На пачатку снежня ў Мінску прайшоў навуковы фэст “Карпарацыя ведаў”.
Мерапрыемства праводзілася пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і Дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энергіі “Расатам” (Расія). Асноўная мэта — інфармаваць маладое пакаленне аб дасягненнях у галіне сучасных тэхналогій і стымуляваць яго да заняткаў навуковай дзейнасцю.
У рамках фэсту на розных пляцоўках адбылося каля трох дзясяткаў мерапрыемстваў: майстар-класы, якія прадугледжвалі інтэрактыў і практычную дзейнасць, адкрытыя лекцыі, панэльныя дыскусіі і навукова-папулярныя шоу для навучэнцаў школ, каледжаў, універсітэтаў. Паводле звестак арганізатараў, за тры дні мерапрыемствы наведалі 3495 чалавек.
Дыяпазон прадстаўленых навуковых ведаў вельмі шырокі — ад фізікі, хіміі, крышталяграфіі, біялогіі, геаграфіі, матэматыкі да гуманітарных навук.
Варта адзначыць надзвычай высокі ўзровень навуковага прадстаўніцтва “Карпарацыі ведаў”. Напрыклад, беларускую навуку прэзентавалі прафесар БДУ Уладзімір Барышэўскі, загадчык кафедры ядзернай фізікі БДУ Андрэй Цімошчанка, супрацоўнікі Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны” НАН Беларусі і інш. З расійскага боку ў фестывалі ўзялі ўдзел магістр гульні “Што? Дзе? Калі?” Максім Паташоў, дырэктар Хіміка-біялагічнага інстытута Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта Максім Патрушаў, вучоны сакратар Інстытута біяфізікі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук Ягор Задзярэеў і іншыя вучоныя і эксперты. Падчас фэсту можна было сустрэцца з усімі гэтымі людзьмі і задаць ім хвалюючыя пытанні.Усе мерапрыемствы фэсту праходзілі ў нестандартным фармаце. Напрыклад, навукова-папулярнае шоу “Бітва лёду і агню” было зладжана паводле серыяла “Гульня прастолаў”. Падчас незвычайнага кулінарнага майстар-класа “Навука. Смачна” вучоныя літаральна на малекулы разабралі беларускую кухню. А яшчэ дзецям прапанавалі паглядзець і разам са спецыялістамі абмеркаваць фантастычны фільм “Марсіянін”. Навукоўцы расказалі, якія тэхналогіі з паказаных у фільме ўжо маюцца, а якія з’явяцца ў недалёкай будучыні.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.