Прафарыентацыйны “МайстарГрад”

Школа адыгрывае важную ролю ў прафарыентацыі вучняў. Але на прафесійны выбар таксама моцна ўплываюць імклівае развіццё навукі і тэхнікі, татальная інфарматызацыя грамадства. Таму сёння ўжо недастаткова дапамагчы падлеткам зразумець, якая прафесія ім найбольш блізкая. Неабходна фарміраваць у іх надпрафесійныя кампетэнцыі, якія забяспечаць канкурэнтаздольнасць і прафесійную мабільнасць у будучай сацыяльна-­эканамічнай і тэхналагічнай рэальнасці.

 У практыку нашай школы ўкаранёны сучасны фармат прафарыентацыйных мерапрыемстваў — праект “МайстарГрад”, у аснове якога — комплекс прафесійных проб, прычым не толькі для знаёмства з пэўнымі прафесіямі, але і для развіцця ключавых кампетэнцый. Гэта не разавая дапамога ў прафесійным выбары будучых выпускнікоў, а працяглы і бесперапынны пра­цэс іх падрыхтоўкі да прафесійнага самавызначэння.

Праект рэалізуецца праз сістэму дадатковай адукацыі шляхам далучэння вучняў да вялікай эканамічнай гульні. У “МайстарГрадзе” 12 майстэрань (пляцовак прафпроб), дзе юнакі і дзяўчаты вучацца ацэньваць сябе ў прафесіі, бачыць прабелы ў ведах і недахопы ў асобасных якасцях, неабходных для выбранай спецыяльнасці.

У майстэрні “ПрафНавігатар” старшакласнікі развіваюць усвядомленую здольнасць да асобаснага развіцця, пашыраюць прафесійны кругагляд. Для гэтага выкарыстоўваюцца найноўшыя праграмныя прадукты па складанні прафесіяграм выпускнікоў, праводзяцца прафарыентацыйныя тэсты, трэнінгі, дзе-
лавыя і ролевыя гульні, круглыя сталы.

Асвоіць работу са штучным інтэлектам дапамагае майстэрня “Інстытут камп’ютарных тэхналогій”, на базе якой працуюць аб’яднанні па інтарэсах “Электраклуб” і “Гульнявое прататыпаванне”.

Развіццё экалагічнага мыслення прадугледжвае ашчадныя адносіны да прыродных рэсурсаў і змяншэнне адходаў. Гэтая кампетэнцыя фарміруецца ў майстэрні “Інспекцыя па ахове навакольнага асяроддзя”, якая дзейнічае ў рамках факультатыву “Зялёныя школы” і гуртка “Матэматычнае краязнаўства”. 

У сучасным свеце расце попыт на персаналізаваныя тавары і паслугі. Таму ў майстэрнях “Дом быту” і “Дом рамёстваў” развіваюцца кліентаарыентаванасць і творчыя здольнасці. У гэтым дапамагаюць гурткі “Святы і традыцыі”, “Тэхнічная майстэрня” і “Вясёлы аловак”, а таксама факультатыў “Разьба і выпальванне па драўніне”.  

Ва ўмовах глабалізацыі эканомікі выпускнікам давядзецца ўсё часцей працаваць у міжнародных камандах, дзе важна не толькі свабодна валодаць замежнай мовай, але і разумець нацыянальны кантэкст краін-партнёраў. Майстэрня “Нясумная навука” развівае мультымоўнасць і мультыкультурнасць на факультатывах “Дзелавая англійская” і “Па краінах і кантынентах”. 

Лідарскія якасці, ініцыятыўнасць і навыкі каманднай работы развіваюцца ў “Гарадской ратушы”, дзе функцыянуюць органы вучнёўскага самакіравання, гурток “Школа лідара” і факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.

Працаваць у рэжыме высокай нявызначанасці і рызыкі старшакласнікі вучацца ў “Цэнтры бяспекі” на занятках гурткоў “Юны ратавальнік-пажарны” і “Юны інспектар дарожнага руху”.

Для вучняў 9—11 класаў арганізоўваюцца прафесійныя пробы ў “Загарадных майстэрнях”, дзе падлеткі ў фармаце жывых зносін з прадстаўнікамі рабочых прафесій прымяраюць на сябе розныя прафесіі, у тым ліку на базе ПТНУ і ССНУ.

Штогод ладзіцца агульнашкольны конкурс “Бізнес-батл”, у якім кожная майстэрня прэзентуе свой стартап “Мае ідэі для малой ра­дзімы”. Падчас аднаго з такіх конкурсаў вучні прапанавалі стварыць школьнае атэлье “ТриНити”. Задума была паспяхова ажыццёўлена дзякуючы аб’яднанням па інтарэсах “Бізнес-цэнтр” і “Тэкстыльныя фантазіі”. Тут амаль усё, як у дарослым бізнесе, толькі ў меншых маштабах: даследаванне рынку, вытворчасць, адміністраванне, вызначэнне прыбытку і рэнтабельнасці.

За 5 гадоў рэалізацыі праекта каля 600 школьнікаў паўдзельнічалі ў прафесійных пробах. Іх мэтазгоднасць пацвярджаецца станоўчай дынамікай. Больш за 60% выпускнікоў штогод упэўніваюцца ў актуальнасці ўласнага прафесійнага выбару, астатнія — мяняюць свой план. Вучні ўсведамляюць, што знешняя прыцягальнасць прафесіі не заўсёды суадносіцца з іх здольнасцямі.

Сістэма прафарыентацыі ў “МайстарГрадзе” пабудавана на аснове абавязковай пераемнасці і скіравана на самарэалізацыю. Нашы вучні паспяхова ўдзельнічаюць у праектнай дзей­насці, удала выступаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Дзякуючы ім, школьнікі атрымліваюць навыкі самапрэзентацыі, развіваюць крэатыўнае мысленне, набываюць карысны вопыт, які дасць ім адчувальныя перавагі пры далейшым працаўладкаванні, прафесійных зносінах, дасягненні ўласных мэт.

Людміла ШАЛЯМЕТ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна.