Піяр: што, як, навошта?

Трэба вырашыць задачу. Толькі не матэматычную, а побытавую: напрыклад, з якой турфірмай сёлета паехаць адпачываць. А пасля цудоўнага адпачынку канчаткова вызначыцца са спецыяльнасцю, куды паступаць. Ірына Уладзіміраўна Сідорская, загадчык кафедры тэхналогій камунікацыі факультэта журналістыкі БДУ, упэўнена, што на наш выбар уплываюць імідж і рэпутацыя арганізацыі. Ствараць пазітыўны вобраз фірмы вучацца студэнты спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя”. 

Навошта?

“Каб паспяхова прадаваць і прадаваць доўгі час, трэба, каб табе давяралі, каб цябе выдзялялі сярод іншых вытворцаў”, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна.
Значна прасцей з таварамі, якія можна патрымаць у руках, пакаштаваць. А як быць з паслугамі, якія мы не можам памацаць?
“Для арганізацый, якія прадаюць паслугі, звязаныя з адукацыяй, аховай здароўя, турызмам, банкаўскай сферай, імідж — гэта галоўнае, таму што на яго аснове мы робім выбар на карысць фірмы”, — тлумачыць Ірына Уладзіміраўна. У падобнай сітуацыі знаходзяцца і прадпрыемствы, якія прадаюць дарагія тавары. Аднак гэта зусім не азначае, што ад паслуг піяр-спецыялістаў адмаўляюцца арганізацыі іншых сфер, напрыклад харчовай.

Піяр — не рэклама!

Суразмоўніца папярэдзіла: піяр — не рэклама. “Рэкламныя білборды і ролікі мы ўсе бачым і ведаем. А вось добры піяр не такі прыкметны, не такі агрэсіўны”, — тлумачыць Ірына Уладзіміраўна. Непрыкметнай прысутнасцю можа стаць удзел кампаніі ў масавым мерапрыемстве. Літаральна на мінулых выхадных у Беларусі прайшоў другі сырны фестываль, а гэта яскравы прыклад піяр-пляцоўкі.
Яшчэ адной формай піяр-мерапрыемстваў могуць быць конкурсы, інфармацыя аб тым, што кампанія робіць для таго раёна, дзе яна знаходзіцца, а таксама аб сваіх прадуктах і паслугах. “Нам жа сапраўды цікава, у гонар якога Напалеона называецца пірожнае “Напалеон” і ў гонар якой Маргарыты названа піца “Маргарыта”, — тлумачыць Ірына Уладзіміраўна.
Надзейным піяр-ходам з’яўляецца і супрацоўніцтва са СМІ. “Ні ў якім разе там не павінна быць рэкламнай танальнасці або, як кажуць у піяр-грамадстве, не павінны тырчаць вушы і хвост карпаратыўнага інтарэсу. СМІ публікуюць тое, што цікава чытачам, а не тое, што цікава фірме”, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна.
Аднак не варта чакаць ад піяр-мерапрыемстваў імгненнага эфекту. І ў гэтым яшчэ адно адрозненне ад рэкламы.
“Пачалася рэкламная кампанія, і мы хутчэй за ўсё адразу ўбачым павелічэнне аб’ёму продажаў. Заканчваецца рэкламная кампанія — праз два тыдні продажы зноў вяртаюцца да зыходных лічбаў, — тлумачыць І.У.Сідорская. — Эфект ад піяру дасягаецца больш марудна. Можа прайсці месяц, а можа і год, аднак вынік будзе больш стойкі. Я параўнала б гэта з прафесіяй выкладчыка. Аддачу ад сваіх выпускнікоў ён бачыць не хутка, тады, калі яны пачынаюць працаваць, рэалізоўваць сябе”.

Тэхнолаг ці піяр-спецыяліст?

Працаваць даводзіцца на розныя фірмы. Хтосьці стварае рэпутацыю фармацэўтычнай кампаніі, іншы — малочнаму заводу, на якім вырабляюць сыры.
“Гаворка ідзе не пра тое, каб з сырнага тэхнолага падрыхтаваць піяр-спецыяліста па сырах. У першую чаргу трэба быць піяр-спецыялістам, але добра арыентавацца ў сферы, у якой працуеш. Трэба ўсё ведаць пра свой тавар, пра яго перавагі, пра канкурэнтаў”, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна.

Калі піяр уратуе фірму

Уявім, што арганізацыя аказалася ў крызісе. Такое бывае па розных прычынах. “Калі да яе сфарміраваны давер людзей, то крызіс лёгка пераадольваецца, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна. — Піяр блізкі да журналісцкай камунікацыі, бо мы гаворым пра плюсы і мінусы. Праўда, стараемся ўсё паказаць так, каб плюсы пераважалі, каб фарміраваўся давер”.

“PR-кветка” і моладзь

Пляцоўкай для зносін паміж практыкуючымі піяр-спецыялістамі і студэнтамі ўжо не першы год становіцца форум “PR-кветка”, у межах якога праводзіцца так званы кірмаш моладзі.
“У студэнтаў ёсць магчымасць прэзентаваць свае ідэі прафесійнаму журы, — расказвае Ірына Уладзіміраўна. — Цікава, што ў гэтым годзе сярод членаў журы быў спецыяліст аднаго з філіялаў “Атлант-М”, які летась на гэтым самым кірмашы дэманстраваў свой праект. Яго заўважыў супрацоўнік кампаніі і запрасіў на працу”.

Згодна з законам

З 1 лістапада 2013 г. у рэестр прафесій былі ўнесены дзве новыя пасады: “Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю” і “Спецыяліст па рэкламе і камунікацыях”. Гэта была ініцыятыва кафедры тэхналогій камунікацыі, і яе падтрымала прафесійнае супольніцтва.
“Да гэтай пары камерцыйныя арганізацыі самі ўводзілі такія пасады, што прыводзіла да зніжэння статусу работніка. Але цяпер прафесіі ёсць у рэестры, гэта значыць, яны прызнаны дзяржавай”, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна.

Новыя правілы

З гэтага года для тых, хто паступае на спецыяльнасць “Інфармацыя і камунікацыя”, экзамен “Творчасць” адмяняецца. Замест яго трэба будзе прадаставіць вынікі ЦТ па прадмеце “Грамадазнаўства”.

Святлана ШЫЯН.