“О, нішто сабе я магу! Матуля можа мной ганарыцца”

Такія словы нярэдка можна пачуць на занятках студэнтаў старшых курсаў кафедры ландшафтнага праектавання і садова-паркавага будаўніцтва лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Але за імі хаваецца доўгі шлях авалодвання прафесіяй, удасканальвання навыкаў і ўмення слухаць парады старэйшых.

Гісторыя станаўлення i развіцця cпецыяльнасці “Садова-паркавае будаўніцтва”, кафедры ландшафтнага праектавання і садова-паркавага будаўніцтва звязана з лесагаспадарчым факультэтам БДТУ з 1968 года.

“Раней мы развіваліся ў складзе іншых кафедраў, якія мелі большы ўхіл на лесагаспадарчы профіль. І адасабленне стала своеасаблівым імпульсам для развіцця. Мы доўга думалі над назвай спецыяльнасці: хацелася яе неяк асучасніць. Зараз разглядаем варыянт “Ландшафтнае добраўпарадкаванне тэрыторый”, але пакуль ён не зацверджаны. Зрэшты, як спецыяльнасць ні назаві, сутнасць усё роўна не зменіцца”, — расказвае загадчык кафедры Тамара Бурганская.

Першы набор студэнтаў у гэтым напрамку адбыўся ў 1968/1969 навучальным годзе па спецыялізацыі “азеляненне населеных месцаў”. На той час абітурыенты праходзілі сумоўе, дзе ўлічваліся здольнасці да выяўленчага мастацтва. Трэба адзначыць, што зараз умовы паступлення ў дачыненні да мастацкіх здольнасцей абітурыентаў спрасціліся: навыкамі малявання напачатку валодаюць не ўсе. Такая сітуацыя хутка выпраўляецца: кожны студэнт спасцігае азы жывапісу. На думку выкладчыкаў кафедры, уменне маляваць заў­сёды бу­дзе карысным у працы, асабліва пры адсутнасці камп’ютара і неабходнасці хутка прадставіць эскізы ідэі-канцэпцыі ландшафтнай арганізацыі тэрыторыі.

Пры выпуску першага набору спецыялістаў у галіне ландшафтнага дызайну ў 1973 годзе ўзніклі цяжкасці з іх размеркаваннем. Але маладыя спецыялісты не разгубіліся і адваявалі сабе месца пад сонцам, звярнуўшыся ў друк з артыкулам “Патрэбныя ці не?”. Пасля выхаду матэрыялу юнакі і дзяўчаты атрымалі заяўкі на размеркаванне па ўсёй краіне. Сёння, па словах Тамары Бурганскай, пытання аб незапатрабаванасці выпускнікоў не існуе: спецыяльнасць “Садова-паркавае будаўніцтва” мае практычную накіраванасць, і ва ўсім свеце ведаюць, што такое ландшафтны дызайн.

Сучасныя выпускнікі падраздзялення працуюць не толькі ў праектных інстытутах і на прадпрыемствах сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, даюць ім магчымасць паспрабаваць сябе і ў прадпрымальніцтве, пайсці ў навуку, стаць выкладчыкамі. Дарэчы, на самой кафедры працуе нямала яе колішніх выпускнікоў.

Пасля авалодання праграмай І ступені (4 гады) выпускніку прысвойваецца кваліфікацыя “інжынер садова-паркавага будаўніцтва”. ІІ ступень падрыхтоўкі на кафедры зараз знаходзіцца на этапе рэформ. З гэтага года падрыхтоўка магістраў будзе праводзіцца па спецыяльнасці “Ландшафтнае праектаванне і добраўпарадкаванне тэрыторый”.

Сёлета ва ўстанове распрацавалі дыстанцыйную праграму навучання для людзей з інваліднасцю (магістарскі курс будзе ўключаць тэставыя і практычныя заданні па ландшафт­ным праектаванні, камп’ютарных тэхналогіях і іншыя).

