Адзначыўшы 75-гадовы юбілей, калектыў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага з упэўненасцю глядзіць у будучыню, развіваецца і прапануе абітурыентам 2015 года новыя спецыяльнасці. Аб новых напрамках работы мы папрасілі расказаць дырэктара каледжа Аляксандра ВАСІЛЬКЕВІЧА.
— За сваю багатую гісторыю каледж падрыхтаваў некалькі дзясяткаў тысяч спецыялістаў. Яны працуюць электраманцёрамі, вадзіцелямі, аўтаслесарамі, зваршчыкамі, страхавымі агентамі, сацыяльнымі работнікамі. Некаторыя, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, сталі выкладчыкамі, кіраўнікамі калектываў. Мы ганарымся тым, што амаль палову калектыву каледжа складаюць нашы выпускнікі, — гаворыць Аляксандр Іосіфавіч. — Многія гады наш каледж з’яўляецца адной з вядучых устаноў прафесійнай адукацыі Гродзеншчыны. Пра гэта сведчаць і высокія конкурсы падчас уступных кампаній, і перамогі на розных конкурсах, алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах нашых навучэнцаў і выкладчыкаў. Навучэнцы каледжа не раз адзначаліся стыпендыямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага аблвыканкама па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Сёння ў каледжы праходзяць навучанне больш за 1100 чалавек на дзённай і завочнай формах навучання. І хоць недахопу ў абітурыентах няма, калектыў для сябе вызначыў задачу з рэжыму функцыянавання пераходзіць у рэжым развіцця. Мы ўважліва адсочваем сітуацыю на рынку працы, вывучаем запыты прамысловасці ў кадрах. У сувязі з гэтым у 2015 годзе будзе праводзіцца набор на новыя спецыяльнасці на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, па якіх раней у Гродне падрыхтоўка не вялася: “Электразабеспячэнне прамысловых прадпрыемстваў” і “Аўтасэрвіс”. Паступіць на скарочаны тэрмін навучання па гэтых спецыяльнасцях можна пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі з тэрмінам навучання 1 год. Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыі “тэхнік-электрык” і “аўтамеханік”. Конкурсны адбор будзе весціся пасля здачы ўступных іспытаў. План набору — па 25 чалавек на кожную спецыяльнасць.
Маркетынгавыя даследаванні паказалі, што аўтатранспартныя прадпрыемствы і станцыі тэхнічнага абслугоўвання маюць патрэбу ў кваліфікаваных кадрах з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Заяўкі да 2020 года на працаўладкаванне такіх спецыялістаў мы атрымалі ад аўтобуснага парка Гродна, “Гроднасельбуда”, “Гроднааграспецаўтатранса”, аўтамабільнага парка № 1 і яшчэ сямі арганізацый.
Каледж мае неабходную вучэбна-праграмную дакументацыю, матэрыяльна-тэхнічную базу, высакакласных педагогаў і майстроў вытворчага навучання. Тут працуюць кабінеты і лабараторыі спецыяльнай тэхналогіі, інжынернай графікі, тэхнічнай механікі, электратэхнічных матэрыялаў, лабараторыі электрычнага асвятлення, электронікі і мікрапрацэсарнай тэхнікі, устройства транспартных сродкаў, тэхналогіі абслугоўвання транспартных сродкаў і шмат іншых — усяго іх 45. Такія ўмовы, а таксама высокі прафесійны ўзровень выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, якія маюць вышэйшую адукацыю, забяспечаць якасную падрыхтоўку па новых для рэгіёна спецыяльнасцях.
Новае заўсёды прываблівае моладзь. Мы жадаем бачыць абітурыентаў добра падрыхтаваных і матываваных на атрыманне новых спецыяльнасцей. Хочам, каб да нас прыйшлі лепшыя.
Прадстаўнікі каледжа пабывалі з прафарыентацыйнымі мерапрыемствамі ўжо ва ўсіх гродзенскіх школах. А тым, хто прыедзе з іншых рэгіёнаў Беларусі, магу сказаць, што ў каледжы стапрацэнтнае забеспячэнне інтэрнатам. Яшчэ адным бонусам для навучэнцаў з’яўляецца магчымасць атрымаць дадатковыя кваліфікацыі на платнай аснове: вадзіцеля катэгорыі “В” альбо катэгорый “В” і “С”, электразваршчыка, шынамантажніка, аўтамаляра.
Каледж мае дагаворы з пяццю ўстановамі вышэйшай адукацыі, у тым ліку з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. Таму ў перспектыве нашы выпускнікі могуць атрымаць вышэйшую інжынерную адукацыю ў скарочаныя тэрміны.
Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.