Педагагічны “оскар”

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Студэнт года”. Упершыню разам з дыпломамі і падарункамі ім уручалася ўнікальная статуэтка “Настаўніца першая мая”.

Пераможцай конкурсу ў намінацыі “Мастацка-творчая дзейнасць” стала студэнтка 2 курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Лізавета Бурлай. Для дзяўчыны гэтая ўзнагарода як сапраўдны “оскар” — радасць, гордасць і заклік да пакарэння новых прафесійных вяршынь.

— Мая мама настаўніца, і я, гледзячы на яе, заўсёды хацела паступіць у педагагічны ўніверсітэт, — дзеліцца ўражаннямі Лізавета. — За час вучобы і практыкі я ні разу не пашкадавала аб сваім выбары. Наадварот, яшчэ больш упэўнілася, што гэта маё прызванне.

Перамога ва ўніверсітэцкім конкурсе і цудоўная статуэтка “Настаўніца першая мая”, безумоўна, сведчаць пра тое, што і педагагічная прафесія адкрываецца для Лізаветы Бурлай сваімі самымі светлымі гранямі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.