Прафарыентацыя: безумоўна, “за”, але ёсць карысць і ад “супраць”

Карысць прафарыентацыйнай работы сярод школьнікаў сёння ніхто не аспрэчвае. Але вынікі такой работы могуць быць розныя. Малады чалавек можа як упэўніцца ў сваім выбары, так і зразумець, што прафесія не для яго. Аб такім выпадку расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ліцэя № 1 Гродна Лілія Праневіч. Пасля адной з экскурсій на заняткі ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт вучаніца 10 хіміка-біялагічнага класа вызначыла, што медыцына — не яе прызванне.

Ліцэй № 1 Гродна і Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт аб’ядноўваюць свае намаганні, каб дапамагчы маладым людзям выбраць прафесію жыцця, бо медыцына менавіта тое поле дзейнасці, якое патрабуе поўнай самааддачы і ў вучобе, і ў самастойнай рабоце. Менавіта гэты прынцып ляжыць у аснове сумеснай працы гэтых устаноў адукацыі ў рабоце з навучэнцамі. З 2013 года на лячэбным факультэце ГрДМУ працуе “Школа абітурыента”.
Кіруе работай школы намеснік дэкана лячэбнага факультэта па выхаваўчай рабоце дацэнт Л.Р.Каралёнак.
— Рэалізацыя праекта “Школа абітурыента” пачалася ў студзені 2013 года, — расказвае Людміла Рыгораўна. — Галоўная яго мэта — работа з ліцэістамі для іх падрыхтоўкі да паступлення ў наш універсітэт, і менавіта на лячэбны факультэт. Кожны новы этап праекта разлічаны на два гады, бо менавіта столькі часу вучацца ў ліцэі. Праграма сумесных мерапрыемстваў вельмі разнастайная, уключае не толькі, так бы мовіць, чыста прафарыентацыйныя мерапрыемствы, але і шмат культурных, спартыўных падзей. Прафарыентацыя патрэбна для таго, каб у медыцынскі ўніверсітэт прыходзілі невыпадковыя людзі. Мы ставім мэту зацікавіць ліцэістаў і ўбачыць сярод іх менавіта тых, хто сапраўды можа стаць урачом з вялікай літары.У ліцэі № 1 з гэтага навучальнага года ажыццяўляецца адукацыйны працэс па пяці профілях: фізіка-матэматычным, матэматыка-лінгвістычным, філалагічным, прыродазнаўча-гуманітарным і хіміка-біялагічным. І хоць пералік кірункаў, якія могуць выбраць для паступлення выпускнікі апошняга профілю, уключае біялогію і біяэкалогію, сельскую гаспадарку, ахову раслін, большасць выпускнікоў ліцэя выбіраюць менавіта медыцыну. І не толькі таму, што дзве ўстановы адукацыі размешчаны па суседстве і аддзелены ўсяго некалькімі сотнямі метраў. Галоўнае, безумоўна, справы.
Вось некалькі лічбаў. У 2014 годзе ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт паступілі 24 выпускнікі ліцэя № 1. У мінулым годзе медыцыну абралі 29 выпускнікоў: 19 чалавек сталі студэнтамі ГрДМУ, 6 паступілі ў Мінск, 4 — у Віцебск. Гэта амаль палова выпускнікоў хіміка-біялагічнага профілю.
Вялікую ўвагу супрацоўніцтву з ліцэем удзяляе кіраўніцтва медуніверсітэта і лячэбнага факультэта, у прыватнасці дэкан факультэта доктар медыцынскіх навук Генадзь Мармыш, што вельмі спрыяе эфектыўнай рабоце “Школы абітурыента”. Традыцыйнымі сталі сустрэчы выкладчыкаў і студэнтаў з ліцэістамі, дзе абавязкова ідзе размова пра асаблівасці вучобы ва ўніверсітэце. Ужо на першых такіх сустрэчах будучыя абітурыенты атрымліваюць шмат цікавай і карыснай інфармацыі.
Адбываецца азнаямленне з медыцынскімі спецыяльнасцямі і ў той жа час выяўленне ўзроўню прафесійнага самавызначэння вучняў. Конкурс эсэ “Чаму я хачу стаць урачом”, у якім прымаюць удзел студэнты і ліцэісты, дапамагае разабрацца не толькі ў будучай прафесіі, але і ў сабе.
