Роўна праз два месяцы (12 чэрвеня) экзаменам па беларускай мове пачнецца цэнтралізаванае тэсціраванне, а праз тры месяцы (12 ліпеня) пачнецца прыём дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Пра тое, чым адметна сёлетняя ўступная кампанія, нам расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ.
— Сяргей Антонавіч, скажыце, колькі выпускнікоў — патэнцыяльных абітурыентаў — выйдзе з сярэдняй школы ў гэтым годзе?
— Назіраецца рост колькасці выпускнікоў школ. Сёлета атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі атрымаюць 58,3 тысячы юнакоў і дзяўчат — гэта на 500 чалавек больш, чым летась. І гэтая тэндэнцыя да павелічэння колькасці выпускнікоў доўгатэрміновая. У той жа час мы плануем некаторае зніжэнне прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі (як на бюджэтную, так і на платную форму навучання) і павелічэнне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
— Якія змены ў лічбах прыёму адбыліся ў гэтым годзе?
— На ўзровень вышэйшай адукацыі на дзённую бюджэтную форму навучання плануецца прыняць 21,8 тысячы чалавек, на завочную бюджэтную — 4,6 тысячы. Гэта прыкладна на 3% менш, чым у мінулым годзе. Асноўнае скарачэнне закранула завочную форму (у параўнанні з 2017 годам бюджэтны прыём зменшыўся тут амаль на 8%, на ўмовах аплаты — на 10%).
Што да профіляў падрыхтоўкі, то бюджэтны прыём на эканамічныя і юрыдычныя спецыяльнасці скарочаны ў параўнанні з фактам прыёму 2017 года прыкладна на 10%. Адначасова павялічаны прыём на тэхнічныя і тэхніка-тэхналагічныя спецыяльнасці. Напрыклад, закладзены значны рост на спецыяльнасці ІТ-профілю, дзе набор на платную форму навучання павялічваецца больш чым на 400 месцаў. Адпаведныя кадры запатрабаваны эканомікай, ёсць высокі попыт з боку абітурыентаў. Заробкі ў гэтай сферы высокія, многія студэнты пачынаюць працаваць з 2—3 курса і аплачваць сваю вучобу самастойна. Павелічэнне набору пойдзе на карысць і эканоміцы, і моладзі, якая не застанецца без работы.
Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі бюджэтны прыём павялічыўся на 1,7%, на ўмовах аплаты — на 5% ад факта прыёму 2017 года. Пры гэтым адбылося скарачэнне прыёму на спецыяльнасці профілю падрыхтоўкі “Камунікацыі, права, эканоміка” (больш чым на 10%). Адначасова ўзрасце набор на спецыяльнасці медыцынскага і тэхнічнага профілю.
Універсітэцкая адукацыя — гэта элітарны ўзровень, не для ўсіх, ды і патрэбы эканомікі ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй не растуць. У большай ступені сёння гэтыя патрэбы праяўляюцца ў кадрах з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і кваліфікаваных рабочых.
На ўзровень прафтэхадукацыі плануецца прыняць на 4,4% навучэнцаў больш факта прыёму 2017 года. Тут прадугледжана павелічэнне набору па профілях “Мастацтва і дызайн”, “Архітэктура і будаўніцтва”, “Грамадскае харчаванне”, “Бытавое абслугоўванне”, “Служба бяспекі”.
Так, колькасць месцаў для атрымання вышэйшай адукацыі паменшылася, але выпускнікі школ, разумна абраўшы для сябе не вышэйшую, а сярэднюю спецыяльную ці прафесійна-тэхнічную адукацыю, таксама змогуць атрымаць запатрабаваную прафесію ці спецыяльнасць. Калі з цягам часу прыйдзе разуменне таго, што вышэйшая адукацыя неабходна, нішто не перашкаджае чалавеку атрымаць яе. І гэта будзе прадуманы, усвядомлены выбар.
— Сёлета выраслі парогавыя значэнні цэнтралізаванага тэсціравання па першым профільным прадмеце. Як гэта паўплывае на конкурсную сітуацыю ва ўніверсітэтах?
