Прафесійна займацца любімай справай

Хочаце набыць запатрабаваную прафесію і падчас вучобы жыць, як на еўрапейскім курорце? Дзівоснай прыгажосці край з багатай гісторыяй і ўнікальнымі палацава-паркавымі ансамблямі, адметнымі культурнымі традыцыямі, развітымі прамысловасцю і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі — аднойчы завітаўшы на Пастаўшчыну, кожны палюбіць гэтую зямлю, адчуе шчырую павагу да яе працавітых, таленавітых, шчодрых людзей. Бясконцыя лясы і 12 гістарычных паркаў, 115 (!) азёр і 86 рэк, амаль тры дзясяткі дзяржаўных заказнікаў і помнікаў прыроды — багацце аднаго раёна. Узімку тут валадарыць Зюзя Паазерскі, а стаць сапраўднай парыжанкай для мясцовых прыгажунь — азначае змяніць месца жыхарства з райцэнтра на аднайменны з французскай сталіцай аграгарадок. Самі ж Паставы — старадаўні горад з еўрапейскім абліччам і сучаснай інфраструктурай, пяты ў Віцебскай вобласці па колькасці насельніцтва, цэнтр аднаго з буйных сельскагаспадарчых раёнаў.

Разам з тым райцэнтр мае моцную вытворчую базу: напрыклад, тут вырабляюць вадкакрышталічныя тэлевізары і складаную бытавую тэхніку, школьную мэблю, высакаякасныя прадукты харчавання, працуюць сумесныя замежныя прадпрыемствы з Літвой, Латвіяй, Германіяй, Расіяй. Для паспяховай работы і развіцця вытворчасці неабходны кваліфікаваныя рабочыя. Кадравая праблема ў раёне вырашаецца з практыка-арыентаваным падыходам: большасць будучых спецыялістаў набывае неабходную падрыхтоўку ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы, што знаходзіцца непасрэдна ў райцэнтры. Хаця паступаюць сюды і абітурыенты з іншых рэгіёнаў, у тым ліку з Мінскай вобласці (ад Паставаў да сталіцы намнога бліжэй, чым да Віцебска).

— Мы забяспечваем атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі, інтэграванай з сярэдняй спецыяльнай, і ствараем неабходныя ўмовы для творчага, інтэлектуальнага, фізічнага і маральнага развіцця асобы, —расказвае намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Наталля Шылько. — Зараз у нас вучацца будучыя слесары па рамонце аўтатэхнікі і вадзіцелі-міжнароднікі, кухары і бармены, кулінары, трактарысты і агароднікі — усяго амаль 400 юнакоў і дзяўчат. На ўзроўні прафтэхадукацыі прапануем абітурыентам спецыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, “Грамадскае харчаванне” “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”,“Вытворчасць будаўніча-мантажных і рамонтных работ” і “Вытворчасць прадукцыі агародніцтва”. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў (па напрамках)” з кваліфікацыяй “тэхнік-механік”.
— Структурным падраздзяленнем каледжа з’яўляецца аддзяленне курсавой падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, — працягвае загадчык аддзялення Ірына Літовец. — У сярэднім за год навучанне па дзённай і завочнай формах у нас атрымліваюць каля 500 чалавек.

Для паспяховай вучобы і развіцця ў Паставах створаны камфортныя ўмовы. Вучэбна-матэрыяльная база ўключае 5 вучэбных карпусоў, 9 кабінетаў агульнаадукацыйных і 17 — спецыяльных дысцыплін, 12 лабараторый, 6 майстэрань, пункт тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, трактара- і аўтадромы, вялікі парк аўтатрактарнай тэхнікі, уласны магазін і вучэбную гаспадарку на 105 гектараў. Наяўнасць сваёй вучэбнай гаспадаркі дапамагае значна пашырыць асартымент, павысіць якасць і знізіць кошт харчавання ў сталовай — яна таксама свая. Навучэнцам, якія паступілі ў каледж на базе 9 класаў, прадастаўляецца бясплатнае аднаразовае гарачае харчаванне; усе, хто мае ў гэтым патрэбу, забяспечваюцца бясплатным трохразовым гарачым харчаваннем. Тыя навучэнцы, хто паступіў на базе 11 класаў або вучыцца на ступені сярэдняй спецыяльнай адукацыі, атрымліваюць стыпендыю.

