Поспех чакае тых, хто імкнецца развівацца

Факультэту псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны два дзясяткі гадоў. За час свайго існавання факультэт вырас як колькасна, так і якасна. Зараз у яго склад уваходзіць тры кафедры — педагогікі, псіхалогіі, сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі, дзе працуе каля 40 выкладчыкаў і вучыцца больш як 500 студэнтаў. А першыя выпускнікі паспяхова працуюць у самых розных сферах дзейнасці.

Выпускніцы магістратуры з дэканам факультэта Уладзіславам Бейзеравым.

Практыка як аснова

Сёння факультэт вядзе падрыхтоўку па спецыяльнасці “Псіхалогія” са спецыялізацыямі “Педагагічная псіхалогія”, “Сацыяльная псіхалогія”, “Спартыўная псіхалогія”, “Псіхалогія сямейных адносін”, а таксама па спецыяльнасцях “Сацыяльная педагогіка”, “Сацыяльная работа”.
Першы набор на спецыяльнасць “Сацыяльная работа” быў адкрыты два гады назад. Пасля заканчэння вучобы выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “Спецыяліст па сацыяльнай рабоце — псіхолаг”. Іх прафесійная дзейнасць будзе накіравана на падтрымку, абарону і рэабілітацыю людзей у пераадоленні сацыяльных і асобасных праблем.

— Сфера прафесійнай дзейнасці сацыяльных работнікаў даволі шырокая і шматгранная, — тлумачыць сутнасць прафесіі намеснік дэкана па прафарыентацыйнай дзейнасці факультэта псіхалогіі і педагогікі Наталля Новак. — Сёння запатрабаванасць у такіх спецыялістах ёсць як ва ўстановах адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднаннях, дзіцячых дамах, школах-інтэрнатах, так і ў сацыяльных службах дапамогі, цэнтрах рэабілітацыі, псіхалагічных службах міністэрстваў, ведамстваў і арганізацый розных узроўняў, медыцынскіх установах, структурных падраздзяленнях па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне выканкамаў.

Наогул жа, якую б спецыяльнасць вы ні выбралі, атрымаеце выдатныя тэарэтычныя і практычныя веды па псіхалогіі. Гэта дасць магчымасць паспяхова працаваць у любой галіне эканомікі, дапамагаць людзям станавіцца больш шчаслівымі і, што таксама важна, выкарыстоўваць атрыманыя навыкі для павышэння якасці жыцця.

Былая выпускніца факультэта Ірына Штэйнерт, якая сёння працуе педагогам-псіхолагам у дзіцячым развіццёвым цэнтры, прызнаецца, што пры выбары прафесіі, акрамя запатрабаванасці ў грамадстве, важнасці псіхалагічнай працы ў розных сферах, кіравалася і асабістай матывацыяй — карысцю прафесіі для асобаснага росту і развіцця.

Замацоўваць тэорыю практыкай дапамагаюць створаныя на базе ўстаноў і арганізацый кафедры факультэта, якія забяспечваюць правядзенне вучэбнай, вучэбна-метадычнай, арганізацыйна-метадычнай і навуковай работы. Такая форма супрацоўніцтва вышэйшай школы з вытворчасцю ўзмацнае практычную накіраванасць адукацыйнага працэсу, паляпшаючы разам з тым якасць падрыхтоўкі спецыялістаў. Зараз дзейнічае шэсць філіялаў кафедр, тры з якіх — ва ўстановах адукацыі, у тым ліку і ў Гомельскім педагагічным каледжы імя Л.С.Выгоцкага. Філіялы кафедр створаны таксама на базе Гомельскага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Гомельскага абласнога ЦКРНіР, Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

— Практыка для будучага псіхолага — аснова прафесійнай падрыхтоўкі, — дзеліцца думкамі яшчэ адна выпускніца факультэта Хрысціна Сліжыкава. — Для нас гэта, напэўна, адзін з найважнейшых аспектаў, бо можна быць выдатнікам, вывучыць усе правілы і законы, а на справе не здолець дапамагчы ніводнаму чалавеку. Тады які сэнс ва ўсім гэтым? Таму вельмі добра, што навучанне на нашым факультэце прадугледжвае шэраг педагагічных і псіхалагічных практык.

У навуку з першага курса

Інтэграцыі вучэбнага працэсу з навуковай і практычнай дзейнасцю садзейнічаюць студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі. На факультэце псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта іх тры. Гэта дае будучым спецыялістам магчымасць займацца навукай ужо з першага курса. На базе лабараторый студэнты праводзяць навуковыя даследаванні, вучацца сучасным метадам псіхадыягнастычнай, асветніцкай, карэкцыйнай работы, рэалізуюць шэраг валанцёрскіх праектаў, рыхтуюць матэрыялы даследаванняў для публікацый.

