Побач з Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжам знаходзіцца шмат устаноў аховы здароўя: бальніца хуткай дапамогі, РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, дзіцячая бальніца № 3 і дзіцячая паліклініка № 13. І не дзіўна, што ўстанова, дзе рыхтуюць спецыялістаў, якія пастаянна на перадавой, знаходзіцца менавіта тут.
БДМК рыхтуе кадры па 4 спецыяльнасцях: “Сястрынская справа” (кваліфікацыя “медыцынская сястра”), “Лячэбная справа” (“фельчар”, “акушэр”, “памочнік урача па лабараторна-клінічнай практыцы”), “Фармацэўт” (“фармацэўт”) і “Зубапратэзная справа” (“зубны тэхнік”). Спецыфіка кваліфікацыі “фармацэўт” залежыць ад асаблівасцей працы спецыяліста: ён можа быць так званым першастольнікам — тым, хто адпускае лекі ў аптэках ці займаецца іх вырабам па персанальных рэцэптах. Спецыяльнасць лічыцца затратнай у плане падрыхтоўкі, паколькі падобныя спецыялісты ўнікальныя і заўсёды запатрабаваны. Шмат у чым гэта заключаецца ў індывідуальным падыходзе да людзей, што прыходзяць па лекі (маленькі цюбік з маззю ці парашок для дзіцяці павінен быць вывераны на вагу, на дабаўленне пэўных кампанентаў з улікам узросту, вагі цела і да т.п.).
Сёлета набор на спецыяльнасць “Зубапратэзная справа” ажыццяўляцца не будзе (ён адбываецца праз год у залежнасці ад дзяржаўнага заказу). Дырэктар каледжа Уладзімір Крупенчанкаў гаворыць, што для таго, каб стаць прафесіяналам зубапратэзнай справы, неабходна мець талент. Зубны тэхнік працуе рукамі і ў многім яго дзейнасць можна назваць творчасцю, паколькі толькі ён можа зрабіць так, каб выраблены зуб нельга было адрозніць ад сапраўднага.
— Усе гэтыя спецыялісты важныя, паколькі знаходзяцца на першых рубяжах узаемадзеяння з пацыентамі. Хто першы аказвае дапамогу? Медыцынская сястра, асабліва ў стацыянары. У аптэцы — фармацэўт. Пацыент камунікуе з ім, пытае парады, задае пытанні, — адзначае Уладзімір Аляксандравіч. — Сярэдняя спецыяльная адукацыя ў медыцыне ўнікальная тым, што гэта адна з галін, дзе спецыяльнасці не дубліруюцца са спецыяльнасцямі вышэйшых навучальных устаноў. І калі, напрыклад, эканамічныя, бухгалтарскія і юрыдычныя спецыяльнасці існуюць як у каледжах, так і ва УВА, то кампетэнцыі на спецыяльнасці “Медыцынская сястра” значна адрозніваюцца ад адпаведнікаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Не знойдзеце таксама дубліравання кваліфікацыі “фельчар”, а зубных тэхнікаў рыхтуюць выключна на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
БДМК — самы вялікі медыцынскі каледж Беларусі. Раней ён меў рэспубліканскае значэнне, сёння ж належыць сталіцы. Але змяненне падпарадкаванасці з рэспубліканскага ўзроўню на гарадскі зусім не азначае, што сюды набіраюць навучэнцаў толькі з Мінска. Па-ранейшаму ў каледжы вучыцца моладзь з розных куткоў краіны.
— Мы рады, што моладзь прыязджае да нас. Што ні кажы, але ў Мінску канцэнтруецца шмат перадавых ведаў, тэхналогій, спецыялістаў, абсталявання і існуе найбольшая колькасць медыцынскіх устаноў і РНПЦ, дзе можна прайсці практыку. Гэта адзін з плюсаў вучобы ў сталіцы, — гаворыць Уладзімір Крупенчанкаў. — Насельніцтва Мінска вызначае самыя жорсткія патрабаванні да кваліфікацыі спецыяліста, які аказвае меддапамогу, і першапачаткова прыходзіць ва ўстанову аховы здароўя з высокім узроўнем чаканняў. З аднаго боку, гэта стрэс для маладога спецыяліста, а з другога — вопыт, які тут можна пераняць хутчэй, чым дзесьці ў іншым месцы. Сталіца задае неверагодны тэмп, і неабходна быць у курсе ўсіх тэхналагічных навінак.
Навучэнка Хрысціна Карплюк выбрала спецыяльнасць “Лячэбная справа” і прыехала вучыцца ў каледж са Столінскага раёна. “Чалавек, які пражывае жыццё актыўна і цікава”, як гаворыць пра сябе дзяўчына, у будучыні бачыць сябе акушэрам.
— На мой погляд, БДМК — лепшы медкаледж Беларусі як па ўзроўні прафесіяналізму выкладчыкаў, так і па аб’ёме ведаў, атрыманых у працэсе навучання. Паколькі за кароткі тэрмін мне хацелася ўзяць высокую планку ў медыцыне, лепшай установы для мяне не існавала. Самая яркая асацыяцыя з каледжам — цеплыня. Асабліва ў дачыненні да нашых выкладчыкаў, да якіх можна падысці з любым пытаннем, і ў дачыненні да практыкі ў бальніцах і паліклініках, — гаворыць навучэнка. — Гады студэнцтва незабыўныя для любога чалавека. Я люблю сваю групу і педагогаў, якія пастаянна дзеляцца з намі ведамі і ўласным вопытам. У каледжы я знайшла сяброў, таму кожны дзень па-свойму асаблівы і дарагі для мяне.
