Два гады назад на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ была ўтворана кафедра біямедыцынскай інфарматыкі. Яна з’яўляецца выпускаючай па спецыялізацыі “праграмнае забеспячэнне сістэм аўтаматызацыі” (спецыяльнасць “Інфарматыка”), і сёлета тут адбыўся першы выпуск матэматыкаў — сістэмных праграмістаў, якія валодаюць унікальнымі ведамі ў галіне біямедыцынскай інфарматыкі.
Пра асаблівасці падрыхтоўкі і запатрабаванасць такіх спецыялістаў мы гутарым з загадчыкам кафедры Юрыем АРЛОВІЧАМ.
— Юрый Леанідавіч, ваша кафедра ўнікальная ў сваім родзе. Ужо на ўзроўні першай ступені вышэйшай адукацыі студэнты-матэматыкі з дапамогай інфармацыйных тэхналогій вучацца вырашаць задачы медыцыны і біялогіі. Як атрымалася, што такія складаныя навукі з’явіліся і прыжыліся на “праграмісцкім” факультэце?
— Біяінфарматыка і медыцынская інфарматыка маюць вельмі важнае прыкладное значэнне. У свеце, а таксама ў нашай краіне імкліва пашыраюцца такія галіны даследаванняў, як апрацоўка і аналіз медыцынскіх выяў, вылічальная геноміка, камп’ютарныя метады стварэння новых лекаў і інш. У сувязі з гэтым і з’явілася патрэба ў кваліфікаваных спецыялістах, здольных распрацоўваць і ўкараняць новыя біямедыцынскія тэхналогіі на практыцы.
Вялікая заслуга ў стварэнні кафедры біямедыцынскай інфарматыкі належыць доктару фізіка-матэматычных навук, прафесару, члену-карэспандэнту НАН Беларусі Аляксандру Васільевічу Тузікаву, які з’яўляецца генеральным дырэктарам Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі (АІПІ) НАН Беларусі і навуковым кiраўнiком нашай кафедры. Выкладчыкі факультэта даўно супрацоўнічаюць з гэтым інстытутам, маюць вопыт работы і навуковыя дасягненні ў адпаведных галінах, удзельнічаюць у міжнародных біяінфарматычных праектах. Аляксандр Васільевіч бачыў, што тут ёсць усе магчымасці для арганізацыі такой кафедры — і навукова-педагагічныя кадры, здольныя ажыццяўляць падрыхтоўку сучасных спецыялістаў, і студэнты, якія гатовы спецыялізавацца ў згаданай галіне. Так, са з’яўленнем нашай кафедры на ФПМІ пачаў развівацца новы напрамак адукацыі і навукі — біямедыцынская інфарматыка.
— Скажыце, наколькі апраўдаліся чаканні? Шмат жадаючых сярод студэнтаў спецыялізавацца ў гэтай сферы?
— Размеркаванне па кафедрах адбываецца ў канцы 2 курса, і мы загадзя ведаем, хто да нас прыйдзе. Адразу скажу, што трапіць на біямедыцынскую інфарматыку няпроста, бал паспяховасці павінен быць вельмі высокі. Напрыклад, сёлета да нас прыйшлі студэнты з сярэднім балам 8,3. Зразумела, яны добра падрыхтаваны па асновах матэматыкі і гатовы развівацца далей.
— Сёлета адбыўся першы выпуск па спецыялізацыі “праграмнае забеспячэнне сістэм аўтаматызацыі”, і можна падвесці першыя вынікі. Куды размеркаваліся выпускнікі?
— Наша кафедра выпусціла 11 чалавек, і трэба сказаць, што гэты першы выпуск даволі паспяховы. Так, трое наваспечаных спецыялістаў пайшлі ў Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі (адны — на работу, другія — у магістратуру), і яшчэ чацвёра паступаюць у магістратуру БДУ. Такім чынам, больш за палову выпускнікоў звязалі сваё жыццё з тым, што вывучалі на кафедры.
Астатнія выпускнікі пайшлі ў
ІТ-кампаніі. Натуральна, размеркаваліся
ўсе, бо спецыялісты, якія ўмеюць працаваць з вялікімі аб’ёмамі даных, разумеюць матэматыку і праграмаванне,
надзвычай запатрабаваны ў любой высокатэхналагічнай сферы.
— Юрый Леанідавіч, магчыма, ужо былі цікавыя дыпломныя праекты, звязаныя з медыцынай ці біялогіяй, навуковыя даследаванні студэнтаў?
— Нашы студэнты неаднаразова выступалі на навуковых канферэнцыях, у тым ліку міжнародных, маюць публікацыі ў часопісах — і гэта добры задзел для будучай работы і вучобы ў магістратуры. Безумоўна, ёсць і цікавыя дыпломныя праекты. Напрыклад, мой дыпломнік выконваў работу, якая звязана з пошукам крыніцы інфекцыі і яе распаўсюджаннем у асяроддзі хворых. Такая задача была прапанавана былым супрацоўнікам механіка-матэматычнага факультэта БДУ, а цяпер прафесарам факультэта інфарматыкі Універсітэта Джорджыі (Атланта, ЗША) Паўлам Валянцінавічам Скумсам. І, трэба сказаць, наш выпускнік паспяхова справіўся з пастаўленай задачай. Тэзісы яго даследавання былі прадстаўлены на навуковай канферэнцыі па біяінфарматыцы ў Іспаніі, плануецца апублікаванне артыкула ў міжнародным часопісе.
— А якія навуковыя даследаванні праводзяць супрацоўнікі кафедры?
