Выпускнікоў БДПУ імя Максіма Танка ці педагогаў, што маюць дачыненне да гэтай установы, можна сустрэць ва ўсіх кутках Беларусі. Лёсы гэтых людзей часта становяцца прыкладамі для моладзі, якая толькі пачынае прафесійны шлях. Таму студэнты БДПУ з захапленнем слухалі гісторыі, расказаныя ўдзельнікамі круглага стала “Настаўнік XXI стагоддзя: арыентацыя на будучае пакаленне”.
Жыццё з новага ліста
— Кажуць, што школа — гэта імгненне, калі дзіця становіцца дарослым. 20 гадоў назад, будучы выпускніцай сярэдняй школы № 3 Глыбокага, я была рада адправіцца ў падарожжа пад назвай “Дарослае жыццё”. Я марыла займацца гісторыяй, але гэта быў зборны рамантычны вобраз: вось раскопваю “чарговую Трою”, праводжу займальную экскурсію ці знаходжу ўнікальны дакумент у архіве. Так я апынулася на гістарычным факультэце БДПУ. Менавіта тут адбылося маё асобаснае і прафесійнае станаўленне, тут я набыла сяброў і сустрэла будучага мужа. І я стала не проста гісторыкам, як хацела, але і настаўнікам, — расказвае выкладчык гісторыі Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Ніна Ерахавец. — Свой першы ўрок я правяла за 20 мінут. І вельмі засмуцілася. Мой кіраўнік практыкі тады падтрымала мяне: “Ніна Аляксееўна, у вас талент! Вы выканалі свой план за 20 мінут. Уяўляеце, што зможаце зрабіць з вучнямі за 45 мінут, калі наберацеся вопыту!” Яе словы сталі прарочымі: вось ужо 16 гадоў я працую настаўнікам.
За плячыма педагога — мноства асабістых і вучнёўскіх дасягненняў, перамога ў конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, удзел у фінале рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2020”. Але самай вялікай сваёй узнагародай Ніна Аляксееўна лічыць выбар на карысць любімай прафесіі. Увесь свой прафесійны шлях яна імкнулася быць такім педагогам, які здольны зразумець, што ён можа даць кожнаму вучню для прымянення ў жыцці. Яна пераканана, што іскрынка таленту дзіцяці павінна станавіцца больш яркай і не гаснуць у вачах настаўніка.
На думку Ніны Ерахавец, словазлучэнне “шэрыя будні” ніяк не адносіцца да настаўніцкай прафесіі, бо кожны дзень у школе абсалютна розны. А “Паспець усё” — гэта не назва фантастычнага фільма, а штодзённая задача любога настаўніка-практыка.
— Быць сучасным педагогам — значыць, працаваць штодзень. Нават калі нешта здаецца вельмі цяжкім ці не атрымліваецца і хочацца ўсё закінуць. Бо калі адкрываеш дзверы кабінета і бачыш усмешкі дзяцей, жыццё пачынаецца з новага ліста. Яны любяць, вераць у цябе, ім важны кожны твой позірк і рух — і гэта значыць, што вучні давяраюць табе, — пераканана гісторык. — Дзеці не выбіраюць настаўнікаў. Але як здорава, калі на шляху вучня сустракаецца педагог, які не толькі перадае веды па сваім прадмеце, але і вучыць быць чалавекам. Такіх настаўнікаў не забываюць, іх праносяць праз усё жыццё, расказваюць пра іх сваім дзецям і звяраюць па іх жыццё, лічачы эталонам дабра і справядлівасці.
Матуля на “гастролях”
Начальнік Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ, пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2011”, настаўнік англійскай мовы Інеса Зубрыліна — 13-ы педагог у сям’і. Яна вырасла за апошняй партай у школе, дзе пазней на працягу 10 гадоў выкладала сама. Інеса Уладзіміраўна з усмешкай прыгадвае словы маці, сказаныя ёй, ужо дарослай дачцэ: “Памятаю твае зацікаўленыя, вар’яцкія вочы, калі нехта побач правяраў сшыткі!”
Педагог заўсёды дакладна разумела, што стане настаўнікам. Вызначаючыся з напрамкам будучай прафесіі, дзяўчына вырашыла, што гісторыя і беларуская мова ў яе сям’і ўжо былі. Таму яна выбрала англійскую мову і адправілася падаваць дакументы ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.
