Пачынаць ніколі не рана

Нават калі ты яшчэ студэнт і вучышся толькі на 3 курсе. Нават калі гэта IT-сфера, дзе складана не столькі заявіць пра сябе, колькі ўтрымацца на плаву і не згубіцца сярод сваіх канкурэнтаў. Аднак, як падказвае жыццё, канкурэнтаў баяцца — сваёй справы не пачаць.
Такое крэда блізка і стваральнікам IT-кампаніі са знаёмай беларускаму вуху назвай “Хмарка” — Ганне Лось, Мікіту Пушному і Раману Сыцько. Гэтыя трэцякурснікі БДУІР склалі касцяк фірмы, дзе зараз працуе ўжо каля 20 чалавек.

Сваёй кампаніі…

Нягледзячы на тое, што Мікіта стаў ідэйным натхняльнікам стварэння кампаніі, на сустрэчы яго не было — вырашаў неадкладныя справы бізнесу, таму фірму прадстаўлялі Ганна і Раман.
Сустрэліся мы ў офісе, які наймаюць маладыя людзі. Тут адразу кінуліся ў вочы белая дошка, на якой можна маляваць маркерам, і тэлевізар.
“Для таго каб паказваць кліентам нашы прапановы па праекце і для ўнутранага абмеркавання”, — убачыўшы маё здзіўленне, сказаў Раман.
А паказваць ужо ёсць што. Зараз кампанія працуе над пяццю буйнымі праектамі. Самым цікавым падаецца распрацоўка стаматалагічнага дадатку для прыватнай фірмы. “Дадатак нагадвае электронную зубную карту, дзе апісваецца стан кожнага зуба пасля лячэння і размяшчаецца архіў таго, што і калі лячылі, колькі гэта каштавала. Паралельна падаецца інфармацыя аб кампаніі, якая лячыла”, — тлумачыць Раман.
Пра дадатак, які змогуць спампоўваць пацыенты, заказчык даведаўся з расійскага форуму. На рынку суседняй краіны ён толькі набірае папулярнасць, на беларускім такіх дадаткаў няма ўвогуле.
“Гэты дадатак не працуе без базы даных усіх пацыентаў, іх рэнтгенаўскіх здымкаў. У заказчыка яна была, аднак яе трэба было дапрацоўваць”, — удакладняе Раман.
Першых кліентаў Мікіта, Раман і Ганна знайшлі па знаёмстве. А далей — званкі-прапановы сваіх паслуг. Так выйшлі і на стаматалагічны праект. Кожны праект — гэта не проста напісанне кода. Гэта скрупулёзнае абмеркаванне з кліентам, каб унікнуць у яго сферу, каб IT-прадукт атрымаўся зручным, без лішняй інфармацыі.
“Зараз мы працуем з дастаткова вядомай у паліграфічнай сферы кампаніяй. Ствараем сайт, які б падкрэсліваў іх прэстыжнасць. Мы доўга думалі над канцэпцыяй”, — расказвае Ганна.
Маладая кампанія працуе і над сацыяльнымі, некамерцыйнымі праектамі. Робіць гэта, безумоўна, бясплатна. Падтрымлівае, напрыклад, каталог нянек — своеасаблівы сродак сувязі паміж нянькамі і бацькамі, дзе прапаноўваюцца адпаведныя паслугі.

…патрэбны не толькі грошы…

Зараз кампанія знаходзіцца на той стадыі, калі яе супрацоўнікі змогуць атрымаць прыбытак і ўрэшце траціць яго на сябе. Ранейшы заробак укладваўся ў справу, ды і дачакацца яго яшчэ трэба было. Асноўныя грошы за праект пералічваюцца толькі пасля яго рэалізацыі.
Па падліках маіх суразмоўцаў, стартавы капітал шыракапрофільнай IT-фірмы пачынаецца ад 10 тысяч умоўных адзінак. Для звычайнай вэб-студыі лічба значна меншая.
“10 тысяч патрэбны для рэалізацыі нашых маштабных ідэй, бо ў будучыні плануем ахапіць усе сегменты рынку IT-прадукцыі. Каб адкрыць звычайную вэб-студыю, якая займаецца распрацоўкай толькі вэб-сайтаў, хопіць і 500 долараў. Грошы спатрэбяцца на арэнду офіса і пошук першага кліента”, — упэўнены Раман.

Даведка

Ганна і Раман вучацца на інжынерна-эканамічным факультэце, праўда, на розных спецыяльнасцях. Ганна — на спецыяльнасці “Электронны маркетынг”, Раман — на спецыяльнасці “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў эканоміцы”. Мікіта IT-сферу асвойвае на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак па спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэннне інфармацыйных тэхналогій”.
Паралельна з гэтым юнакі актыўна займаюцца грамадскай дзейнасцю. Ганна з’яўляецца піяр-менеджарам маладзёжнага тэлебачання БДУІР. Раман займае пасаду кіраўніка навуковага сектара студсавета БДУІР.
“Такая дзейнасць навучыла нас арганізацыйнай справе, таму зараз нам прасцей”, — упэўнены Раман.

