Хто хаця б аднойчы не пабываў на абласной выставе-продажы прадукцыі, вырабленай ва ўстановах адукацыі, той не ведае сучаснай Віцебшчыны. А каму пашчасціла пабыць — імкнуцца сюды зноў і зноў.
Два дзесяцігоддзі назад у народзе выставу празвалі школьным кірмашом. І гэта замацавалася. Зараз, пачуўшы пра школьны кірмаш, жыхары Віцебска і ваколіц згадваюць у першую чаргу менавіта абласную выставу, а не выязны продаж перад новым навучальным годам. Гэтая падзея любімая і чаканая. Нават у суседніх раёнах многія пільна сочаць за аб’явамі ў сродках масавай інфармацыі, тэлефануюць ва ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, каб загадзя даведацца пра дату правядзення выставы-продажу.
Хаця аддзелы адукацыі, спорту і турызму, а значыць, школы, цэнтры дзяцей і моладзі, нават дзіцячыя сады — паўнапраўныя ўдзельнікі выставы-продажу, тым не менш галоўнымі героямі дня выступаюць установы прафесійнай адукацыі ўсіх узроўняў. Прадаўцы запрашаюць набыць якасную сельскагаспадарчую прадукцыю, саджанцы і маладняк жывёл элітных парод, эксклюзіўныя адзенне і абутак, мэблю ручной работы, кераміку, вырабы з лазы і саломкі, сувеніры — і ўсё па даступных цэнах. Тут можна паспрабаваць кулінарна-гастранамічныя вырабы, свежую выпечку, травяныя чаі, якія традыцыйна прапаноўваюць гасцінныя гаспадары, або рызыкнуць змяніць вобраз і завітаць на майстар-класы да маладых цырульнікаў і візажыстаў.
Майстар-класы — яшчэ адна адметная традыцыя выставы. Яны праводзяцца практычна па ўсіх напрамках работы ўстаноў прафесійнай адукацыі: ад пляцення з лазы і саломкі, разьбярства, гатавання кулінарных вырабаў, карвінгу да робататэхнікі і праграмавання, ваджэння сельгастэхнікі. Напэўна, не будзе перабольшаннем сказаць, што кожны “Вясновы карагод” або “Восеньскі карагод” (афіцыйная назва выставы-продажу) уяўляе сабой велізарны майстар-клас па практыка-арыентаваным навучанні. І адначасова гэта творчая, святочная справаздача аб рабоце ўстаноў адукацыі. Іншымі словамі — глядзі, набывай, карыстайся і ведай, што пры жаданні зможаш зрабіць яшчэ лепш, варта толькі звярнуцца па навуку да прадаўцоў-майстроў, і яны абавязкова дапамогуць.
— Да нашага свята мы рыхтуемся ўсім калектывам, кожная спецыяльнасць імкнецца паказаць сябе, — расказвае выконваючы абавязкі дырэктара Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Наталля Шылько. — Сёння ў нас у продажы больш за 500 відаў выпечкі. Духмяныя булачкі, а побач, паглядзіце, кошыкі з цеста, напоўненыя смачнымі салодкімі “грыбочкамі” — падарункавы варыянт, які зробіць гонар любому святочнаму сталу. Усё гэта рабілі менавіта будучыя спецыялісты, яны ж разам з майстрамі вытворчага навучання прыдумалі ўнікальную рэцэптуру. Нашы садаводы ганарацца ўраджаем гэтага года: напрыклад, па яблыкі, вырашчаныя ў нашым садзе, адразу выстраілася чарга. Хачу сказаць, што каледж жыве цікавым, насычаным жыццём, кожны год для нас — новая прыступка ў развіцці. Сёння мы ўжо думаем пра тыя спецыяльнасці і кваліфікацыі, якія будуць адкрывацца ў 2018 годзе.
Па словах кіраўніка, найперш размова ідзе пра падрыхтоўку кадраў для аўтатранспартнай сферы. Сёння ў Паставах вучацца будучыя тэхнікі-механікі па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”. А ў наступным годзе тут збіраюцца апрабаваць той жа, але крыху паглыблены варыянт — пачаць падрыхтоўку аўтамеханікаў 5 разраду. Спецыялісты з высокай кваліфікацыяй эканоміцы патрэбны, як паветра. Сёлета ў каледжы пачалі падрыхтоўку кухараў 4 разраду на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і 5 разраду — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. І ўсё ж такі для дзяўчат выбар невялікі, а таму ёсць намер у наступным годзе адкрыць набор па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль” на базе 9 класаў. Пра тое, што на такія кадры будзе попыт, сведчаць шматлікія заяўкі ад базавых прадпрыемстваў. У цэлым гэта аснова асноў работы каледжа: падрыхтоўка ажыццяўляецца толькі па тых спецыяльнасцях, якія патрэбны роднаму і найбліжэйшым раёнам.
