Настаўнік — прызванне тваё і маё

Прынята лічыць, што педагагічная прафесія мае тэндэнцыю да зніжэння сваёй запатрабаванасці. Маўляў, гэта толькі сапсаваныя нервы і нізкая заработная плата. Калектыў студэнтаў і выкладчыкаў Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа нястомна развейвае гэты міф, з захапленнем адкрываючы для сваіх абітурыентаў цуды будучай прафесіі.

Лоеўскі педагагічны каледж рыхтуе кадры па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” з кваліфікацыяй “настаўнік”. Пры гэтым ён прапаноўвае абітурыентам на выбар наступныя спецыялізацыі: “фізічнае выхаванне”, “экалагічнае выхаванне”, “лагапедыя”, “выхаваўчая работа ў групе прадоўжанага дня”, “творчая дзейнасць”. Апошняя мае два напрамкі: “кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва” і “кіраўнік дзіцячага музычнага калектыву”. Па словах выкладчыкаў, многія абітурыенты, паступаючы ў каледж, задаюць пытанне аб верагоднасці паступлення на канкрэтную спецыялізацыю. Пры гэтым найбольш запатрабаванай з’яўляецца “лагапедыя”.


У каледжы працуюць гурткі па інтарэсах для вучняў найбліжэйшых сельскіх школ. Гэта і танцавальны гурток “Рытм”, і клуб па шашках і шахматах, і лінгвістычная школа, дзе дзеці ўдасканальваюць веданне англійскай мовы, і майстар-класы, якія арганізоўваюцца студэнтамі каледжа. Асаблівасцю гэтых гурткоў з’яўляецца тое, што іх курыруюць старшакурснікі. Акрамя таго, разам з вучнямі школ студэнты праводзяць флэш-мобы і велапрабегі.

“Дзяцей гэта вельмі падбадзёрвае, — адзначае выкладчык хіміі, анатоміі, фізіялогіі і гігіены Таццяна Цішкова. — А яшчэ гэта добрая магчымасць на даступнай дзецям мове растлумачыць важныя рэчы, зацікавіць іх”.

Акрамя гурткоў для школьнікаў, у каледжы працуюць 28 аб’яднанняў для будучых педагогаў. Самы вядомы сярод іх — гістарычны клуб “Патрыёт”. Сёння ў яго склад уваходзіць 15 чалавек, але клуб патрабуе папаўнення: асноўны касцяк сёлета завяршыў навучанне. Ёсць у каледжы і музейны пакой “Спадчына”. Тут моладзь развівае і паглыбляе веды па гісторыі і культуры Лоеўшчыны, праводзіць літаратурна-музычныя вечарыны. У цесным супрацоўніцтве з Лоеўскім музеем бітвы за Дняпро ўдзельнікі клуба “Патрыёт” праводзяць цікавыя гістарычныя даследаванні.

Кажуць, хто ўмее добра працаваць, той здольны добра адпачываць. Гэтае выказванне можна безагаворачна аднесці да студэнтаў Лоеўскага педагагічнага каледжа. У іх распараджэнні — спартыўная і актавая залы, бібліятэка, пакой псіхаэмацыянальнай разгрузкі і добраўпарадкаваныя пакоі ў інтэрнаце, якія прадастаўляюцца ўсім іншагароднім студэнтам.

Адной з візітовак каледжа з’яўляецца валанцёрская група “Стыль”, якую ведаюць далёка за межамі Лоеўскага раёна. Асноўная дзейнасць студэнтаў групы накіравана супраць гандлю людзьмі, аднак “стылёўцы” звяртаюць увагу людзей і на здаровы лад жыцця, і на бяспеку рабочага месца, і на развіццё ўважлівасці. Хлопцы і дзяўчаты арганізоўваюць шматлікія семінары, сустрэчы і акцыі для розных узроставых груп.

Дні адкрытых дзвярэй для студэнтаў і выкладчыкаў каледжа — асаблівая пара, калі абітурыента можна правесці дарогамі настаўніка. У такія дні прадстаўнікі адміністрацыі паведамляюць аб парадку прыёму, адбываецца азнаямленне з традыцыямі каледжа, праводзяцца экскурсіі.

Вялікую ролю ў прафарыентацыі адыгрываюць валанцёры, асабліва тыя, што выпусціліся. Яны раз’язджаюцца па розных раёнах і ўжо на сваіх рабочых месцах расказваюць пра родны каледж, друкуюць на старонках мясцовых газет матэрыялы пра жыццё ўстановы і свае ўражанні ад вучобы. Аб’ехаць цэлы рэгіён з мэтай прафарыентацыі супрацоўнікам каледжа было б праблематычна. А выпускнікі-“стылёўцы” выступаюць у школах і абуджаюць у вучняў цікавасць да педагагічнай прафесіі.

Дарэчы, дні адкрытых дзвярэй — з’ява не заўсёды запланаваная. Па словах Таццяны Цішковай, здараецца, што вучні з іншых раёнаў, прыязджаючы на экскурсію ў Лоеў, наведваюць і каледж. Аднак студэнтаў і выкладчыкаў не паставіш у няёмкае становішча: яны заўсёды рады падзяліцца ўражаннямі ад вучэбнага працэсу і адказаць на ўсе пытанні школьнікаў.

“Мы будзем вельмі рады, калі хоць адзін вучань з такой групы паступіць да нас. Гэта значыць, што сустрэча прайшла не дарма”, — адзначае Таццяна Іванаўна.

За сваю гісторыю Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж выпусціў 6356 спецыялістаў і не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Яго выпускнікі працуюць у многіх школах краіны, адказна ставячыся да сваіх прафесійных абавязкаў, і з пяшчотай расказваюць пра сваю ўстанову. Нават пасля заканчэння каледжа выкладчыкі не забываюць пра сваіх студэнтаў, сочаць за іх далейшым лёсам, радуюцца іх поспехам у прафесіі. Існуе нават спецыяльны праект “Ад абітурыента — да выпускніка”, калі студэнты дзеляцца сваімі ўражаннямі, пачынаючы ад паступлення, першай практыкі і пробных урокаў, пераддыпломнай практыкі і заканчваючы ўладкаваннем на работу.

На пытанне, як выхаваць сапраўднага педагога, Таццяна Цішкова задумалася: “Складана адказаць адразу. Выхаваць сапраўднага педагога — гэта значыць матываваць студэнта, каб ён максімальна праявіў свае схільнасці і змог мэтанакіравана прыйсці да прафесіі, якую выбраў. Наша задача не адбіць жаданне стаць настаўнікам, а, наадварот, прыкласці ўсе намаганні, каб яно стала больш моцным”.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлены ўстановамі адукацыі.