Напрыканцы мінулага года адна з найстарэйшых ВНУ краіны — Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова — адсвяткавала стагадовы юбілей. За сваю векавую гісторыю гэтая навучальная ўстанова прайшла доўгі і складаны шлях — ад настаўніцкага інстытута да сучаснага ўніверсітэта. Сёння ў МДУ рыхтуюць не толькі высакакласных педагогаў, але і спецыялістаў для іншых галін: гісторыкаў, біёлагаў, журналістаў, эканамістаў, юрыстаў, праграмістаў, філолагаў, фізікаў, нават танцораў і музыкантаў. Універсітэт дынамічна развіваецца, што, натуральна, станоўча адбіваецца на колькасці яго студэнтаў.
Напрыклад, цяпер тут вучыцца каля дзевяці тысяч студэнтаў. Лічба ўнушальная, аднак яна не з’яўляецца максімальнай для навучальнай установы. Дэмаграфічная сітуацыя, вядома, уплывае на колькасць абітурыентаў і, адпаведна, студэнтаў-першакурснікаў. Пра тое, як ва ўніверсітэце спраўляюцца з названай праблемай, — наша гутарка з рэктарам МДУ імя А.А.Куляшова, кандыдатам гістарычных навук, заслужаным работнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцінам Міхайлавічам БАНДАРЭНКАМ.
— Канстанцін Міхайлавіч, МДУ заслужана называюць цэнтрам адукацыі і навукі Магілёўшчыны. Раскажыце падрабязней, што ўяўляе сабой сённяшні ўніверсітэт.
— Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова — гэта 10 факультэтаў, 36 кафедр, два каледжы, Інстытут павышэння кваліфікацыі, уласны выдавецкі цэнтр і багатая бібліятэка. Акрамя таго, у распараджэнні студэнтаў чатыры вучэбныя і тры вучэбна-спартыўныя комплексы, два стадыёны, трэнажорна-аднаўленчы цэнтр, вучэбна-біялагічная база, пяць інтэрнатаў, комплекс грамадскага харчавання, які ўключае ў сябе дзве сталовыя, два кафэ і пяць буфетаў; санаторый-прафілакторый, некалькі музеяў, лабараторыі аператыўнай паліграфіі, інфармацыйных тэхналогій, вучэбнага тэлебачання. Падрыхтоўка кадраў вядзецца па 31 спецыяльнасці. Адукацыйны працэс ажыццяўляецца сіламі звыш чатырохсот пяцідзесяці штатных выкладчыкаў.
Але наш галоўны актыў — гэта студэнты, таму інвестыцыі ў іх развіццё з’яўляюцца для ўніверсітэта галоўнай задачай. Мы актыўна ўкараняем у вучэбны працэс апошнія дасягненні навукі і практыкі, выкарыстоўваем сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, у тым ліку мультымедыйныя прэзентацыі, інтэрактыўныя сродкі навучання, элементы дыстанцыйнага навучання. У студэнтаў ёсць выдатныя магчымасці для развіцця творчых, спартыўных і інтэлектуальных здольнасцей, і гэта ў многім уплывае на тое, што яны выбіраюць наш універсітэт.
— Вельмі важным кірункам, ад якога, можна напрамую сказаць, залежыць выкананне плана набору абітурыентаў, з’яўляецца прафарыентацыйная работа. Як яна арганізавана ў МДУ?
— З 1997 года на базе МДУ дзейнічае факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Менавіта ён забяспечвае цэласны працэс прафесійнай арыентацыі, адбору і падрыхтоўкі моладзі, якая мае схільнасці да прафесійнай дзейнасці і навуковай творчасці. На гэтым факультэце маладыя людзі маюць магчымасць сфарміраваць сістэму дастатковых ведаў для паступлення ў ВНУ, пераадолець разрыў паміж узроўнем сваёй падрыхтоўкі і патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да абітурыентаў пры здачы ўступных выпрабаванняў.
— Канстанцін Міхайлавіч, якія канкрэтна метады работы з навучэнскай моладдзю прымяняюцца на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі?
— У прафарыентацыйнай рабоце выкарыстоўваюцца такія сучасныя метады работы з моладдзю, як сустрэчы кіраўнікоў факультэтаў, аўтараў вучэбных дапаможнікаў і метадычных распрацовак непасрэдна ў школах, ліцэях, гімназіях. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца экскурсіі па ўніверсітэце. Цікавасць у абітурыентаў і іх бацькоў традыцыйна выклікаюць дні адкрытых дзвярэй, да якіх прымяркоўваецца прафарыентацыйны выпуск шматтыражнай газеты “Універсітэцкі веснік”; на кожным факультэце вырабляюцца каляровыя інфармацыйныя буклеты.
Немалы эфект у плане прыцягнення абітурыентаў мае і праграма сумеснай прафарыентацыйнай работы МДУ і ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Распрацаваныя ў яе рамках мерапрыемствы ўлічваюць рэаліі сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў вобласці і дазваляюць нам арга-нізаваць збалансаваны набор студэнтаў, які адпавядае сённяшняй патрэбнасці ў кадрах.
— Сучасная моладзь, акрамя сапраўднай рэальнасці, жыве таксама і ў віртуальнай. Канстанцін Міхайлавіч, наколькі задзейнічаны ў прафарыентацыйнай рабоце ўніверсітэта інтэрнэт-рэсурсы?
— У прафарыентацыі мы шырока выкарыстоўваем магчымасці нашага сайта msu.mogilev.by, дзе ёсць адпаведная старонка для абітурыентаў. У навіннай стужцы змяшчаецца інфармацыя аб правядзенні розных мерапрыемстваў прафарыентацыйнага характару. Акрамя таго, інфармацыя даводзіцца да шырокай грамадскасці праз сайты горада і вобласці, а таксама СМІ.