— Абітурыентам трэба размяжоўваць парогавыя значэнні балаў ЦТ і прахадныя балы.
Парогавыя значэнні цэнтралізаванага тэсціравання — гэта адзнакі, якія прыраўноўваюцца да нездавальняючых. У гэтым годзе яны павышаюцца па першым профільным прадмеце на 5 балаў. Калі гэта прадмет прыродазнаўчанавуковага профілю, то станоўчым балам, які дае права ўдзельнічаць у конкурсе на паступленне ва ўніверсітэт, будзе 20, калі гуманітарны прадмет — 25. Па другім профільным прадмеце парогавыя значэнні ў параўнанні з мінулым годам не змяніліся (10 балаў). Як бачым, ёсць пэўныя зрухі ў бок таго, каб вышэйшая адукацыя развівалася ў бок элітарнасці.
Прахадныя балы — гэта выпадковы паказчык, які фарміруецца ў залежнасці ад таго, наколькі моцныя абітурыенты прыходзяць на тую ці іншую спецыяльнасць, якая іх колькасць і г.д. На іх аказваюць уплыў многія фактары, у тым ліку прафарыентацыйная і рэкламная работа ўстаноў адукацыі, агульны імідж той ці іншай спецыяльнасці. Моладзь зараз прагматычная, яна глядзіць на кожную спецыяльнасць праз прызму будучай работы і зарплаты. Калі ў нейкай сферы дзейнасці ёсць магчымасць для хуткага развіцця, як, напрыклад, у ІТ, — то і прахадныя балы там высокія.
— Па шчырасці, крыўдна, што ІТ перацягвае да сябе лепшыя розумы. Ёсць выдатныя інжынерныя і іншыя спецыяльнасці, дзе таксама патрэбна падрыхтаваная і высокаматываваная моладзь…
— Міністэрства адукацыі прыкладае намаганні, каб лепшыя абітурыенты ішлі не толькі ў ІТ, але і ў іншыя сферы, прапануючы ім розныя льготы і прэферэнцыі. Калі гаварыць пра педагагічныя спецыяльнасці, то працуюць педкласы, куды адбіраецца прафесійна-арыентаваная моладзь. Моцныя выпускнікі гэтых класаў (ацэнкі ў атэстаце не ніжэй за 7 балаў, па профільных прадметах — не ніжэй за 8 балаў) маюць магчымасць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў.
Нішто не перашкаджае выпускніку каледжа, які дасягнуў пэўнага прафесійнага ўзроўню і адчувае неабходнасць у далейшым развіцці, паступіць на завочную форму ва ўніверсітэт. Дарэчы, у структуры прыёму на ўзровень вышэйшай адукацыі высокая доля належыць завочнай скарочанай форме навучання на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі. І ў будучыні гэтая доля будзе падтрымлівацца.
Таксама ў нас ёсць пералік востразапатрабаваных спецыяльнасцей (у сферы машынабудавання, лёгкай прамысловасці, сельскай і лясной гаспадаркі і інш.), куды медалісты і пераможцы алімпіяд могуць паступаць без экзаменаў. Гэта яшчэ адна магчымасць прыцягнуць таленавітых абітурыентаў у сферы, якія пакуль не карыстаюцца папулярнасцю ў моладзі, але работадаўцы дэманструюць вялікую зацікаўленасць у адпаведных спецыялістах.
Трэба разумець, што эканоміка развіваецца цыклічна. Так, мы гаворым, што будучыня за ІТ, але гэта не значыць, што іншыя сферы не будуць развівацца. Стан любой галіны праз 5 гадоў можа істотна перамяніцца, і малады чалавек не зможа гэта спрагназаваць. Таму не трэба браць да ўвагі адзін індыкатар — зарплату. Развівацца і рабіць кар’еру лепш у той галіне, да якой ёсць схільнасці.
— Ці зменіцца штосьці ў арганізацыі мэтавага набору?
