Праграма “Прафпрагноз” некалькі гадоў рэалізуецца Рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Аб праграме, яе мэтах, бачанні развіцця і перспектывах мы гутарым з начальнікам Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы кандыдатам педагагічных навук Л.І.БАБРОЎНІК.
— Лілія Іванаўна, сёння праграма “Прафпрагноз” добра вядома не толькі на Гродзеншчыне. Яе вынікі і магчымасці высока ацэнены Міністэрствам адукацыі краіны. Раскажыце пра яе прызначэнне.
— Вывучэнне дынамікі і зместу прафесійнай асветы і прафесійнага выбару абітурыентаў сёння з’яўляецца вельмі актуальным, бо ў правільным выбары зацікаўлены і абітурыенты, і навучальныя ўстановы.
Кожны малады чалавек павінен атрымаць максімум інфармацыі для свядомага і абгрунтаванага планавання будучага прафесійнага шляху з улікам кан’юнктуры рынку, а таксама змяненняў знешняга асяроддзя. А ўніверсітэты і каледжы павінны мець магчымасць пазнаёміцца са сваімі будучымі студэнтамі і планаваць прыём, а таксама адкрыццё новых спецыяльнасцей, запатрабаваных у рэгіёне.
З улікам гэтага і рэалізуецца праграма “Прафпрагноз”. Яе асноўнай мэтай з’яўляецца садзейнічанне ўсвядомленаму прафесійнаму самавызначэнню абітурыентаў, а таксама якаснае фарміраванне кантынгенту студэнтаў універсітэта.
— Карыстальнікамі адукацыйных паслуг вашага цэнтра з’яўляюцца навучэнцы, педагогі, бацькі. Напэўна, работа з такой колькасцю людзей патрабуе сваёй метадалогіі, навуковай базы?
— Так, нашы спецыялісты распрацавалі навукова-метадычны пакет дакументаў, які ўтрымлівае цэлы комплекс рэкамендацый па рэалізацыі праграмы “Прафпрагноз”. Гэта план правядзення прафарыентацыйных мерапрыемстваў, тэматычныя матэрыялы для класных гадзін, інфармацыйныя матэрыялы аб установах адукацыі і спецыяльнасцях і інш. Іншымі словамі, падрыхтавана ўся неабходная інфармацыя для адміністрацый раённых аддзелаў адукацыі, кіраўнікоў сярэдніх школ, гімназій і ліцэяў.
Гэты пакет дакументаў вызначае дзеянні класных кіраўнікоў 9—11 класаў, школьных педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў і бацькоў, а таксама прынцып зваротнай сувязі і ўмовы апрацоўкі і фарміравання баз даных прафесійных пераваг навучэнцаў.
У мінулым навучальным годзе ў праграме “Прафпрагноз” паэтапна прынялі ўдзел больш як 23 тысячы патэнцыяльных абітурыентаў, у тым ліку выпускнікоў мінулых гадоў. Акрамя таго, мы правялі навукова-метадычныя семінары для 1255 настаўнікаў і 3769 бацькоў.
— Удзельнікамі праграмы з’яўляюцца абітурыенты, педагагічная грамадскасць школ, органы кіравання сістэмы адукацыі, установы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Што дае праграма кожнаму ўдзельніку?
— Канцэптуальнай ідэяй праграмы “Прафпрагноз” з’яўляецца сістэмная, ступеньчатая прафарыентацыйная работа з навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў рэгіёне. Усё накіравана на фарміраванне ў моладзі прафесійнай самасвядомасці, што павінна дапамагчы ім у прафесійным самавызначэнні.
Ствараецца комплексны банк даных прафесійных намераў выпускнікоў Гродзенскай вобласці. Гэта дазваляе фарміраваць выбаркі ў разрэзе раёна, выбранай установы адукацыі, спецыяльнасцей, форм атрымання адукацыі, залежнасці прафесійных намераў навучэнцаў ад узроўню іх вучэбных дасягненняў.
Разгорнутая справаздача перадаецца дэканам факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дырэктарам каледжаў ГрДУ. Таксама па запыце справаздача можа быць перададзена ў любую ўстанову адукацыі Беларусі.