— Як адбываецца ўзаемадзеянне ўніверсітэта з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў?
— Для ўзмацнення практычнай падрыхтоўкі спецыялістаў універсітэт заключыў больш за трыццаць доўгатэрміновых дагавораў з базавымі арганізацыямі, заказчыкамі на падрыхтоўку кадраў, вядучымі прадпрыемствамі і арганізацыямі прамысловасці і сацыяльнай сферы Магілёўскай вобласці.
Вядома, найбольшую ўвагу мы ўдзяляем установам адукацыі, бо менавіта падрыхтоўка педагагічных кадраў з’яўляецца профільным кірункам нашага ўніверсітэта. Актыўна супрацоўнічаем з усімі ўпраўленнямі і аддзеламі адукацыі рэгіёна.
— Важны паказчык дзейнасці ўніверсітэта — прыцягненне для атрымання адукацыі замежных студэнтаў. Як вядзецца ў МДУ работа з такім кантынгентам абітурыентаў і што робіцца для агульнага павелічэння іх колькасці?
— Для прыцягнення замежных студэнтаў мы выкарыстоўваем розныя метады. У большай ступені гэта выкарыстанне магчымасцей інтэрнэт-рэсурсаў: сайт універсітэта мае англійскую версію, акрамя таго, ёсць старонкі на кітайскай, французскай, нямецкай, турэцкай мове, а таксама раздзел “Гісторыі поспеху”, дзе замежныя грамадзяне дзеляцца сваімі ўражаннямі пра вучобу ў МДУ. Універсітэт завочна прымае ўдзел у розных міжнародных адукацыйных выставах, праз пасольствы Беларусі за мяжой і замежныя пасольствы ў Беларусі распаўсюджвае інфармацыйныя матэрыялы аб адукацыйных паслугах.
Такая актыўная работа прыносіць плён. Колькасць замежных студэнтаў у гэтым навучальным годзе ва ўніверсітэце значна павялічылася. Сёння ў нас вучыцца 251 замежны грамадзянін. Пакуль дамінуюць прадстаўнікі такіх краін, як Турцыя і Туркменістан, але мы імкнёмся дыверсіфікаваць падрыхтоўку замежных студэнтаў, і, думаю, у нас гэта атрымаецца.
— Сёння эканоміка, вытворчасць настолькі імкліва развіваюцца, што атрымання адной спецыяльнасці бывае недастаткова. Як універсітэт улічвае гэтую тэндэнцыю?
— У структуры ўніверсітэта дзейнічае Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі і Цэнтр курсавой падрыхтоўкі, якія дазваляюць студэнтам старшых курсаў дзённай формы навучання атрымаць дадатковую адукацыю паралельна з атрыманнем першай вышэйшай адукацыі. Прычым выбар даволі шырокі.
Напрыклад, Інстытут павышэння кваліфікацыі прапаноўвае праграмы дадатковай адукацыі па 28 спецыяльнасцях, а таксама вучэбныя курсы, лекторыі, тэматычных семінары, практыкумы, трэнінгі. Такі ж рознабаковы выбар студэнты і іншыя грамадзяне знойдуць і ў Цэнтры курсавой падрыхтоўкі. Тут дзейнічаюць прапановы па дваццаці чатырох напрамках, як на платнай, так і на бюджэтнай аснове.
— Наколькі запатрабаваны цяперашнія спецыяльнасці і як часта ўніверсітэт іх абнаўляе? Ці плануецца адкрыццё новых спецыяльнасцей у найбліжэйшай будучыні і якія змены і навацыі чакаюць універсітэт у цэлым?
— Універсітэт імкнецца ісці ў нагу з часам. Мы сочым за дынамічным развіццём рынку працы і стараемся адкрываць новыя спецыяльнасці, запатрабаваныя ў нашым рэгіёне. Так, у найбліжэйшы час плануецца адкрыццё такіх спецыяльнасцей першай ступені вышэйшай адукацыі, як “Лясная гаспадарка”, “Хімія лекавых злучэнняў”, “Турызм і гасціннасць”, “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны”, “Сацыяльная педагогіка” і іншых.
Што да новаўвядзенняў у цэлым, то спыняцца на дасягнутым мы не збіраемся. У планах — аптымізацыя структуры падрыхтоўкі спецыялістаў у адпаведнасці з патрабаваннямі мадэрнізацыі эканомікі і сацыяльнай сферы краіны, удасканаленне зместу і кіравання якасцю адукацыі, комплексная інфарматызацыя дзейнасці ўніверсітэта, усебаковае развіццё навуковых даследаванняў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўніверсітэта. Плануем пачаць будаўніцтва вучэбна-спартыўнага комплексу з вялікім плавальным басейнам, аснасціць вучэбныя аўдыторыі мультымедыйным абсталяваннем. Для наладжвання больш цеснага ўзаемадзеяння ўніверсітэта з работадаўцамі ствараем філіялы кафедр на прадпрыемствах і ў арганізацыях вобласці, дзе будуць праводзіцца курсавыя і дыпломныя даследаванні, практычныя і лабараторныя заняткі па асобных вучэбных дысцыплінах.
Мы будзем працягваць рабіць усё магчымае для развіцця і ўдасканалення ўзроўню адукацыі нашых студэнтаў, іх творчых здольнасцей, а таксама бытавых умоў пражывання, арганізацыі вольнага часу.
Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва МДУ імя А.А.Куляшова.