Патэнцыял адпавядае запытам часу

За 55 гадоў існавання гэтая ўстанова адукацыі прайшла шлях ад інжынерна-будаўнічага і політэхнічнага інстытута да тэхнічнага ўніверсітэта, падрыхтавала не адну тысячу спецыялістаў у галіне будаўніцтва, архітэктуры, машынабудавання, электронікі, эканомікі і экалогіі. Сёння Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт займае годнае месца ў сістэме адукацыі рэгіёна.

Пра дасягненні і перспектывы развіцця БрДТУ расказвае яго рэктар доктар тэхнічных навук Аляксандр Генадзьевіч БАХАНОВІЧ.

— На працягу многіх гадоў ваш універсітэт карыстаецца стабільным інтарэсам у абітурыентаў. З чым гэта звязана? Што выгадна адрознівае БрДТУ ад іншых устаноў вышэйшай адукацыі вобласці?

— Думаю, цікавасць абітурыентаў абумоўлена тым, што наш універсітэт прапануе ім якасную падрыхтоўку па спецыяльнасцях, запатрабаваных на рынку працы. Сёння БрДТУ рыхтуе кадры па 32 спецыяльнасцях І ступені вышэйшай адукацыі і 18 спецыяльнасцях магістратуры, 13 спецыяльнасцях аспірантуры і дактарантуры, 14 спецыяльнасцях з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і 24 спецыяльнасцях перападрыхтоўкі кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю.  5 факультэтаў (будаўнічы, машынабудаўнічы, эканамічны, інжынерных сістэм і экалогіі, электронна-інфармацыйных сістэм) прапануюць абітурыентам шмат спецыяльнасцей рознага профілю: “Будаўніцтва і архітэктура”, “Машынабудаванне”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў і аўтасэрвіс”, “Электронна-інфармацыйныя тэхналогіі”, “Эканоміка і кіраванне”, “Маркетынг”, “Вода- і цеплазабеспячэнне, водаадвядзенне” і інш.

Пералік спецыяльнасцей пастаянна пашыраецца з улікам запытаў рэальнага сектара эканомікі і перспектыў далейшага працаўладкавання выпускнікоў. Так, за апошнія 5 гадоў былі адкрыты 3 спецыяльнасці І ступені вышэйшай адукацыі (“Архітэктурны дызайн”, “Эканоміка электроннага бізнесу”, “Электронны маркетынг”) і 9 спецыяльнасцей магістратуры (“Эканоміка”, “Сусветная эканоміка”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”, “Інавацыйныя тэхналогіі ў машынабудаванні”, “Электронныя сістэмы і тэхналогіі”, “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання”, “Штучны інтэлект”, “Аўтаматызацыя”, “Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў”). Сёлета ў БрДТУ адкрылася адзіная сярод універсітэтаў Брэстчыны ваенная кафедра, на базе якой будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Баявое прымяненне мотастралковых падраздзяленняў воінскіх часцей і злучэнняў на баявых машынах пяхоты”, “Баявое прымяненне мінамётных падраздзяленняў, воінскіх часцей і злучэнняў” і “Баявое прымяненне падраздзяленняў, воінскіх часцей і злучэнняў, узброеных ракетнымі сістэмамі залпавага агню”.

80% студэнтаў асвойваюць тэхнічныя спецыяльнасці, таму попыт на нашых выпускнікоў ёсць заўсёды. Праблем з працаўладкаваннем, як правіла, не ўзнікае.

Высокі рэйтынг універсітэта прыцягвае замежных студэнтаў. Сёння ў БрДТУ атрымліваюць адукацыю больш за 200 замежных грамадзян з 10 краін свету.

— У БрДТУ вядзецца сур’ёзная навукова-даследчая работа. Якія напрамкі ўніверсітэцкай навукі з’яўляюцца прыярытэтнымі? Раскажыце пра найбольш цікавыя і перспектыўныя распрацоўкі выкладчыкаў і студэнтаў, узаемадзеянне з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і вытворчасцю.

