Першыя валошкі ваенфака

Сёлета ваенны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ўпершыню прыняў у свае шэрагі дзяўчат. Так на рамонкавым полі курсантаў закрасавалі першыя валошкі.

Валерыя Алегаўна, Дар’я Мікалаеўна і Карына Аляксандраўна (менавіта так звяртаюцца да курсантак камандзіры) кажуць, што на факультэце ім удзяляюць шмат увагі. Дзяўчаты жартуюць, што часам ад яе нават хочацца крыху адпачыць. Правучыўшыся, здавалася б, непрацяглы час, яны амаль у адзін голас заўважаюць: цяпер не можам уявіць сябе без формы. І цяжка паверыць, што першапачаткова рэакцыя будучых курсантаў-аднакурснікаў пры сустрэчы з імі была супярэчлівай: калі дзяўчыны прыйшлі здаваць нарматывы, на іх глядзела 27 пар мужчынскіх вачэй. У іх прачытвалася толькі кароткае пытанне: “Што вы тут робіце? Няйнакш, памыліліся”.

Карына Шчур з дзяцінства любіла знаходзіцца ў хлапечым асяроддзі: трэба ж паскакаць, пабегаць, паганяць мячык. І не таму, што побач не было добрых дзяўчат: проста з хлопчыкамі цікавей, прасцей.

У школе дзяўчынка (Карына вучылася ў велічковіцкай школе Салігорскага раёна) любіла беларускую мову і матэматыку: настаўнікі былі такімі, што не захапіцца іх прадметамі было немагчыма. У далейшым спіс інтарэсаў школьніцы папоўнілі заняткі маляваннем і музыкай.

“Я любіла спяваць і падумвала стаць артысткай. Бацькі выказалі думку, што музыкай можна займацца як хобі. Я зразумела, што яны маюць рацыю. Тады, думаю, хачу ў спецназ. Але ж туды дзяўчат не бяруць. І што мне рабіць?” — дзеліцца курсантка.

Аднойчы класны кіраўнік дзяўчыны прынёс на ўрок лістоўку пра Мінскае абласное кадэцкае вучылішча. Сямікласніца вырашыла дзейнічаць.

“Я — адзінае дзіця ў сям’і, тым больш — дачка. Ды і сярод родных ваенных не было ніколі. Матуля адрэзала: “Ні ў якім разе! Куды мы цябе адну адпусцім?” Прыйшлося дзейнічаць праз тату: я ўгаварыла яго, ён пераканаў маму”.

Калі Карыне трэба было здаваць экзамен па фізічнай падрыхтоўцы, Аксана Уладзіміраўна не губляла надзеі: “Дачушка, можа, перадумаеш?”. Ды дзе там — дзяўчо праявіла настойлівасць. Бацька разумеў, што з такім характарам у іншай галіне дачцэ будзе складана. Калі дзяўчынка гаварыла, што будзе так, а не іначай — гэтак у выніку і складвалася.

Аднакласнікі зусім не разумелі, куды сыходзіць іх сяброўка. Праз некалькі гадоў, калі прыйшло асэнсаванне, пачалі задаваць пытанні кшталту “Табе што, свабода не патрэбна?”. (Свабода для ваенных праяўляецца крыху ў іншым, чым для цывільных: не трэба пытацца дазволу, каб павітаць сябра не са свайго факультэта, магчымасць у любы час сесці на ложак, запас вольнага часу.) Карына кажа, што для яе гэта не мае вялікага значэння.

У кадэцкім вучылішчы дзяўчына зразумела, што ёй падабаецца. Першы час нельга было расстацца з думкай “Хачу тут быць”.

“Некаторыя з настаўнікаў, каб праверыць нашу сур’ёзнасць адносна прафесіі, гаварылі: “Ат, дзяўчаты! Ну, куды вы ідзяце? Хіба няма іншых заняткаў?” Пасля, разумеючы, што мы не звяртаем на падобныя словы ўвагі, педагогі пачыналі дапамагаць нам яшчэ больш”.