Студэнцкай навукова-даследчай лабараторыяй “Альянс” быў рэалізаваны шэраг праектаў. Тут арганізоўваюцца вучэбна-практычныя семінары, актывізавана работа “Псіхалагічнага клуба” для студэнтаў непсіхалагічных спецыяльнасцей. За прадукцыйную і творчую работу студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Альянс” двойчы станавілася лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Распрацоўваючы і рэалізоўваючы сацыяльна-педагагічныя праекты, студэнты — члены СНДЛ “Сацыяльна-педагагічны праект” атрымліваюць веды, уменні і навыкі прафесійнай работы з асобай, сям’ёй, соцыумам, развіваюць арганізатарскія здольнасці, лідарскія і маральныя якасці. Даследчая дзейнасць студэнтаў звязана з прафілактычнай, карэкцыйнай, рэабілітацыйнай работай будучых сацыяльных педагогаў з праблемнымі сем’ямі і падлеткамі; мае на ўвазе і супрацоўніцтва з установамі адукацыі, дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі.

Вучэбным навуковым падраздзяленнем кафедры псіхалогіі факультэта псіхалогіі і педагогікі з’яўляецца студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Культурна-гістарычная псіхалогія”. Яна забяспечвае правядзенне вучэбнай, метадычнай, навуковай работы са студэнтамі дзённай і завочнай форм навучання.

У рамках СНДЛ ажыццяўляецца некалькі навуковых і валанцёрскіх праектаў. Адзін з найбольш важных і цікавых — “Гомельскі перыяд жыцця і творчасці Л.С.Выгоцкага”, якім кіруе старшы выкладчык М.М.Дудаль. Работа над праектам уключае пошук дакументаў і матэрыялаў у абласным архіве Гомельскай вобласці, краязнаўчым архіве Гомеля, Гомельскім педагагічным каледжы, які носіць імя вядомага псіхолага.

Студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі адыгрываюць значную ролю ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў і будучых навуковых кадраў.

Лекары душы

Быў час, калі прафесія псіхолага лічылася нечым навамодным, падавалася простай і лёгкай. Многія выпускнікі школ імкнуліся атрымаць дыплом псіхолага, але далёка не ўсе з іх у поўнай меры разумелі, што ўяўляе сабой гэтая прафесія і тым больш не аналізавалі, наколькі яны гатовы працаваць у ёй. Цяпер у абітурыентаў іншае стаўленне. Калі гаварыць пра Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, то на факультэт псіхалогіі і педагогікі ў большасці маладыя людзі прыходзяць абдумана, з добрым уяўленнем будучай дзейнасці, з аналізам сваёй стрэсаўстойлівасці, вельмі неабходнай спецыялісту, якому належыць вырашаць чужыя праблемы, разбірацца ў перажываннях незнаёмых людзей.

Да псіхолага ідуць тыя, у каго баліць душа. У сучасным тэмпе жыцця мы кожны дзень сутыкаемся з праблемамі, складанымі сітуацыямі, перажываем крызісы. З гэтым не заўсёды можна справіцца самастойна, і часам мы насамрэч маем патрэбу ў падтрымцы кампетэнтнага спецыяліста. Псіхолаг навучаны таму, як правільна аказаць дапамогу. Ён не толькі абмяркоўвае з кліентам яго праблему, але і прымяняе розныя тэхнікі — арт-тэрапію, цялесна-арыентаваную тэрапію і многія іншыя. Канчатковы ж вынік — знайсці найбольш дзейснае і эфектыўнае рашэнне.

Папулярнасць псіхалагічная навука ў нашым грамадстве пачала набываць не так даўно, і хоць мноства людзей усё яшчэ не гатовы звяртацца па дапамогу да псіхолага, як, скажам, звяртаюцца пры неабходнасці да стаматолага, запатрабаванасць такога спецыяліста ўзрастае. Псіхолаг сёння патрэбен не толькі як прыватны практык, не абмяжоўваецца яго сфера дзейнасці і ўстановамі адукацыі ці спецыяльнымі цэнтрамі. У выпускніках факультэтаў псіхалогіі маюць патрэбу шматлікія дзяржаўныя і камерцыйныя арганізацыі і прадпрыемствы, медыцынскія ўстановы, падраздзяленні сілавых структур.

Якой будзе прафесійная будучыня, залежыць ад чалавека, яго памкненняў, мэт, стаўлення да справы, а ў выпадку псіхолага яшчэ вельмі важным і вызначальным будзе яго стаўленне да іншых.

— Сёння факультэт псіхалогіі і педагогікі мае шмат магчымасцей для таго, каб даць не толькі сучасную адукацыю, але і дадатковыя навыкі і веды, якія значна ўзмацняюць канкурэнтаздольнасць выпускнікоў на рынку працы, — гаворыць Наталля Новак. — Універсітэт дае добры старт, і тых, хто імкнецца развівацца далей, абавязкова чакае поспех.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фотаздымак з архіва факультэта.