Некабінетныя спецыялісты дрэваапрацоўкі

Кафедра дрэваапрацоўчых станкоў і інструментаў факультэта лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну — адно з самых “дарослых” падраздзяленняў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Тут у дадатак да дзеючай спецыяльнасці “Машыны і абсталяванне ляснога комплексу” сёлета дабавіцца новая — “Мехатронныя сістэмы і абсталяванне дрэваапрацоўчых вытворчасцей”.

Загадчык кафедры Аляксандр Грышкевіч паказвае запыты ад буйных прадпрыемстваў, арганізацый і структур на спецыялістаў гэтага кірунку. Сярод іх — Міністэрства лясной гаспадаркі, Асацыяцыя прадпрыемстваў мэблевай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, Беларускі вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці “Беллеспаперапрам”, “Рэчыцадрэў”, “Івацэвічдрэў” і інш. Улічваючы тое, што першы выпуск па новай спецыяльнасці адбудзецца толькі ў 2025 годзе, патрэба ў выпускніках спецыяльнасці штогод будзе вар’іравацца ад 30 чалавек.

— На дрэваапрацоўчых прадпрыемствах ёсць вострая неабходнасць у выкананні вялікіх аб’ёмаў работ, звязаных не толькі з механікай, але і з мехатронікай (спалучэнне механікі і электронікі). Для рамонту ці абслугоўвання абсталявання ведаў звычайнага механіка ўжо недастакова, — тлумачыць Аляксандр Аляксандравіч. — У Еўропе, напрыклад, зараз няма класічнай кваліфікацыі “інжынер-механік”, толькі “інжынер-мехатронік”.

Маладыя спецыялісты атрымаюць кваліфікацыю “інжынер-мехатронік”. Яны змогуць працаваць на пасадах, звязаных з распрацоўкай, укараненнем і асваеннем новых тэхналогій. Аляксандр Грышкевіч адзначае, што выпускнікоў кафед­ры чакае стапрацэнтнае працаўладкаванне, паколькі спецыялісты такога профілю заўсёды запатрабаваны. Больш за тое, з часам яны змогуць знайсці сябе ў вузкапрафесійных нішах.

— У нас заключана шмат гаспадарчых дагавораў з прадпрыемствамі. Мы не кабінетныя работнікі, бо накіраваны вырашаць рэальныя задачы вытворчасці, — расказвае вучоны.

Прафесія пазнаецца практыкай

Для падрыхтоўкі спецыялістаў з высокай кваліфікацыяй важна мець годную матэрыяльна-тэхнічную базу. І кафедры дрэваапрацоўчых станкоў і інструментаў у гэтым плане ёсць чым ганарыцца. Найперш навукова-практычным цэнтрам, дзе праходзіць даследчая работа студэнтаў і выкладчыкаў. Тут жа знаходзіцца вялікая колькасць спецыялізаваных машын, станкоў і прылад, якія моладзь асвойвае у працэсе навучання. У распараджэнні кафедры ёсць і такія станкі, якіх пакуль няма на вытворчасцях краіны.

У лабараторыях водар драўніны перамешваецца са спецыфічным пахам жалеза. Перад машынамі роўнымі стосамі складзена сыравіна для апрацоўкі, на стэндах узвышаюцца ўзоры дэталей. У гэтых памяшканнях можна ўбачыць, як мяняліся станкі з XIX стагоддзя да сучаснасці, прасачыць, які шлях прахо­дзіць дрэва ад бервяна да гладкай дошкі ці ад бруса да пілавіння. Студэнтам наглядна тлумачаць, як можа адрознівацца дранка ў залежнасці ад формы механічных дэталей станка і ўласцівасцей інструмента, што апрацоўвае дрэва. Такіх лабараторый у кафедры некалькі: па рэзанні драўніны і спецыяльным інструменце, дрэваапрацоўчых станках, тачыльным абсталяванні, рамонце і мантажы машын, а таксама навукова-даследчая і метралагічная лабараторыі.

