Абітурыентам факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі БНТУ пашанцавала. Прычым не толькі з выбарам унікальных спецыяльнасцей, але і з дасціпнымі лектарамі, якія пазнавальна і цікава расказалі пра кожную з іх. Днямі на факультэце прайшоў дзень адкрытых дзвярэй.
У холе вучэбнага корпуса № 9 БНТУ было ажыўлена: тут сабралася не менш за 30 школьнікаў, гімназістаў і ліцэістаў, сярод якіх немаленькую частку склалі дзяўчаты. Маладых людзей чакала экскурсія па факультэце.
Пра асаблівасці спецыяльнасцей факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі абітурыентам расказалі намеснікі дэкана Аляксандр Кукса і Рыгор Басалай. Маладыя людзі даведаліся, што ФГСЭ рыхтуе спецыялістаў па такіх напрамках, як адкрытыя і падземныя горныя работы, узбагачэнне і перапрацоўка карысных выкапняў, сучасныя геатэхналогіі, буравыя работы, горныя машыны, маркшэйдарская справа, экалагічны менеджмент і аўдыт у прамысловасці. Пасля заканчэння навучання выпускнікам могуць прысвойвацца кваліфікацыі горнага інжынера, горнага інжынера-механіка, горнага інжынера-электрамеханіка, горнага інжынера-абагачальніка, горнага інжынера-маркшэйдара і інжынера эколага-менеджара.
“Толькі дылетанты думаюць, што горная інжынерыя ў Беларусі — неперспектыўная і незапатрабаваная галіна. Наша краіна мае вялікую колькасць карысных выкапняў, каб пераконваць у адваротным”, — заўважыў Рыгор Антонавіч Басалай.
Выпускнікі факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі размяркоўваюцца на работу ў ААТ “Беларуськалій”, РУП “Вытворчае аб’яднанне “Беларуснафта”, ААТ “Белгорхімпрам”, буравую кампанію “Дэльта”, Беларускі цэментны завод, установы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама на іншыя прадпрыемствы і ў навукова-даследчыя і праектныя інстытуты. Як паведаміў Аляксандр Мікалаевіч Кукса, вытворчая практыка, якая прадугледжана пасля кожнага года навучання, праходзіць звычайна ў гэтых жа ўстановах, але вітаюцца і такія падыходы, калі студэнты самі дамаўляюцца аб праходжанні практыкі з рознымі спецыялізаванымі ўстановамі, у тым ліку замежнымі.
“Студэнтаў-выдатнікаў заахвочваем павышанымі стыпендыямі вучонага савета ўніверсітэта, — адзначыў Рыгор Антонавіч. — Некаторыя студэнты атрымліваюць імянныя стыпендыі ад прадпрыемства “Беларуснафта”, а для эколагаў прадугледжаны стыпендыі фонду імя У.І.Вярнадскага”.
Факультэт быў створаны ў 2002 годзе для падрыхтоўкі нацыянальных кадраў у галіне горнай прамысловасці, што ўвабрала ў сябе здабычу, перапрацоўку, рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, ахову навакольнага асяроддзя і экалагічны менеджмент. У склад факультэта ўвайшлі 4 кафедры: “Горныя машыны”, “Горныя работы”, “Экалогія” і “Англійская мова № 1”.
Падчас экскурсіі па факультэце абітурыенты наведалі Міжкафедральную лабараторыю калійнай вытворчасці. У кожным з аддзелаў лабараторыі Рыгор Басалай расказваў пра функцыі таго ці іншага абсталявання, яго якасці і магчымасці, параўноўваў самыя глыбокія горныя шахты па-за межамі краіны з найбуйнейшымі шахтамі Беларусі, адказваў на пытанні абітурыентаў.
Найбольш старшакласнікаў уразіў вытворчы ад дзел з імітацыйным буравым абсталяваннем, у прыватнасці камбайн і кабіна для спуску рабочых на глыбіню 600—900 метраў. Рыгор Антонавіч паказаў прынцып работы гэтай машыны, расказаў пра яе асаблівасці, а самыя цікаўныя і смелыя з прысутных змаглі ўзабрацца на вучэбны камбайн і пераканацца ў яго магутнасці. На прыкладзе работы жалезнага волата, дапаўняючы гісторыямі з жыцця, выступоўца змог акунуць моладзь у незвычайны свет горнай вытворчасці.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.