Што трэба ведаць тым, хто марыць пра прафесію архітэктара?
Міжнародную прэмію імя Лазара Хідэкеля ўпершыню ўручылі маладым архітэктарам у Беларусі.
Першы ў свеце супрэматычны архітэктар, вучоны і педагог-наватар, адзін з заснавальнікаў знакамітага УНОВІСа і аўтар першага экалагічнага архітэктурнага маніфеста XX стагоддзя, дэкан архітэктурнага факультэта, прафесар Ленінградскага інжынерна-будаўнічага інстытута Лазар Хідэкель родам з Віцебска. Тут у 14 гадоў ён прыйшоў запісвацца ў народнае мастацкае вучылішча, і ў парадку выключэння яго прынялі. Праз два гады таленавіты вучань Марка Шагала і Казіміра Малевіча ўзначаліў у вучылішчы архітэктурныя майстэрні.
З работ перыяду УНОВІСа перад намі паўстаюць касмічныя станцыі зямлян, пазней Лазар Хідэкель звярнуўся да праектавання футурыстычных экагарадоў — нездарма цяпер, калі тэма экалогіі стала бясспрэчным прыярытэтам ва ўрбаністыцы, яго называюць першым зялёным архітэктарам. У сваёй творчасці віцяблянін неверагодна апярэдзіў час і добра гэта ўсведамляў, кінуўшы аднойчы крылатае: “Нас зразумеюць праз стагоддзе”. Выказванне аказалася не толькі трапным, але і прароцкім.
У 2013 годзе Таварыства Лазара Хідэкеля заснавала спецыяльную прэмію для сучасных аўтараў за інавацыйныя і экалагічныя рашэнні ў праектах і штогод прысуджае яе маладым архітэктарам. Уручэнне прэміі ў Мінску ініцыіравана цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і арганізавана пры падтрымцы Таварыства Лазара Хідэкеля, кампаніі А1, Пасольства ЗША ў Беларусі, Беларускага саюза архітэктараў, Міжнароднага саюза архітэктараў (UIA) і Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў (IAUA).
Паводле меркавання ганаровага члена Таварыства Лазара Хідэкеля, распрацоўшчыка генеральнага плана перабудовы World Trade Center у Нью-Ёрку, аўтара праектаў яўрэйскага музея ў Берліне, Капенгагене і Сан-Францыска Даніэля Лібескінда, геніяльны віцебскі супрэматыст не мае патрэбы ў прадстаўленні. І асабліва важная яго цікавасць да гарадоў будучыні, якія дэманструюць сацыяльную адказнасць архітэктараў перад людзьмі, даюць ім новыя дзіўныя спосабы для жыцця.
“Уяўленне Хідэкеля не мае межаў, і я думаю, што гэта робіць яго натхняльным прыкладам для студэнтаў-архітэктараў і тых, хто, магчыма, дзякуючы яму, яшчэ будзе архітэктарам”, — падкрэсліў Даніэль Лібескінд.
Лаўрэатамі сталі трое пераможцаў конкурсаў, што праводзіліся ў рамках фестывалю “Архітэктурная восень — 2019”: Мінскага міжнароднага біенале маладых архітэктараў “Леанарда” і Рэспубліканскага конкурсу дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ. Прэміяй адзначаны калектыў студыі WXCA з Варшавы — за праект польскага павільёна для сусветнай выставы “ЭКСПА-2020” у Дубаі, Сяргей Быкаў з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта — за праект тэхнічнага цэнтра аўтамотаспорту ў Раўбічах і Аляксандра Арасланава з Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа — за канцэпцыю стварэння архітэктурна-археалагічнага комплексу на плошчы 1000-годдзя ў Віцебску.
— Тэму дыпломнага праекта мне прапанавала яго кіраўнік выкладчык каледжа Наталля Харытонава, — расказала Аляксандра. — Віцебск — горад з тысячагадовай гісторыяй, які ў сацыяльных катаклізмах XX стагоддзя страціў значную частку архітэктурна-археалагічнай спадчыны. Вынік увасаблення радыкальных горадабудаўнічых канцэпцый, масавага зносу і новага будаўніцтва ў гістарычным цэнтры — практычна поўная, беззваротная страта верхняга і ў значнай ступені ніжняга замкаў. Плошча 1000-годдзя — частка гістарычнага цэнтра, якая мае статус помніка горадабудаўніцтва рэспубліканскага значэння, знаходзіцца ў зоне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Гэтая адзіная незабудаваная (за выключэннем Благавешчанскай царквы XII стагоддзя) тэрыторыя ніжняга замка мае шматвяковы археалагічны культурны пласт і ў сувязі з гэтым значны рэгенерацыйны патэнцыял. Яна ўяўляецца мне апошняй магчымасцю аднаўлення старажытнай сярэднявечнай планіроўкі, што адлюстравана ў канцэпцыі праекта. Мы прапанавалі стварыць архітэктурна-археалагічны комплекс з шырокім спектрам функцый, уключаючы архітэктурна-археалагічны парк, музеі архітэктуры і археалогіі, музей фатаграфіі, гасцініцу, горад рамеснікаў, Дом архітэктара. Па сутнасці, можа атрымацца старажытны горад у сучасным Віцебску.