“Будучым ландшафтным архітэктарам, якія працягваюць навучанне ў магістратуры, трэба замацаваць сабраныя за 4 гады і атрымаць дадатковыя веды. Ім неабходны вопыт выканання вялікага аб’ёму работ, звязаных з ландшафтным праектаваннем аб’ектаў азелянення рознага ўзроўню, у тым ліку гістарычных, гарадскіх, прыватных. Таму мы заўсёды падтрымліваем студэнтаў, якія хочуць ісці далей”, — гаворыць загадчык кафедры.

Спецыяліст заўважае, што не ўсе могуць застацца ў галіне ландшафтнага праектавання, стаць ландшафтным архітэктарам: нехта — праз адсутнасць схільнасці, нехта — праз адсутнасць цікавасці. Аднак спецыяльнасць дапамагае рэалізаваць сябе ў іншых напрамках: дэкаратыўным раслінаводстве, будаўніцтве і эксплуатацыі аб’ектаў ландшафтнай архітэктуры (тут трэба разбірацца ў відах і гатунках дэкаратыўных раслін, асаблівасцях іх размнажэння і догляду, мерапрыемствах па ахове раслін ад шкоднікаў і хвароб і г.д.), а таксама фітадызайне і фларыстыцы (праца з жывымі кветкамі, высушаным раслінным і іншым дэкаратыўным матэрыялам).

Сярод дысцыплін, якія вывучаюць студэнты, — “Кветкаводства”, “Дэкаратыўная дэндралогія”, “Дэкаратыўныя гадавальнікі”, “Сістэмы азелянення населеных месцаў”, “Садова-паркавыя збудаванні”, “Гісторыя і тэорыя ландшафтнай архітэктуры”, “Фітадызайн” і іншыя прадметы. Карыснымі для іх становяцца веды па батаніцы, экалогіі, фізіялогіі раслін, глебазнаўстве, генетыцы і селекцыі дэкаратыўных раслін, рэкрэацыйным лесаводстве.

Каб гаварыць на сучаснай мове ландшафтнага дызайну і разумець суразмоўнікаў-калег з іншых краін, беларускім студэнтам спецыяльнасці “Садова-паркавае будаўніцтва” трэба валодаць лацінскімі назвамі дэкаратыўных раслін — кветкавых культур, дрэў, кустоў, ліян, газонных траў.

Чалавек не павінен баяцца зямлі

На кафедры ландшафтнага праектавання і садова-паркавага будаўніцтва лесагаспадарчага факультэта БДТУ вучацца студэнты з Расіі, Казахстана і найбліжэйшага замежжа. Выязджае па абмене ў іншыя краіны і беларуская моладзь. Тамара Мінаеўна расказвае, што ва ўстанове імкнуцца да таго, каб студэнты БДТУ выязджалі на стажыроўкі ў іншыя краіны, паколькі гэта дазваляе не толькі пераймаць цікавыя напрацоўкі, але і матываваць юнакоў і дзяўчат. На думку Т.М.Бурганскай, каб прымяняць цікавыя падыходы да працы, прыўносіць у спецыяльнасць новыя павевы і быць на высокім узроўні, трэба няспынна развівацца.

Пацвярджэннем гэтых слоў з’яўляюцца вучэбныя практыкі па спецыяльнасці — адзін з галоўных кітоў адукацыйнага працэсу. Значная іх частка праходзіць у батанічным садзе БДТУ, які знаходзіцца на тэрыторыі Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса. Прычым адбываецца гэта ў розны час: вясной і летам. Студэнты спецыяльнасці “Садова-паркавае будаўніцтва” заняты круглы год і адпачываюць толькі месяц — у жніўні.

“Выпускнік нашай спецыяльнасці павінен умець працавац­ь рукамі: не баяцца зямлі, вылодаць навыкамі вырошчвання дэкаратыўных раслін”, — пераканана Тамара Бурганская.

Акрамя вучэбных, вытворчай тэхналагічнай і пераддып­ломнай практык, у падрыхтоўцы маладых спецыялістаў задзейнічаны гурток “Дэкаратыўнае раслінаводства” і майстэрня ланд­шафтнага дызайну. Першы праект — гэта адна з пляцовак навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў (гэтаму на лесагаспадарчым факультэце, па словах Тамары Мінаеўны, адводзіцца адно з ключавых месцаў). Сюды таксама ўваходзіць і выставачная дзейнасць, распрацоўка праектаў ландшафтнай арганізацыі тэрыторый рознага ўзроўню, якія запатрабаваны для рэалізацыі на прадпрыемствах, ва ўстановах.