— Калі на стагоддзе БДПУ мяне запрасілі на адкрыццё помніка першай настаўніцы, я нават падумаць не магла, што гэты ўніверсітэт назаўсёды ўвойдзе ў маё жыццё, — адзначае Інеса Уладзіміраўна. — У 2006 годзе я ўпершыню ўдзельнічала ў раённым конкурсе “Настаўнік года” і стала чацвёртай. Напэўна, ніколі ў жыцці не пайшла б удзельнічаць яшчэ раз, калі б не мае вучні, якіх я вяла з 5 па 11 клас. У 2011 годзе дзеці акружылі мяне і сказалі: “Вы ж нам абяцалі”. І я пайшла дзеля веры вучняў.
На думку Інесы Зубрылінай, гаварыць, што на конкурсе толькі адзін пераможца, нельга. Пераможцамі варта лічыць усіх, хто трапляе ў фінал. Настаўнікі, якія прайшлі там “баявое хрышчэнне”, могуць зайсці ў абсалютна незнаёмы клас і правесці заняткі пры наяўнасці мінімуму звестак пра аўдыторыю. Конкурс развівае не толькі прафесійныя навыкі, але і асабістыя якасці. Акрамя таго, усе ўдзельнікі аб’яднання “Крыштальны журавель” адносяцца адно да аднаго як браты і сёстры.
— Крэатыўнасць педагога — выйсце з любой складанай сітуацыі. Аднойчы ў мяне была група з 10 дзяцей і 315 настаўнікаў, перад якімі трэба было выступіць. Пасля гэтага дачка пачала жартаваць, што “матуля на гастролях”, — расказвае педагог. — Самае галоўнае ў нашай прафесіі — задавальненне, якое педагог атрымлівае ад дасягнення маленькіх прафесійных мэт. Дзеці, рыхтуючы відэа да Дня настаўніка, запыталіся: “Інеса Уладзіміраўна, у чым ваша сіла?” А мая сіла — у задавальненні ад прафесіі і ад камунікацыі з вучнямі.
Галоўныя словы
Настаўнік хіміі і біялогіі сталічнай сярэдняй школы № 42 фіналіст конкурсу “Настаўнік года — 2011” Алена Гарбар прысвяціла прафесіі 35 гадоў. Слова “настаўнік” — галоўнае ў яе жыцці. На думку спецыяліста, педагог не той хто вучыць, а той, хто вучыцца сам. І кожны крок у педагогіцы — крок да нечага новага.
— Некалі, прымаючы ўдзел у раённым этапе конкурсу “Настаўнік года” і з піетэтам гледзячы на пераможцу, я думала, што гэты ўзровень недасягальны. Гэтае імгненне абудзіла ўва мне жаданне яшчэ больш вучыцца, — успамінае Алена Яўгеньеўна. — Раней у аўдыторыях можна было часта ўбачыць вядомае выказванне “Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца”, якое мы ўспрымалі не так. Гэтую фразу трэба чытаць як “вучыцца вучыцца”. Бо кожны дзень, прыходзячы дадому, настаўнік правярае не сшыткі дзяцей, а працуе над уласнымі памылкамі.
Калі педагогу ўручалі нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”, думалася, што ўсё ўжо дасягнута, яшчэ адзін крок — і яна — лепшы настаўнік. Калі Алена Яўгеньеўна прыйшла ў клас да сваіх дзяцей, зразумела, што памылілася: гэта быў толькі пачатак. Глабальна нічога не змянілася, але іншымі сталі яе ўяўленні пра школу і вучняў. Педагог зразумела, што кожны дзень, заходзячы ў клас, яна павінна расці.
— Для мяне сучасны настаўнік — той, хто разумее вучня, яго стан. Чалавек, які не проста перадае дзецям веды ў пэўнай галіне, а паказвае ім, што можа быць маральна высокім, чыстым. Убачыць здольнасці маленькага чалавека і быць нароўні з ім — гэта шчасце, — дзеліцца Алена Гарбар.
Некаторыя вучні Алены Яўгеньеўны, якія самі выбралі настаўніцкі шлях, сёння звяртаюцца да яе па параду. І нярэдка педагог чуе ад іх словы падзякі: “Алена Яўгеньеўна, калі не ведаем, як паводзіць сябе на ўроку, робім як вы”.
— Настаўнік-прадметнік паказвае дзецям, як пэўныя веды прымяняць у жыцці, вядзе за сабой да пэўных меж, — кажа Алена Гарбар. — А сфера класнага кіраўніцтва неабмежаваная. Ты можаш апоўначы адказваць на паведамленні бацькоў у месенджарах ці вырашаць праблемы, пра якія дзеці расказалі толькі табе. Важна, каб у настаўніка было жаданне дапамагчы.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з асабістага архіва герояў.