Рыхтуючыся пісаць матэрыял пра філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, доўга разважала, з чаго пачаць. Пакуль не зразумела, што трэба казаць ад першай асобы, бо я сама выпускніца філфака ГДУ, а зараз яшчэ і рэдактар універсітэцкай газеты.
Па службовай неабходнасці часта бываю на родным факультэце, сустракаюся з выкладчыкамі, якія за 14 гадоў амаль не змяніліся — засталіся такімі ж інтэлігентнымі, эрудзіраванымі, стрыманымі і добразычлівымі. Добра памятаю, як наша група рабіла тэатралізаваную пастаноўку, прысвечаную традыцыям і абрадам беларускага народа, як праходзілі фальклорную, дыялекталагічную, педагагічную і вытворчую практыку. На 5 курсе я ўжо працавала на мясцовым тэлебачанні, куды атрымала накіраванне. Таму магу ўпэўнена сказаць: не трэба баяцца размеркавання, тым больш зараз, калі перад студэнтамі адчынены ўсе дзверы.
— Выпускнікі нашага факультэта працуюць у розных сферах: адукацыйнай і інфармацыйнай, прамысловай і энергетычнай, у ІТ-сферы. Яны робяць кар’еру ў школах, каледжах і ўніверсітэтах, сродках масавай інфармацыі, органах улады, — з гордасцю расказвае дэкан факультэта Алена Палуян.
Студэнты, якія абралі напрамак “Літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць”, вучацца на практыцы прымяняць методыку рэдагавання тэксту, авалодваюць навыкамі рэдактарскай і карэктарскай праўкі. Выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю “Філолаг. Выкладчык беларускай/рускай мовы і літаратуры. Літаратурна-рэдакцыйны супрацоўнік”.
Падрыхтоўка ў межах напрамку “Камп’ютарнае забеспячэнне” дазваляе маладым спецыялістам працаваць з сучаснымі лінгвістычнымі інфармацыйнымі рэсурсамі і экспертнымі камп’ютарнымі сістэмамі, выкарыстоўваць у прафесійнай дзейнасці ўменні і навыкі па аўтаматычнай апрацоўцы і ідэнтыфікацыі тэкстаў, працаваць з прыкладнымі сістэмамі апрацоўкі інфармацыі.
— На філалагічным факультэце таксама адкрыта падрыхтоўка па напрамку “Руская мова як замежная” для замежных студэнтаў, — працягвае размову Алена Мікалаеўна. — Акрамя таго, студэнты маю ць магчымасць вывучаць стараславянскую, лацінскую, польскую ці чэшскую, кітайскую мову, іўрыт. Плюс адну з заходнееўрапейскіх моў: англійскую, нямецкую ці французскую.
Нядаўна ў філолагаў ГДУ з’явілася цудоўная магчымасць прымаць удзел у летніх школах. Летась, напрыклад, у межах дагавора аб супрацоўніцтве і акадэмічнай мабільнасці студэнты 2 і 3 курса наведалі Зеленагурскі ўніверсітэт Польшчы.
— А ў 2018 годзе на базе нашага факультэта была праведзена летняя школа рускай мовы для студэнтаў з Чэхіі. Тыя, хто вывучае кітайскую мову, наведалі Паднябесную ў межах зімовых і летніх школ, — дадае дэкан.
У жніўні 2019 года ў ГДУ імя Францыска Скарыны адкрыта новая спецыяльнасць — “Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)”. Гэта абумоўлена ростам цікавасці да кітайскай мовы і культуры, цеснымі эканамічнымі сувязямі паміж нашымі краінамі. На думку Алены Палуян, патрэба ў выкладчыках кітайскай мовы асабліва адчуваецца ў тых гарадах, дзе функцыянуюць кітайскія і беларуска-кітайскія кампаніі, — у Мазыры, Рэчыцы, Добрушы, Светлагорску, Жлобіне. Дагэтуль спецыялісты па выкладанні кітайскай мовы рыхтаваліся толькі ў сталічных універсітэтах.
— Дзякуючы падвойнай спецыяльнасці, установы адукацыі атрымаюць універсальных спецыялістаў, здольных выкладаць як рускую, так і кітайскую мову. Падобныя спецыялісты будуць запатрабаваны і ў сферах міжнацыянальнай камунікацыі, — упэўнена Алена Мікалаеўна.
Для забеспячэння вучэбнага працэсу на факультэце створаны і актыўна працуюць кабінеты польскай мовы, кітаязнаўства, кабінет вывучэння іўрыта, кабінет Канфуцыя, рэгіянальны цэнтр русістыкі, літаратурна-асветніцкі цэнтр “Патрыётыка”, літаратурны музей “Alma-Mater”.
— Рэгулярна праводзяцца сустрэчы з дзеячамі навукі і культуры, творчымі калектывамі, арганізуюцца тэатральныя пастаноўкі нават самімі студэнтамі. Конкурсы, віктарыны, экскурсіі па памятных мясцінах Беларусі і бліжэйшага замежжа — усё гэта ёсць у нас, — падводзіць вынік Алена Мікалаеўна.
