Планета БДУ

У Беларускім дзяржаўным універсітэце адбыўся анлайн-фэст для школьнікаў “Мая дарога ў БДУ”. Адметнасцю сустрэчы стаў яе фармат: на пытанні падлеткаў адказвалі студэнты.

Да інтэрактыўнага фэсту старшакласнікі падрыхтаваліся грунтоўна. Іх пытанні закраналі многія аспекты жыцця студэнта і абітурыента БДУ: ці будзе праводзіцца традыцыйны “Студэнт на тыдзень”? Якія праблемы мо­гуць узнікнуць пры падачы дакументаў? Ці шмат бюджэтных месцаў? Што рабіць, калі страх перад паступленнем і вучобай ва ўніверсітэце не сыходзіць? Колькі часу займае вучоба?..

Выступоўцамі падчас першай часткі мерапрыемства былі першакурснікі Дзмітрый Янушкевіч, Настасся Сямёнавых, Аляксей Багдановіч і Дар’я Каваленка. Яны падзяліліся з удзельнікамі сваімі ўражаннямі пра БДУ. Адной з пераваг універсітэта перад школай маладыя людзі назвалі тое, што тут у іх з’явілася больш магчымасцей для асобаснага развіцця.

— Ты выбіраеш, якія веды атрымліваць дадаткова, якім відам спорту зай­мацца, якую мову вывучаць. Таксама ва ўніверсітэце шмат студэнцкіх арганізацый, дзе больш часу можна ўдзяляць свайму хобі. Калі ў студэнта ёсць нейкія напрацоўкі, ідэі ці праекты — у БДУ дапамогуць іх рэалізаваць, — адзначыла Насця Сямёнавых.

Юнакі і дзяўчаты лічаць, што ўніверсітэт і школа — розныя планеты. Гэта праяўляецца як у асяроддзі, так і ва ўзроўні адказнасці, якая кладзецца на плечы ўчарашняга школьніка.

— Людзі, якія апынуцца побач з вамі ў БДУ, будуць вельмі рознымі — гэта дасць магчымасць паглядзець на свет пад рознымі вугламі. І калі вы думаеце, што студэнцкае жыццё праходзіць выключна за кніжкамі, то памыляецеся. Часта можна пачуць, што ва ўніверсітэце ніхто не бу­дзе з вамі важдацца, ніхто не пойдзе насустрач, але ўсё гэта — страшылкі. Вучоба ва ўніверсітэце робіць студэнтаў больш самастойнымі, асабліва тых, хто прыязджае з іншай мясцовасці, — заўважыла Даша Каваленка. — Нехта думае, што ў студэнтаў шмат часу, які можна прысвяціць адпачынку і забаўкам. Спяшаюся засмуціць вас: з’явіцца вялікая колькасць дысцыплін, якія спачатку будуць забіраць шмат сіл, але за кароткі тэрмін вы навучыцеся засвойваць вялікія аб’ёмы інфармацыі. Шмат чаго студэнтам прыходзіцца дачытваць ці дапрацоўваць дома. Кругаварот лекцый, сну, падручнікаў цягнецца месяц, два, а затым першакурснікі прывыкаюць. Сваю ролю ў адаптацыі адыг­рываюць выкладчыкі, якія ставяцца да іх з разуменнем, а таксама студэнты-куратары.

Нехта думае, што ў студэнтаў шмат часу, які можна прысвяціць адпачынку і забаўкам. Спяшаюся засмуціць: з’явіцца вялікая колькасць дысцыплін, якія спачатку будуць забіраць многа сіл, за кароткі тэрмін вы навучыцеся засвойваць вялікія аб’ёмы інфармацыі. Шмат чаго студэнтам прыходзіцца дачытваць ці дапрацоўваць дома. Кругаварот лекцый, сну, падручнікаў цягнецца месяц, два, а затым першакурснікі прывыкаюць.

Дзіма, Насця, Лёша і Даша запэўніва­юць, што ўсё мяняецца да лепшага, калі студэнт усведамляе: нельга якасна зрабіць усё на свеце, і пачынае расстаўляць прыя­рытэты. Яны ўпэўнена даюць малодшым таварышам параду, народжаную на аснове ўласных назіранняў: калі спачатку ўсё будзе ісці ў шалёным тэмпе, гэтага не варта баяцца, бо ў выніку ўсе цяжкасці ператвараюцца ў вопыт.

Лёша Багдановіч за 3 месяцы вучобы ўжо нямала ведае пра інтэрнацкае жыццё. Ён расказаў, што тут можна не толькі аформіць сваю ўласную прастору, але і наведваць танцавальную залу, трэнажорку ці пакой самападрыхтоўкі.

— Вялікі плюс інтэрната — сябры. Вы будзеце праводзіць разам шмат часу, ра­зам зможаце пераадольваць страх перад сесіяй. У гэтым вам дапамогуць і старэйшыя студэнты: звычайна яны супакойваюць, падказваюць і дапамагаюць, — па­дзяліўся першакурснік.