Вось некалькі вытрымак з разважанняў аб прафесіі. Студэнтка Настасся Бярозава, якая заняла 1-е месца, піша: “Урач — не проста прафесія. Урач — чысціня, невычэрпная моц духу, прыстойнасць, жывы розум, незвычайная цярплівасць”. Трэцякурсніца Святлана Плясіна: “Урачу проста неабходна быць моцным і ведамі, і мудрасцю, і душой”. А вось меркаванне ліцэістаў. Кацярына Кузьміцкая, якая адзначана за 2-е месца, напісала, што хоча стаць урачом, бо няма больш важнай і неабходнай прафесіі, якая аблягчае пакуты, дае веру ў жыццё, дорыць здароўе пацыентам. Дзесяцікласніца Аляксандра Крываблоцкая мяркуе, што “ўрач — гэта чалавек, які гатовы прысвяціць сябе служэнню людзям. Ён бярэ на сябе адказнасць са самае цудоўнае — жыццё чалавека”.
Ліцэісты маюць магчымасць не толькі пачуць, але і на ўласныя вочы ўбачыць працэс навучання ва ўніверсітэце. У іх ёсць магчымасць пабываць на лекцыях і практычных занятках, паўдзельнічаць у навукова-практычных канферэнцыях, напрыклад, у Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Мова. Грамадства. Медыцына”; нават адчуць сябе ў ролі сапраўднага медыка на занятках у лабараторыі практычнага навучання і паспрабаваць самім выканаць некаторыя медыцынскія маніпуляцыі на трэнажорах і манекенах. Пабываюць ліцэісты ў музеях кафедр нармальнай анатоміі і паталагічнай анатоміі. І ўсё гэта дапаможа кожнаму маладому чалавеку зразумець: медыцына — гэта яго ці не?
— Для прафесійнай псіхадыягностыкі выкарыстоўваем гульнявыя і трэнінгавыя сітуацыі, дзе мадэлююцца розныя аспекты дзейнасці ўрача, напрыклад, зносіны з пацыентамі альбо маральны выбар, — працягвае Людміла Каралёнак. — Гэта дазваляе будаваць прагнозы адносна будучых прафесійных паводзін сённяшніх навучэнцаў.
Ліцэісты могуць адчуць сябе не толькі ў ролі ўрача, але і ў ролі студэнта. Правядзенне сумесных мерапрыемстваў — традыцыя дзвюх устаноў адукацыі. Інтэлектуальная гульня “Што? Дзе? Калі?”, спартыўнае свята “Здароўе! Спорт! Перамога!”, турыстычны злёт — традыцыйныя падзеі Сапраўдныя інтэлектуальныя баталіі разгарнуліся на дэбатах, тэмы якіх “Для развіцця маладога чалавека ёсць больш моцныя стымулы, чым матэрыяльныя”, “Цэнтралізаванае тэсціраванне не цалкам адлюстроўвае рэальныя веды абітурыента”. У дэбатах удзельнічалі каманды 1 курса лячэбнага факультэта і ліцэя № 1.
— Атрымаць інфармацыю ад амаль што аднагодкі-студэнта для ліцэістаў, напэўна, больш карысна і цікава, — гаворыць дырэктар ліцэя Ігар Маслаў. — Напрыклад, калі студэнты лячэбнага факультэта Ян Хільмончык і Павел Бандаровіч у сталоўцы ліцэя правялі акцыю “Вітамінка” і арганізавалі дэгустацыю натуральных свежых сокаў з садавіны і агародніны, якія самі прыгатавалі, то было бачна, якую цікавасць гэта выклікала ў навучэнцаў. На іншай акцыі супраць курэння “Стрэльні цыгарэту” студэнты сімвалічна “расстралялі” цыгарэту і прадэманстравалі ліцэістам, што яны адмаўляюцца ад шкодных звычак.
Карысць ад супрацоўніцтва адзначаюць і ў ліцэі, і ў медыцынскім універсітэце. “Школа абітурыента” дазваляе не толькі ўсвядомлена выбраць прафесію, але і лепш адаптавацца да вучобы ва ўніверсітэце. Наяўнасць сярод студэнтаў-першакурснікаў былых абітурыентаў, якія прайшлі школу, дазваляе ім аказваць дапамогу сваім таварышам у групе, на патоку і курсе. Гэтыя студэнты становяцца актыўнымі валанцёрамі — бяруць на сябе шмат арганізацыйных пытанняў, суправаджаюць ліцэістаў на экскурсіі і заняткі, праводзяць розныя мерапрыемствы.
Вынікі сумеснай працы ліцэя № 1 Гродна і Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта дэманструюць эфектыўнасць падобнага ўзаемадзеяння для вырашэння вельмі важнай задачы — дапамагчы маладым людзям зрабіць адзіны і, безумоўна, правільны выбар будучай прафесіі, у якой яны змогуць рэалізаваць свой асобасны патэнцыял.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.