— Да ўніверсітэцкай навукі прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні, бо яна павінна вырашаць жыццёва важныя задачы эканомікі і грамадства і рыхтаваць для гэтага сучасных спецыялістаў. У БрДТУ развіваюцца даследаванні і ствараюцца інавацыі, запатрабаваныя рэальным сектарам эканомікі. У навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці актыўна ўдзельнічаюць як выкладчыкі, так і студэнты. Даследаванні право­дзяцца ў галіне будаўніцтва, машынабудавання, прыродакарыстання, інфармацыйных тэхналогій, энергетыкі, эканомікі і г.д. У рамках гэтых напрамкаў штогод выконваюцца заданні некалькіх дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, Брэсцкага абласнога інавацыйнага фонду, рэгіянальнай навукова-тэхнічнай праграмы “Інавацыйнае развіццё Брэсцкай вобласці на 2021—2025 гады”, а таксама праекты Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў.

Ва ўніверсітэце функцыянуюць 4 вучэбна-навукова-вытворчыя аб’яднанні з Будаўнічым трэстам № 8, прадпрыемствам “Брэстаблсельбуд”, Брэсцкім аддзяленнем гандлёва-прамысловай палаты і ААТ “Эполь Софт” і 8 навукова-даследчых лабараторый (“Саманапружаныя канструкцыі”, “Сучасныя будаўнічыя канструкцыі”, “Новыя нетрадыцыйныя энергетычныя прылады”, “Штучныя нейронныя сеткі”, “Тэхнічны аналіз функцыянавання інжынерных сістэм”, “Інтэлектуальныя транспартныя сістэмы”, “Цэнтр устойлівага развіцця прадпрыемстваў” і “Сацыякультурныя праблемы памежжа”). БрДТУ — адзін з заснавальнікаў Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка.

Адзін са спосабаў узаемадзеяння ўніверсітэта з прадпрыемствамі — кластарная форма арганізацыі навукова-адукацыйнага працэсу. Яна разглядаецца як аснова для сумесных навуковых даследаванняў і падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў, удзелу ў выкананні  дзяржпраграм, у тым ліку спецыяльнага прызначэння, укаранення і рэалізацыі навукова-тэхнічнай прадукцыі і паслуг у рамках поўнага інавацыйнага цыкла — ад пастаноўкі праблемы, правядзення навукова-даследчых работ, распрацоўкі і зацвярджэння поўнага пакета нарматыўна-метадычнай дакументацыі да падрыхтоўкі і рэалізацыі навукаёмістых бізнес-праектаў.

З мінулага года ў БрДТУ пачаў стварацца “Кластар робататэхнікі, штучных нейронных сетак і лічбавага мадэлявання”, які будзе ўяўляць сабой ядро паміж навукова-адукацыйным працэсам і вытворчасцю. Цэльнасць гэтай мадэлі забяспечыць Брэсцкі навукова-тэхналагічны парк — інкубатар/стартавая пляцоўка бізнес-ідэй, якія ўзнікаюць і апрабуюцца ў кластары. У рамках яго сёлета былі створаны галіновыя лабараторыі, максімальна інтэграваныя ў вытворчасць: “Сістэмы ідэнтыфікацыі і прамысловая робататэхніка” і “Навукова-даследчы цэнтр інавацый у будаўніцтве”. Іх дзейнасць дазволіць паскорыць трансфер распрацовак у рэальную вытворчасць.

Асабліва хочацца вылучыць лабараторыю “Сістэмы ідэнтыфікацыі і прамысловая робататэхніка”, створаную для навуковага суправаджэння і практычнай рэалізацыі прадпрыемствамі краіны асноўных мерапрыемстваў у галіне маркіроўкі тавараў згодна з прэзідэнцкім указам “Аб маркіроўцы тавараў”. Сёння ў лабараторыі вядуцца навукова-даследчыя і ўкараняльныя работы па аўтаматызацыі працэсаў прамысловай маркіроўкі прадуктаў харчавання ў адпаведнасці з сістэмамі “Сумленны знак” і “Электронны знак” ва ўзаемадзеянні з ААТ “Савушкаў прадукт”, СП “Санта Брэмар” ТАА, УП “Мінскі холадакамбінат № 2”, КВУП “Мазырскія малочныя прадукты”, ДВУП “ОршаСырЗавод”, ТАА “Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання”, “Навагрудскія Дары” філіял ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат”, ААТ “Пружанскі малочны камбінат”, ААТ “Пастаўскі малочны завод”, ААТ “Кобрынскі масласыраробны завод”, ААТ “Малочны Свет”, ААТ “Беллакт”, ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат”, ВУП “Калінкавіцкі малочны камбінат”, ААТ “Лунінецкі малочны завод” і інш.