— У адпаведнасці з нарматыўнай базай, лічбы мэтавага набору будуць зацверджаны да пачатку мая, але мы плануем, што такая форма падрыхтоўкі і надалей будзе развівацца. Яна дазваляе заказчыку загадзя пазнаёміцца з маладым чалавекам, заключыць з ім дагавор, арганізоўваць для яго практыкі, выбудоўваць канкрэтную траекторыю навучання пад патрэбы сваёй вытворчасці і гарантавана атрымаць спецыяліста па размеркаванні.
— Ці будуць адкрывацца новыя спецыяльнасці ва ўстановах адукацыі?
— Новыя спецыяльнасці — гэта не самамэта. Міністэрства адукацыі зараз праводзіць вялікую работу па абнаўленні адукацыйных стандартаў на ўсіх узроўнях — вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Адукацыйныя ўстановы разам з заказчыкамі кадраў маюць магчымасць радыкальна пераглядаць і мяняць змест існуючых спецыяльнасцей. І нават пры значных зменах назвы спецыяльнасцей могуць захоўвацца. Напрыклад, класічная спецыяльнасць “Фізіка”. Няма сэнсу шукаць навамодныя назвы, але ўсе новыя адкрыцці, якія адбыліся ў апошні час, павінны быць адлюстраваны ў змесце адукацыі. Тое ж тычыцца і новых тэхналогій. Напрыклад, адна з апошніх спецыяльнасцей — “Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій”. Яна адкрыта ўжо ў трох установах вышэйшай адукацыі. Сёлета набор па гэтай спецыяльнасці распачынае Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.А.Сухога.
Абітурыентам пры выбары спецыяльнасці неабходна знаёміцца найперш з яе зместам, многія ўстановы адукацыі змяшчаюць на сваіх сайтах вучэбныя планы. І трэба мець на ўвазе, што адна і тая ж спецыяльнасць у розных універсітэтах можа адрознівацца. Сучасных работадаўцаў усё больш цікавіць дадатак да дыплома з пералікам пройдзеных дысцыплін і колькасцю гадзін, чым назва спецыяльнасці.
— Сяргей Антонавіч, што б вы параілі абітурыентам-2018 напярэдадні ўступнай кампаніі?
— Я раіў бы загадзя выбудоўваць дакладную стратэгію дзеянняў. Варта вызначыцца з профілем (магчыма, гэта будуць 2—3 спецыяльнасці) і -ўстановай адукацыі, куды хочацца паступіць. Падаваць дакументы рэкамендую ў першыя дні. А далей не губляцца: штодзённы маніторынг сітуацыі, з інтэрвалам у 3 гадзіны, у ходзе якога можна адсочваць сваё месца ў абітурыенцкім рэйтынгу.
У многіх установах адукацыі конкурс праводзіцца па групе спецыяльнасцей з адзіным наборам уступных экзаменаў, што дазваляе абітурыентам адчуваць сябе больш спакойна. Але калі становіцца бачна, што шансаў няма, трэба дзейнічаць. Ні ў якім выпадку не мітусіцца, а захоўваць моцныя нервы і ясную пазіцыю. Не варта шукаць шчасця ў іншых профілях, трэба спрабаваць паступіць па выбраным, на даўно ўпадабаную спецыяльнасць, магчыма, у іншым універсітэце, дзе меншы конкурс. Калі дазваляюць фінансавыя магчымасці — на платнае навучанне. І, вядома, не трэба забываць, што ў нас ёсць выдатныя ўстановы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Шляхі да вышэйшай адукацыі пасля гэтых узроўняў таксама адкрыты, і ў пэўным сэнсе яны з’яўляюцца нават больш лёгкімі. Пасля каледжаў можна паступаць ва ўніверсітэты на скарочаны тэрмін навучання, не здаючы ЦТ па профільных прадметах, паводле ўнутраных экзаменаў па спецыяльнасці.
Хачу падкрэсліць, што месцаў ва ўстановах адукацыі хопіць на ўсіх абітурыентаў. Трэба толькі правільна падысці да прафесійнага выбару і спакойна рыхтавацца.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.