Каб асабіста ўзнагародзіць маладых архітэктараў і праанансаваць праграму ўрачыстасцей, прысвечаных 100-годдзю УНОВІСа ў Беларусі, у мінулую суботу ў Мінск прыехала сям’я Лазара Хідэкеля — сын Марк разам з жонкай Рэгінай і сынам Раманам.
— Мы найперш адзначаем менавіта інавацыйны і экалагічны падыход у работах, — пракаменціраваў Марк Хідэкель, архітэктар і дызайнер, старшыня Таварыства Лазара Хідэкеля і журы прэміі. — Тэма экалогіі ў жыццёвай прасторы людзей запатрабавана з тых часоў, як паўстала чалавецтва, але ўпершыню сфармуляваў яе менавіта мой бацька — у маніфесце “Аэра” ў 1920 годзе. Там было сказана, што задача архітэктара — абараніць чалавека ад стыхійных бедстваў і захаваць зямлю некранутай, каб перадаць яе наступным пакаленням. Зараз мы бачым, што ўсё больш моладзі таксама стала звяртацца да гэтай тэмы, таму ў нас узнікла ідэя заахвочваць тых, хто глядзіць у будучыню вачыма супрэматыста. Напярэдадні 100-годдзя УНОВІСа наша ўвага была накіравана на Беларусь, і цалкам лагічна, што прэмія прыйшла на тую зямлю, якая і нарадзіла ўсе гэтыя ідэі. З супрэматызму вырасла не толькі сучасная архітэктура, але і канцэптуальнае мастацтва, урбаністыка і экалагічнае мысленне. Я вельмі рады, што імя майго бацькі і настаўніка вярнулася на радзіму.
На наступны дзень сям’я Хідэкель наведала радзіму архітэктара. Сустрэча ў музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча з прадстаўнікамі ўлады, бізнесу, грамадскіх арганізацый дала пачатак серыі мерапрыемстваў у гонар 100-годдзя УНОВІСа, ініцыятарамі якіх з’яўляюцца Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і музей гісторыі ВНМВ пры падтрымцы кампаніі А1.
Як паведаміў дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў, маштабная праграма стартуе выставай юных мастакоў з Беларусі, Іспаніі, Польшчы і ЗША, ад Віцебска на ёй прадстаўлена амаль 20 авангардных работ. На цяперашні момант экспазіцыя з поспехам праходзіць у іспанскай Марбельі, затым яе змогуць убачыць у ЗША, Польшчы і ў студзені выстава адкрыецца ў Беларусі. У лютым адбудуцца міжнародная канферэнцыя ў Віцебску і першая ў Беларусі (па задуме арганізатараў — найбуйнейшая) персанальная выстава работ Лазара Хідэкеля. Таксама запланаваны выставы Давіда Якерсона, студэнцкага плаката. Шэраг творчых праектаў, у тым ліку з міжнародным удзелам, будзе рэалізаваны на працягу года.
Па словах доктара мастацтвазнаўства Рэгіны Хідэкель, важным складнікам сусветнай вядомасці мастака з’яўляецца стаўленне да яго мастацтва на радзіме. Калі карані падсілкоўваюцца з родных мясцін, гэта заўсёды дае добры плён. Імпульс прызнання, разумення, павагі да творцаў УНОВІСа, які ідзе сёння з Беларусі, можа вельмі моцна паўплываць на тое, каб роля аб’яднання стала ў разы больш вядомая ў глабальным маштабе.
— Веру ў тое, што вобраз Хідэкеля — чалавека, які не баяўся марыць і будаваць будучыню, паслужыць натхненнем для ўсіх нас і стане яшчэ адным брэндам нашай краіны, — заўважыла заснавальнік Цэнтра беларуска-яўрэйскай спадчыны Мая Кацнельсон.
Для кампаніі A1 гэта магчымасць падкрэсліць важнасць дасягненняў азначанага перыяду для нацыянальнай культуры.
