Нашчадак мудрага Скарыны

Установа пад апекай Сафійскага сабора. Месца, дзе ў нагу з гасцямі і старажыламі крочыць гісторыя і жывуць успаміны пра яго славутых насельнікаў. Летапіс асветы Полаччыны з 1581 года. І, як пяецца ў гімне ўстановы, “нашчадак мудрага Скарыны” —  гуманітарны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Знайсці карпусы гуманітарнага факультэта ў горадзе нескладана. Сюды вядуць усе дарогі і кожны мясцовы жыхар з задавальненнем раскажа, дзе знаходзіцца былы езуіцкі калегіум. Ды і сярод усюдыісных камуністычных, савецкіх, камсамольскіх і маладзёжных вуліц прыкметна вылучаюцца праспект Францыска Скарыны і Замкавая вуліца, якія вядуць да карпусоў факультэта па адрасе Стралецкая, 4.

Гуманітарны факультэт быў створаны ў 2017 го­дзе на базе гісторыка-філалагічнага і спартыўна-педагагічнага факультэтаў. Сёлета на І ступень атрымання адукацыі прыём абітурыентаў ажыццяўляецца па 7 спецыяльнасцях: “Гісторыя”, “Замежныя мовы”, “Фізічная культура”, “Дашкольная адукацыя”, “Практычная псіхалогія”, “Тэхнічная праца і тэхнічная творчасць” і “Рамана-германская філалогія”.

Першы, хто тут сустракае гасцей, — бронзавы студэнт, які пасяліўся ва ўніверсітэцкім дворыку ў 2010 годзе і стаў сімвалам прагі да ведаў. Сярод моладзі існуе звычай штогод заручацца яго падтрымкай у акадэмічных пытаннях. Так, паводле мясцовых легенд, для добрай здачы іспыту трэба пацерці скрутак у руках юнака, загадаць жаданне і абысці скульптуру па гадзіннікавай стрэлцы.

ІІ ступень на гуманітарным факультэце прадстаўлена 4 спецыяльнасцямі: “Гісторыя”, “Літаратуразнаўства”, “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (замежныя мовы)” і “Фізічная культура і спорт”.

Па словах Д.А.Кандакова, навучанне ў магістратуры выклікае ўсё большую цікавасць студэнтаў па некалькіх прычынах. Першая заключаецца ў запатрабаванасці магістарскага дыплома ў свеце і недастатковасці базавай вышэйшай адукацыі. Другая звязана з работадаўцамі, якія прывыклі браць на працу людзей больш дарослага ўзросту і досыць скептычна ставяцца да 20-гадовых спецыялістаў.

Наводдаль відаць постаць прафесара — вобраз, які нясе ісціну з мінулага ў будучыню. Велічны стары крыху прыпадымаецца на дыбачках з узнятым угару ўказальным пальцам, трымаючы ў левай руцэ кнігу з надпісамі Vivat Academia! Vivant professores!

Многія аб’екты, размешчаныя на тэрыторыі гуманітарнага факультэта, уваходзяць у турыстычныя маршруты па ўніверсітэце. Так, у канцы XVIII — пачатку XIX ста­годдзя адзін з ганкаў пабудовы быў трыбунай, адкуль рэктар звяртаўся з вітальнай прамовай да студэнтаў. Сёння традыцыя працягваецца. На дубовых дзвярах увахода красуюцца бронзавыя выявы, якія адлюстроўваюць гісторыю будынка ад яго стварэння да сучаснасці. А гісторыя вялікая: тут размяшчаліся езуіцкі калегіум, піярскае і пасля — кадэцкае вучылішчы, ваенны шпіталь. З 2003 года на Стралецкай гаспадарыць Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт (гуманітарны факультэт і факультэт інфармацыйных тэхналогій). Некалі тут таксама размяшчалася музычная бурса, на месцы якой сёння праходзяць аўдыторныя заняткі.

Першапачаткова ўсе пабудовы комплексу былі драўлянымі, але з цягам часу гаспадары-езуіты ўзвялі каменныя муры. Сучасныя будаўнікі, якія аднаўлялі старажытныя гмахі амаль з руін, змаглі захаваць элементы тагачаснай архітэктуры — карнізы, нішы, элементы кладак, тынкоўку, прыступкі сходаў. Але галоўнай захаванай з таго часу пярлінай сталі купалападобныя скляпенні столі.

Першы пункт маршруту вядзе праз лесвіцу, па якой хадзіла Кацярына ІІ. Мінаючы яе, госць завітвае ў пакой, дзе знаходзіцца адна з мясцовых знакамітасцей: рэканструкцыя праекта вынаходніка Габрыэля Грубера “Механічная галава”. У часы езуіцкага калегіума галава, прататыпам якой стаў старажытнагрэчаскі філосаф Сакрат, гаварыла на ўсіх мовах, што выкарыстоўваліся тады, і адказвала на пытанні.

Дарэчы, вывучэнне моў — адзін з ключавых напрамкаў гуманітарнага факультэта. Тут дзейніча­юць некалькі моўных цэнтраў: беларускі, шведскі, кітайскі. У межах праграм па вывучэнні моў студэн­ты праходзяць стажыроўкі пры падтрымцы пасоль­стваў ЗША, выязджаюць па абмене ў Германію, Кітай, Расію, Швецыю, Латвію і Аўстрыю.