— Для мяне каледж — гэта месца, дзе я займаюся любімай справай. Маё хобі яшчэ са школы — тэхніка. Каледж дапамагае мне ператварыць хобі ў прафесію, — прызнаецца будучы слесар па рамонце аўтамабіляў Іван Жаўнярук. — Без тэхнікі, разнастайных механізмаў сучаснае грамадства перастане існаваць. А тэхніка заўсёды патрабуе рамонту і абслугоўвання. Наладкай, рамонтам, рэгуліроўкай розных механізмаў займаюцца слесары. Гэта людзі, якія могуць усё! Калі ты бачыш, у чым няспраўнасць, і можаш яе ліквідаваць — адразу адчуваеш сваю значнасць. Мая прафесія запатрабаваная і нядрэнна аплачваецца. Зараз я з аўтамабілем пераходжу на “ты”. Што можа быць лепш, чым прафесійна займацца любімай справай?

— На дарозе і ў жыцці галоўнае — умець хутка ацэньваць сітуацыю, дзейнічаць згодна з правіламі, не падвяргаць неапраўданай рызыцы сябе, людзей, за якіх нясеш адказнасць, сваю справу, выбіраць аптымальны маршрут і старацца як мага хутчэй дасягнуць мэты. А з прафесіяй вадзіцеля так ці інакш звязаны кожны з нас. Хтосьці карыстаецца паслугамі грамадскага транспарту, хтосьці мае асабістага вадзіцеля, а хтосьці сам ім з’яўляецца, — з гумарам характарызуе ролю прадстаўнікоў сваёй прафесіі ў грамадстве будучы вадзіцель-міжнароднік Данііл Мацюшонак. — Мне вельмі падабаюцца аўтамабілі і ўсё, звязанае з дарогай. Вадзіцель — гэта не столькі прафесія, колькі лад жыцця. Вяртаючыся да размовы пра матэрыяльна-тэхнічную базу каледжа, нельга не згадаць пяціпавярховы інтэрнат з утульнымі пакоямі блочнага тыпу на 395 месцаў, дзе нядаўна былі праведзены грунтоўны рамонт і рэканструкцыя, дзвюма актавымі заламі, бібліятэкай і выдатнай спартыўнай базай, у тым ліку лепшым сярод устаноў адукацыі раёна стадыёнам. Спорту і выхаванню здаровага ладу жыцця ўдзяляецца асаблівая ўвага. Прадстаўнікі каледжа ўдала выступаюць на спаборніцтвах рознага ўзроўню па розных відах спорту. Па шэрагу напрамкаў каледж — у ліку лепшых у вобласці і краіне.

Сапраўдны футбольны рэнесанс тут пачаўся з прыходам трэнера Аляксандра Тарасевіча. Зараз каманда па футболе — у верхніх радках абласнога рэйтынга. Асаблівы гонар каледжа — каманда па валейболе, якую трэніруе Юрый Трафімаў. У Рэспубліканскай спартакіядзе навучэнцаў устаноў прафтэхадукацыі пастаўчане былі прызнанымі фаварытамі і доўгі час упэўнена трымалі лідарства. Пасля таго як каледж перайшоў у сістэму сярэдняй спецыяльнай адукацыі, канкурэнцыя ўскладнілася. Тым не менш 2-е месца сёлетняй Рэспубліканскай спартакіяды навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў каледжа ёсць, прычым спартсмены поўныя рашучасці ў наступным годзе ўзяць рэванш.

— Добра, калі ў калектыве аб’ядналіся людзі адказныя, ініцыятыўныя і дасведчаныя, — падзяліўся прыярытэтамі ў падборы інжынерна-педагагічных кадраў дырэктар каледжа Мікалай Лысёнак. — Такіх у нас пераважная большасць, і менавіта дзякуючы ім мы працуем сістэмна і эфектыўна. Напрыклад, нашы трэнеры цесна кантактуюць з установамі агульнай сярэдняй адукацыі, адсочваюць таленавітых школьнікаў, агітуюць да паступлення ў каледж. Мы працягваем работу, фарміруем будучага маладога спецыяліста. Як вынік — перспектыўная моладзь замацоўваецца ў раёне, а гэта надзвычай важна.