Вынікі рэалізацыі праграмы “Прафпрагноз” дазваляюць праводзіць мэтанакіраваную прафарыентацыйную работу з улікам патрабаванняў мэтавых аўдыторый і прафесійных намераў навучэнцаў, якасна фарміраваць кантрольныя лічбы прыёму, аналізаваць прэстыжнасць спецыяльнасцей і планамерна развіваць падрыхтоўку кадраў па новых спецыяльнасцях. Прыёмным камісіям інфармацыйныя рэсурсы праграмы “Прафпрагноз” дазваляюць эфектыўна планаваць і праводзіць уступную кампанію.
— Як развівалася і ўдасканальвалася праграма?
— Абітурыентам, якія маюць пэўныя цяжкасці ў вызначэнні свайго прафесійнага шляху, наш цэнтр яшчэ да ўдзелу ў праграме “Прафпрагноз” прапануе атрымаць індывідуальную ці групавую прафкансультацыю. Гэта дазволіць ім зрабіць аналіз сваіх здольнасцей і асабістых якасцей, выявіць ступень адпаведнасці індывідуальных характарыстык патрабаванням той ці іншай прафесіі.
Можна прывесці шмат прыкладаў, калі якаснае прафкансультаванне дапамагло абітурыентам вызначыцца ў выбары далейшага прафесійнага шляху. Прывяду адзін з іх. Два гады назад гродзенскі выпускнік, які прыняў удзел у праграме “Прафпрагноз” і прайшоў кансультаванне, вырашыў паступаць у ГрДУ імя Янкі Купалы на спецыяльнасць “Сучасныя замежныя мовы”. Аднак, саступіўшы патрабаванням бацькоў, стаў студэнтам Варшаўскага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Эканоміка”. Правучыўшыся на першым курсе, малады чалавек канчаткова зразумеў, што не жадае прысвяціць жыццё гэтай прафесіі. Зараз ён з’яўляецца слухачом падрыхтоўчых курсаў Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і плануе паступаць на тую спецыяльнасць, якая першапачаткова была рэкамендавана яму па выніках “Прафпрагноза”.
— Якія яшчэ мерапрыемствы, акрамя праграмы “Прафпрагноз”, праводзяцца ў вас для прафесійнай арыентацыі моладзі?
— Форум “Перспектывы здольнай і таленавітай моладзі”, выставы-кірмашы “Адукацыя і кар’ера. ГрДУ імя Янкі Купалы”, адукацыйныя семінары для розных мэтавых аўдыторый: навучэнцаў і іх бацькоў, выпускнікоў мінулых гадоў, педагогаў і кіраўнікоў органаў кіравання адукацыі і ўстаноў адукацыі, кіраўнікоў прадпрыемстваў. У мінулым навучальным годзе ў гэтых мерапрыемствах прыняло ўдзел каля дзвюх тысяч прадстаўнікоў партнёрскай сеткі і каля чатырох тысяч патэнцыяльных абітурыентаў.
Вялікую ўвагу ўдзяляем інфармацыйным матэрыялам. Штогод рыхтуем стэнды, лістоўкі, інфармацыйныя плакаты пра факультэты ГрДУ імя Янкі Купалы. Арганізавана работа кансультацыйнай службы і шматканальнага тэлефона.
Супрацоўнікі Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі прымаюць удзел у штогадовых рэспубліканскіх спецыялізаваных выставах “Адукацыя і кар’ера”, якія арганізуе камітэт па адукацыі Мінскага гарвыканкама.
Прафарыентацыйная работа з абітурыентамі і іх бацькамі вядзецца таксама падчас рэгістрацыі для ўдзелу ў рэпетыцыйным і цэнтралізаваным тэсціраванні.
— Што вы пажадаеце абітурыентам 2014 года, іх настаўнікам і бацькам?
— Зараз выпускнікі школ і іх бацькі знаходзяцца ў сітуацыі найважнейшага выбару: кім стаць, куды пайсці вучыцца? Зразумела, нішто так не абараняе чалавека ў сацыяльным плане, як якасная адукацыя, што канвертуецца ў жыццёвы поспех. Кожны з вас — унікальная асоба! Мы жадаем вашым дзецям зрабіць разам з вамі правільны выбар!
Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.