Дрэваапрацоўка — адзін з самых траўманебяспечных напрамкаў прамысловасці, таму выкладчыкі кафедры ўдзяляюць шмат увагі тэхніцы бяспекі. Студэнты вывучаюць найноўшыя і найбольш дзейсныя спосабы бяспечнай работы з інструментамі. Напрыклад, станок па выпільванні аснашчаны датчыкамі: пры парушэнні ўстаноўленых абмежаванняў яго работа адразу блакіруецца. Акрамя таго, на станку ўсталяваны тросы, дотык да якіх таксама спыняе абсталяванне.

Чужых майстроў у лабараторыях няма — усе свае. Наладкамі машын і іх падрыхтоўкай да заняткаў займаюцца самі выкладчыкі. Такія адносіны педагогаў да сваёй дзейнасці, на думку Аляксандра Аляксандравіча, дапамагаюць моладзі хутчэй унікнуць у асаблівасці прафесіі, больш шчыльна ўзаемадзейнічаць з педагогамі і пераймаць іх вопыт.

Загадчык кафедры прызнаецца, што ён строгі са студэнтамі. На думку педагога, пры рабоце з тэхнікай вельмі важна прытрымлівацца дакладных правіл, норм і не спрабаваць сваволіць. Тэхнічная навука павінна быць дакладнай для вывучэння. Разам з тым Аляксандр Аляксандравіч з павагай глядзіць на сучасную моладзь, паколькі яна не баіцца цяжкасцей.

— Сённяшнія студэнты нічым не адрозніваюцца ад студэнтаў іншых гадоў. Такія ж культурныя, інтэлігентныя, творчыя і добразычлівыя. Яны імкнуцца да ведаў, і гэта бачна, — перакананы А.Грышкевіч. — Адзінае, мабыць, чым нашы студэнты адрозніваюцца ад іншых, — гэта сумленнасць. Нават калі нешта не падрыхтавалі, недзе недапрацавалі — прыйдуць і шчыра прызнаюцца, не стануць выкручвацца, апраўдваючы сябе. І працавітасць: студэнт можа нядужа паспяваць на пачатку вучобы, але пасля сітуацыя змяняецца.

Цяжка ў вучэнні у лёгка ў баі

Падчас гутаркі Аляксандр Аляксандравіч неаднаразова падкрэслівае, што на абедзвюх спецыяльнасцях вучыцца няпроста. Па-першае, на пачатку навучання юнакам і дзяўчатам прыхо­дзіцца “падцягваць” узровень школьных прадметаў: матэматыкі, фізікі, хіміі. Па-другое, праз усведамленне складанай спецыфікі працы ў дрэваапрацоўцы неабходна адаптацыя на першым працоўным месцы. І калі ўзровень ведаў залежыць найперш ад уседлівасці і стараннасці саміх студэнтаў, то з адаптацыяй ім дапамагае работа на прад­прыемствах.

Амаль уся вытворчая практыка праходзіць у рэгіёнах, і студэнты маюць магчымасць папрацаваць на вытворчасцях рознай накіраванасці. Калі маладога чалавека прываблівае пэўнае прадпрыемства, ён звязвае з ім свае курсавыя і дыпломныя праекты. Пасля выпуску маладога спецыяліста сустракаюць там як добрага знаёмага. Так, выпускнікі кафедры працуюць у кан­структарскіх бюро, на тынковачных, мэблевых і дрэваапрацоўчых прадпрыем­ствах, у сумежных галінах.

— Мы ўсвядомлена адпраўляем студэнтаў у рэгіёны. Часта там знахо­дзіцца найноўшае абсталяванне, якога можа не быць у Мінску. Гэта дае магчымасць лепш азнаёміцца з тэхнікай, навучыцца большаму, — расказвае загадчык кафедры.