З цягам часу, калі нагрузка стала большай, былі моманты, калі хацелася плакаць, патэлефанаваць бацькам з просьбай забраць дакументы. У такія перыяды дзяўчо ўспамінала старую сяброўку — музыку — і спявала.

“Жыць у калектыве, які складаецца з 22 дзяўчат з рознымі характарамі, паверце, няпроста. У тым ліку таму, што часам не можаш змаў­чаць”, — заўважае курсантка.

У гэты ж час Карына сустрэла чалавека, прыклад якога натхняе дзяўчыну і сёння, — настаўніцу рускай мовы і літаратуры Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Таццяну Епіфанцаву. Узвод раўняўся на яе як на жанчыну, педагога, чалавека. Настаўніца, па словах дзяўчыны, вучыла кадэтаў глядзець на жыццё без ружовых акуляраў.

Пасля заканчэння кадэцкага вучылішча былі думкі паступаць у Ваенную акадэмію. Якую спецыяльнасць выбраць? Паралельна Карына адсочвала іншыя варыянты.

“Гляджу — аб’яўлены набор на ваенны факультэт БДУІР! Вырашыла доўга не раздумваць, каб канчаткова не заблытацца. І як знайшла! Тут таксама бывае няпроста, і паплакаць хочацца, але ўспамінаеш пра дом, гаворыш сабе: калі ты прыйшла сюды — дарогі назад няма. І становіцца спакойна, — усміхаецца курсантка. — Я вучуся ў калектыве з 14 хлопцамі. Яны дапамагаюць, аберагаюць, многае падказваюць. І не сядзяць на месцы, калі нехта з грамадзянскіх студэнтаў глядзіць у мой бок — засяроджваюцца, усім відам паказваюць, што я пад абаронай”.

Жадаю верыць у свае сілы і адчуваць сябе ўпэўнена. Памятайце, што гэтаму павінна спрыяць сур’ёзная сістэматычная падрыхтоўка — без яе нікуды.

Дар’я Гарбачова — сярэдняя з трох сясцёр у сям’і. Ваеннай справай яе зацікавіў афіцэр з Ваеннай акадэміі, які прыйшоў на сустрэчу да школьнікаў смілавіцкай школы № 1. Дзяўчына планавала вучыцца на авіяцыйным факультэце.

“Пра набор на ваенны факультэт БДУІР даведалася за некалькі дзён да падачы дакументаў, таму на ўсялякі выпадак хутка збіралі патрэбныя даведкі. Па балах у акадэмію я праходзіла, але ў апошні дзень мяне як перамкнула. За 15 хвілін да канца работы прыёмнай камісіі перанесла дакументы ў БДУІР, і мне сказалі, што я залічана. Гэта дзіўна ў нейкай ступені, бо звычайна я не да канца ведаю, чаго хачу. У 6 класе, напрыклад, зацікавілася гітарай. Вучылася 5 гадоў, а пасля думаю: і навошта? Ай, некалі спатрэбіцца. У 9 класе нечакана паступіла ў фізіка-матэматычны клас — тут хоць на ЦТ дапамагло. А з БДУІР ваганняў не было”.

Дар’я ўспамінае, што матуля і сёстры спакойна аднесліся да яе нежаноцкага выбару: прывыклі да непрадказальнасці яе жаданняў. Адзінае — было складана псіхалагічна, бо прафесія ваеннага ў нейкай ступені небяспечная. У родных не ўкладвалася ў галаве: як гэта дзяўчынка будзе абараняць Радзіму?

Курсант Гарбачова лічыць, што на яе выбар мог паўплываць вобраз стрыечнага брата — “падцягнутага, мэтанакіраванага, прыгожага ваеннага”: хацелася быць, як ён.

Дзяўчына заўважае, што да паступлення была іншай: думала, што ўсё можа.

“Я стала спакайнейшай, разважлівай. Матуля нават дзіву даецца: “Што з табой здарылася?” Раней, асабліва ў пераходным узросце, магла пасварыцца з ёй, зараз жа нават не ўяўляю, як можна не патэлефанаваць. Усё таму, што нам загартоўваюць характар. І мы не на словах разумеем, што значыць “стойка пераносіць цяжар ваеннай службы”.

