Гісторыя Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя пачалася яшчэ ў даваенны час. За многія гады работы тут падрыхтавалі 30 тысяч кваліфікаваных рабочых, сярод якіх шмат заслужаных работнікаў сельскай гаспадаркі і тых, хто мае высокія ўзнагароды за сваю працу. Многія выпускнікі, прайшоўшы далейшы шлях навучання, сёння займаюць кіраўнічыя пасады.
Захоўваючы свой асноўны кірунак, ліцэй пашырае пералік прафесій. Сёння тут рыхтуюць па прафесіі “Гандлёвая справа”, выпускаючы на рынак працы кваліфікаваных прадаўцоў і кантралёраў-касіраў. Колькасць гандлёвых прадпрыемстваў штогод павялічваецца, таму і прафесія прадаўца вельмі запатрабавана. У свеце тэхналогій яна вельмі змянілася. Цяпер для прадаўца недастаткова стаяць за прылаўкам, падлічваючы агульны кошт пакупак наведвальнікаў магазіна. Сучасны прадавец — гэта і маркетолаг, і дызайнер, і псіхолаг, і рэкламіст у адной асобе. Менавіта гэтаму вучаць выкладчыкі сваіх навучэнцаў. Першыя спробы яны робяць у гандлёвай лабараторыі ліцэя, а потым засвойваюць навыкі на вытворчай практыцы ў гандлёвых кропках Гомеля.
Яшчэ дзве “дзявочыя” прафесіі ў аграрна-тэхнічным ліцэі — гэта “Вытворчасць прадукцыі раслінаводства” і “Садова-паркавае будаўніцтва”. Хлопцы сюды таксама трапляюць, але ж больш жадаючых засвоіць прафесію кветкавода і агародніка сярод дзяўчат. Вядучыя майстры Т.А.Ярэц і Н.В.Бабій не толькі ведаюць, як навучыць гэтай справе, але і ўмеюць зацікавіць моладзь. На працягу ўсяго навучальнага года кіпіць работа ў вучэбных цяпліцах і аранжарэях. А прыгожыя клумбы з дзівоснымі кветкамі і мудрагеліста падстрыжаныя кусты на тэрыторыі ліцэя наглядна дэманструюць уменні дзяўчат.
У юнакоў, якія прыходзяць у ліцэй, каб атрымаць прафесію, свая стыхія — аўтамабілі. Хіба не кожны з іх марыць сесці за руль? Больш за тое, разам з пасведчаннем вадзіцеля катэгорыі “С” хлопцы атрымаюць кваліфікацыю “слесар па рамонце аўтамабіляў”. Усе адпаведныя навыкі засвойваюцца на месцы: ліцэй мае ў сваёй уласнасці палігон і аўтадром для адпрацоўкі прыёмаў ваджэння, майстэрні па тэхнічным абслугоўванні і рамонце машын, слясарную і электрамантажную майстэрні.
Два гады назад у ліцэі пачалі рыхтаваць яшчэ і вадзіцеляў для міжнародных перавозак. Для гэтага наладжана цеснае супрацоўніцтва з Беларускай асацыяцыяй міжнародных аўтамабільных перавозак. Лепшым сябрам і настаўнікам для будучых шафёраў на ўвесь час навучання становіцца выкладчык І.М.Клімовіч. Шмат сіл укладае ў справу падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў выкладчык М.М.Пішчэйка, які, дарэчы, за першае месца ў аглядзе-конкурсе метадычных распрацовак па падрыхтоўцы вадзіцеляў аўтамабіля атрымаў дыплом Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозак.
Не менш цікавая для юнакоў прафесія электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. У гэтай справе неабходна валодаць лагічным мысленнем і мець тэхнічны склад розуму. А ўсяму астатняму навучаць выкладчыкі і майстар С.М.Лавінецкая, якая ўжо шмат гадоў працуе ў ліцэі.
У вольны ад заняткаў час навучэнцам таксама не давядзецца сумаваць. Для іх у ліцэі працуюць групы па інтарэсах розных напрамкаў, а для прыхільнікаў спорту — дзве спартыўныя залы і мноства секцый. Гомельскі аграрна-тэхнічны ліцэй нагадвае студэнцкі гарадок, тут усё побач: вучэбныя карпусы, майстэрні, інтэрнат для іншагародніх.
— Наш ліцэй — гэта сучасная ўстанова адукацыі, дзе падрыхтоўку кадраў ажыццяўляюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, — гаворыць дырэктар Р.Г.Кашунін. — Наш калектыў бачыць сваю задачу ў падрыхтоўцы кваліфікаванага, думаючага, працавітага, адказнага прафесіянала, чые веды і ўменні будуць запатрабаваны на рынку працы. А тое, што рабочыя прафесіі ніколі не страцяць сваёй актуальнасці, — бясспрэчна.
Наталля ЛУТЧАНКА.