Навука у душа кафедры

Навуковыя пошукі — тое, што ў значнай ступені характарызуе кафедру і яе дзейнасць. Можна сказаць, што даследаванні — гэта яе душа. Нягле­дзячы на невялікі калектыў (у склад кафедры ўваходзяць 10 выкладчыкаў), усе яны займаюцца прыкладнымі даследаваннямі. Большасць з іх — вучні Аляксандра Аляксандравіча. Сярод пытанняў, якія даследуюцца, — рацыянальныя рэжымы выкарыстання дрэварэжучых інструментаў, тэхналогіі па ўмацаванні магчымасцей ляза, распрацоўка праграмнага забеспячэння для станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем, бяспека пры рабоце з дрэваапрацоўчым абсталяваннем і інш.

— Навука ствараецца маладымі, — перакананы Аляксандр Аляксандравіч. — Пры такім падыходзе ў працы ёсць крэатыўнасць, аператыўнасць, новыя ідэі і ўменне шчыльна ўзаемадзейнічаць са студэнтамі, больш разумець іх.

Доказ гэтага — аспіранты кафедры Таццяна Машарыпава і Дзмітрый Балочка. Таццяна ўспамінае, што тэмы, звязаныя з дрэваапрацоўкай, пачалі цікавіць яе даволі рана. Будучы татавай дачкой і цікавячыся тэхнікай, у абітурыенцкую пару дзяўчына спыніла выбар на спецыяльнасці “Машыны і абсталяванне ляснога комплексу”. Падмацаваннем выбару таксама стала вялікая колькасць разнастайнага  абсталявання, што прымяняецца на практыцы, і ўпэўненасць у працаўладкаванні.

— Паступаючы, ведала, што будзе няпроста. Спачатку папярэджвалі выкладчыкі, пасля гаварылі старшакурснікі. Але, калі ўдзяляць заняткам належны час, нічога звыш сіл няма. І пасля застаецца жаданне працягваць вучобу далей, — дзеліцца Таццяна.

Пасля таго як студэнтка агледзелася на факультэце, у яе жыццё прыйшлі навуковыя даследаванні: выкладчыкі падказвалі ідэі, натхнялі і накіроўвалі. Зразумець, што дзяўчына хоча самастойна ствараць навуку, ёй дапамог прыклад загадчыка кафедры.

Дзмітрый Балочка да тэхнікі цягнуўся з дзяцінства, таму ведаў, што абавязкова стане інжынерам-механікам. Першапачаткова для юнака было няважна, спецыялістам у якой галіне ён будзе ў будучыні (спачатку больш схіляўся да машынабудавання), але, пазнаёміўшыся з апісаннем спецыяльнасці на сайце кафедры і ўбачыўшы фотаздымкі станкоў і машын, аддаў перавагу дрэваапрацоўчай галіне.

Як і ў Таццяны, навуковы шлях Дзмітрыя пачаўся на 3 курсе, калі хлопец прывык да новага асяроддзя і пазнаёміўся з асновамі прафесіі.

— Магчыма, у спорце на нашай кафедры сябе не знойдзеш. Але ў навуцы пры жаданні не рэалізавацца немагчыма. Тут ёсць у каго павучыцца, з кім параіцца, паколькі ўсе выкладчыкі займаюцца даследаваннямі. У дрэваапрацоўцы шмат нявырашаных пытанняў, таму заўсёды можна рухацца далей, вырашаць канкрэтныя задачы, — заўважае Дзмітрый.

Нядаўнія выпускнікі — сёння маладыя даследчыкі — самі пакрысе становяцца старэйшымі таварышамі для цяперашніх студэнтаў. А на пытанне, кім сябе бачаць у найбліжэйшай будучыні, разважліва, але ўпэўнена адзначаюць: “Дацэнтамі, вядома”.

Значнае месца ў жыцці кафедры адводзіцца міжнароднай дзейнасці. Тут наладжаны акадэмічныя сувязі са Штутгартскім тэхнічным універсітэтам прыкладных навук (Германія), Харкаўскім нацыянальным тэхнічным універсітэтам сельскай гаспадаркі імя П.Васіленкі (Украіна), Уральскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам (Расія) і інш. Нярэдка паміж установамі адбываюцца сустрэчы па абмене вопытам, навуковыя канферэнцыі і круглыя сталы.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва кафедры.