У час размовы з дэканам я адчула настальгію па студэнцкіх гадах. Згадала былога дэкана факультэта — сталага чалавека з добрымі вачыма Уладзіміра Бобрыка, куратара нашай групы — апантаную даследчыцу беларускай культуры Валянціну Новак, пазітыўнага і камунікабельнага мовазнаўцу Леаніда Кузьміча, узнёслую Людмілу Мінакову, сур’ёзную і стрыманую Аляксандру Станкевіч і многіх іншых… Зараз гэтыя людзі сталі маімі калегамі. Шчыра дзякую лёсу за такі падарунак.
Сапраўды, на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта студэнты не толькі атрымліваюць шырокія магчымасці для далейшай прафесійнай рэалізацыі, але і набываюць надзейных настаўнікаў, памочнікаў, сяброў.
Ірына БАЖОК, кандыдат філалагічных навук , дацэнт кафедры беларускай літаратуры ГДУ:
— У 2010 годзе я скончыла філалагічны факультэт па спецыяльнасці “Беларуская філалогія” — са спецыялізацыяй “Англійская мова”. Сёння даследую жанр эсэ ў беларускай і сусветнай літаратуры. Мяне цікавіць практычнае прымяненне гэтага жанру ў жыцці чалавека, розных сферах яго дзейнасці.
Філалагічны факультэт — гэта месца прафесійнага станаўлення, месца вучобы і працы, дзе я атрымала магчымасць рэалізаваць свае здольнасці. Бачу тут прыклад сапраўднай чалавечнасці ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, годных паводзін і ўзаемадапамогі, за што вельмі ўдзячная калегам.
Андрэй ВЯЛІКІ, студэнт 4 курса філалагічнага факультэта, член савета ўніверсітэта:
— Кажучы пра філалагічны факультэт, хацелася б пазбегнуць шаблонных узнёслых канструкцый. Аднак гэта сапраўды тая пляцоўка, тая тэрыторыя магчымасцей, дзе кожны студэнт можа рэалізавацца ў розных напрамках. Выкладчыкі факультэта актыўна садзейнічаюць студэнцкім ініцыятывам, падтрымліваюць усе нашы пачынанні: навуковыя, творчыя, грамадскія.
Існуе гендарны стэрэатып пра тое, што філалогія — гэта жаночае прызначэнне. Уласным прыкладам і прыкладам іншых хлопцаў-філолагаў, якіх у нас на факультэце нямала, пераконваю, што такое меркаванне памылковае. Калі чалавек любіць мову, літаратуру, хіба мае значэнне, якога ён полу?
За гады навучання ніколі не пашкадаваў, што паступіў менавіта на філалагічны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны. Ідзе час, але атмасфера і людзі, якія яе ствараюць, назаўсёды застануцца ў памяці як адзін з самых светлых успамінаў маладосці.
Ірына КАНАВАЛАВА, галоўны рэдактар Гомельскай раённай газеты “Маяк”:
— Філалагічны факультэт адкрыў для мяне вялікі свет, поўны кантрастаў. Прайшло 13 гадоў, як я скончыла ўніверсітэт, за гэты час паспела прайсці цікавы шлях — ад педагога-арганізатара да галоўнага рэдактара газеты. Відавочна, што калі б не было ў маім жыцці горача любімага філфака, усё было б інакш…
Кожны раз, азіраючыся назад, усведамляю, як шмат дала нам вучоба на факультэце: фундаментальныя веды, шырокі кругагляд, філалагічную культуру. Усё гэта стала неацэнным вопытам для журналісцкай дзейнасці, у аснове якой — уменне працаваць з крыніцамі і правільна фармуляваць думкі.
З асаблівай цеплынёй успамінаю студэнцкія гады, надзейных і верных сяброў, доўгія спісы літаратуры, пазнавальныя лекцыі і практычныя заняткі, выдатны педагагічны склад. Дзякуй філфаку за самую насычаную пяцігодку. Гэта быў час хвалюючых магчымасцей і адкрыццяў.
Ангеліна АКСЁНЧЫКАВА-БІРУКОВА, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта, выкладчык кітайскай мовы для школьнікаў:
— Жаданне вывучаць кітайскую мову ўзнікла ў старшых класах як вынік захаплення культурай гэтай краіны. Ужо ва ўніверсітэце, калі мой навуковы кіраўнік прафесар Уладзімір Коваль прапанаваў займацца кітайскай мовай у Інстытуце Канфуцыя пры ГДУ, я без ваганняў пагадзілася. Пасля 1 курса пашчасціла пабываць на стажыроўцы ў Далянскім тэхналагічным універсітэце, на свае вочы ўбачыць Вялікую Кітайскую сцяну, Забаронены горад і іншыя велічныя прыгажосці Кітая.
На 2 курсе я стала ўдзельніцай I Беларускай рэспубліканскай студэнцкай алімпіяды па кітайскай мове і там сустрэла будучага мужа Святаслава, студэнта факультэта замежных моў ГДУ. У мінулым годзе разам мы пабывалі на лінгвістычнай стажыроўцы ў Даляні, з экскурсіяй наведалі Шанхай і Сучжоу, паспяхова здалі міжнародны экзамен на веданне кітайскай мовы HSK. Вось ужо два гады мы дзелімся сваімі ведамі са школьнікамі, якія з задавальненнем удзельнічаюць у творчых конкурсах, канферэнцыях і алімпіядах па кітайскай мове. Некаторыя з іх ужо паспяхова здалі міжнародны экзамен HSK 1. Мы вельмі ганарымся сваімі вучнямі!
Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара і Уладзіміра ЧЫСЦІКА.