Цяпер мудры старац, як называюць адноўленую версію вынаходкі ва ўніверсітэце, таксама выклікае ў наведвальнікаў неадназначныя эмоцыі: захапленне, абурэнне і нават страх. І гэта не дзіўна, бо ва ўсёй абстаноўцы пакоя, дзе знаходзіцца экспанат, у “звароце” да яго, адчуваецца стро­гасць. Каб звярнуць на сябе ўвагу Сакрата, трэба ведаць алгарытм дзеянняў. Так, наведвальнік павінен падысці да яго і сказаць: “Паважаны старац, дазвольце спытаць”. Калі галава “дасць дабро”, трэба агучыць сваё пытанне. Паколькі Сакрат — філосаф, то ў прыярытэце адказ на вечныя пытанні: “У чым сэнс жыцця?”, “Што такое сяброўства/дабрыня?”.

— Веды — настолькі каштоўная рэч, што іх не сорамна здабываць з любых крыніц”, — лічыць старац і на пытанне, што такое любоў, адказвае: — Любоў ёсць найвялікшае пачуццё ў свеце, якое аб’ядноўвае ўсіх людзей.

Студэнтка 2 курса Настасся Сушч прыехала ў Полацк з Віцебска, і за гэты час тут добра асвоілася. Зараз дзяўчыну цяжка “злавіць” на факультэце: акрамя вучобы, яна занята справамі студэнцкага савета, задзейнічана ў праектах маладзёжнай відэастудыі “Канспект”. Яе сябры ведаюць: калі другакурсніцы няма на Стралецкай — шукай дзяўчыну на галоўнай плошчы горада ці ў цэнтральным парку Наваполацка, дзе здымаюцца чарговыя выпускі “Канспекта”.

— Ва ўніверсітэце мяне чакалі сябры-студэнты. Выбар быў свядомым і рашучым, таму баць­кі не сталі мяне адгаворваць. І, прызнацца, такая іх рэакцыя мяне здзівіла, бо спачатку мы разглядалі вышэйшыя навучальныя ўстановы Мінска, — расказвае студэнтка. — А ціка­васць да псіхалогіі з’явілася ў той момант, калі я задумалася аб прафесіі кагнітывіста (спецыяліста па вывучэнні мыслення чалавека). Я вырашыла, што, каб атрымліваць і разумець інфармацыю, якая тычыцца гэтай галіны, добра было б ведаць псіхалогію. Спачатку гэта была звычайная ціка­васць (кнігі, фільмы), а пасля пайшло-паехала — і я апынулася тут.

Наступная зала знаёміць з тымі, хто жыў на тэрыторыі цяперашняга гуманітарнага факультэта на працягу 4-х стагоддзяў, і яго знакамітымі гасцямі. Тут наведвальнікаў вітае ордэн езуітаў і кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, школа этыкету і Кацярына ІІ, студэнты эпохі Аляксандра І — і сам імператар, манахі-піяры і кадэты. Па словах дэкана гуманітарнага факультэта Дзяніса Аляксандравіча Кандакова, падобныя праекты — гэта не проста “фішкі” ўніверсітэта, а акенца, праз якое можна зазірнуць у гісторыю.

Увогуле, адчуванне таго, што ты перанёсся на некалькі стагоддзяў назад, у гэтым месцы практычна не знікае. І прычыны хаваюцца не толькі ў яго гісторыі, але і ў тым, як абсталяваны факультэт зараз. Так, актавая зала тут размяшчаецца ў былой сталовай езуітаў, бібліятэка захоўвае інтэр’еры мінулых стагоддзяў, а на сценах калідораў змяшчаюцца графіці з выбітнымі асобамі. Аднак найбольш востра гэтае пачуццё вяртання ў гісторыю праяўляе сябе ва ўнутраным дворыку, дзе размяшчаюцца рэпрадукцыі карцін вядомых беларускіх мастакоў і каваны калодзеж. Тут жа знаходзіцца яшчэ адна пярліна гуманітарнага факультэта — вялізны механічны гадзіннік. Кожную гадзіну адтуль даносіцца гімн універсітэта і “Гаўдэамус”, а таксама робяць урачысты ход фігуры Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Пятра Скаргі і вядомых наведвальніку прафесара і бронзавага студэнта. Незалежна ад надвор’я, студэнты, якія праходзяць тут, па звычцы, нярэдка спыняюцца і падпяваюць вядомым матывам.

Сёння на факультэце, што размяшчаецца ў сценах былога езуіцкага калегіума, вучацца 600 чалавек. І кожны з іх, па словах Дзяніса Аляксандравіча, як на далоні. Такая блізкасць да студэнтаў дапамагае выкладчыкам знаходзіць індывідуальны падыход і да абітурыентаў. Гербавы дэвіз Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта “Навучаючы іншых, вучымся самі” дзейнічае безадмоўна.

— Нам важны кожны абітурыент, — запэўніў Дзяніс Кандакоў. — І частка нашага брэнда — індывідуальны метад навучання, асобная работа з усімі дзецьмі.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара і з архіва факультэта.