“Удзельнікі творчага аб’яднання УНОВІС прапанавалі многія інавацыйныя і перадавыя ідэі задоўга да таго, як нешта падобнае было створана ў іншых краінах, — паведаміў кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі A1 Віктар Пазднякоў. — Таму нам здаецца асабліва важным вяртаць гэтую мастацкую і інтэлектуальную спадчыну ў Беларусь, а таксама нагадваць пра тое, што звязвае нашу краіну з агульнасусветным культурным кантэкстам. Мы вельмі рады, што гэты маштабны праект пачынаецца з візіту ў Віцебск нашчадкаў Лазара Хідэкеля.
Дарэчы
На архітэктурна-будаўнічым аддзяленні Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа праходзяць падрыхтоўку амаль 400 навучэнцаў (16 груп). Навучанне вядзецца па спецыяльнасцях “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” (па напрамках), “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, “Вытворчасць будаўнічых вырабаў і канструкцый”, “Архітэктура” (са спецыялізацыяй “Архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў). Будучыя тэхнікі-архітэктары атрымліваюць адукацыю на аснове агульнай базавай адукацыі на ўмовах аплаты.
Перамога Аляксандры Арасланавай у Рэспубліканскім конкурсе дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ — не выключны выпадак для каледжа, хутчэй гэта паказчык якасці прафесійнай адукацыі і працяг традыцыі. Праўстаўнікі ВДТК пастаянна становяцца пераможцамі і прызёрамі конкурсу: напрыклад, летась вучні Наталлі Харытонавай вярнуліся ў Віцебск з дыпломамі І і ІІ ступені ў намінацыі “Горадабудаванне”, дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Архітэктура”, у 2016 і 2017 годзе з дыпломамі І ступені ў намінацыі “Горадабудаванне” — і так штогод. Прычым азначаны конкурс не адзіны, у якім навучэнцы каледжа паспяхова ўдзельнічаюць і перамагаюць: у скарбонцы маладых архітэктараў дзясяткі важкіх узнагарод — ад аглядаў, конкурсаў, выстаў інавацыйнай і тэхнічнай творчасці рознага ўзроўню да конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.
— Для архітэктара вельмі важныя рознабаковыя веды і жаданне іх атрымліваць, развіты эстэтычны густ, адказнасць і матывацыя да росту, — лічыць Наталля Харытонава. — Наша спецыяльнасць даволі складаная, яна адначасова творчая і тэхнічная, таму што ў рабоце над праектамі мы строга кіруемся ўсімі дзеючымі ў Беларусі нормамі. Перадумовы кожнай перамогі — вялікая праца педагога і навучэнца, распрацоўка і пастаяннае ўдасканаленне адукацыйных методык. Падбор кіраўнікамі тэм дыпломных праектаў ажыццяўляецца дыферэнцыравана з улікам індывідуальных здольнасцей навучэнцаў.
— Віцебская архітэктурная школа прызнана ва ўсім свеце яшчэ з часоў УНОВІСа. Як яе прадстаўнікі мы не можам знізіць зададзены папярэднікамі ўзровень: толькі павышаць, рухацца далей згодна з патрабаваннямі часу, — перакананы дырэктар каледжа Александр Ласякін. — Найпершы клопат — матэрыяльна-тэхнічная база (а яна ў нас у ліку лепшых у краіне і пастаянна развіваецца), а таксама моцныя кадры — дасведчаныя і творчыя педагогі, якія захоплены сваёй справай, рады падзяліцца ведамі з моладдзю, паказаць, падказаць, раскрыць патэнцыял кожнага навучэнца, дапамагчы яму адбыцца як асобе, грамадзяніну, прафесіяналу. Нашы выпускнікі працуюць практычна на ўсіх прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях рэгіёна, якія маюць дачыненне да архітэктуры (і за межамі Віцебшчыны таксама), працягваюць вучобу ва ўніверсітэтах. Зараз мы выйшлі з прапановай вярнуць практыку, калі лепшыя навучэнцы платнай групы мелі магчымасць перайсці на бюджэт (гэта і заахвочванне, і сур’ёзны стымул), робім крокі па ўзгадненні праграм у напрамку скарачэння тэрміну навучання па профілі на вышэйшай ступені адукацыі. У нашай камандзе — выкладчыкі і майстры вытворчага навучання не толькі з адпаведнай прафесійнай адукацыяй, але і вопытам работы на вытворчасці, у рэальным сектары эканомікі. Што да маладога папаўнення, то ў калектыў прыходзяць лепшыя выпускнікі ўніверсітэтаў вобласці і краіны. Спалучэнне таленту, маладосці і вопыту дае свой заканамерны вынік.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.