— Выстава-продаж для нас магчымасць расказаць пра сябе, паказаць дасягненні навучэнцаў, — адзначае дырэктар Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя Валянціна Шынкевіч. — Прычым мы дэманструем вырабленае не толькі ў працэсе вытворчага навучання, але і на занятках гурткоў, аб’яднанняў па інтарэсах. Так, выставу сёння аформілі нашы кветкаводы. Удала рэалізоўваецца і прадукцыя гуртка па пашыве пасцельнай бялізны. Слаўна пастараліся і кухары, аграрыі: на іх прадукцыю — павышаны попыт. Лічу, што гэта выдатна, калі дзеці могуць дастойна паказаць уласныя таленты, параўнаць “сваё” з вырабамі іншых устаноў адукацыі і пабачыць, дзе яны ў лідарах, а дзе яшчэ варта павучыцца.
Глыбоцкі ліцэй таксама актыўна развіваецца. Рабочыя прафесіі запатрабаваны сярод моладзі, у наборы гэтага года ёсць і залаты медаліст. Акцэнт робіцца на цеснае супрацоўніцтва з наймальнікамі. З верасня ў ліцэі пачалася падрыхтоўка будучых прадаўцоў і электразваршчыкаў ручной зваркі. Для гэтага створаны спецыяльныя лабараторныя класы, у абсталяванні якіх прынялі ўдзел і прадпрыемствы — заказчыкі кадраў. Вырашаецца пытанне аб падрыхтоўцы спецыялістаў высокай кваліфікацыі для практычнай работы ў сельскай гаспадарцы на новай энерганасычанай тэхніцы. Па дагаворы яе ўзоры нам прадастаўляе на выпрабоўванне Мінскі трактарны завод. А на гэтым тыдні ліцэй плануе падпісаць дамову аб супрацоўніцтве з буйным мясцовым аграхолдынгам. Ініцыятыва належыць установе адукацыі, і прадпрыемствы-партнёры яе падтрымліваюць. Холдынг мае намер арганізаваць для сваіх будучых работнікаў спецыяльны клас, абсталяваны лепшай тэхнікай айчыннай і замежнай вытворчасці. Акрамя практыкі, навучэнцы будуць адпрацоўваць на гэтай тэхніцы вытворчыя заданні.
Стракаты, дружны і вясёлы “Восеньскі карагод” штогод прыцягвае новых сяброў. У мінулым годзе да свята далучыўся Полацкі дзяржаўны эканамічны каледж.
— Усё, што мы прадстаўляем на выставе, — ад стэндавай экспазіцыі да дэгустацыі кулінарных вырабаў — стараемся звязаць з нашай установай адукацыі, спецыяльнасцямі, па якіх рыхтуем кадры, — дзеліцца ўражаннямі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ала Рыхлова. — Мы адкрылі спецыяльнасць “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы”, на наступны год плануем пашырыць прыём на яе на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, бо ёсць вялікі попыт. Нашы навучэнцы самі расказваюць пра нашы спецыяльнасці. У прыватнасці, заўсёды прыцягвае ўвагу пляцоўка, прысвечаная ІТ-сферы. Пакуль, на жаль, ідзе дождж, робат, які прыехаў з намі, не задзейнічаны. Але калі надвор’е праясніцца, у наведвальнікаў будзе магчымасць паспрабаваць самім запраграмаваць механізм.
Большая частка прадстаўленай на кірмашы прадукцыі — сельскагаспадарчая, і кульмінацыйны момант “Восеньскага карагода” — урачыстая цырымонія ўзнагароджання перадавікоў сельгасвытворчасці, якія паказалі найлепшыя вынікі ў сезоне. А вось рэй “карагода”, вобразна кажучы, вядуць установы дадатковай адукацыі і найперш — Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі. Тут распрацоўваецца праграма канцэрта, у якім прымаюць удзел лепшыя выканаўцы і самадзейныя калектывы вобласці. Палац штораз здзіўляе разнастайнымі тэматычнымі пляцоўкамі, інтэрактыўнымі гульнямі, выступленнямі скамарохаў і роставых лялек. Які ж без іх кірмаш?! Рэкламуючы гурткі і аб’яднанні па інтарэсах праз дасягненні іх удзельнікаў, педагогі дадатковай адукацыі робяць свой уклад у прапаганду і павышэнне іміджу прафесійнай адукацыі. Для многіх дзяцей заняткі ў гуртку — першая прыступка да паступлення ў профільны ліцэй, каледж або ўніверсітэт.