Яркія спартыўныя дасягненні калектыву не выключэнне з правіл. Эфектыўна працуюць выкладчыкі агульнаадукацыйных дысцыплін: па якасці і паспяховасці навучання каледж уваходзіць у лік лепшых сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці. На вучэбных занятках разам з традыцыйнымі шырока выкарыстоўваюцца інавацыйныя методыкі і тэхналогіі, электронныя вучэбныя дапаможнікі, відэафільмы, аўтарскія метадычныя распрацоўкі і прэзентацыі. Многія з мадэлей, вучэбных стэндаў, макетаў у кабінетах і лабараторыях выраблены выкладчыкамі разам з навучэнцамі. Для вытворчага навучання работнікаў масавых прафесій каледж шырока выкарыстоўвае рэсурсы базавых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца фактычна ў крокавай даступнасці. Іх кіраўнікі ўваходзяць у склад савета каледжа. У выніку выпускнікі цалкам гатовы да працы ва ўмовах вытворчасці на сучаснай тэхніцы і абсталяванні.

Творчасць — як тэхнічная, так і мастацкая — для пастаўчан безумоўны прыярытэт. Прадстаўленыя каледжам работы неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі заключнага этапу Рэспубліканскага агляду тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Структура дадатковай адукацыі ўключае 16 факультатываў, 17 прадметных гурткоў, клуб “Рэпетытар” для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання і кансультацыйны цэнтр для навучэнцаў, якія маюць цяжкасці ў засваенні асобных тэм, — пракаменціравала намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце Алена Дубовік. — Дзейнічаюць 15 аб’яднанняў дадатковай адукацыі тэхнічнага, дэкаратыўна-прыкладнога, спартыўнага кірункаў, аб’яднанні па інтарэсах “Наша спадчына” і “Юны футбаліст”. Высокую ацэнку і пазітыўны грамадскі рэзананс маюць нашы маладзёжныя ініцыятывы. Так, мы станавіліся пераможцамі раённага і абласнога конкурсаў у намінацыях “Лепшы студэнцкі атрад”, “Лепшы дружыннік”. Выпускаецца штомесячны часопіс, працуюць тэлецэнтр і музей “Гісторыя і сучаснасць”, гурткі мастацкай самадзейнасці па вакальных і сольных спевах, а таксама вядомы далёка за межамі раёна духавы аркестр, дыпламант І ступені абласнога этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Арт-вакацыі” і Рэспубліканскага фестывалю самадзейнай творчасці, прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі, пад кіраўніцтвам Леаніда Косава.

— Узровень падрыхтоўкі ў каледжы набліжаны да таго, што прапануюць установы вышэйшай адукацыі, але мы больш увагі ўдзяляем практыцы, — падкрэслівае Мікалай Лысёнак, — таму наймальнікі часта аддаюць перавагу менавіта нашым выпускнікам. Разам з тым, дзякуючы бесперапыннай інтэграванай сістэме прафесійнай падрыхтоўкі, у іх ёсць магчымасць вучыцца далей па спецыяльнасці. Адпаведныя дагаворы заключаны з Полацкім дзяржаўным, Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным, Брэсцкім і Гомельскім дзяржаўнымі тэхнічнымі ўніверсітэтамі, Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэтам спажывецкай кааперацыі, Гарадоцкім прафесійна-тэхнічным каледжам. Штогод каля 30% нашых выпускнікоў выкарыстоўваюць гэтую магчымасць, астатнія ідуць працаваць на вытворчасць — свядомы і варты павагі выбар. Напэўна, у гэтым і заключаецца наша першасная задача — падрыхтаваць дзяцей да самастойнага жыцця, выхаваць сапраўднага грамадзяніна, працаўніка і патрыёта. І прафесія — адзін з галоўных інструментаў. Час хутка мяняе прафесійныя прыярытэты. Уменне знаходзіць і прымяняць неабходную інфармацыю становіцца важнейшым за цвёрда засвоеныя веды. Неабходна ўмець вучыцца і заўсёды памятаць: кожны з нас— гаспадар свайго лёсу, аднолькавых людзей няма, а значыць, здольнасці і магчымасці кожнага запатрабаваныя. Трэба толькі ўмець іх рэалізаваць, і гэтаму таксама трэба навучыць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.