— Асноўны напрамак даследаванняў, які даўно развіваецца супрацоўнікамі кафедры, — гэта метады аналізу і распазнавання медыцынскіх выяў. З новага — аналіз паўнагеномных даных. Звычайна даследаванні ў гэтым напрамку праводзяцца дзеля выяўлення маркераў лекавай устойлівасці бактэрый. Таксама сярод распрацовак — матэматычныя метады і алгарытмы малекулярнай эпідэміялогіі, матэматычнае мадэляванне бялковых узаемадзеянняў. Вельмі цікавая новая галіна — камп’ютарнае праектаванне лекаў. У Аляксандра Васільевіча Тузікава ў суаўтарстве з супрацоўнікамі нашай кафедры выйшла манаграфія на гэтую тэму. У прыватнасці, у іх ёсць распрацоўкі, скіраваныя на барацьбу з ВІЧ і туберкулёзам.
Дарэчы, усе згаданыя напрамкі будуць складаць аснову прафілізацыі ў магістратуры, якую плануецца адкрыць ужо ў 2020 годзе.
— Навука — справа калектыўная. Вы сказалі, што плённа ўзаемадзейнічаеце з Аб’яднаным інстытутам праблем інфарматыкі НАН Беларусі. А з кім яшчэ?
— У нас добрыя сувязі з рознымі ўстановамі Нацыянальнай акадэміі навук. Іх спецыялісты чытаюць у нас спецкурсы, і гэта вельмі захапляе студэнтаў. Да нас часам прыходзяць прадстаўнікі іншых спецыяльнасцей, каб паслухаць пэўныя тэмы.
Імклівае развіццё медыцыны і біялагічных навук у апошні час стала магчымым дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям. Менавіта з ІТ звязваюць сёння прагназуемы рост працягласці жыцця людзей і яго якасць. У сувязі з гэтым біямедыцынская інфарматыка становіцца адным з найважнейшых напрамкаў ІТ-сферы. Тут, на скрыжаванні праграмавання і біялагічных навук, будуць стварацца прарыўныя тэхналогіі будучыні, таму так важна рыхтаваць не проста праграмістаў, а людзей, якія ведаюць сумежную галіну, гатовых плённа супрацоўнічаць з генетыкамі, фармацэўтамі, урачамі.
Што да супрацоўніцтва з замежнымі ўстановамі, то гэта Цэнтр вылічальнай біялогіі Універсітэта Канзаса (Лорэнс, ЗША). Разам мы рэалізоўваем сучасныя праекты па структурнай біяінфарматыцы, і, напрыклад, зараз наша супрацоўніца Ганна Юр’еўна Хадаровіч праходзіць там летнюю стажыроўку.
Супрацоўнічаем з Нацыянальным інстытутам алергічных і інфекцыйных захворванняў сістэмы нацыянальных інстытутаў здароўя ЗША, з Універсітэтам навук аб жыцці (Нарвегія), з Інстытутам апрацоўкі выяў (Утрэхт, Нідэрланды). У нас ёсць сумесныя праекты (яны праходзяць праз АІПІ), і ў многіх з іх удзельнічаюць студэнты. Сёлета пачалі супрацоўніцтва ў галіне малекулярнай эпідэміялогіі з Універсітэтам Джорджыі (Атланта, ЗША). Акрамя таго, маем добрыя сувязі ў галіне матэматыкі з універсітэтамі Францыі, Германіі, Аўстрыі.
— А нашы медыцынскія ўніверсітэты, медыцынскія цэнтры праяўляюць цікавасць да такіх даследаванняў?
— Даследаванні для айчынных медыцынскіх устаноў праводзіць Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі, і нашы выкладчыкі таксама ўдзельнічаюць у іх выкананні. Але прамога ўзаемадзеяння пакуль няма. Пераважна з намі імкнуцца звязацца партнёры з-за мяжы. Там зараз сапраўдны бум біяінфарматыкі, на даследаванні выдзяляецца велізарнае фінансаванне, і яны зацікаўлены ў новых ідэях і іх развіцці, у супрацоўніцтве і акадэмічных абменах. Усё гэта надзвычай перспектыўна.
Ва ўдзеле нашых студэнтаў і выкладчыкаў у міжнародных праектах ёсць вялікі плюс. Гэта сведчыць пра тое, што яны валодаюць каштоўнымі ведамі і могуць рэалізаваць іх у рамках розных стартапаў. Думаю, гэта наша недалёкая будучыня, якая звяжа розныя беларускія ўстановы з кафедрай біямедыцынскай інфарматыкі.
— Можна сказаць, што біёлагам і ўрачам без матэматыкаў — нікуды?
— Калі казаць пра сучасную навуку, то так. Каб прааналізаваць вялікія даныя і выявіць пэўныя заканамернасці ці перадумовы той ці іншай з’явы, патрэбен камп’ютарны аналіз даных. І на Захадзе медыцына і матэматыка, біялогія і матэматыка — непадзельныя.
Дарэчы, мы імкнёмся прыцягваць для чытання лекцый замежных спецыялістаў. У 2018/2019 навучальным годзе арганізавалі 4 візіты: прыязджалі два спецыялісты з ЗША, адзін — з Германіі і адзін — з Францыі. У аўдыторыі падчас такіх лекцый не хапае крэслаў: акрамя студэнтаў і супрацоўнікаў нашага, біялагічнага, механіка-матэматычнага і іншых факультэтаў БДУ, прыходзяць людзі з інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук. Гэта сведчыць пра тое, што попыт на новыя веды ў галіне біямедыцынскай інфарматыкі велізарны.
Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.