Лабараторыя “Навукова-даследчы цэнтр інавацый у будаўніцтве”, створаная пры падтрымцы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, — лагічны і значны суб’ект інавацыйнай дзейнасці БрДТУ як аднаго з вядучых універсітэтаў будаўнічага профілю краіны. Так, адной з найбольш запатрабаваных і вядомых распрацовак з’яўляецца ўнікальная металічная структурная канструкцыя сістэмы “БрДТУ” з вузламі з полых шароў. Гэтая сістэма дазволiла спраектаваць структурныя пакрыцці больш як 30 аб’ектаў у Беларусі і Расіі: будынак Алімпійскага камітэта — штаб-кватэра НАК Беларусі ў Мінску, амфітэатр у парку культуры і адпачынку Маладзечна, амфітэатр у Брэсцкім тэатры лялек, шматфункцыянальны грамадскі цэнтр у Маскве і інш.

Запатрабаваны тэхналогія і абсталяванне для перапрацоўкі і другаснага прымянення дахавых бітумных адходаў. Комплекс машын і агрэгатаў прызначаны для механізаванага зняцця слаёў бітумнага даху з пакрыццяў, сухога драбнення ўтвораных дахавых бітумных адходаў і бітумаў цвёрдых марак у парашок, раздзялення парашку на фракцыі, прыгатавання гарачых і халодных асфальтавых сумесей для стацыянарных умоў эксплуатацыі і ў мабільным рэжыме.

Адзін з найбольш дынамічных і перспектыўных напрамкаў даследаванняў ва ўзаемадзеянні з Брэсцкай абласной клінічнай бальніцай — распрацоўка праектаў у галіне тэлемедыцыны, а таксама нейрасеткавай прагнозна-дыягнастычнай праграмнай сістэмы для даклінічнага распазнавання транзіторных ішэмічных атак з мэтай прадухілення рызыкі наступных эпізодаў і іх пераходу ў мазгавы інсульт.

Акрамя таго, ва ўніверсітэце працуе больш за дзясятак студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і творчых аб’яднанняў па прыярытэтных напрамках фундаментальных навуковых даследаванняў. Толькі ў мінулагоднім Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў удзельнічалі больш за 120 работ, 73 з іх атрымалі розныя катэгорыі. Летась былі  ўкаранёны 167 распрацовак, суаўтары і аўтары якіх — студэнты і магістранты.

— Наколькі кадравы патэнцыял універсітэта дазваляе паспяхова ажыццяўляць падрыхтоўку спецыялістаў і навукова-даследчую дзейнасць? Ці існуюць праблемы з амаладжэннем выкладчыцкіх кадраў?

— У адукацыйным працэсе задзейнічаны 20 дактароў і больш за 150 кандыдатаў навук. Вучоныя ступені і званні маюць каля 40% выкладчыкаў, амаль палова з іх — ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў. Чвэрць выкладчыкаў — ва ўзросце больш за 60 гадоў. Гэта робіць праблему амаладжэння кадраў важнай і актуальнай.

Падрыхтоўка навукова-педагагічных работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ажыццяўляецца ў аспірантуры па 13 спецыяльнасцях 26 навуковымі кіраўнікамі (з іх 7 — дактары навук). Сёння там вучацца больш за 40 аспірантаў.

У БрДТУ працуе доктарскі савет па абароне дысертацый па 3 спецыяльнасцях. За апошнія 5 гадоў у савеце абаронены адна доктарская і 13 кандыдацкіх дысертацый. Сёлета запланаваны 3 абароны кандыдацкіх дысертацый суіскальнікамі БрДТУ і іншых універсітэтаў краіны.

Значным этапам у развіцці ўніверсітэта стала адкрыццё ў 2019 годзе дактарантуры па трох спецыяльнасцях: “Будаўнічыя канструкцыі, будынкі і збудаванні”, “Будаўнічыя матэрыялы і вырабы” і “Асновы і падмуркі, падземныя збудаванні”.