Да бацькоў па грашовую дапамогу маладыя людзі прынцыпова не звярталіся. Усё — за свае ўласныя сродкі: і офіс, і пакупка ўсяго неабходнага. Тым больш што зараз для Ганны, Мікіты і Рамана офіс стаў другім домам — яны праводзяць там увесь вольны час. Здараецца, абмяркоўваць праект застаюцца і ноччу. Пры гэтым не забываюць і пра вучобу ва ўніверсітэце.
“Нельга сказаць, што мы закінулі вучобу. Ёсць асобыя катэгорыі заняткаў, якія мы абавязкова наведваем. Гэта лабараторныя, кантрольныя. Рыхтуем курсавыя праекты. Зразумела, даводзіцца менш спаць. Бывае нават па 2 гадзіны ў суткі”, — расказвае Ганна.
Дзяўчына з удзячнасцю ўзгадвае загадчыка кафедры эканомікі на інжынерна-эканамічным факультэце, дзе яна вучыцца, які часта арганізоўвае экскурсіі ў IT- і маркетынгавыя кампаніі.
“На першым курсе, калі нас туды вадзілі, я адчувала толькі эмоцыі ад таго, што пабывала ў вядомай фірме. Зараз хаджу з канкрэтнай мэтай: ведаю, аб чым хачу запытацца. Усё праецырую на нашу фірму”, — расказвае Ганна.
Нягледзячы на заняткі, прыйшлося самастойна вывучаць некаторыя рэчы, не чакаючы, пакуль іх пачнуць выкладаць ва ўніверсітэце. Напрыклад, як рабіць пошукавую аптымізацыю і ствараць інтэрнэт-магазіны, як ствараць сайты на платформе, што не патрабуе напісання кода.
“Універсітэт дае базу, аднак студэнтам, каб працаваць, трэба шмат дадаткова вучыцца. Трэцякурснікі, якія працуюць, усё лета займаліся праграмаваннем. Хтосьці наведваў курсы, хтосьці вучыўся самастойна”, — гаворыць Раман. Праўда, з развіццём кампаніі Мікіта, Ганна і Раман зразумелі: часу адначасова на асваенне новых праграмісцкіх кампетэнцый і на вырашэнне арганізацыйных пытанняў проста не хапае. Вывад напрошваўся сам — трэба наймаць новых спецыялістаў. Так індывідуальнае -прадпрымальніцтва, калі на работу можна браць толькі 3 чалавекі, перарасло ў прыватнае ўнітарнае прадпрыемства са значна большым штатам.
“Адзін з самых цяжкіх момантаў — правільна падабраць чалавеку род заняткаў. Мы не адразу прыйшлі да таго, што Рома ў нас будзе кіраваць праектамі: сачыць за тым, каб у кожным праекце ўдзельнічалі праграміст і дызайнер, каб кожны якасна працаваў і мы паспявалі ў тэрмін”, — гаворыць Ганна.
Дзяўчына адказвае за маркетынгавую частку — ад піяру да пошуку новых кліентаў. На ёй і бухгалтарскія пытанні. Мікіта як дырэктар вядзе перамовы. Ён адышоў ад напісання праграм. Зараз гэтым займаюцца іншыя спецыялісты.
Што да юрыдычных пытанняў, то без дапамогі тут не абысціся. Даводзілася браць кансультацыі. І, як заўсёды гэта бывае, дапамагалі сваякі і знаёмыя.
“Мы рыхтуем дагавор і просім сваякоў-юрыстаў прачытаць яго. Чытаюць, часам раюць самім паглядзець канкрэтныя матэрыялы, каб вучыліся. Так і спраўляемся”, — расказвае Ганна.

…але і яшчэ многа чаго

Пакуль у каманіі працуе моладзь, аднак, спадзяюцца Ганна і Раман, сярод супрацоўнікаў з’явяцца і старэйшыя калегі, бо кліентаў часам уражвае юны ўзрост прадстаўнікоў фірмы.
“Як ні дзіўна, многія думаюць, што ў IT-кампаніі павінны працаваць 40-гадовыя спецыялісты. Самае галоўнае, што мы працуем не горш за іх, а часам нават і лепш. У іх ёсць вопыт, аднак многае яны робяць па шаблоне. У нас жа ёсць запал і цікавыя ідэі. Гэтым мы і выйграём”, — упэўнена Ганна.
Зараз Ганна і Раман гавораць аб хуткім пераездзе ў новы, больш прасторны офіс, дзе з камфортам змаглі б размясціцца ўсе супрацоўнікі. У іх ужо ёсць далейшы план развіцця сваёй фірмы, якую яны нацэлены зрабіць вядомай у IT-галіне. Застаецца пажадаць маладым людзям удачы і захавання запалу. Астатняе ў іх ёсць.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.