Дзіма Янушкевіч звярнуў увагу школьнікаў на адну з цяжкасцей, з якой сутыкаецца кожны ў пачатку дарослага жыцця, — уменне правільна разлічваць свае фінансавыя магчымасці.

—  Пасля паступлення студэнты вучацца самастойна рабіць многія рэчы. Стыпендыі хапае не заўсёды, таму некаторыя шукаюць падпрацоўку — як не па спецыяльнасці, так і па сваім напрамку навучання. Акрамя фінансавай падтрымкі гэта дае магчы­масць набыць прафесійныя навыкі, — расказаў хлопец. — Таксама падпрацоўку можна знайсці пасля вучэбнай практыкі, якую многія студэнты праходзяць у канцы навучальнага года.

Усе чацвёра сяброў прадстаўляюць савет стараст. Яны не па чутках ведаюць пра незаменнасць такіх людзей для групы і, як па статуце, пералічваюць свае абавязкі цікаўным школьнікам:

— Стараста запаўняе і носіць журнал, узгадняе рабочыя моманты з дэканатам і выкладчыкамі, даносіць інфармацыю да групы, адзначае адсутных і вырашае любую нестандартную сітуацыю.

Яшчэ адна арганізацыя, з якой усе першакурснікі знаёмяцца пасля паступлення, — куратарская служба. У яе склад уваходзяць студэнты старшых курсаў, якія замацоўваюцца за пэўнай групай і дапамагаюць малодшым сябрам уліцца ў жыццё ўніверсітэта. Каб стаць куратарам, старшакурснікі праходзяць адбор і наведваюць дадатковыя курсы. У першыя месяцы яны знаходзяцца на сувязі са сваімі “выхаванцамі” ў рэжыме 24/7, каб у выпадку чаго дапамагчы парадай ці справай. Дзе дастаць канспект лекцый, куды схадзіць у выхадны дзень, як рашаецца задача ці робіцца чарцёж — няма такога пытання, на якое б не знайшлі адказ студэнты-куратары.

— Вядома, усё лепш убачыць на ўласныя вочы. Таму прыязджайце да нас у госці — мы пакажам свае факультэты. Яшчэ як мінімум 4 гады зможам быць вашымі павадырамі, — рэзюмавалі выступоўцы.

Калі выбіраю паміж двума ўніверсітэтамі, як зразумець, што мой — менавіта БДУ?
Гэтае рашэнне павінна быць выключ­на вашым. Трэба ўзважыць усе плюсы і мінусы, прагледзець даступную інфармацыю пра ўніверсітэты, пагутарыць са студэнтамі. Выбірайце самі, не абапіраючыся на рашэнне некага з блізкіх ці сяброў. Яны могуць вам раіць, накіроўваць, але выбар за вамі. Зрэшты, можна атрымаць адукацыю ў адным універсітэце, а пасля пайсці вучыцца ў другі.
У БДУ ёсць праект “Студэнт на тыдзень” — ён можа скіраваць таго, хто знаходзіцца ў пошуку. Там школьнікі 5 дзён наведваюць заняткі разам са студэнтамі, вывучаюць рэальныя дысцыпліны, удзельнічаюць у гутарках з выкладчыкамі.
З якімі цяжкасцямі можна сутыкнуцца пры паступленні?
Найчасцей абітурыенты няправільна запаўняюць заявы, забыва­юць медыцынскія даведкі ці пашпарты. У першым выпадку ёсць магчымасць перазапоўніць бланк у прыёмнай камісіі. Каб не сутыкнуцца з другім, варта правяраць наяўнасць дакументаў, выхо­дзячы з дому, бо ў выпадку, калі вы жывяце ў іншым горадзе, сітуацыя можа быць стрэсавай і затратнай.
Як маніторыць балы падчас прыёмнай кампаніі?
На сайце БДУ падчас уступнай кампаніі размяшчаецца інфармацыя, якая пастаянна абнаўляецца. Памятайце, што прахадны бал — гэта бал апошняга чалавека, які прайшоў на спецыяльнасць.
Што рабіць, калі страх перад паступленнем і вучобай ва ўніверсітэце не сыходзіць?
Страх перад нечым новым прысутнічае заўсёды. Ён рана ці позна сыдзе ў любым выпадку. На першым плане апынуцца новыя знаёмствы, захапленні, падзеі, веды.
Якія ўмовы трэба выканаць, каб атрымаць інтэрнат?
Усе першакурснікі атрымліваюць месца ў інтэрнатах. Што да наступных курсаў, то ў прыярытэце знаходзяцца студэнты з мнагадзетных сем’яў; тыя, хто мае пасведчанне жыхара чарнобыльскай зоны; актывісты і выдатнікі. Таксама важны фактар — адсутнасць нараканняў за мінулы тэрмін пражывання.
Ці можна сумяшчаць работу і вучобу?
Сумяшчаць можна, але важна памятаць, што работа не павінна замі­наць вучобе. Аднак калі ў вас будзе жаданне, то раўнавага знойдзецца.

Ірына ІВАШКА.