Ва ўніверсітэце сфарміраваны і плённа развіваюцца навуковыя школы: “Рэсурсазберагальныя канструкцыі і тэхналогіі будовы падмуркаў” (доктар тэхнічных навук П.С.Пойта), “Канструктыўныя сістэмы з папярэдне напружанага і саманапружанага жалезабетону (матэрыялы, тэхналогіі, канструкцыі, пытанні надзейнасці)” (доктар тэхнічных навук В.У.Тур), “Нейраінтэлектуальныя тэхналогіі апрацоўкі інфармацыі” (доктар тэхнічных навук У.А.Галаўко), “Брэсцкая гідралагічная школа” (доктар геаграфічных навук А.А.Волчак), “Нестацыянарныя рэжымы цеплатэхнічных працэсаў (пульсуючае гарэнне) “Пульсар” (доктар тэхнічных навук В.С.Севяранін), “Санацыя бізнесу ў пераходны перыяд” (кандыдат эканамічных навук В.С.Ківачук) і інш.

— Ці адпавядае матэрыяльна-тэхнічная база ўніверсітэта запытам часу?

— Матэрыяльна-тэхнічная база ўніверсітэта пастаянна развіваецца, бо любая тэхнічная спецыяльнасць патрабуе вялікай колькасці розных прыбораў, прылад і прыстасаванняў. А гэта прадугледжвае значныя фінансавыя затраты, у тым ліку на некаторыя новыя спецыяльнасці.

Абнаўляюцца навукова-даследчае і вучэбна-лабараторнае абсталяванне, камп’ютарныя класы і вылічальная база, мадэрнізуюцца і ствараюцца новыя лабараторыі на кафедрах. Для гэтага выкарыстоўваюцца ўласныя пазабюджэтныя сродкі, сродкі з рэспубліканскага бюджэту і сродкі прадпрыемстваў, зацікаўленых у высокім узроўні падрыхтоўкі нашых выпускнікоў.

Ва ўніверсітэце дзейнічае акрэдытаваны выпрабавальны цэнтр. Асноўныя напрамкі яго дзейнасці — будаўніцтва і будаўнічыя канструкцыі, матэрыялы і вырабы, электрафізічныя вымярэнні пры выпрабаванні электраўстановак. Цэнтр аснашчаны адным з лепшых на тэрыторыі СНД абсталяваннем па выпрабаванні бетонных канструкцый і іншых будаўнічных матэрыялаў.

— У сучасным свеце ўніверсітэты не могуць развівацца ізалявана. Наколькі эфектыўным з’яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва БрДТУ?

— Міжнародная дзейнасць універсітэта даволі актыўная і ажыццяўляецца ў сферы навукова-тэхнічнага і праектнага супрацоўніцтва з рознымі краінамі. БрДТУ плённа ўзаемадзейнічае з больш як 150 універсітэтамі Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

У рамках дагавораў рэалізуюцца сумесныя тэарэтычныя і эксперыментальныя даследаванні, стажыроўкі прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў, праводзяцца навуковыя канферэнцыі і семінары. За апошнія 5 гадоў колькасць заключаных дагавораў аб супрацоўніцтве павялічылася ў некалькі разоў.

Універсітэт актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі шэрага міжнародных праектаў, якія тычацца кваліфікацыі, інавацый, кааперацыі і ключавых бізнесаў для малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Балтыйскім рэгіёне, змяншэння эўтрафікацыі Балтыйскага мора, распрацоўкі тэхналогіі для будаўніцтва экалагічна чыстых і энергаэфектыўных дамоў з кампазітнымі напаўняльнымі канструкцыямі, беларускай сеткі дарожнай бяспекі і інш.

— Раскажыце пра планы развіцця ўніверсітэта ў найбліжэйшай перспектыве.

— У планах — пашырэнне ўдзелу БрДТУ ў выкананні дзяржаўных праграм рознага ўзроўню, рэгіянальнай праграмы Брэстчыны, міжуніверсітэцкіх праграм, міжнародных навукова-тэхнічных праектаў і праграм акадэмічнай мабільнасці. Працягнем удасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу навуковых даследаванняў згодна з прыярытэтнымі напрамкамі развіцця эканомікі краіны. Будзем развіваць маркетынгавую, выставачную і пазабюджэтную дзейнасць, скіраваную на эфектыўную рэалізацыю навукова-тэхнічнага патэнцыялу ўніверсітэта.

Гутарыў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.