Многія студэнты пачынаюць навукова-даследчую дзейнасць з выбару тэмы даследавання, збору матэрыялу і напісання тэзісаў, а пасля ператвараюцца ў моцных навукоўцаў.

“Мы вывучаем ландшафтны дызайн не толькі як дзейнасц­ь або мастацтва па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый, але і з пункту гледжання яго прымянення. Каб стац­ь запатрабаваным спецыялістам, трэба не толькі валодаць кампетэнцыямі і адчуваць кампазіцыю, але і ведаць матэрыял, з якім працуеш. Калі спецыяліст нешта стварае, ён павінен добра разбірацца ў сучасных тэхналогіях і інавацыях”, — разважае Тамара Бурганская.

Майстэрня ландшафтнага дызайну аказвае паслугі насельніцтву, арганізацыям і прадпрыемствам па распрацоўцы праектаў азелянення і добраўпарадкавання тэрыторый рознага ўзроўню і функцыянальнага прызначэння. Разам з выкладчыкамі студэнты старшых курсаў і магістранты ўдзельнічаюць у выкананні рэальных задач. Гэта дзейсна, паколькі моладзь вучыцца, бачачы перад сабой канкрэтныя патрэбы спажыўца.

Прафесіяналізм і падтрымка у аснова ўсяго

Узаемадзеянню з работадаўцамі на кафедры адводзіцца ключавое месца. Выкладчыкі перакананы, што, калі адначасна ведаеш студэнтаў і патрэбы заказчыкаў, прасцей знахо­дзіць найбольш прывабны для двух бакоў варыянт.

Студэнты старшых курсаў падчас вучобы (і асабліва на этапе дыпломнага праектавання) выконваюць шмат заказных праектаў. Гэта, па словах Тамары Мінаеўны, вучыць маладых людзей удасканальвацца не толькі ў рабоце з маленькімі аб’ектамі азелянення. Дзякуючы такой спецыфіцы, выпускнік адначасова назапашвае вопыт, фарміруе партфоліа для работадаўца і выпрацоўвае ўласны стыль.

“Мы шмат укладваем у сваіх студэнтаў, таму не можам быць абыякавымі да іх будучыні. Выкладчыкі заўсёды павінны падтрымліваць моладзь, таму часцей за ўсё мы знахо­дзімся на баку студэнтаў. Патрабавальнасць пры падрыхтоўцы, безумоўна, вялікая, але пры гэтым выкладчыкі ідуць ім насус­трач, асабліва калі відаць, што чалавек імкнецца ўдасканаліць сябе, стараецца. Традыцыйна нашы педагогі шмат займаюцца са студэнтамі, важдаюцца з імі. І гэта правільна, бо высокі прафесіяналізм, патрабавальнасць і маральная падтрымка — залог поспеху. “Важна любіць студэнтаў, прывіваць ім любоў да абранай прафесіі”, — пераканана Тамара Бурганская.

Цяжка сказаць, як дзейнічае магія выкладчыцкай падтрымкі, але тое, што яна прысутнічае, аспрэчваць цяжка. Дзякуючы такому падыходу педагогаў, студэнты становяцца адзіным дружным калектывам. Узаемадапамога ў іх не традыцыя, а дух, які даўно пасяліўся сярод моладзі, якая вучыцца на спецыяльнасці “Садова-паркавае будаўніцтва”. І гэта праяўляецца не ва ўменні ў патрэбны час перадаць шпаргалку, а ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях.

Кожны у дызайнер свайго шчасця

Першае месца, куды хочацца завітаць, заглянуўшы на кафедру, — вучэбныя кабінеты, дзе працуюць студэнты. Зачыняеш за сабой дзверы — і апынаешся ў свеце, дзе пануюць мяккія фарбы, лагоднае святло і натхненне. Здаецца, што разам з моладдзю сюды заглядвае сонца.

