Дзень адкрытых дзвярэй дае абітурыентам цудоўную магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі факультэтаў і задаць ім хвалюючыя пытанні. Разумеючы гэта, БДУ праводзіць такі дзень двойчы на год: у першыя дні студзеня і ў другой палове сакавіка.
Калі з паступленнем на факультэты, на якія трэба прынесці сертыфікаты ЦТ, усё больш-менш зразумела, то з паступленнем на факультэты з творчым конкурсам узнікае шмат пытанняў. Таму мы завіталі на журфак, дзе паспяховасць паступлення на чвэрць залежыць ад здачы ўнутранага экзамену.
Публікацыі павысяць шанс паступлення
Для абітурыентаў факультэта журналістыкі вельмі важнай з’яўляецца наяўнасць публікацый (гэта не адносіцца да спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя”, бо пры паступленні на гэтую спецыяльнасць замест творчага іспыту здаецца ЦТ па грамадазнаўстве). Безумоўна, дакументы прымуць і без публікацый, аднак гэта адаб’ецца як на адзнацы за творчы конкурс, так і на ўласным разуменні абітурыента, ці з’яўляецца для яго журналістыка правільным выбарам.
“Журналістыка — складаная прафесія, і паспрабаваць сябе ў ёй трэба загадзя. Нельга ісці з завязанымі вачыма ў прафесію. Гэта небяспечна. І калі вы памыліцеся ў выбары, будзеце пакутаваць”, — адзначыла намеснік дэкана факультэта журналістыкі па прафарыентацыйнай і навуковай рабоце Наталля Анатольеўна Зубчонак.
Наталля Анатольеўна параіла наступны алгарытм дзеянняў. Самім прыйсці ў рэдакцыю з просьбай, каб вам далі заданне, тэму. Калі ёсць пэўныя нарыхтоўкі, то варта ісці з напісанымі матэрыяламі. Аднак намеснік дэкана папярэдзіла: вельмі вялікая верагоднасць таго, што напісаныя матэрыялы давядзецца неаднойчы перапісваць.
“Пасля таго як вы некалькі разоў перапішаце матэрыял і праз час убачыце свой артыкул апублікаваным, вам не перахочацца паступаць на факультэт журналістыкі — зна-чыць, гэта ваша прафесія”, — адзначыла Наталля Анатольеўна.
Колькасць публікацый мае значэнне. Аднак такое ж значэнне мае і іх якасць, напрыклад, важна, ці гэта 2 артыкулы, ці 10 нататак. Друкавацца трэба ў зарэгістраваных выданнях — школьныя газеты да такіх не адносяцца. Безумоўна, надрукаваць артыкул у рэспубліканскіх выданнях вельмі складана. Прасцей гэта зрабіць у гарадскіх і раённых газетах, шматтыражках прадпрыемстваў.
На сайце факультэта журналістыкі ёсць спасылкі на студэнцкія газеты. Напрыклад, студэнты факультэта журналістыкі выпускаюць газету “Журфакты”. Існуе сайт www://studlive.by/. Туды таксама можна дасылаць свае матэрыялы. Дарэчы, публікацыі ў інтэрнэце таксама залічваюцца як публікацыі. Аднак, калі ў прыёмную камісію прыносіцца копія публікацый, то яна абавязкова павінна быць заверана ў рэдакцыі.
Крыху аб спецыяльнасцях
Факультэт прапаноўвае вучобу па 8 спецыяльнасцях. Спынімся на тых, якія могуць выклікаць пытанні ў абітурыентаў. Выпускнік спецыяльнасці “Міжнародная журналістыка” будзе працаваць з міжнароднай інфармацыяй, аднак у першую чаргу менавіта ў беларускіх выданнях.
На спецыяльнасці “Журналістыка (менеджмент СМІ)” рыхтуюць спецыялістаў, якія разам з журналісцкай дзейнасцю могуць займацца і эканамічнымі пытаннямі ў рэдакцыі. У будучыні гэта могуць быць менеджары па рэкламе, менеджары па рабоце з персаналам, аглядальнікі па эканоміцы.
Спецыяльнасць “Літаратурная работа” прапаноўвае вучобу па двух кірунках — рэдагаванне і творчасць. У мінулым годзе быў агульны прыём, размеркаванне па кірунках праходзіла пасля 1 курса. Рэдагаванне звязана з апрацоўкай тэксту, а на спецыяльнасці “Літаратурная работа (творчасць)” рыхтуюць спецыялістаў у галіне літаратурнай і кінакрытыкі. Гэтая спецыяльнасць падыдзе людзям, якія цікавяцца тэатральным і кінамастацтвам. У будучыні яны могуць стаць як крытыкамі, так і аўтарамі.
Што дасць мэтавы кантрактны прыём?
На дні адкрытых дзвярэй абітурыентам раілі разгледзець і такі варыянт, як мэтавы кантрактны прыём. Напрыклад, малады чалавек доўгі час супрацоўнічаў з раённай газетай і, што самае галоўнае, хоча там далей працаваць. Арганізацыя падае заяву ва ўніверсітэт на імя абітурыента і менавіта пад яго выдзяляецца месца. Гэта гарантаванае пазаконкурснае паступленне на бюджэт. Аднак пасля заканчэння ўніверсітэта па мэтавым накіраванні адпрацаваць трэба будзе 5 гадоў: 2 — як малады спецыяліст і 3 — як мэтавік.
Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.