Педагагічны каледж для сталіцы

У сталіцы адкрылася новая ўстанова адукацыі — Мінскі гарадскі педагагічны каледж. Рыхтаваць тут будуць выхавальнікаў дашкольных устаноў адукацыі і настаўнікаў пачатковых класаў. Першы набор адбудзецца ў ліпені гэтага года. Аб значнасці такой падзеі для сталічнай сістэмы адукацыі і аб тым, якія перспектывы адкрываюцца перад каледжам і яго будучымі навучэнцамі, мы гутарым з дырэктарам гэтай установы адукацыі Кацярынай Аляксандраўнай ПЯТРУЦКАЙ.

Знаёмцеся: дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая ў 1994 годзе скончыла сталічную школу з медалём. Пытання, куды паступаць, не стаяла. Адназначна — на настаўніка пачатковых класаў у Мінскі педагагічны каледж, які таксама скончыла з адзнакай. Працавала настаўніцай пачатковых класаў, завучам. Паралельна вучылася далей. Вышэйшую адукацыю завочна атрымала на гістарычным факультэце БДПУ імя Максіма Танка. З часам педагагічны лёс крыху змяніў кірунак. Кацярына Пятруцкая стала выкладчыкам кафедры псіхалогіі прадметных методык на факультэце павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў у Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі, затым — намеснікам дэкана гэтага факультэта. Зараз прызначана дырэктарам Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. “Я ніколі не выходзіла з сістэмы адукацыі і прафесіі не здраджвала”, — так падсумоўвае свой педагагічны вопыт Кацярына Пятруцкая.

— Кацярына Аляксандраўна, раней выхавальнікаў дашкольных устаноў адукацыі і настаўнікаў пачатковых класаў у Мінску рыхтавалі два педагагічныя каледжы. У свой час яны былі закрыты. Зараз установа адукацыі па падрыхтоўцы такіх спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй зноў адкрываецца ў сталіцы. Чым было выклікана яе адраджэнне?

— Мінск імкліва разрастаецца. Колькасць насельніцтва і, адпаведна, дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту неймаверна павялічваецца. У садках і школах горада не хапае выхавальнікаў дашкольных устаноў адукацыі і настаўнікаў пачатковых класаў. Таму было прынята рашэнне аб стварэнні Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, які арыентаваны на падрыхтоўку такіх спецыялістаў для сталіцы. Заснавальнікам каледжа стаў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Адзначу, што два апошнія гады набор на спецыяльнасці, дзе рыхтавалі выхавальнікаў дашкольных устаноў адукацыі і настаўнікаў пачатковых класаў, праходзіў у Мінскім каледжы сферы абслугоўвання, аднак са з’яўленнем нашай установы адукацыі педагагічныя спецыяльнасці там закрываюцца.

— Ці не станеце вы канкурэнтам педагагічнаму ўніверсітэту імя Максіма Танка, дзе на факультэтах дашкольнай і пачатковай адукацыі рыхтуюць падобных спецыялістаў, праўда, ужо на ўзроўні вышэйшай школы?

— Ні ў якім разе. Нашы ўстановы адукацыі разлічаны на розны кантынгент. Так, у наш каледж на дзённае навучанне могуць паступаць толькі тыя навучэнцы, якія маюць агульную базавую адукацыю. Педуніверсітэт арыентаваны на выпускнікоў з агульнай сярэдняй адукацыяй.

Да таго ж нашы выпускнікі будуць мець магчымасць працягнуць навучанне ў БДПУ. Думаю, што сярод іх будуць не толькі тыя, хто будзе вучыцца на факультэтах пачатковай ці дашкольнай адукацыі (перамовы аб арганізацыі скарочанай формы навучання з гэтымі факультэтамі ў найбліжэйшых планах), але і тыя, хто для прафесійнага росту выбера іншыя факультэты педуніверсітэта. У свой час я сама, скончыўшы спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя” ў педагагічным каледжы, завочна вучылася далей — на гістарычным факультэце БДПУ. Гэта дазволіла пашырыць гарызонты свайго прафесійнага развіцця.

— Кацярына Аляксандраўна, ці супрацоўнічаеце вы з калегамі з іншых педагагічных кале-джаў Беларусі? Які іх вопыт для вас найбольш цікавы?

— Зараз я актыўна кантактую з калегамі, пераймаю іх вопыт. Так, я ўжо наведала нясвіжскі і гомельскі педагагічныя каледжы.

Выпускнікоў былых мінскіх педкаледжаў заўсёды ахвотна прымалі на работу ў дзіцячыя садкі і школы, і мне б вельмі хацелася, каб выпускнікі нашага каледжа таксама высока цаніліся на рынку працы.

Платнага навучання ў гэтым годзе не будзе. Што яшчэ трэба ведаць сёлетнім абітурыентам? Прыём у Мінскі гарадскі педагагічны каледж у 2016/2017 навучальным годзе будзе весціся па дзвюх спецыяльнасцях: “Пачатковая адукацыя” (спецыялізацыя “карэкцыйная работа”) і “Дашкольная адукацыя” (спецыялізацыя “сацыяльна-педагагічная дзейнасць”). На дзённую форму навучання па гэтых спецыяльнасцях могуць паступаць асобы пасля 9 класаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе пасведчанняў аб агульнай базавай адукацыі. Сёлета на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя” плануюць набраць 50 чалавек, на “Дашкольную адукацыю” — 25. Заўважым, што па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, акрамя дзённага, прапаноўваецца і завочнае навучанне. Сюды могуць паступаць асобы, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю або прафесійна-тэхнічную з агульнай сярэдняй. Плануецца, што на такой форме навучання пасля першага набору будзе вучыцца 20 чалавек. “Завочнае аддзяленне разлічана на людзей, якія працуюць ва ўстановах дашкольнай адукацыі, аднак не маюць профільнай адукацыі”, — адзначыла Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая, дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. Нагадаем, што тым, хто хоча паступіць на завочнае аддзяленне, у прыёмную камісію абавязкова трэба будзе прынесці копію працоўнай кніжкі, а таксама сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання. “Платнага навучання ў гэтым годзе не будзе, толькі бюджэтныя месцы як на дзённай, так і на завочнай форме навучання”, — звярнула ўвагу дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа.

— Хто будзе выкладаць у Мінскім педкаледжы?

— У педагагічны калектыў, безумоўна, увойдуць выкладчыкі, якія вялі навучанне па педагагічных спецыяльнасцях, выкладчыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Прафесарска-выкладчыцкі склад папоўняць спецыялісты, якія працавалі ў мінскіх педагагічных каледжах да іх закрыцця.

— Якія прагнозы па першым наборы ў каледж?

— Спадзяюся, набор пройдзе ў штатным рэжыме. Сёння самае галоўнае пытанне, якое задаюць абітурыенты, калі тэлефануюць у прыёмную камісію, аб прахадным бале. Зараз спрагназаваць яго немагчыма. Усё будзе залежаць ад таго, якія абітурыенты прыйдуць вучыцца ў наш каледж.
Адзначу, што ўсе зацікаўленыя, а гэта і ўпраўленні адукацыі Мінска, і сталічныя школы, своечасова атрымалі інфармацыю аб адкрыцці каледжа.

— Дзе будзе размяшчацца Мінскі гарадскі педагагічны каледж?

— Мінскі гарадскі педагагічны каледж размяшчаецца па адрасе Макаёнка, 29. Зараз тут вядзецца актыўная падрыхтоўка да новага навучальнага года.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.