадмеце “Асновы эканомікі”, відэаўрокі па прадмеце “Асновы эканомікі” і па тэме “Рэлейная ахова трансфарматараў”, прайшлі адкрытыя заняткі “Прыкладная інфарматыка”, “Ахова працы”, “Электратэхніка”, — расказаў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Андрэй Іванавіч Казлоў. — Так, майстар вытворчага навучання Валерый Сцяпанавіч Буця правёў урок па тэме “Пускарэгулюючая апаратура”, дзе прадэманстраваў навучэнцам усе прыборы і схемы, даў тлумачэнні па іх рабоце. Дарэчы, В.С.Буця за высокія дасягненні ў рабоце нядаўна быў занесены на раённую Дошку гонару.

Д ля якаснай падрыхтоўкі навучэнцаў, замацавання тэарэтычных ведаў, адпрацоўкі практычных навыкаў яшчэ ў 1974 годзе была створана вучэбная гаспадарка, якая ўключала тэхніку — трактары, пагрузчыкі, а таксама зямельныя плошчы ў 410 гектараў, статак сельскагаспадарчых жывёл. Усе работы па іх доглядзе вяліся работнікамі тагачаснага вучылішча з дапамогай навучэнцаў. У 1982 го­дзе быў пабудаваны тыпавы кароўнік на 200 галоў. На палях вучэбнай гаспадаркі вырошчваліся бульба, буракі, морква, капуста, ячмень, жыта, авёс, лубін.

У музейным пакоі “Вытокі”.

І сёння вучэбная гаспадарка застаецца месцам практыкі. Тут прахо­дзяць вытворчае навучанне трактарысты-машыністы — ­здзяйсняюць ворыва, культывацыю, сяўбу, уборку. У цяпліцах вучэбнай гаспадаркі вырошчваюцца агуркі, памідоры, перац, цыбуля, буракі, капуста, часнок, кветкі. У яблыневым са­дзе растуць два гатункі яблынь — Гемонта і Беларуская салодкая. Таксама ёсць пчальнік. Вырашчаная прадукцыя ідзе ў сталовую каледжа, прадаецца ва ўласным магазіне. Яе кошт значна ніжэйшы, чым у іншых. Танней можна набыць тут і нехарчовыя тавары, што вельмі зручна для навучэнцаў, якія жывуць у інтэрнаце.

Жыццё навучэнцаў і выкладчыкаў Воранаўскага каледжа напоўнена не толькі вучобай і практыкай — яны вельмі актыўныя ў творчасці, спорце, грамадскіх справах.

— Каманды каледжа ­ўдзельнічаюць у раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх спаборніцтвах, дзе займаюць прызавыя месцы ў многіх відах спорту, пра што сведчыць мноства грамат, дыпломаў і кубкаў, — гаворыць выкладчык фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Уладзіміравіч Самускевіч. — Мы ганарымся сваім навучэнцам, кандыдатам у майстры спорту Артурам Тубелевічам, які сёлета заняў 1-е месца на дыстанцыі 3000 метраў у фінальных спаборніцтвах Рэспубліканскай спартакіяды. Займацца фізкультурай і спортам нашы навучэнцы могуць у шматлікіх секцыях і гуртках агульнай фізічнай падрыхтоўкі, секцыях “Меткі стралок”, “Настольны тэніс”, “Валейбол”, “Цудоўныя шашкі”. Свайго басейна ў Воранаве няма, але возім навучэнцаў у басейн у Ліду. Работа, якая право­дзіцца, прыводзіць да поспехаў — па выніках выступленняў у спартакія­дзе сярод навучэнцаў прафесійна-тэхнічнай адукацыі калектыў каледжа неаднаразова займаў высокія месцы ў Гродзенскай вобласці.

Ёсць дасягненні і ў творчых конкурсах. Дыпломамі I, II і III ступеней адзначаны навучэнцы па выніках выступленняў на абласным этапе Рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “АРТ-вакацыі-2021”. Так, Ілья Прэсны атрымаў дыплом I ступені ў намінацыі “Інструментальны жанр”, Інеса Радзюн і Алеся Жэмайтук — дыплом II ступені ў намінацыі “Тэатральны жанр”, Арцём Чывель — дыплом III ступені ў намінацыі “Інструментальны жанр”. Навучэнец каледжа Дзмітрый Конан атрымаў гран-пры на раённым фестывалі патрыятычнай песні “Ветразь надзеі”.

— Гэтыя творчыя дасягненні сталі магчымыя дзякуючы актыўнай рабоце педагога-арганізатара Святланы Люцыянаўны Вашкевіч і педагога дадатковай адукацыі Юрыя Часлававіча Юзвіка, — гаворыць Лілія Вацлаваўна Гайдукевіч. — Яны здольны ўбачыць талент і падтрымаць кожнага навучэнца. Так, у мінулым годзе Дзяніс Багдзевіч стаў прызёрам другога этапу рэспубліканскага інфармацыйна-прафарыентацыйнага праекта “ПРАФ-БУМ-2020”. Дзякуючы падтрымцы педагогаў Дзяніс стварыў відэаролік аб сваёй будучай прафесіі трактарыста.

У Воранаўскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці створаны віртуальны музей, прысвечаны гісторыі Воранаўшчыны. Нядаўна тут адбылася значная падзея — адкрыццё музейнага пакоя “Вытокі”. Экспазіцыя прысвечана гісторыі ўстановы. Супрацоўнікі кале­джа Наталля Мікалаеўна Бобіна, Іван Стэфанавіч Місюра, Валерый Сцяпанавіч Буця, Святлана Люцыянаўна Вашкевіч прыклалі шмат намаганняў, каб стварыць экспазіцыю.

— Нашы выкладчыкі, майстры вытворчага навучання умеюць працаваць і вучаць гэтаму сваіх навучэнцаў, — гаворыць пра калектыў дырэктар.

Сёння сотні выпускнікоў Воранаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці працягваюць працаваць на сваёй малой радзіме, атрымаўшы такія важныя на ўсе часы прафесіі сельскіх працаўнікоў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.