— Выстава-продаж садзейнічае развіццю творчасці, ёй удзяляецца велізарная ўвага — і гэта правільны падыход, — упэўнена дырэктар Полацкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Ганна Бурэнь. — Людзей, у тым ліку моладзь, нашых будучых абітурыентаў, прывабліваюць эксклюзіўная прадукцыя, якасць і творчасць. Пакупнікі цікавяцца нашымі калекцыямі адзення, этнічнымі камплектамі сталовай бялізны, вырабамі з дрэва і металу і задаюцца пытаннем: дзе ж вучаць рабіць такую прыгажосць? Набываюць упадабанае, прывозяць дадому, расказваюць пра нас сябрам і знаёмым. Лепшай рэкламы і прыдумаць немагчыма. Сёлета да нашага каледжа далучыўся ліцэй будаўнікоў, адпаведна, пашырыўся спектр спецыяльнасцей і кваліфікацый, па якіх мы вядзём падрыхтоўку. На выставе-кірмашы прадставілі свае вырабы нашы навучэнцы — будучыя будаўнікі, цырульнікі, тэхнікі-механікі, тэхнікі па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, тэхнікі-тэхнолагі і мастакі-мадэльеры. Але і гэта яшчэ не ўсё. Для нас выстава — свята душы, свята сустрэч. Традыцыйна мы сустракаемся тут з нашымі калегамі, якія пайшлі на заслужаны адпачынак. Выпускнікі прыходзяць да нас разам са сваімі дзецьмі — павітаць педагогаў і паказаць сынам і дочкам, дзе вучыліся іх бацькі, расказаць, чым славіцца каледж.
— Самая эфектыўная прафарыентацыя і прафагітацыя — тая, што ідзе ад практыкі, — падкрэслівае начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Гэта зробленыя навучэнцамі Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа трактар і верталёт, ад якіх бацькі не могуць адцягнуць сваіх дзяцей; створаная навучэнцамі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа калекцыя касцюмаў ХІХ стагоддзя (з мадэлямі — таксама навучэнцамі — просяцца сфатаграфавацца на памяць, нібы з вялікімі славутасцямі). Прыгажуні з Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці з гонарам дэманструюць прычоскі, калекцыі абутку і скургалантарэі, якія вучацца рабіць у сценах сваёй установы. Гэта і пляцоўкі па інфармацыйных тэхналогіях, робататэхніцы, паказ станкоў і вырабаў, якія без сучаснага абсталявання нельга стварыць. У прафарыентацыйнай рабоце важнай з’яўляецца сістэма, скіраванасць на мэтавую ўзроставую аўдыторыю — і тут яна выразна прасочваецца. Дзеці і падлеткі прыходзяць па сваёй ініцыятыве, ім цікава сюды завітаць. Ёсць шчырая зацікаўленасць — значыць будуць абітурыенты ва ўстановах прафесійнай адукацыі, будзе ўдалы набор. Мы арганізоўваем не проста выставу і продаж прадукцыі, а ў шырокім сэнсе слова выставу сістэмы прафесійнай адукацыі, дзе паказваем, што зрабілі за год, якія ў нас дасягненні. Установы адукацыі растуць — што тычыцца тэхналогій — разам з сучаснымі прадпрыемствамі. Сёлета, не з’яўляючыся спецыялізаванымі вытворчасцямі, кожная ўстанова адукацыі аграрнага профілю сабрала на сваіх палетках амаль па тысячы тон зерня. Гэта сур’ёзны вынік: без адпаведнай тэхналогіі, культуры землекарыстання такога не атрымаеш. Разам з тым эканамічны складнік выставы-продажу немалаважны. Многія стараюцца набыць прадукцыю менавіта ў нас, бо яна заўсёды якасная і досыць танная. За апошнія гады на кожнай абласной выставе-продажы мы зарабляем 50—70 тысяч рублёў і спадзяёмся дасягнуць 100 тысяч. Галоўнае — не спыняцца. У наступным годзе мы павялічым кантрольныя лічбы прыёму — асабліва гэта тычыцца выпускнікоў базавай школы. Рыхтуемся і да ўвядзення новых спецыяльнасцей. Наша выстава-продаж дэманструе работу сістэмы, дробязей у якой няма і якой давяраюць людзі. Сведчанне гэтага — сённяшнія не сотні, а тысячы наведвальнікаў.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.