Выкладчыкам каледжа, сапраўды, заўсёды ёсць што сказаць будучым калегам. Увесь педагагічны калектыў — практыкі, якія працуюць ці працавалі ва ўстановах аховы здароўя і пастаянна павышаюць кваліфікацыю. Прыводзячы навучэнцаў на практычныя базы ў медыцынскія ўстановы, яны дапамагаюць моладзі зразумець спецыфіку зносін з пацыентамі, выбудоўвання адносін у калектыве, асаблівасці работы па іх спецыяльнасцях.
Практыка для будучага медыцынскага работніка — што паветра, таму 75% вучэбнага працэсу ў каледжы адводзіцца на работу ва ўстановах аховы здароўя. Таксама ўвага скіравана на сімуляцыйнае навучанне, калі на занятках мадэлююцца сітуацыі, што могуць адбыцца падчас работы. Гэта рыхтуе моладзь да прыходу ва ўстановы аховы здароўя, дзе пад кіраўніцтвам вопытных медыкаў навучэнцы аказваюць дапамогу пацыентам.
Для адпрацоўкі навыкаў у БДМК ёсць спецыяльныя кабінеты: палата дагляду пацыентаў, пост медсястры, працэдурны кабінет і кабінеты хірургіі, педыятрыі і акушэрства з патрэбнымі інструментамі.
Пасля знаёмства з установай становіцца зразумела, што лайдакам тут не месца, бо штодзень трэба рыхтаваць вялікі аб’ём інфармацыі. Часта навучэнцы жартуюць: “Ну што, павучыліся, адпачылі, а цяпер зноў давай вучыцца”. Пра гэта гаворыць і прапанова, пачутая ў гуллівай мітусні на перапынку: “А пагналі ў бібліятэку”.
Але адпачываць у каледжы таксама ўмеюць. Многія выпускнікі адзначаюць, што час, праведзены ў вучэбным корпусе, запомніўся ім пастаянным рухам, ажыўленасцю ў культурным жыцці. Часта на перапынках тут чуецца музыка, ладзяцца флэш-мобы і розныя ўнутраныя мерапрыемствы. Такі рэжым дазваляе хлопцам і дзяўчатам не толькі асобасна развівацца, але і супрацьстаяць эмацыянальнаму выгаранню.
Дарэчы, эмацыянальнае выгаранне — гэта тое, з чым, па словах дырэктара каледжа, можа сутыкнуцца любы медыцынскі работнік. І хоць устойлівасць перад ім у многім залежыць ад якасцей самога медыка, самае лепшае ў гэтым выпадку — правільна выбудаваць прафілактычную работу. Таму пытанне разглядаецца ў межах спецыяльных праектаў, прысвечаных праблеме.
— Тыя, хто першапачаткова арыентуецца на медыцыну, не сыходзіць адсюль, не зважаючы ні на што. Проста могуць змяніць месца працы ці падкарэкціраваць спецыфіку работы. Чалавек, які любіць прафесію, знаходзіць выйсце нават пры эмацыянальным выгаранні, — перакананы Уладзімір Аляксандравіч.
У большасці выпадкаў выпускнікі БДМК размяркоўваюцца ва ўстановы Мінска і Мінскай вобласці. Але таксама паступаюць заяўкі на спецыялістаў з розных раёнаў. Напрыклад, сёлета ёсць заяўкі з Гомеля і Гродна.
Ідучы па каледжы, ловіш сябе на думцы, што медыкі — самы дружны народ: тут не ходзяць у адзіночку — часцей групкамі ці нават натоўпамі. І такая еднасць праяўляецца і ў дачыненні да старэйшых калег — урачоў і медыцынскага персаналу, якія сёння становяцца шчытом свету ад COVID-19. У іх падтрымку маладыя людзі знялі відэа, словы з якога найлепш характарызуюць будні медработнікаў:
“Укол. Рентген. “Мазок повторно”.
Дежурство, скорая, прием.
Палаты, кашель, слезы, стоны:
“Без паники, мы всех спасем!”
Надежда, вера, пониманье,
Лекарство, помощь, медсестра,
Заботу, вежливость, вниманье
Нам дарят с самого утра”.
Дзякуючы гэтаму, больш зразумелымі становяцца словы дырэктара Уладзіміра Крупенчанкава пра тое, што ў медыцыне няма месца таму, хто не любіць працаваць з людзьмі і не можа любіць пацыента ў любых яго праявах:
— Бывае, няпроста выбудаваць зносіны нават са здаровым чалавекам, бо ўсе людзі розныя і могуць навешваць цэтлікі адзін на аднаго. А псіхалогія хворага значна адрозніваецца, і трэба больш навыкаў і цярпення, каб камунікаваць з ім. Тут трэба мець міласэрнасць, чалавекалюбства і вытрымку, не быць катэгарычным. Калі медыцынскі работнік стане раздражняцца — нічога добрага не атрымаецца. Трэба ўмець суперажываць, быць альтруістам і хацець дапамагчы. Медыцына — не тая сфера, куды ідуць, каб зарабляць грошы. Гэта прафесія, дзе твае веды і навыкі могуць спатрэбіцца ў любы момант і ў любым месцы.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.