Заняткі па малюнку і аснове кампазіцыі сустракаюць роўнымі шэрагамі мальбертаў. На белых аркушах паступова нараджаюцца дзівосы: з’яўляюцца штрыхі, вымалёўваюцца сілуэты, адбіваюцца цені. На сценах аўдыторыі красуюцца лепшыя курсавыя і дыпломныя праекты. Чаго тут толькі няма: і задума новых паркаў, і ідэі па азеляненні рэальных участкаў горада! Сама абстаноўка падштурхоўвае да творчасці.

Увага першакурснікаў скіравана на маленькія астраўкі — пляцоўкі з прадметамі, якія праз некаторы час назаўсёды застануцца на паперы. Засяроджанасць і пільнасць захоўваюцца ў кожным поглядзе, руху, зрываецца з алоўкаў, пэндзляў, пастэлі. Цяжка ўявіць, што жывапісам гэтыя студэнты займаюцца нядоўга.

Студэнтка Кацярына Нікалаева расказвае, што выбраць прафесію ёй было няпроста, але любоў да кветак і фатаграфіі развеяла ўсе сумненні і пераадолела перашкоды. Канчаткова вызначыцца дапамагло знаёмства са студэнтам лесагаспадарчага факультэта. Сяброўка дзяўчыны — Кацярына Букрэй — хацела звязаць будучыню з хіміяй, але творчасць, закладзеная ў спецыяльнасц­ь “Садова-паркавае будаўніцтва”, узяла верх.

“Тут усё больш маштабна, чым у школе, па-іншаму, — кажуць першакурсніцы. — Напачатку страшна, але неверагодна цікава. Нязведанасць не пужае, а радуе. Пачынаеш быць задаволеным сабой, калі разбіраешся ў нейкіх прафесійных прадметах. Самае страшнае было да паступлення. А цяпер, калі паступілі, здаецца, можам многае”.

Падчас наведвання іншага прадмета гэтая ж аўдыторыя ўспрымаецца інакш. Вакол рассцілаецца дзівосны батанічны сад. Тут віруюць назвы, да якіх спачаку няпроста прывыкнуць: “паветраная прастора”, “каркас”, “спіраль”. На сталах — садовы інструмент, лаза, клей. Падаецца, што ты на будаўнічай пляцоўцы. Але гэта доўжыцца, пакуль не разглядзіш шмат зеляніны, кветак і дэкаратыўных завітушак з сухой травы. Усё гэта — неад’емная частка прадмета “Фітадызайн”, які асвойваюць дасціпныя трэцякурснікі.

Назіраючы за працай маладых людзей і іх педагога, разумееш, што размовы пра адзінства і зладжанасць студэнтаў і выкладчыкаў на кафедры ландшафтнага праектаваня і садова-паркавага будаўніцтва — гэта не чуткі. Педагог расказвае сваім выхаванцам, што значыць скласці букет па спіралі, хлопцы і дзяўчаты замацоўваюць веды пра тое, што сабраная кампазіцыя павінна стаяць на ўласных ножках без дапамогі, успамінаюць, што такое фокусныя кветкі і кветкі-напаўняльнікі.

“Дадаём зеляніну, а складваецца ўражанне, што нара­джаецца вясна. Што мы робім зараз?” — звяртаецца да трэцякурснікаў выкладчык Вольга Яўсеева. “Імправізуем! — у адзін голас адгукаюцца трэцякурснікі, тут жа дабаўляючы: — А што рабіць, калі букет развальваецца?” “Доўгія гады ўпартых трэніровак — і развальвацца ў вас нічога не бу­дзе”, — жартуе выкладчык.

Калі ў народзе кажуць, што кожны — каваль свайго шчасця, то пра гэтых студэнтаў можна сказаць, што кожны з іх — яго дызайнер. Праходзіць час — і матэрыял у іх руках ажывае. І хіба гэтыя прыгожыя букеты, якія радуюць вока, не шчасце? А колькі праектаў яшчэ наперадзе!

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.