Калі вы адчуваеце, што ваенная справа ваша, — рызыкуйце. Але пры гэтым помніце, што будзе заўсёды цягнуць дадому. Калі ж не адчуваеце гатоўнасці і баіцеся будучыні — пашукайце сябе ў іншым. І помніце, што любы ваенны павінен паважаць кожнага чалавека: малодшага, аднагодка, старэйшага. Калі не будзе павагі, як жа тады?

Валерыя Рымчонак нарадзілася ў Віцебску, але старт у дарослае жыццё для яе пачаўся са сталічнай гімназіі № 42. Дзяўчына лічыць, што паступленне на ваенны факультэт са школы, а не з кадэцкага вучылішча, у яе выпадку адыграла добрую ролю.

“Мне здаецца, што ў падлеткавым узросце не змагла б жыць па такім строгім раскла­дзе, як у вучылішчы: нечага магла б не схапіць. Школа дала магчымасць мне стаць той, якая я зараз. Сябе аддаць прафесіі можна толькі ў тым выпадку, калі ты ўжо сфарміраваны. Тады і працаваць прасцей, бо любіш сваю работу. Кожная прафесія разумее, наколькі чалавек адданы ёй, таму да розных сваіх прадстаўнікоў і адносіны розныя”.

Валерыя 13 гадоў займалася бальнымі танцамі: турніры і перамогі віравалі з кожным годам усё з большым імпэтам. Пры гэтым ёй быў блізкі лад жыцця ваенных. Спачатку прыйшло жаданне быць падобнай на персанажаў фільмаў пра вайну — смелай, мужнай, валявой. Пасля, калі дзяўчына зразумела, што трэба налягаць на вучобу, мара пачала прэтэнда­ваць на рэальнасць. ЦТ, псіхалагічныя субяседаванні і здача нарматываў не сталі для абітурыенткі перашкодай — сказаліся цяга да ведаў і любоў да спорту. Валерыя даўно сказала сабе: “І так добра будзе” не пройдзе: нельга рабіць справу напалову.

Курсант Рымчонак гаворыць, што заўсёды раўняецца на бацьку: “Займаешся нечым, а ў галаве думка: “А што сказаў бы тата? Хочацца, каб ён ганарыўся мной, каб я была вартай дачкой такога чалавека”. Ёсць у яе прыклады і сярод афіцэрскага складу: капітан Галаванаў і палкоўнік Сакалоў — іх дзяўчына называе “камандзірамі, што трэба”.

“Цяжка апісаць свае ўражанні і пачуцці цывільным людзям. Можна адчуць, як гэта — вучыцца на ваенным факультэце, толькі знаходзячыся тут. Быць абаронцам — значыць не проста бегаць з аўтаматам, хоць без гэтага, вядома, нікуды. Гэта яшчэ ўдасканальваць сістэму абароны, ваенныя комплексы, сачыць за бяспекай у краіне, — гаворыць курсант. — На ваенныя спецыяльнасці прыходзяць па розных прычынах, у тым ліку па меркантыльных. Але я не падзяляю пазіцыю такіх людзей. Не лічу, што матэрыяльны бок — галоўнае. Мне хочацца павышаць аўтарытэт Узброеных Сіл. Важна займацца тым, што падабаецца і пры гэтым прыносіць карысць: калі ведаеш, што патрэбны, можна пераадолець многае”. 

Да паступлення на ваенны факультэт канчаткова нельга падрыхтавацца, як і немагчыма асэнсаваць. Будзьце гатовы да спецыфічнага ладу жыцця, што падабаецца нямногім. Калі супадуць чаканні і рэчаіснасць, як у мяне, — вам пашанцуе. Галоўнае — прайсці курс маладога байца (час, калі адбываецца ломка характару і 95% навабранцаў наведвае думка сысці). Дамашнім дзецям прыйдзецца няпроста.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.